Сэльма Лагерлеф «Калодзеж мудрацоў»

Сэльма Лагерлеф — шведская пісьменніца, першая жанчына, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры ў 1909 годзе. Самая вядомая яе кніга — «Дзіўнае падарожжа Нільса Хольгерсана па Швецыі».


Па Юдэі вандравала Сухмень, старая баба з праваленымі вачніцамі, жорсткая і бязлітасная. Там, дзе яна праходзіла, заставаўся яе сумны след — жаўцела трава, крыніцы знікалі, ручаіны высыхалі дарэшты. 

Было лета. Сонца выпаліла расліннасць на схілах пустынных гораў, вецер гнаў хмары шэрага вапнавага пылу, гавяда таўклася каля высахлых крыніцаў, дарэмна шукаючы хоць кроплю вады. 

Сухмень вандравала па ўсёй краіне; яна зазірала ў калодзежы і правярала, ці вялікія ў іх запасы вады. Уздыхнуўшы, яна заўважыла, што яшчэ шмат вады засталося ў Саламонавых сажалках, добра абароненых ад сквару высокімі скалістымі берагамі. Яшчэ не высахла вада ў знакамітым калодзежы караля Давіда, недалёка ад Бэтлеема. Сухмень накіравалася на шырокі гасцінец, які вёў з Бэтлеема ў Ерузалем. 

Нібы валацуга плялася па шляху злосная Сухмень, выглядаючы навокал, што яшчэ можна знішчыць. На паўдарозе паміж гарадамі яна заўважыла калодзеж Мудрацоў. Ён знаходзіўся на самым краі гасцінца. Толькі зірнуўшы на калодзеж, Сухмень адразу зразумела, што ён хутка высахне. Яна села на край калодзежа, выбіты з аднаго вялізнага каменя, і паглядзела ўглыб. Роўнае бліскучае люстра вады, якое звычайна даходзіла амаль да самага краю, цяпер апусцілася глыбока, глей і ціна на дне ўскаламуцілі ваду, якая раней заўсёды была крыштальна чыстаю.

Калі калодзеж убачыў на сваёй люстранай паверхні адбітак жоўтага ссохлага твару Сухмені, ён застагнаў і ўстрывожыўся. 

— Вось, хацела б я ведаць, ці хутка ты памрэш? — злосна запытала Сухмень. — Табе, вядома, не знайсці пад зямлёю струменяў вады, хутка не будзе чым насыціцца з яе нетраў. А пра дождж няма чаго і марыць яшчэ месяцы два-тры як найменш. 

— Можаш быць спакойнаю, — уздыхнуў калодзеж. — Нішто ўжо не зможа мяне выратаваць. Каб вярнуць мне жыццё, патрэбны цуд; толькі райская крыніца магла б мяне наталіць. 

— Я пачакаю тваёй смерці, — сказала Сухмень. Яна бачыла, што блізіцца канец старога калодзежа і цешылася, што можа быць побач у яго апошнія хвіліны і сачыць, як ён будзе высыхаць кропля за кропляю. 

Яна як мага зручней уладкавалася на краі каменнага калодзежа і радасна прыслухоўвалася, як цяжка ён уздыхае з глыбіні. Сухмень з асалодаю назірала, як поўныя надзеі спрагнёныя вандроўнікі апускалі вёдры ў калодзеж, марачы наталіцца сцюдзенаю вадою, і, расчараваныя, замест свежай вады выцягвалі ў вёдрах толькі некалькі кропляў вадкай баламутнай гразі. 

Так прамінуў дзень. Калі наступіла цемра, Сухмень зноў зазірнула ў калодзеж. Далёка-далёка, на самым дне яшчэ блішчэла крыху вады. 

— Застануся тут на ўсю ноч! — сказала Сухмень калодзежу. — Не спяшайся! Усё роўна, калі настане дзень і я зноў зазірну ў цябе, ты будзеш ужо нежывы! 

Сухмень скурчылася, скруцілася і лягла на краі калодзежа, уладкаваўшыся гэтак на ноч, яшчэ страшнейшую і пакутнейшую за дзень, бо цемра не прынесла ніякай прахалоды і палёгкі. Сабакі і шакалы скавыталі і брахалі без перапынку; за імі следам раўлі ў задушлівых хлявах каровы і аслы, не могучы трываць смагі. Нават вецер не прыносіў прахалоды і свежасці, а наадварот, быў гарачы і сухі, як соннае дыханне нейкай вялізнай пачвары. 

Толькі зоркі мірна і прыветна ззялі высока ў небе, і вузкі срэбны серп маладзіка ліў ціхае зеленавата-блакітнае святло на змрочныя пагоркі і даліны. У святле маладзіка Сухмень заўважыла, як вялікі караван узбіраецца на пагорак і накіроўваецца да калодзежа Мудрацоў. 

Сухмень узіралася ў караван, які расцягнуўся шырока па дарозе, і радавалася. Няма сумнення, што вандроўнікі і жывёлы змучаныя смагаю, і якое ж вялікае расчараванне іх чакае, бо яны не знойдуць ані кроплі вады ў старым калодзежы, каб наталіць сваю смагу. Караван быў такі вялікі, што ўсе сабраныя ў ім людзі і жывёлы маглі б выпіць калодзеж да дна, нават калі б ён быў поўны. Нешта незвычайнае падалося Сухмені ў гэтым велічэзным караване; нібыта прывіды рухаліся ў начной цямрэчы людзі і вярблюды. Дзіўна, як такі вялізны караван апынуўся пасярод пустэльні гарачым летам і яшчэ не страціў апошніх сілаў. Вярблюды ішлі бадзёра, яны спускаліся з самай вяршыні пагорка, дзе зямля нібыта злучалася з небам, і здавалася, што караван узнікае недзе там, далёка. У слабым месяцовым святле вярблюды падаваліся буйнейшымі, чым звычайна; яны на дзіва лёгка і без высілку цягнулі на сабе агромністыя мяхі. 

Сухмень магла разгледзець увесь караван, кожнага вярблюда і паганятага вельмі ясна і выразна — нельга было засумнявацца ў тым, што гэта сапраўдныя людзі і жывёлы. Яна нават здолела заўважыць, што першымі крочылі тры вялізныя драмадэры, пакрытыя шэрай бліскучай поўсцю, багата ўбраныя і засядланыя. На спінах у іх ляжалі незвычайнай прыгажосці дываны, на якіх сядзелі шляхетныя вершнікі. 

Караван падыйшоў да калодзежа і спыніўся; драмадэры разарвалі начную цішыню гучным рыкам і спакойна палеглі на зямлю, каб вершнікі маглі сысці долу. Нагружаныя вярблюды засталіся спакойна стаяць адзін за адным у доўгім ланцугу, і здавалася, што няма канца выгібістай лініі гарбоў, доўгіх шыяў і нагрувашчаных на спіны мяхоў. 

Ступіўшы на зямлю, шляхетныя вершнікі падышлі да Сухмені і прывіталі яе, у знак пашаны датыкаючыся рукою да ілба і грудзей. Яны былі апранутыя ў бліскучае белае адзенне, а на галовах мелі высокія цюрбаны з прымацаванымі наверсе вялізнымі зоркамі, якія ззялі, нібыта сапраўдныя, нібыта іх толькі што знялі з неба. 

— Мы вандруем з далёкай краіны, — сказаў адзін з чужынцаў, звярнуўшыся да Сухмені, — калі ласка, скажы нам, ці гэта калодзеж Мудрацоў?

— Сёння ён яшчэ так называўся, — зласліва адказала Сухмень, — а заўтра тут ужо не будзе аніякага калодзежа. Сёння ўначы ён знікне. 

— Ці ж гэта не адзін са святых калодзежаў, якія ніколі не могуць высахнуць?

— Я ведаю, што гэта святы калодзеж, — запярэчыла Сухмень, — але тры мудрацы ўжо даўно ў раі і не дапамогуць калодзежу выратавацца ад пагібелі. 

Чужынцы моўчкі пераглянуліся. 

— А ці добра ты ведаеш гісторыю гэтага старога калодзежа? — спыаў адзін з іх у Сухмені. 

— Я ведаю гісторыю не толькі ўсіх калодзежаў, але і ўсіх рэкаў, крыніцаў, ручаінаў і азёраў, — ганарліва адказала тая. 

— Май жа ласку, распавядзі нам гісторыю гэтага калодзежа, пацеш нас апавяданнем, — папрасілі чужынцы і селі каля злоснай старой бабы. 

Сухмень выпрасталася, абаперлася на край калодзежа і, нібыта сапраўдная казачніца і апавядальніца паданняў, пачала гаварыць:

— У мідыйскім горадзе Габес, які ляжыць на самай мяжы пустэльні, і таму неаднойчы бываў для мяне жаданым сховішчам, вельмі даўно жылі тры мудрацы, слаўныя сваім розумам. Яны былі вельмі бедныя. Гэта дзіўна, бо ў Габесе веды і навукі карысталіся вялікаю павагаю, і вучоных людзей вельмі цанілі. Гэтым жа не пашанцавала. Адзін мудрэц быў вельмі стары, і ніхто не верыў, што ён яшчэ ў стане некага навучыць сваёй мудрасці. Другі хварэў на праказу, і людзі не толькі не прыходзілі да яго вучыцца, але наадварот, беглі прэч, каб не падчапіць заразу. А трэці мудрэц быў страшна непрыгожым, з тоўстымі губамі і цёмнай скурай — як такі  няўклюдны бамбіза мог спасцігнуць мудрасць, ды і што разумнае ўвогуле можа з’явіцца з Эфіёпіі?

Трох мудрацоў аб’яднала агульнае няшчасце — беднасць. 

Разам яны прасілі міласціну каля брамаў адной святыні, разам уладкоўваліся на начлег пад адкрытым небам. Доўгія сумныя дні бедакі скарачалі, дзелячыся адзін з адным сваімі назіраннямі за людзьмі і прыродаю, і разам абмяркоўвалі прыродныя з’явы і людскія ўчынкі, сведкамі якіх станавіліся.

Аднойчы глыбокаю ноччу, калі ўсе трое спалі побач на плоскім даху сваёй убогай халупы, зарослым пустазеллем і чырвонымі макамі, стары мудрэц прачнуўся і, ледзь агледзеўшы начную цямрэчу, стаў будзіць сваіх таварышаў. 

— Благаслаўлёная нястача, якая прымусіла нас спаць пад адкрытым небам! — усклікнуў ён. — Прачніцеся і паглядзіце ў нябёсы!

Сапраўды, — працягнула Сухмень, і голас яе неяк памякчэў, — гэта была такая ноч, што ніхто не змог бы яе забыць. Паветра было празрыстым і чыстым, так што нябесныя скляпенні, якія звычайна здаюцца нам шчыльнымі і цяжкімі, цяпер сталі лёгкімі, так што вочы маглі свабодна пранікаць паглядам у бясконцыя далі, зыбкія, быццам марскія хвалі. Уся прастора неба была напоўненая цудоўным святлом, якое сыходзіла з нейкіх нябачных крыніцаў, і зоркі плавалі ў ім, злучаючы святло сваіх праменняў з гэтым незвычайным святлом. 

У самай далечыні, высока-высока мудрацы ўбачылі маленькую цёмную кропку. Яна набліжалася і расла на вачах, ператварыўшыся ў шар. Рухаючыся, цёмны шар стаў паціху святлець, як, бывае, святлеюць ружы, распускаючыся, — дай Бог ім усім засохнуць! — ператвараючыся з бутона ў пышную кветку. Шар вырастаў і большаў, у яго глыбіні ўсё ярчэй разгаралася святло, і нарэшце цёмная абалонка разаварася, і гарачае святло пырснула ва ўсе бакі зыркімі промнямі. Зраўняўшыся з самаю блізкаю зоркаю, шар спыніўся. Снапы святла зліліся разам і ўтварылі доўгія ружаватыя прамяні, што з усіх бакоў атачалі шар, які стаў падобны да вялізнай прыгожай зоркі. 

Убаўчышы гэтую цудоўную з’яву, бедныя мудрацы зразумелі, што ў гэтае імгненне на зямлі нарадзіўся магутны Валадар, які стане мацнейшым за караля Кіра і Аляксандра Македонскага. 

Яны сказалі адзін аднаму:

— Пойдзем да бацькоў нованароджанага Дзіцяці і скажам, што пабачылі сёння ўначы. Распавядзем, якая слаўная будучыня чакае іх Сына, і, магчыма, яны ўзнагародзяць нас мяшком манетаў або залатымі ўпрыгожваннямі

Мудрацы ўзялі свае доўгія вандроўніцкія кіі і выправіліся ў шлях. Мінулі горад і гарадскія брамы і раптам нерашуча спыніліся: наперадзе ляжала бясконцая пустэльня, а людзі баяцца пустэльні і ненавідзяць яе. Аднак адразу ж мудрацы заўважылі, як цудоўная зорка, што з’явілася ў гэтую ноч, пусціла вузкі срабрысты прамень па сухім пяску голай пустэльні, і тады яны смела рушылі наперад за зоркаю, што паказвала шлях. 

Усю ноч яны ішлі па пясчанай пустэльні і на шляху размаўлялі пра нованароджанага Валадара, чакаючы, што знойдуць Яго ў залатой калысцы і ўбачаць, як Ён бавіцца з каштоўнымі камянямі. Мудрацы праводзілі дні і ночы ў размовах пра тое, як прыйдуць да караля і каралевы, бацькоў Немаўляці, і абвесцяць, што неба адорыць іх Сына такімі сілаю, магутнасцю і прыгажосцю, якіх не меў нават наймудрэйшы кароль Саламон. 

Трое вандроўнікаў цешыліся, што Бог менавіта іх выбраў і менавіта ім паказаў цудоўную зорку. Яны ўвесь час марылі пра ўзнагароду, якая іх чакае, і падлічвалі, што бацькі шчаснага Дзіцяці павінны даць ім прынамсі дваццаць гаманцоў з залатымі манетамі, а тады яны змогуць назаўжды забыць пра ўсе пакуты і прыніжэнні, пра нястачу, якую цярпелі шмат гадоў.

Я цэлую ноч сачыла за імі ў пустэльні, — працягвала Сухмень, — нібы леў, гатовая кінуцца на сваю здабычу і замучыць іх смагаю. Але яны прайшлі міма. Усю ноч цудоўная зорка вяла іх скрозь пустэльню, і раніцаю, калі неба раз’яснілася світаннем і зоркі сталі гаснуць, тая зорка, што вяла іх, ярка ззяла, як і раней. Дзякуючы ёй вандроўнікі дайшлі да аазіса, дзе знайшлі крыніцу і пальмы, на якіх было поўна спелых фінікаў. Толькі промні сонца рассеялі святло той зоркі. Мудрацы ўвесь дзень адпачывалі, а ў прыцемках зорка зноў заззяла на небе, і яе промні далей павялі вандроўнікаў праз пустэльню. 

Іх шлях быў самы прыемны, які толькі можна ўявіць. Зорка вяла вандроўнікаў так, што яны не мусілі цярпець ні голаду, ні смагі, не блыталіся ў калючых цернях, іх ногі не танулі ў глыбокіх сыпучых пясках пустэльні, а дарога была роўнаю і гладкаю. Сонца не паліла іх, вятры не асмельваліся накідвацца на іх пясчанымі аблокамі. Мудрацы гэта заўважалі і гаварылі адзін аднаму:

— Бог нас аберагае і благаслаўляе нашае падарожжа. Мы — Яго пасланнікі. 

Але я паціху ўсё ж завалодала імі, — з гонарам сказала Сухмень. — Я пранікла ў іхнія сэрцы і так іх высушыла, што яны сталі такімі ж чэрствымі і бязлітаснымі, як сама пустэльня, па якой ішлі вандроўнікі. Іх апанавалі ганарлівасць і сквапнасць, яны ўсё больш і больш сталі ганарыцца сваім высокім пакліканнем, сваёю выбранасцю і тым шацункам, якім былі адораныя. 

— Мы — Божыя пасланнікі, — безупынна казалі мудрацы, апанаваныя пыхаю і прагаю багацця, якая ўсё больш спусташала іх душы. — Бацька Немаўляці павінен дастойна ўзнагародзіць нас, і нават цэлы караван, нагружаны мяхамі з золатам, не будзе годным дарам, каб дастаткова адплаціць нам за вестку, якую мы нясем. Мы — Божыя пасланнікі!

Нарэшце зорка прывяла вандроўнікаў у даліну Ярдана, яны перайшлі праз праслаўленыя струмяні святой ракі і ступілі на зямлю Юдэі, на яе бясконцыя пагоркі. Аднойчы ўначы зорка спынілася над маленькім мястэчкам Бэтлеем, якое раскінуўся сярод зялёных аліваў на высокім скалістым пагорку. 

Мудрацы сталі азірацца накокал, шукаючы багаты палац з высокімі ўмацаванымі сценамі і вежамі, і ўсім, што мусіць быць там, дзе пасад Валадара, але нічога падобнага не знайшлі. Яшчэ больш дзівіла, што зорка спынілася нават не над самім горадам, а на ўскраіне, над пячораю каля дарогі. Ціхае святло зоркі пранікла ў пячору, і мудрацы ўбачылі ўнутры Немаўля, якое спакойна спала на матчыных каленях. 

Яны бачылі, што святло зоркі яснаю каронаю ўвянчала галоўку Дзіцяці, але нерашуча стаялі каля ўваходу. Мудрацы так і не ўвайшлі ў пячору, каб абвесціць Немаўляці славу і каралеўскую ўладу, яны ніяк не выдалі сваёй прысутнасці, а наадварот, пайшлі прэч і сталі хутка спускацца з пагорка. 

— Няўжо мы вандравалі так далёка дзеля таго, каб прыйсці да такіх жа бедакоў, як і мы самі? — абураліся і наракалі мудрацы. — Няўжо Бог паслаў нас, каб мы прынізілі Ягоную веліч, прадказаўшы ад Яго імя цудоўны лёс Сыну беднага пастуха? Што можа чакаць гэтае Дзіця, апроч такога ж жабрацтва і ўбоства, у якім жыве Ягоны бацька, у гэтай беднай даліне, дзе Яно пазней таксама будзе пасвіць жывёлу?

Сухмень спынілася на імгненне і поўным трыумфу позіркам агледзела сваіх слухачоў. «Ці ж магу я памыляцца?» — нібыта гаварыў яе позірк. — «Што можа быць горшым і бязлітаснейшым за чалавечае сэрца, апанаванае пыхаю і самаўпэўненасцю? Яно нашмат страшней і бязрадасней за гарачыя пяскі пустэльні». 

— Мудрацы недалёка адышлі ад мястэчка, — працягвала Сухмень, — яны думалі, што проста заблукалі, ідучы за зоркаю, і няправільна прачыталі шлях, які яна паказвала. Падняўшы вочы да неба, яны шукалі сваю зорку, каб па яе промнях вярнуцца на патрэбную дарогу. Але дарма яны шукалі на цёмным небе сярод мільёнаў зорак тую, што прывяла іх з далёкай краіны, — яна знікла. 

Калі слухачы пачулі гэтыя словы, іх твары нечакана сказіліся ад моцнага хвалявання, нібыта аповед Сухмені прымушаў іх моцна пакутаваць. 

— Усё, што адбылося далей, — зноў загаварыла Сухмень, — магчыма нават узрадуе людзей. Калі мудрацы ўбачылі, што іх зорка знікла з нябеснага скляпення, яны адразу зразумелі, што зграшылі супраць Бога. З імі здарылася тое, — з агідаю заўважыла Сухмень, — што здараецца з зямлёю, калі раптам пачынаецца навальніца. Мудрацы здрыгануліся ад жаху, як зямля дрыжыць пад ударамі маланак і грома, іх душы размякчыліся, імі авалодала пакора і пусціла ў іх сэрцах свае парасткі, як бывае, калі зямля дае жыццё маладой траўцы, і тая пачынае расці і зелянець. 

Тры дні і тры ночы мудрацы блукалі па ваколіцах, дарэмна шукаючы Дзіця, якому павінны былі пакланіцца. Зорка не аб’яўлялася ім, не асвятляла і не паказвала шлях, і яны блукалі ў даліне ўсё далей і далей, не могучы знайсці дарогу. Сум і шкадаванне аб учыненым усё глыбей пранікалі ў іх сэрцы. На трэцюю ноч, змучаныя жаданнем выправіць сваю памылку, спакутаваныя згрызотамі і сорамам, не маючы адвагі глянуць на неба, яны прыйшлі да гэтага калодзежа. Тут Бог прабачыў ім грэх, і калі мудрацы нахілілся да вады, то глыбока ў люстранай празрыстай паверхні ўбачылі адбітак цудоўнай зоркі, што прывяла іх з Усходу. 

Яны ўскочылі і паспяшылі следам за зоркаю, якая зноў прывяла іх да пячоры на ўскраіне Бэтлеема, і там мудрацы ўпалі на калені перад маленькім Дзіцяткам. 

— Ты будзеш валодаць найбагацейшымі скарбамі свету, — усклікнулі яны, — мы прыносім табе дары нашай мудрасці і ведаў. Ты будзеш найбольшым і найслаўнейшым Валадаром на зямлі, якога не было да Цябе і не будзе ажно да сканчэння свету!

Дзіця дакранулася ручкаю да іх схіленых галоваў, і калі мудрацы падняліся, аказалася, што Немаўля адарыла іх так, як не змаглі б адарыць самыя багатыя і магутныя валадары зямлі: стары мудрэц ператварыўся ў юнака, пракажоны вылечыўся ад сваёй страшнай хваробы, а твар і ўся постаць трэцяга заззялі прыгажосцю і розумам. Усе яны зрабіліся маладымі і прыгожымі, і, вярнуўшыся на радзіму, хутка сталі каралямі. 

Сухмень замаўчала. Слухачы сталі дзякаваць ёй. 

— Як добра ты ўсё нам распавяла! — гаварылі яны. — Аднак здзіўляе, — заўважыў адзін з вандроўнікаў, — што гэтыя тры мудрацы анічога не зрабілі для калодзежа, які так моцна ім дапамог. Няўжо яны забылі пра гэтую добрую справу?

— Ці ж гэты калодзеж не павінен быць неўміручым? — запытаў другі. — Трэба, каб ён нагадваў людзям, што шчасце, якое губляецца на вышынях пыхі і пахвальбы, можна зноўку знайсці ў глыбінях пакаяння і пакоры. 

— Няўжо тыя, хто адышоў у вечнасць, менш здольныя да ўдзячнасці, чым тыя, хто жыве на зямлі? — дадаў трэці. — Няўжо тыя, хто вечна цешыцца ў раі, могуць забыць пра сваіх сяброў, што засталіся на зямлі, і не дапамогуць ім у небяспецы?

Ледзь ён прамовіў гэтыя словы, як Сухмень ускочыла і жудасна закрычала ад страху: яна пазнала ў вандроўніках трох мудрацоў. У адчаі яна заенчыла і кінулася бегчы далей ад калодзежа, нібы ад чумы, каб не глядзець, як вандроўнікі склікаюць слугаў, і тыя здымаюць з вярблюдаў мяхі, напоўненыя вадою. Хутка бедны калодзеж, які ўжо паміраў, стаў ажываць і напаўняцца цудоўнаю вадою, якую ўдзячныя мудрацы прывезлі з сабою з самога раю. 


Пераклад з рускай мовы Юліі Шэдзько
Паводле выдання «Сельма Лагерлеф. Сказания о Христе». М.: МГУ, 1990

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней