
У шосты месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, называны Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою». Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне. І сказаў Ёй анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага, і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца».
І сказала Марыя анёлу: «Як станецца гэта, калі я мужа не знаю?» Анёл сказаў Ёй у адказ: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй; і ўжо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай, бо для Бога няма нічога немагчымага». Тады Марыя сказала: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». І адышоў ад Яе анёл.
(Лк 1, 26–38)
Нараджэнне Езуса Хрыста было такім. Пасля заручын Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым яны пачалі жыць разам, Яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж Яе, будучы справядлівым і не жадаючы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе. Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных».
А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: «Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае “з намі Бог”». Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю.
(Мц 1, 18–24)
Прыняць найкаштоўнейшы дар
Адну і тую ж вялікую Таямніцу Уцелаўлення Божага Сына з розных бакоў раскрываюць святыя Лука і Мацвей. Першы распавядае пра Звеставанне Панне Марыі, у выніку якога Святая Дзева прыняла Божае Слова і дала Яму чалавечую натуру. Другі падчас сну тлумачыць Звестванне святому Юзафу, і гэты сон дапамог апошняму адкінуць сумненні і прыняць Марыю — верную выканаўцу Божай волі. Звычайная абмежаваная чалавечая думка з лёгкасцю абвінаваціла б Марыю ў тым, што Яна якраз Божую волю парушыла. Вельмі часта мы, не ведаючы, як выглядаюць справы ў рэчаіснасці, нешта дадумваем, і не ў лепшы бок! Мы робім паспешлівыя высновы, далёкія ад праўды, і распаўсюджваем іх як несумненныя факты. Якой жа вялікай колькасці людзей паламалі жыццё нечыя сумненні, даўшы пачатак падазрэнням, плёткам, асуджэнню! З іншага боку, колькі добрых учынкаў не здзяйсняецца з боязі думаць і быць не як усе, ад страху быць незразуметым, страціць чыюсьці прыхільнасць або застацца без нейкіх зямных дабротаў!
Але не трэба забывацца, што сумненні і страх ад пачатку сее і выкарыстоўвае злы дух, каб трымаць людзей пад сваёй уладай. І каб знішчыць гэтую ўладу, Збаўца прыходзіць у наш свет, спачатку захаваўшы ад усялякіх уплываў нячыстага сваю Маці, а потым вызваліўшы выбранага Апекуном справядлівага чалавека ад пакутлівых думак і ад страху перад меркаваннем людзей, асуджэннем, стратаю аўтарытэту.
У адрозненні ад прабацькоў, першых людзей, і ад большасці з нас, іх нашчадкаў, Марыя і Юзаф паверылі не падшэптам злога духа, які заўсёды абяцае выгоды і прыемнасці, а словам нябеснага Пасланца, які заклікаў іх даць сябе ў дар; бо прыняць, нарадзіць і выхаваць дзіця — гэта самаахвярнасць, дар свайго жыцця, які не застанецца без узнагароды з боку самога Даўцы Жыцця.
Прыняўшы Боскае Немаўля, Марыя і Юзаф атрымалі Бога назаўсёды. Няхай жа іх прыклад і малітоўнае заступніцтва дапамогуць кожнаму з нас нешта даць з сябе, каб Той, хто ўвайшоў у іх чалавечую сям’ю, прыняў і нас у святую Нябесную супольнасць, навучыўшы годна прымаць найкаштоўнейшы дар, якім ёсць Ён сам.
Айцец Міхал Ермашкевіч ОР