Паводле францішканскай традыцыі, кожныя супольныя малітвы заканчваюцца словамі: «Найсвяцейшае Сэрца Езуса, змілуйся над намі!»
Насамрэч да канца невядома, што пераважыла: набажэнства нашага заснавальніка да Хрыста і Яго ўцелаўлення, вобраз палаючага любоўю Сэрца Збавіцеля з трактатаў святога Бонавэнтуры ці акт прысвячэння ордэну Найсвяцейшаму Сэрцу з лёгкай рукі папы Льва XIII. У любым выпадку чалавечнасць Езуса, Яго мука і любоў ідэальна ўпісваюцца ў францішканскае ўспрыманне Бога. Святая Маргарыта з Картоны, якую называлі другой Марыяй Магдаленай, падчас малітвы ўбачыла візію адкрытага боку Езуса і Яго Сэрца. Св. Бонавэнтура, доктар Касцёла, пісаў:
«Агонь – гэта адна з уласцівасцяў сэрца, і ў кім ён большы, той здольны на большыя і адважныя ўчынкі, як тыя, чые сэрцы палаюць любоўю да бліжняга. Ці прагнеш ты ў сваім сэрцы зрабіць адбітак укрыжаванага Хрыста? Ці хочаш перамяніць самога сябе? Наколькі вялікай палаеш любоўю? Гэта як з жалезам, якое з большым жарам робіцца мяккім, каб адбіць у ім любую форму ці фігуру. Падобна і ў сэрцы, што гарыць любоўю да Укрыжаванага, адбіваецца сам Укрыжаваны альбо Яго крыж, а любячы ператвараецца ці перамяняецца ва Укрыжаванага, як гэта здарылася са святым Францішкам».
Стары добры сімвал
Для нас, хрысціянаў, Сэрца Езуса – сімвал цалкам зразумелы. Не пра пабожную ж «анатомію» гаворка (хаця гісторыя ведае грыгарыянскія спевы са зваротамі, напрыклад, да правай укрыжаванай рукі Хрыста). Сэрца ў нашай заходняй культуры — гэта заўжды месца пачуццяў, кахання, любові, удзячнасці, неабыякавасці, найвышэйшай формы адзнакі. Гэта бачна паўсюдна: ад знакамітага жэсту ўдзячнай заўзятарам Дар’і Домрачавай да па вушы закаханага маладзёна, аздабляючага лаўку з дапамогай сцізорыка ці асадкі тым самым знакам. Але, гаворачы пра Найсвяцейшае Сэрца Езуса, ці гаворыць Касцёл пра тое ж? Ці не робіцца палаючы любоўю Езус праз гэта плыткім, рамантычным і салодкім? Навошта выкарыстоўваць такі людскі сімвал у адносінах да Усёмагутнага Бога?
Сэрца альбо розум?
Хрысціянская фармацыя вельмі добра навучыла мяне аднаму: Біблія — лепшы дарадчык. Таму з «сардэчнымі справамі» звярнуўся да Святога Пісання і… моцна здзівіўся. І вось чаму: аказваецца, сам Хрыстус паняцце сэрца разумеў не так, як мы з вамі! У традыцыйнай культуры сэрца — гэта месца пачуццяў. Сапраўды, не выяву ж мозга ці страўніка дарыць сваёй пасіі на «валянцінцы»! Аднак у часы Езуса ў пабожных ізраэлітаў паняцця розум зусім не існавала. Менавіта ў сэрцы мае месца любая чалавечая актыўнасць: дзеясловы ведаць, разумець ужываюцца менавіта ў дачыненні да lev – біблійнага сэрца. Менавіта ў ім, калі верыць Прыпавесцям Саламона, жыве мудрасць. Дый сам Саламон ўжывае менавіта слова «сэрца», каб у сваёй судовай дзейнасці аддзяліць дабро ад зла.
Сэрца — гэта яшчэ і месца, дзе чалавек адчувае эмоцыі. Невыпадкова паняцце «разбітае сэрца» першы раз з’явілася менавіта ў старажытнай габрэйскай мове. Такім чынам, гэты невялікі, але вельмі важны орган, паводле Бібліі, — генератар фізічнага існавання і цэнтр інтэлектуальнага і эмацыйнага жыцця. Але гэта яшчэ не ўсё. lev – гэта месца прыняцця рашэнняў і выбару, своеасаблівая прастора для волі чалавека. Так, напрыклад, Давід «у сэрцы сваім» вырашыў пабудаваць святыню Пану (гл. 2 Сам 7, 3).
Божы кардыёлаг
Сэрца ўганараванае быць цэнтрам усіх частак чалавечага існавання. «Усялякім наглядам» раіць «сцерагчы» яго аўтар Прыпавесцяў, «бо з яго жыццё ўзнікае» (гл. Прып 4, 23). Аднак не ўсё так проста. Напрыклад, прарокі Старога Запавету скептычна ставіліся да сэрца: паводле Ераміі, які бачыў, што ўсё яго пакаленне адыходзіць ад Бога, адзіная надзея для чалавецтва – у адбудове ўласнага сэрца, у што самому прароку неахвотна верыцца. «Больш падманлівае за ўсё і невылечнае — сэрца. Хто ж пазнае яго?» — рытарычна пытае ў яго Усявышні (Ер 17, 9). Эзэхіэль абяцае надыход тых часоў, калі Бог пераменіць каменныя сэрцы ў цялесныя (гл. Эзх 36, 26). Як зразумець гэтую метафару? Ці справа толькі ў цвёрдасці і нязменнасці каменя? Але ж і камяні з часам крушацца… На дапамогу нам прыходзіць калега Эзэхіэля, Ерамія, з Божым абяцаннем напісаць запавет на сэрцах замест каменных скрыжаляў (гл. Ер 31, 33). Вось і разгадка: «камень» нашых сэрцаў – гэта табліца з Божымі запаведзямі. Пакуль наша lev не перажыве навяртання і асабістай сустрэчы з Богам, гэтыя запаветы застануцца толькі тэорыяй ці прыкрым абавязкам, які нават знешне выканаць складана. Усё як у жыцці.
Гары, як Францішак
«Ціхі і пакорны сэрцам» Езус запрашае нас прыняць Яго спосаб быць чалавекам. Замест таго каб засмечваць сваё lev і рабіць яго рассаднікам усялякага талатайства (гл. Мц 15, 19), лепей пускаць туды Божае слова (Лк 8, 15). З біблійным разуменнем слова «сэрца» лепш усведамляеш, што самая вялікая запаведзь (гл. Мц 22, 37) раіць дазволіць Богу быць з табою ў тваіх рашэннях, пачуццях і карэктаваць тваё «аўтарскае» ўспрыманне свету. Вера ва ўваскрасенне Хрыста «ў сэрцы», паводле святога Паўла (гл. Рым 10, 9), перастае быць сентыментальным успамінам з катэхэзы і ператвараеццца ў праграму на будучыню і краевугольны камень уласнага існавання. Сэрцы (чытай — жыццё) пілігрымаў у Эмаўс «гарэлі» ад спаткання з Божым словам, сэрца св. Францішка «палала» любоўю да Укрыжаванага. Прыклады можна працягваць доўга. Чым «распалім» нашыя сэрцы?
Айцец Яўген Голуб OFMConv