Musica Sacra. Regina Coeli — гімн Нябеснай Каралеве

Традыцыйная антыфона Багародзіцы, Regina Coeli, выкарыстоўваецца ў літургіі ў Велікодны перыяд, да Нядзелі Спаслання Духа Святога, на гэты час замяняючы малітву «Анёл Панскі».


Regina coeli, laetare, alleluia:
Quia quem meruisti portare, alleluia,
Resurrexit, sicut dixit, alleluia,
Ora pro nobis Deum, alleluia.

Уладарка неба, усцешся, аллелюя,
Бо Той, каго пад сэрцам насіла, аллелюя,
Уваскрос Ён, як казаў нам, аллелюя,
Богу за нас маліся, аллелюя.

Аўтар тэкста невядомы, але можна дакладна сцвярджаць, што ў XII ст. антыфона ўжо была часткаю літургіі: яна ўключана ў зборнік антфонаў 1200 г., які цяпер захоўваецца ў базsліцы св. Пятра ў Рыме. Можна меркаваць, што і аднагалосная мелодыя ўзнікла прыблізна ў гэты час.

У сярэднявечным зборніку жыццяпісаў святых і пабожных апавяданняў «Залатая легенда» змешчана паданне аб узнікненні гэтай марыйнай антыфоны. Паводле яе папа Грыгорый Вялікі (590−604) пачуў, як першыя тры радкі антыфоны спявалі самі анёлы, калі вуліцамі Рыма ішла працэсія з абразом Найсвяцейшай Дзевы, каб прасіць Бога спыніць эпідэмію чумы, што распачалася ў горадзе. Натхніўшыся гэтым цудоўным спевам, папа Грыгорый  усклікнуў: «Ora pro nobis Deum», і тады ўбачыў анёла, які схаваў меч хваробы, што вісеў над горадам. Эпідэмія спынілася, а ў гонар незвычайнай падзеі замак Адрыяна быў перайменаваны ў замак Святога Анёла, а анёльскі спеў стаў пашырацца сярод людзей.

Вось традыцыйная грыгарыянская мелодыя антыфоны, якая найчасцей выкарыстоўваецца і ў нашых набажэнствах:

">

Аднак глыбокая традыцыя ўшанавання Багародзіцы і прыгожыя радкі антыфоны натхнілі мноства кампазітараў на стварэнне ўласных мелодый. Прапануем вам падборку розных яе выкананняў. 

Славуты італьянскі кампазітар П’ерлуіджы да Палестрына (1525–1594), вядомы мноствам цудоўных апрацовак духоўных гімнаў, напісаў Regina Coeli, якую дасканала выконвае брытанскі ансамбль King´s Singers:

">

Кампазітар эпохі Рэнесансу франка-фламандскай школы Арланда ды Ласса (1532–1594) напісаў неверагодна ўзнёслую апрацоўку антыфоны. Вось яна ў выкананні хора Трыніці каледжа з Кембрыджа:

">

Радасна і ўрачыста гучыць Regina Coeli ў апрацоўцы кампазітара Тамаса Луіса дэ Вікторыя (1548–1611), «іспанскага Палестрыны», у выкананні цудоўнага брытанскага ансамбля Voces 8:

">

Вось цудоўны твор французскага кампазітара Жан Баціста Люллі (1632–1687) для жаночых галасоў у выкананні французскага барочнага ансамбля Les Arts Florissants:

">

Яшчэ адзін французскі кампазітар эпохі барока Марк Антуан Шарпанцье (1643–1704) напісаў вельмі празрыстую, паветраную і радасную апрацоўку старажытнай антыфоны:

">

Вольфганг Амадэй Моцарт (1756–1791) напісаў тры апрацоўкі Regina Coeli для хора і аркестра. Вось адна з іх у выкананні цудоўнай сапрана Эммы Кёркбі і хора хлопчыкаў Вэстмінстэрскага сабора:

">

На заканчэнне прапануем вам апрацоўку антыфоны Regina Coeli сучаснага італьянскага кампазітара, святара Марко Фрызіна (1954):

">

Святы Бэрнард сказаў: «Наш спрадвечны Айцец, жадаючы адарыць нас усёю сваёю міласэрнасцю, апроч таго, што даў свету Хрыста, нашага Заступніка перад Ім, пажадаў даць нам і Марыю, нашую Заступніцу перад Хрыстом». Няхай жа анёльская антыфона Regina Coeli натхняе вас радасна праслаўляць міласэрнага Бога праз заступніцтва Дзевы Марыі.


Матэрыял падрыхтавала Юлія Шэдзько
Ілюстрацыя: Дыега Веласкес «Каранаванне Баародзіцы» (1635-1648)

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней