Вялікі пост з Льюісам #8. У нас ёсць прычыны непакоіцца

Мы працягваем падчас гэтага Вялікага посту разважаць над сутнасцю хрысціянства разам з вядомым англійскім апалагетам Клайвам Стэйплзам Льюісам, які назваў сваю кнігу «Проста хрысціянства», паставіўшы сабе за мэту паразважаць аб рэчах, якія складаюць самую сутнасць хрысціянства.


Клайв Стэйплз Льюіс

Проста хрысціянства

Кніга 1. Дабро і зло як ключ да разгадкі сэнсу існавання сусвету

V. У нас ёсць прычыны непакоіцца

Я скончыў папярэдні раздзел думкаю пра тое, што праз маральны Закон Нехта ці Нешта даймае нас, звяртаючыся з-за межаў матэрыяльнага сусвету. Мне падаецца, што, калі я выказаў гэтую думку, некаторыя маглі адчуць пэўную занепакоенасць. У вас магло ўзнікнуць уражанне, што я гэтак глумлюся — спрабую пад выглядам жыццёвай філасофіі падсунуць вам «балбатню» пра рэлігію. Магчыма, вы былі гатовы слухаць мяне да той пары, пакуль я адкрываў нешта новае. Але калі ўсе мае тэзісы зноў зводзяцца да рэлігіі, што ж — свет гэта ўжо праходзіў. Час нельга павярнуць назад. Калі вы адчуваеце нешта падобнае, я хачу падзяліцца з вамі трыма ідэямі. 

Па-першае, што датычыць магчымасці павярнуць час назад. Ці палічыце вы жартам мае завярэнні ў тым, што павярнуць час назад цалкам магчыма, і што гэта самае разумнае рашэнне, калі гадзіннік ідзе няправільна? Аднак не варта далей развіваць прыклад з гадзіннікам, я скажу інакш: мы ўсе жадаем прагрэсу. Прагрэс азначае набліжэнне да мэты — таго месца, дзе вам хочацца апынуцца. Аднак, калі раптам павярнуць не ў тым кірунку, рух наперад не наблізіць вас да мэты ні на крок. Калі вы зблыталі дарогу, прагрэсам будзе вярнуцца на правільны шлях, і тады той, хто павярнуў назад, апынецца наперадзе ўсіх астатніх. Усе гэта памятаюць са школьных заняткаў арыфметыкай. Калі вучань першым дзеяннем склаў лічбы няправільна, то чым хутчэй ён гэта прызнае і пачне ўсё спачатку, тым хутчэй вырашыць задачу. Няма ніякага прагрэсу ў тупой упартасці і нежаданні прызнаць памылку. Я ўпэўнены: калі вы паглядзіце, у якім стане знаходзіцца цяпер наш свет, будзе відавочна, што чалавецтва моцна памыляецца. Мы пайшлі не тым шляхам. А калі гэта так, значыць трэба павярнуць назад. Вяртанне назад — найхутчэйшы шлях наперад.

Па-другое, мае разважанні яшчэ не да канца ператварыліся ў рэлігійную балбатню. Мы яшчэ не дайшлі да вобраза Бога ў нейкай рэлігіі, тым больш — да Бога ў канкрэтнай рэлігіі, званай хрысціянствам. Выснова пакуль толькі адна: Нехта ці Нешта стаіць за маральным Законам. Мы яшчэ не звяртаемся да Бібліі і веравучэння розных Цэркваў, а спрабуем зразумець, што можна даведацца пра гэтага «Некага» ўласнымі сіламі. Скажу шчыра: тое, што мы адкрываем сваімі намаганнямі, здольна ашаламіць.

Нам даступныя два сведчанні пра гэтага «Некага». Першае — гэта створаны Ім сусвет. Калі б сусвет быў адзіным спосабам пазнаваць «Некага», то варта было б заключыць, што Ён — выдатны Мастак, бо сусвет вельмі прыгожы. Але адначасова гэты «Нехта» паўстае як бязлітасная і варожая нам Істота, бо сусвет таксама вельмі страшны і небяспечны.

Другое сведчанне пра Яго — маральны Закон, які Ён уклаў у розум чалавека. Гэтае сведчанне важнейшае за папярэдняе, бо інфармацыя ідзе знутры. Праз маральны Закон, а не праз назіранне сусвету можна больш даведацца пра Бога. Такім жа чынам, жадаючы лепш пазнаёміцца з чалавекам, трэба яго паслухаць і паразмаўляць з ім замест таго каб разглядаць дом, які ён пабудаваў. Другое даступнае нам сведчанне вядзе да высновы, што Істота, якая стаіць за сусветам, надзвычай зацікаўлена ў тым, каб мы паводзілі сябе правільна — вялі сумленную гульню, былі бескарыслівыя, мужныя, верныя, шчырыя і праўдзівыя. Прызнаючы гэта, мы мусім пагадзіцца таксама з тым, што сцвярджаюць хрысціянства і некаторыя іншыя рэлігіі, — што Бог добры. Аднак не спяшаймася з гэтым. Маральны Закон не дае нам падставаў лічыць, што «дабрыня» Бога азначае адну паблажлівасць, мяккасць і спагаду. У маральным Законе няма нічога паблажлівага, ён цвёрды, як сталь. Ён загадвае кожнаму чыніць тое, што правільна, і яго не турбуе, наколькі гэта можа быць балюча, небяспечна або складана.

Калі Бог падобны да маральнага Закону, то Ён зусім не мяккі.

На гэтым этапе развагаў няма сэнсу гаварыць, што «добры Бог» — гэта Бог, які прабачае. Не спяшаймася. Прабачаць можа толькі асоба. Але мы яшчэ не дайшлі ў разважаннях да Бога-Асобы. Пакуль мы бачым Яго толькі як Сілу, што стаіць за маральным Законам і больш за ўсё па сваёй сутнасці нагадвае розум. Гэта не пярэчыць думцы, што Сіла можа быць зусім не падобнаю да Асобы. Калі Бог — гэта чысты безасабовы Розум, няма сэнсу прасіць у Яго міласэрнасці і спагады. Вы ж не просіце прабачэння ў табліцы множання за тое, што палічылі няправільна. У рашэнні задачы ўсё адно застанецца памылка. Бессэнсоўна таксама казаць, што, калі Бог сапраўды такі, калі Ён — безасабовае абсалютнае дабро, то гэта вам не даспадобы, і вы не збіраецеся браць Яго пад увагу. Праблема ў тым, што ў нечым вы ўсё застаецеся на Яго баку, згаджаецеся з Ягоным непрыманнем чалавечага эгаізму, хлуслівасці і прагнасці. Можна пажадаць, каб Бог зрабіў асабіста для вас выключэнне, каб патураў вам хоць у дробязях. Але ў глыбіні душы кожны ведае, што Сіла, якая кіруе светам, проста не можа патураць злому ўчынку, інакш яна перастане быць абсалютным дабром. А яшчэ мы ўсведамляем, што калі абсалютнае дабро сапраўды існуе, то яно мусіць ненавідзець большасць з таго, што мы робім.

Вось у якім жахлівым становішчы мы з вамі апынуліся. Калі сусветам не кіруе абсалютнае дабро, то ўсе нашы высілкі ў рэшце рэшт марныя.

А калі абсалютнае дабро сапраўды кіруе светам, то мы кожны дзень паводзім сябе як яго ворагі, і наўрад ці заўтра раптам зменімся да лепшага, таму нашае становішча зноў безнадзейнае.

Мы не можам жыць без гэтага дабра і не можам жыць з ім у згодзе. Бог — адзінае суцяшэнне для нас і адначасова крыніца найбольшага страху. Ён больш за ўсё нам патрэбны, і ад Яго мы больш за ўсё прагнем схавацца. Ён — наш адзіны магчымы саюзнік, а мы ўчынілі сябе Яго ворагамі. Некаторыя сцвярджаюць, што сустрэцца тварам у твар з абсалютным дабром — гэта суцэльная радасць. Такім людзям трэба сур’ёзна задумацца. Для іх рэлігія — усё яшчэ толькі гульня. Абсалютнае дабро — гэта альбо надзейны прытулак, альбо найвялікшая небяспека, усё ў залежнасці ад таго, чым мы на яго адказваем. А мы адказваем не так, як было б варта. 

Цяпер выкажу сваю трэцюю ідэю. Прыняўшы рашэнне падысці да сапраўднай тэмы маіх разважанняў такім кружным шляхам, я не ставіў перад сабою мэты з некага паглуміцца. На тое была іншая прычына. Я ўпэўнены, што няма сэнсу весці гаворку пра хрысціянства, не звярнуўшыся спачатку да фактаў, разгледжаных вышэй. Хрысціянская рэлігія заклікае людзей каяцца і атрымліваць прабачэнне. Хрысціянства, наколькі мне вядома, нічога не можа прапанаваць тым людзям, якія лічаць, што ім няма ў чым каяцца, і не адчуваюць патрэбы ў прабачэнні. Толькі пасля таго як вы ўсвядоміце, што ў свеце сапраўды існуе маральны Закон і тая Сіла, што стаіць за ім, і што вы парушылі гэты закон і павялі сябе нядобра з гэтаю Сілаю — толькі тады, і ні на хвіліну раней, хрысціянства стане для вас асэнсаваным. Зразумеўшы, што захварэлі, вы звяртаецеся да доктара. Усвядоміўшы ўсю безнадзейнасць свайго становішча ў свеце, вы пачнеце разумець, пра што гавораць хрысціяне. Яны спрабуюць растлумачыць, як мы дайшлі да свайго цяперашняга стану, чаму сталі адначасова ненавідзець дабро і любіць яго. Яны спрабуюць растлумачыць, якім чынам Бог можа быць безасабовым Розумам, што стаіць за маральным Законам, і ў той жа час Асобаю.

Яны апавядаюць, як так атрымалася, што вымаганні маральнага Закону, якія мы з вамі няздольныя споўніць, былі споўненыя замест нас, і як сам Бог стаў чалавекам, каб выратаваць людзей ад Божага асуджэння.

Гэта даўняя гісторыя. Калі вам захочацца паглыбіцца ў яе, то вы, несумненна, знойдзеце да каго звярнуцца. Ёсць мноства людзей, якія разбіраюцца ў гэтым лепш за мяне. Я прашу толькі аднаго — паглядзіце наўпрост на факты, каб зразумець пытанні, на якія хрысціянства спрабуе знайсці адказы. А факты наводзяць жах. Хацеў бы я неяк вас суцешыць, але ўсё ж мушу гаварыць тое, што лічу праўдаю. Вядома, я цалкам згодны, што хрысціянская рэлігія ў рэшце рэшт прыносіць бясспрэчнае суцяшэнне. Але яна пачынаецца не з суцяшэння. Спачатку ўзнікаюць туга і страх, якія я апісваў вышэй, і няма сэнсу спрабаваць здабыць гэтае суцяшэнне, не прайшоўшы спачатку праз тугу. У рэлігіі, як на вайне, як ва ўсім астатнім, суцяшэнне — гэта адзінае, чаго нельга дасягнуць, калі шукаеш толькі яго. Шукаючы праўду, можна ў выніку атрымаць суцяшэнне. Шукаючы суцяшэння, не знойдзеш ні суцяшэння, ні праўды — спачатку будуць сентыментальныя глупоты ды імкненне прымаць жаданае за сапраўднае, а скончыцца ўсё безнадзейнасцю і адчаем. З пачаткам вайны большасць з нас перастала глядзець на міжнародную палітыку праз ружовыя акуляры. Прыйшоў час зірнуць без іх і на рэлігію.


Пераклад з англійскай мовы Юліі Косавай.
Паводле: C.S. Lewis, Mere Christianity, 1943.

Працяг будзе

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней