Разважанне на Адвэнт 7 снежня 2021 г. Давайце спадзявацца на Пана і быць адкрытымі на Яго слова, каб мы маглі вучыцца ў Яго.
Сёння ў Евангеллі ад Мацвея Езус пытаецца ў сваіх вучняў: «Як вы думаеце?». Ён хоча ведаць, што яны думаюць пра тое, ці павінен чалавек пакінуць дзевяноста дзевяць сваіх авечак, каб знайсці адну заблукаўшую. Ва ўсіх нас ёсць меркаванні на розныя тэмы. Мы ўсе гатовыя падзяліцца сваімі думкамі па розных праблемах, якія непасрэдна закранаюць нас або не. Адвэнт дае нам магчымасць паразважаць пра вучэнне Езуса Хрыста…
Я — бацька шасцярых дзяцей, усе яны маюць розныя меркаванні, свае думкі, і гэта навучыла мяне разумець важнасць безумоўнай любові; паказала мне, што можна па-сапраўднаму любіць сваіх дзяцей, незалежна ад іх перакананняў. У сённяшнім урыўку з Евангелля Езус паказвае нам гэту важнасць узаемнай безумоўнай любові. Як чалавек, які пайшоў, каб знайсці адну сваю авечку, якая ўцякла, так і Бог любіць кожнага з нас.
Згадзіцеся, нам лягчэй любіць іншых, калі яны дзеляцца сваімі меркаваннямі па менш значных пытаннях, напрыклад: «Што ты хочаш на абед?», «На вашу думку, хто з'яўляецца лепшай футбольнай камандай?». Але як мы любім, калі закранаюцца асабістыя тэмы або пачуцці, напрыклад, калі трэба вырашыць, як нам справіцца з міграцыяй або як кантактаваць з тымі, у каго праблемы з самаідэнтыфікацыяй?
Наша вера вучыць нас любіць сваіх братоў і сясцёр. У Ласальскіх малітвах (кангрэгацыя, заснаваная св. Янам Батыстам дэ ла Саль) мы кажам: «Езу, жыві у нашых сэрцах... вечна». Давайце дазволім Езусу жыць у нашых сэрцах, каб мы маглі любіць усіх, незалежна ад іх меркаванняў.
Малітва: Добры і міласэрны Божа, дапамажы нам адкрыць для Езуса нашыя сэрцы, каб мы маглі лепш любіць і праяўляць больш спагады да ўсіх, незалежна ад іх перакананняў.
Аарон Маршал.
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
https://www.thecatholictelegraph.com/advent-reflections-2021/78363.