
Разважанне на Адвэнт 9 снежня 2021 г. Пане Езу, дай нам сілы і адвагі «не баяцца», калі мы суправаджаем Цябе на шляху да Бэтлеема.
Працягваючы пілігрымку веры падчас Адвэнту, я задумваюся, якое магло быць падарожжа ў Бэтлеем для Святой Сям’і. Якія эмоцыі яны маглі перажываць: хваляванне, трывогу, можа, нават страх? Ці, магчыма, яны былі спакойныя з-за цалкавітага даверу Богу? Якімі б ні былі іх эмоцыі, адно можна сказаць дакладна: страх — гэта рэальнасць нашага свету.
«Не бойся!» — мы чуем гэтыя словы двойчы ў сённяшнім чытанні з Кнігі прарока Ісаі, а ў Святым Пісанні ён згадваецца 365 разоў. Бог спрабуе нам нешта сказаць! Адвэнт дае нам унікальную магчымасць выйсці па-за межы звычайнай штодзённай «руціны». Дзякуючы Адвэнту мы атрымліваем інструменты для падрыхтоўкі нашых сэрцаў да прыняцця Немаўляці Месіі. Рыхтуючы нашы сэрцы да гэтага, мы павінны памятаць, што няма месца для страху, няма месца для хваляванняў, няма месца для непатрэбнай трывогі. Ёсць толькі месца для спакою. Падрэ Піо сказаў пра гэта найлепш: «Маліся, спадзявайся і не хвалюйся».
Калі вы набліжаецеся да ясляў, даверце сябе Пану, аддаючы Яму ўсе свае страхі і клопаты. Трэба толькі памятаць: «Не бойся! Я дапамагу табе» (Іс 41, 13).
Малітва: Езу, пакажы нам шлях; будзь нашым святлом у цемры. Вядзі нас у гэтай зямной пілігрымцы, каб мы змаглі абняць Цябе ў тую святую, ціхую ноч. Амэн.
Кодзі Эгнер.
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
https://www.thecatholictelegraph.com/advent-reflections-2021/78363.