
Адным з сімвалаў Адвэнту з’яўляецца адвэнтавы вянок. Не так даўно гэтыя адвэнтавыя вянкі пачалі гасцяваць і ў нашых дамах. Ці павінны мы толькі ўпрыгожыць свой дом і стварыць утульную святочную атмасферу? Ці мае гэта якую-небудзь глыбокую сімволіку?
Значэнне адвэнтавага вянка
Адвэнтавы вянок мае дахрысціянскія скандынаўскія карані. Першым такі сімвал дэкарацыі з’явіўся ў Лютэранскім касцёле і называлі яго адвэнтавым падсвечнікам. Цяпер у многіх краінах адвэнтавы вянок знаходзіцца не толькі ў касцёлах, але і ў дамах, дзе збіраецца сям’я, каб разам маліцца і рыхтавацца да свята Нараджэння Збаўцы. У нашых заходніх суседзяў адвэнтавы вянок з’явіўся пасля І сусветнай вайны.
Кола вянка з’яўляецца сімвалам еднасці і вечнасці. Яно нагадвае цыкл пораў году, які паўтараецца, а таксама з’яўляецца сімвалам перамогі Хрыста.
Вечназялёныя галінкі сасны або ялінкі з’яўляюцца сімваламі вечнага жыцця і надзеі: павінен нарадзіцца Месія, які пераможа цемру, зло і смерць. Галінкі нагадваюць уваход Езуса ў Ерузалем, калі Яго віталі таксама зялёнымі галінкамі пальмаў і ўсклікалі: «Вітай, Кароль Юдэйскі!».
Чырвоныя стужкі ў вянку сімвалізуюць любоў Бога, якая ў сваю чаргу выяўляецца ў нараджэнні Божага Сына, што стаў чалавекам. Фіялетавыя стужкі — гэта знак пакаяння і навяртання ў перыяд чакання нараджэння Месіі.
Свечкі на адвэнтавым вянку
Кожная свечка ў адвэнтавым вянку мае сваю назву і адмысловае значэнне. Чатыры свечкі на адвэнтавым вянку сімвалізуюць чатыры тыдні Адвэнту і ўказваюць на самыя важныя этапы гісторыі збаўлення. Запаленыя па чарзе ў кожную наступную нядзелю свечкі сведчаць пра тое, як хутка бяжыць час чакання Божага Нараджэння.
«Свечка Прарока» (свечка надзеі) — сімвалізуе прарокаў, якія прадказалі прыйсце Месіі, і запальваецца ў І тыдзень Адвэнту.
«Свечка Бэтлеем» (свечка спакою) — запальваецца ў ІІ тыдзень Адвэнту на ўспамін месца, дзе нарадзіўся Хрыстус.
«Свечка пастухоў» (свечка радасці) — запальваецца ў ІІІ тыдзень Адвэнту і нагадвае пастухоў, якія першыя ўбачылі Езуса і абвясцілі свету радасную вестку. Гэтая нядзеля яшчэ называецца таксама «Gaudete» («радуйцеся»), таму свечка мае ружовы радасны колер.
«Свечка анёлаў» (свечка любові) — запальваецца ў IV нядзелю Адвэнту і сімвалізуе анёлаў, якія ў бэтлеемскім гроце аб’явілі пастухам аб нараджэнні Дзіцяткі Езуса.
Вобраз супольнасці
Па сваёй сутнасці адвэнтавы вянок з’яўляецца вобразам супольнасці, якая з любоўю і радасцю чакае нараджэння свайго Пана. Вось чаму ён павінен быць змешчаны ў касцёле на відочным месцы, або дома — на стале. Дома, згодна з традыцыяй, свечкі запальвае самы малодшы член сям’і.
Ведаючы глыбокую сімволіку адвэнтавага вянка, давайце не будзем адмаўляцца ад яго круглай формы і пастараемся знайсці васковыя свечкі адпаведнага колеру.
Падрыхтавала Іна Бігель.
Паводле https://pl.aleteia.org/2017/12/11/wiecie-ze-kazda-swieca-w-wiencu-adwentowym-ma-swoja-nazwe-i-specjalne-znaczenie/