Разважанне на Адвэнт 17 снежня 2021 г. О Мудрасць Бога нашага Усявышняга, што кіруеш стварэннем з сілай і любоўю, прыйдзі і навучы нас шляху пазнання!
Згадзіцеся, што Евангелле сёння нуднае. На першы погляд, гэта толькі спіс імёнаў, палову з якіх немагчыма вымавіць, а другая палова выклікае цьмяныя ўспаміны з заняткаў па катэхізісу ў нашым дзяцінстве. Мы, безумоўна, ведаем пра Абрагама, Ісаака, Якуба і Давіда. Можа, што-небудзь памятаем пра Бааза і Рут, Тамар і Амоса, а вось пра Салятыэля, Эліяхіма і Маттана...
Чаму Мацвей вырашыў пачаць сваё Евангелле з радаводу Езуса? Што гэты спіс імёнаў павінен сказаць нам пра дзейнасць Езуса ў сучасным свеце і падчас Адвэнту?
Калі я ажаніўся, мы з жонкай сталі адной сям’ёй. У кожнага з нас свой радавод, які мае асабістую гісторыю кожнага, раскрывае глыбокія аспекты нашай ідэнтычнасці, наша прызначэнне ў свеце, а цяпер яднае нас у адну сям’ю. Адвэнт і Каляды — гэта спалучэнне традыцый нашых сем'яў.
Езус нарадзіўся ў пэўным месцы, у пэўнай сям’і, з пэўнай мэтай. Радавод Езуса, які прасочваецца праз св. Юзафа, нагадвае нам, што гісторыя збаўлення працякае праз усё мінулае; што ўсе тыя, хто быў да Езуса, і ўсе тыя, хто прыйшоў пасля, маюць сваю ролю. Уцелаўленне Езуса ў гісторыі чалавецтва азначае цэнтральную кропку. Бог даў Езуса Юзафу і Марыі, таму што ведаў, што яны выхаваюць Яго ў традыцыі габрэйскага народа; Ён быў народжаны на Святой Зямлі, абяцанай Яго народу, і пасланы для збаўлення свету.
Вы таксама нарадзіліся ў пэўным месцы, у пэўнай сям'і, з пэўнай мэтай. У гэты Адвэнт знайдзіце час, каб успомніць тых, хто быў да вас: вашых бацькоў, бабуляў і дзядуляў, вашых сваякоў, якія жывуць у аповедах з вашага дзяцінства. Знайдзіце час, каб з’явіліся новыя ўспаміны, якія вы будзеце расказваць сваім унукам, а яны — сваім унукам. Працягвайце ткаць спадчыну веры, якая была дадзена вам для перадачы наступным пакаленням.
Малітва: Добры Ойча, дай нам Тваю нябесную Мудрасць і дапамажы нам увайсці ў таямніцу ўцелаўлення ў гэты час Адвэнту.
Шэйн Лэг.
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
https://www.thecatholictelegraph.com/advent-reflections-2021/78363.