Musica Sacra. Музыка, якая прамаўляе: Феранц Ліст, Via Crucis

Набажэнства Крыжовага шляху — адно з самых старажытных у Касцёле, амаль без зменаў яно практыкуецца з часоў Сярэднявечча. Каб разважаць над пакутамі Хрыстовымі, праходзячы разам з Езусам Крыжовым шляхам, не патрэбна нічога, апроч засяроджанасці розуму і пачуццяў на вялікай таямніцы Крыжа. Разважаць можна і супольна, і ў адзіноце, і ў касцёле або капліцы, і на шпацыры, і дома ва ўласным пакоі. Набажэнства гэта настолькі поўнае само па сабе, настолькі самадастатковае, што амаль ніхто не браўся пакласці яго на музыку, хоць разважанне над Хрыстовымі пакутамі практыкуецца вельмі шырока ў большасці хрысціянскіх канфесій. 


Таму так вылучаецца сярод багацця духоўнай музыкі Via Crucis венгерскага кампазітара Феранца Ліста (1811–1886): надзвычайна прыгожы, строгі твор, які пагружае слухача ў евангельскія падзеі, не засланяючы іх сабою. У музыцы Ліста спалучаецца трагічнасць і пяшчота, надзея. Музычнае палатно пабудаванае на разважанні, яно амаль цалкам інструментальнае, без словаў, выключэнне — старажытны гімн Vexilla Regis ва ўступе, некалькі самых важных евангельскіх радкоў і праз усе стацыі — пачатковыя радкі Stabat Mater як напамін пра маўклівую заўсёдную прысутнасць Маці Божай, якая раздзяліла з Сынам крыжовыя пакуты. І словы тут сапраўды непатрэбныя, музыка прамаўляе сама, а кароткія евангельскія фразы толькі адзначаюць самыя важныя моманты, дапамагаючы цалкам засяродзіцца на сэнсе пакутаў Хрыстовых. Кампазітар толькі крыху скіроўвае слухача, не адцягваючы ўвагі ад найважнейшага.

Феранц Ліст пісаў свой Via Crucis ужо амаль напрыканцы жыцця, у 1878–1879 г., у Рыме і Будапешце, першапачаткова — для аргана, а пазней перапрацаваў твор і для фартэпіяннага выканання. Упершыню Via Crucis быў выкананы праз 43 гады пасля смерці кампазітара, у Вялікую Пятніцу 29 сакавіка 1929 г., у Будапешце. 

Прапануем Вам паразважаць над стацыямі Крыжовага Шляху, слухаючы гэты твор у выкананні арганіста Уэйна Маршала і лонданскага Taverner Choir

 

Уступ 

Гімн Vexilla Regis — адзін з найстаражытнейшых тэкстаў Касцёла. Да таго ж, што здараецца даволі рэдка з падобнымі тэкстамі, дакладна вядомы яго аўтар і нават дата першага выканання. Гімн быў напісаны біскупам Пуацье Венанцыем Фартунатам (530–609) з нагоды прыбыцця рэліквій Святога Крыжа ў Пуацье і прагучаў упершыню 19 лістапада 569 года.

Vexilla Regis prodeunt:
Fulget Crucis mysterium,
Qua vita mortem pertulit,
Et morte vitam protulit.

Узносяцца каралеўскія штандары,
Ззяе таямніца Крыжа,
На якім жыццё прайшло праз смерць
І смерць прынесла жыццё.

Impleta sunt quae concinit
David fideli carmine,
dicendo nationibus:
regnavit a ligno Deus.

Споўнілася тое, аб чым прарочыў
У песнях Давід,
Гаворачы народам:
Будзе валадарыць Бог,
узняты на дрэве.

O Crux ave, spes unica,
Hoc Passionis tempore
Piis adauge gratiam,
Reisque dele crimina.

Вітай, о Крыж, адзіная надзея,
Цяпер, у часы пакуты
Адары большаю ласкаю справядлівых,
Знішчы злачынствы грэшнікаў. 

 

Стацыя I. Езус асуджаны на смерць

«Innocens ego sum a sanguine justi hujus.»
«Невінаваты я ў крыві гэтага справядлівага» (гл. Мц 27, 24)

 

Стацыя II. Езус бярэ крыж

Ave, ave crux!
Вітай, вітай крыж!

 

Стацыя III. Езус падае першы раз

Jesus cadit!
Езус упаў!
Stabat Mater dolorosa juxta crucem lacrimosa, dum pendebat Filius.
Стаіць журботная Маці ў слязах пад крыжам, на якім вісіць Сын

 

Стацыя IV. Езус сустракае сваю Маці

 

Стацыя V. Сымон Кірынэец  дапамагае Езусу несці крыж

 

Стацыя VI. Вераніка выцірае твар Езуса

Гімн O Haupt voll Blut und Wunden — гэта адаптацыя на нямецкую мову радкоў сярэднявечнага лацінскага пасійнага гімна, прысвечанага святым часткам цела Хрыстовага (пра гэты гімн мы пісалі ў іншым выпуску рубрыкі Musica Sacra, зроблены лютэранскім тэолагам, аўтарам многіх духоўных спеваў Паўлем Герхардтам (1607–1676).

O Haupt voll Blut und Wunden,
Voll Schmerz und voller Hohn,
O Haupt, zum Spott gebunden
Mit einer Dornenkron;

О Галава скрываўленая і зраненая,
Збалелая і абсмяяная,
О Галава, дзеля здзеку
Ўкаранаваная цернем.

O Haupt, sonst schön gezieret
Mit höchster Ehr' und Zier,
Jetzt aber höchst schimpfieret:
Gegrüßet sei'st du mir!

О Галава, што некалі была ўпрыгожаная
Славаю і пашанаю,
А цяпер страшна зняважаная,
Дай жа мне прывітаць Цябе!

 

Стацыя VII. Езус падае другі раз

Jesus cadit!
Езус упаў!

Stabat Mater dolorosa juxta crucem lacrimosa, dum pendebat Filius.
Стаіць журботная Маці ў слязах пад крыжам, на якім вісіць Сын. 

 

Стацыя VIII. Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын

«Nolite flere super me, sed super vos ipos et super filios vestros»
«Не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых.» (Лк 23, 28)

 

Стацыя IX. Езус падае трэці раз

Jesus cadit!
Езус упаў!

Stabat Mater dolorosa juxta crucem lacrimosa, dum pendebat Filius.
Стаіць журботная Маці ў слязах пад крыжам, на якім вісіць Сын. 

 

Стацыя X. З Езуса здзіраюць адзенне

 

Стацыя XI. Укрыжаванне Езуса

«Crucifige! Crucifige!»
«Укрыжуй! Укрыжуй!» (Ян 19, 6)

 

Стацыя XII. Езус памірае на крыжы

«Eli, Eli, lamma Sabacthani?»
«Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» (Мц 27, 46)

«In manus tuas commendo spirtum Meum»
«Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой» (Лк 23, 46)

«Consummatum est!»
«Здзейснілася!» (Ян 19, 30)

Гімн O Traurigkeit напісаў нямецкі паэт і драматург Ёган Рыст (1607–1667), аўтар папулярных лютэранскіх гімнаў.

O Traurigkeit, O Herzeleid!
Ist das nicht zu beklagen?
Gott des Vaters einigs Kind
Wird ins Grab getragen.
O Traurigkeit, O Herzeleid!

О сум, о боль сардэчны!
Як жа не заплакаць?
Адзінародны Сын Айца
Будзе ў гроб пакладзены.
О сум, о боль сардэчны!

 

Стацыя XIII. Езуса здымаюць з крыжа

 

Стацыя XIV. Езуса кладуць у грабніцу

Напрыканцы твора ізноў гучаць радкі з гімна Vexilla Regis:

O Crux ave, spes unica
Mundi salus et gloria
Auge piis justitia
Reis que dona veniam.
Ave crux! Ave crux!

Вітай, о Крыж, адзіная надзея,
Збаўленне і хвала свету,
Няхай узрасце Твая святая справядлівасць,
Прынясі зняволеным збаўленне!
Вітай, о Крыж! Вітай, о Крыж!


Матэрыял падрыхтавала Юлія Шэдзько
Ілюстрацыя: Гюстаў Дарэ Хрыстус, які пакідае прэторый

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней