Традыцыя калядных спеваў — адна з найстарэйшых хрысціянскіх традыцый. Аднак першыя калядкі заспявалі зусім не на Божае Нараджэнне. Гэта былі спевы, якія выконваліся 22 снежня, у дзень зімовага сонцастаяння, бо, безумоўна, у язычніцкіх рэлігіях, схільных да абагаўлення прыродных з’яваў, гэта быў важны дзень.
Не сакрэт, што калі хрысціянства прыйшло ў Еўропу, язычніцкія абрады і святкаванні сталі замяняць хрысціянскімі, часта прымяркоўваючы іх да тых самых або блізкіх датаў. Божае Нараджэнне пачалі адзначаць 25 снежня, і замест язычніцкіх калядак паўсюдна загучалі хрысціянскія. Аднак нельга лічыць, што традыцыю калядных спеваў хрысціянства цалкам пераняло ў язычніцтва: у старажытных дакументах першых стагоддзяў захаваліся звесткі пра «анёльскія песні», якія спяваліся ў перыяд Божага Нараджэння. У рэшце рэшт, не трэба забывацца пра евангельскія згадкі аб тым, як анёлы абвясцілі аб нараджэнні Хрыста ўрачыстым гімнам «Хвала на вышынях Богу!». Гэты гімн анёлаў можна лічыць першым хрысціянскім калядным спевам. А першы аўтарскі тэкст адмысловага спеву на святкаванне Божага Нараджэння, які не страціў папулярнасці і да сённяшняга дня, належыць святому Амброзію, біскупу Міланскаму (IV ст.), — гэта гімн Veni, redemptor gentium — «Прыйдзі, Збаўца народаў».
На пачатку Сярэднявечча, калі распалася Рымская імперыя, традыцыя святкавання Божага Нараджэння стала паціху занепадаць і многія калядныя песні былі забытыя. Аднак усё змянілася, калі святы Францішак з Асізі у 1223 распачаў новую традыцыю, якую мы ўсе вельмі любім: зладзіў на Божае Нараджэнне стаенку — сцэнку, дзе ўвасаблялася нараджэнне Збаўцы, і сабраў вакол людзей, каб спяваць святочныя гімны. Кажуць, што ён упершыню пачаў развучваць калядкі не на лацінскай літургічнай мове, якую ведалі далёка не ўсе, а на простай гаворцы, зразумелай кожнаму, і менавіта гэта ўмацавала традыцыю і распаўсюдзіла па ўсёй Еўропе.
Кожны народ мае мноства найпрыгажэйшых традыцыйных калядак, а некаторыя з іх разышліся па ўсім свеце. У час Божага Нараджэння ў самых розных кутках зямлі вы пачуеце знаёмыя мелодыі, і на самых розных мовах загучыць: «Прыйдзіце да Збаўцы, верныя, са спевам…» і «Ціхая ноч, святая ноч…». А ёсць і тыя, найчасцей самыя любімыя, самыя прыгожыя калядкі, што існуюць толькі ў нейкай адной мясцовасці і краіне або аб’ядноўваюць суседнія народы, але зусім не вядомыя ў іншых краях. Ці многія з вас ведаюць найпапулярнейшую ў Вялікабрытаніі і Ірландыі «God rest ye merry, gentlemen» («Радуйцеся ў Богу, спадарства») або калядку, якую заспявае, не задумваючыся, кожны франузскі хлопчык або дзяўчынка — «Il est né le divin enfant» («Нарадзілася Божае немаўля»)? Затое кожны беларус пазнае мелодыю «А ўчора з вячора…» і гэтак жа, як украінцы, рускія і палякі, лёгка ўзгадае хаця б першыя радкі вясёлай калядкі «Зямля і неба…».
Цудоўна знаёміцца з каляднымі традыцыямі іншых народаў, цудоўна таксама адаптаваць іх, бо не бывае замнога калядак! Няхай у час Божага Нараджэння загучаць паўсюдна спевы, якія праслаўляюць цуд прыходу Збаўцы!
Сёння мы вырашылі пазнаёміць вас з «Калядным альбомам» кампазітара Джона Раттэра, які сабраў і апрацаваў самыя вядомыя англійскія калядкі і свае ўласныя творы, прысвечаныя Божаму Нараджэнню, і запісаў іх разам з Лонданскім сімфанічным аркестрам і хорам «Cambridge singers».
А некаторыя з гэтых калядак загучалі па-беларуску дзякуючы хору Gloria мінскага архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі:
Матэрыял падрыхтавала Юлія Шэдзько
Ілюстрацыя: Людміла Тафійчук «Шчодры вечар»
Чытайце іншыя артыкулы з серыі Musica sacra:
- Musica Sacra. «Ціхая ноч...» [відэа]
- Musica Sacra. Гісторыя дзвюх не зусім калядак
- Musica Sacra. «Veni, veni Emmanuel...» - «Прыйдзі, прыйдзі, Эммануэль» [відэа]