Вядзі нас сваімі шляхамі, Пане

 

Разважанне на Адвэнт 6 снежня 2021 г. На пачатку другога тыдня Адвэнту давайце прыгадаем, што Пан Езус рыхтуе нашы сэрцы, каб прыняць Яго праз ласку сакрамэнтаў, і Ён працягвае ўдасканальваць нас, каб мы маглі застацца з Ім назаўсёды. Давайце адкажам на дзеянні Пана, даючы Яму месца ў нашым жыцці ў гэты момант, і дазволім Яму прывесці нас да сябе.

У сённяшнім чытанні з Кнігі прарока Ісаі мы атрымліваем яшчэ адно пасланне надзеі. Ён апісвае візію часу, калі ўсе «ўбачаць славу Пана, веліч нашага Бога». Свой прыгожы верш ён заканчвае, кажучы пра дарогу для тых, каму трэба ісці, і ў канцы гэтага шляху будуць спеў і вечная радасць! Такога шляху нам трэба прытрымлівацца, пакуль мы перажываем самыя цёмныя дні каляндарнага года. У нас ёсць Бог, які паказвае нам шлях. Ён хоча, каб мы ішлі да Яго бесперашкодна, бесперапынна.

У чытанні Евангелля мы чуем пра спаралізаванага чалавека, якога прынеслі на насілках да Езуса і з-за натоўпу спусцілі яго праз страху. Езус паглядзеў на чалавека і на людзей, якія яго прынеслі, і ўбачыў не фізічныя намаганні, але веру, якая натхніла іх на гэта. Яны не сумняваліся, што Езус можа вылечыць іх сябра. Больш за тое: Езус прабачае спаралізаванаму грахі, а потым выразна паказвае сваю сілу, кажучы яму ўстаць і ісці. Чалавек вылечыўся, і нішто не перашкаджала яму выйсці з пакоя і «праслаўляць Бога», але ён быў аздароўлены не толькі з фізічнай хваробы: шлях яго душы стаў чысты і пэўны.

У абодвух чытаннях мы чуем, што Бог жадае ліквідаваць перашкоды на нашым шляху. Ён сам пракладвае нам шлях, ідзе наперадзе нас. Ён ведае, што ў нашых сэрцах, Ён чуе нашы нараканні і нашы сумневы, і паказвае нам напрамак.


Малітва: Пане Езу, дзякуй Табе за тое, што Ты заўсёды пракладваеш дарогу для нас. Дзякуем Табе за аздараўленні і ласку, якая нам патрэбна, каб заставацца на шляху святога жыцця. Просім Цябе, Пане, пашлі Твайго Духа Святога ў нашыя сэрцы, каб мы змаглі распазнаць перашкоды для Тваіх ласкаў, якія самі ствараем на нашым шляху жыцця, і прабач нас за тое, што часамі сыходзім з Твайго шляху. Добры Пане, дапамажы нам заўсёды ўважліва слухаць Тваю волю і выходзіць з нашых дамоў, праслаўляючы Тваё імя. Амэн.


Уэйн Топ.
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
Паводле: https://www.thecatholictelegraph.com/advent-reflections-2021/78363

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней