Дарагія сябры, вы ведаеце, што хутка настане Мой дзень нараджэння. Гэтае свята пачалі адзначаць шмат гадоў таму. Спачатку Мне здавалася, што людзі зразумелі і ацанілі ўсё, што Я зрабіў для іх, але цяпер здаецца, што ўсе ўжо забыліся, што святкуецца ў гэтыя дні. Сем’і і сябры сустракаюцца разам і часам не ведаюць, што за ўрачыстасць яны адзначаюць.
Памятаю, як у мінулым годзе ў Мой гонар арганізавалі вялікі ўрачысты прыём. На стале было поўна смачных страваў, дэсертаў, спелай садавіны і іншых пачастункаў. Увесь дом быў упрыгожаны, а пад елачкаю чакала мноства падарункаў. Але ведаеце щто? Адзначалі Мой дзень нараджэння, а Мяне самога не запрасілі на святкаванне! Пра Мяне забыліся. Прыём зладзілі ў Мой гонар, але ў гэты дзень Я застаўся на вуліцы, перад замкнутымі дзвярыма… а Мне так моцна хацелася быць там, блізка да іх, і разам з імі павячэраць. Вельмі сумна, што ў апошнія гады вельмі шмат людзей замыкаюць перада Мною дзверы.
Хоць Мяне і не запрасілі, Я вырашыў ціхенька ўвайсці, не звяртаючы на сябе ўвагі гасцей. Я зайшоў у залу і незаўважна стаў у куце. Усе елі і пілі, жартавалі, смяяліся і ўвогуле добра праводзілі час. Раптам нейкі таўстун, апрануты ў чырвонае, з доўгаю белаю барадою, зайшоў у залу і гучна стаў вітацца: «Хо-хо-хо! Вось і я! Вы мяне чакалі?» Ён усеўся ў фатэль, а ўсе дзеці пабеглі да яго, усклікаючы: «Дзед Мароз!», «Санта!», быццам уся ўрачыстасць была ў ягоны гонар. Калі ўсе госці пачалі абдымацца, Я таксама працягнуў рукі, каб нехта падышоў да Мяне і абняў. Але ніхто не падышоў… Тады Я зразумеў, што Мяне тут не хочуць бачыць, і выйшаў на вуліцу незаўважаным.
З кожным годам Мяне ўсё больш забываюць. Людзі найперш памятаюць пра падарункі, пра смачную ежу і пітво, але амаль не памятаюць пра Мяне. Я вельмі хачу, каб ты дазволіў Мне ўвайсці ў сваё жыццё падчас гэтых святаў. Гэта вельмі ўсцешыла б Мяне. Узгадай, што дзве тысячы гадоў таму Я прыйшоў у свет, каб аддаць за цябе сваё жыццё на крыжы, каб збавіць цябе. Мне хочацца, каб ты паверыў у гэта ўсім сэрцам.
Хачу сказаць табе яшчэ нешта: многія не запрашаюць Мяне на святочную вячэру ў свой дом, але ў сваім доме Я таксама арганізую ўрачысты прыём, такі прыгожы, што немагчыма ўявіць. Падрыхтоўка яшчэ ідзе. Сёння Я выслаў шмат запрашэнняў на гэтую ўрачыстасць, і адно з іх — для цябе. Скажы Мне, ці хочаш ты прыйсці, каб Я мог пакінуць для цябе месца і залатымі літарамі запісаць тваё імя ў Маёй гасцявой кнізе. Падрыхтуйся, бо, калі ўсё будзе гатова, ты станеш жаданым госцем на гэтай вялікай урачыстасці. Да хуткай сустрэчы! Люблю цябе!
Езус