Як правільна перажыць Вялікі пост?

На гэтым тыдні Папяльцоваю серадою распачынаецца перыяд Вялікага посту. Касцёл рэкамендуе рыхтавацца да свята Пасхі на працягу 40 дзён. Давайце звернем асаблівую ўвагу на пакліканне кожнага з нас — гэта пакліканне да святасці. Бог кажа: «Будзьце святымі, таму што Я святы». Святасць — гэта еднасць з Богам. Еднасць у думках, словах і паводзінах, а таксама будаванне еднасці з людзьмі. Да гэтай еднасці мы можам наблізіцца трыма спосабамі, пра якія чытаем у Евангеллі: праз малітву, пост і міласціну. 


Малітва — гэта кантакт з Богам, праз які чалавек можа наблізіць сваю волю да Божай волі. Пост — гэта не толькі ўстрыманасць ад ежы, але найперш гэта ўстрыманасць ад грахоў (для многіх людзей вельмі карысна было б абмежаваць свой час прабывання ў інтэрнэце), што дае нам свабоду Божых дзяцей. І ўрэшце, міласціна — клопат пра бліжніх. Гэта не толькі абавязак дзяліцца ежаю, але гэта таксама ахвяраванне часу самотным і хворым, а можа, ахвяраванне грошай ці неабходных бліжняму дароў і паслугаў. Гэта, кажучы проста, працэс навяртання. 

Давайце ўзаемна маліцца адзін за аднаго, каб час Вялікага посту, наблізіў нас да Бога і да бліжніх, каб мы паводзілі сябе, як святыя! Чаму? Таму што наш Айцец у небе — Святы. Каб быць святым, каб у нашым жыцці ішоў працэс навяртання, неабходна таксама ведаць, як дзейнічае Дух Святы, каб разпазнаваць Яго натхненні і ісці за імі. Трэба таксама навучыцца разпазнаваць спакусы злога духа, нашага ворага, каб іх адкідваць. Хрысціянская традыцыя на працягу стагоддзяў распрацавала дзесяць спосабаў дзеяння Духа Святога і дзесяць метадаў дзеяння злога духа, давайце з імі пазнаёмімся (паводле ксяндза Э. Станека):

1 спосаб

Вораг чыніць так, што грэх падабаецца чалавеку.
Дух Святы абуджае згрызоты сумлення.

2 спосаб

Вораг пазбаўляе ахвоты чыніць дабро, перабольшваючы цяжкасці, звязаныя з гэтым, гасіць наш дух.
Дух Святы дае сілы, каб чыніць дабро, надзяляе моцаю пераадолення перашкодаў.

3 спосаб

Вораг зачароўвае любоўю да стварэнняў і прымушае засяродзіцца на ёй, каб не дапусціць любові да Бога.
Дух Святы заклікае любіць Бога і ў Ім — стварэнні.

4 спосаб

Вораг развівае ў чалавеку комплексы, паказваючы яму яго хібы і недахопы.
Дух Святы дапамагае прыняць сябе такімі, якія мы ёсць.

5 спосаб

Вораг закалыхвае пільнасць чалавека, каб ад добрых намераў давесці яго да злых мэтаў.
Дух Святы дбае пра добрыя намеры, добрыя мэты і добрыя сродкі.

6 спосаб

Вораг напаўняе нас страхам, робіць нас нясмелымі.
Дух Святы напаўняе адвагаю.

7 спосаб

Вораг вядзе звілістымі сцежкамі, дзейнічае спадцішка.
Дух Святы вядзе шляхамі праўды і шчырасці, вядзе да шчырай споведзі.

8 спосаб

Вораг уцякае ад адказнасці за дрэнныя ўчынкі, «абмывае рукі», як Пілат.
Дух Святы заклікае браць на сябе адказнасць за зробленыя злыя ўчынкі.

9 спосаб

Вораг замыкае чалавека ў самоце.
Дух Святы адкрывае чалавека для іншых людзей, адорвае любоўю.

10 спосаб

Вораг закідвае чалавека працаю і вядзе да поўнай змучанасці.
Дух Святы клапоціцца пра мудры адпачынак.

***

Дарагія чытачы, запрашаю Вас таксама ў Вялікім посце чытаць кнігу прарока Эзэхіэля. У гэтай кнізе Старога Запавету 48 раздзелаў. Калі пачнём чытаць у Папяльцовую сераду адзін раздзел у дзень, то завершым чытанне кнігі ў другі дзень свята Вялікадня. Хай гэта будзе нашая малітва Божым словам: з падзякаю за ўсе атрыманыя ад Бога ласкі; з просьбаю аб нашым навяртанні і патрэбных Божых дарах для нашых сем’яў; а таксама ў інтэнцыях, блізкіх Сэрцу Пана Езуса і Маці Божай. Я малюся за Вас!


Айцец Раман Шульц ОР
пробашч каталіцкай парафіі
Св. Казіміра і Св. Ядвігі ў Магілёве (Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.)

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней