Асвятляй цемру нашага свету ззяннем надзеі

Разважанне на Адвэнт 11 снежня 2021 г. У глыбокай пашане да таямніцы Уцелаўлення адкрыем нашы сэрцы для Пана, які жадае паказаць нам шлях да жыцця і збаўлення.

Той, хто падымаўся ў горы і глядзеў зверху на зямлю ўнізе, ведае, што такую веліч і страх можна рэдка адчуць у штодзённым жыцці. Размова падчас спуску з вяршыні, якая перамяжоўваецца момантамі маўчання, — гэта выдатны час, каб падзяліцца з іншымі ўражаннямі ад убачанага пейзажу.

У сённяшнім чытанні мы сустракаем Езуса і Яго вучняў, якія спускаюцца з гары, дзе яны бачылі не толькі шырокі прастор навакольных палёў і раўнін, але таксама сталі сведкамі Перамянення Пана. Яны былі ў захапленні ад убачанага: славы Бога і славы Яго стварэння. Усхваляваныя, яны пытаюцца ў Пана пра прыйсце Іллі, вяртання якога з нецярпеннем чакаў габрэйскі народ, каб увайсці ў эру Месіі. Спускаючыся ўніз па сцежках, якія абдымаюць схілы гары Табор, Езус тлумачыць сваім вучням тое, што яны бачылі на вяршыні, а таксама праўду аб тым, што яшчэ чакае іх наперадзе. Прарочае вяртанне Іллі ўжо адбылося. Надышла эра Месіі.

Але ўсё будзе не так, як яны ўяўлялі. Месія павінен быў пакутаваць, як і Ілля, а пазней і Ян Хрысціцель, але менавіта ў сваіх пакутах Ён будзе пераможцам. Ён не будзе пакутаваць проста дзеля пакуты, Яго любоў пераможа пакуты. З такой любоўю Езус спускаецца з гары Перамянення, каб ісці ў Ерузалем, дзе Ён узыдзе на Галготу. Там, у той цемры, заззяе такая ж веліч.

Гэта канстанта трыумфальнай любові Бога: яе немагчыма пераўзысці. Падобна да таго, як зорка заззяла ў цемры ночы, каб адзначыць прыход Месіі, накіроўваючы народы, каб яны сведчылі пра любоў Бога, які ўцелавіўся, так і святло Бога працягвае асвятляць цемру нашага свету ззяннем надзеі.


Малітва: Пане Божа, мы дасягнулі сярэдзіны Адвэнту. Дапамажы нам спасцігнуць веліч таямніцы Тваёй любові да нас; ачысці нашыя сэрцы, каб мы маглі больш дасканала адлюстроўваць святло Тваёй Божай любові ў свеце, агорнутым цемрай. Няхай Твая любоў цячэ праз нас да ўсіх, хто мае патрэбу ў Тваёй Божай ласцы, прыносячы надзею і супакой, якія толькі Ты можаш даць. Просім праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.


Айцец Джэйсан Уільямс.
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
https://www.thecatholictelegraph.com/advent-reflections-2021/78363.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней