
Лічыцца, што культ Божага Сэрца стаў пашырацца ў сусветным Касцёле пасля аб’яўленняў Маргарыце Марыі Алякок (1647–1690). Менавіта тады распачалося публічнае ўшанаванне Сэрца Езуса і склалася набажэнства да Яго. Аднак няраз у гісторыі Касцёла здаралася, што нейкі культ або догмат натуральным чынам быў перадумоўлены, нават прадказаны шматвяковай традыцыяй, укаранёнай у Святым Пісанні. Паспрабуйма прасачыць такім чынам гісторыю развіцця культу Божага Сэрца.
У кнігах Старога Запавету няма ніводнай прамой згадкі аб кульце фізічнага Сэрца Уцелаўлёнага Слова, але і Стары, і Новы Запавет багатыя на яркія вобразы Божай любові, якія вядуць да ўзнікнення гэтага культу. Гэтыя вобразы, прадказваючы прыйсце ў свет Богачалавека, з’яўляюцца таксама прадвеснікамі аб’яўлення нам найвышэйшага знаку Божай любові — Найсвяцейшага Сэрца Збаўцы. Узгадайма хаця б словы запавету, які Бог заключыў з выбраным народам, якія сталі для нас запаведдзю любові: «Слухай, Ізраэль: Пан, Бог наш, Пан адзіны. Любі Пана Бога твайго усім сэрцам тваім, усёй душою тваёю, усім розумам сваім і з усіх сіл тваіх. Няхай гэтыя словы, якія сёння я наказваю табе, будуць у сэрцы тваім» (пар. Дрг 6, 4–5).
Майсей і іншыя прарокі апісвалі сувязь паміж Богам і людзьмі як падобную да бацькоўскай або сужэнскай. Напрыклад, у кнізе прарока Осіі мы чытаем: «Калі Ізраэль быў дзіцём, Я палюбіў яго, і паклікаў з Егіпту сына майго. Я сам вучыў Эфраіма хадзіць, насіў іх на сваіх руках, а яны не разумелі, што Я апекаваўся імі. Я прыцягваў іх повязямі чалавечнасці, повязямі любові. Я вылечу іхнюю нявернасць, сардэчна палюблю іх, бо адвярнуўся ад іх Мой гнеў» (пар. Ос 11, 1. 3–4; 14, 5).
Любоў Бога, поўная чуласці да людзей і здольная прабачаць, стала прадказаннем любові, якая запалала ў Сэрцы Збаўцы да ўсіх людзей і стала падмуркам для Новага Запавету. Пра гэта піша прарок Ерамія, укладаючы ў Божыя вусны словы: «Любоўю вечнай Я палюбіў цябе, таму Я захаваў міласць да цябе. Вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — калі ўстанаўлю з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет. Укладу закон Мой у нутро іхняе і напішу яго на іхніх сэрцах, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам» (пар. Ер 31, 3. 33).
Вобраз гэтага новага запавету раскрываецца ў Евангеллях. Таямніца адкуплення — гэта таямніца дасканалай любові Хрыста да Нябеснага Айца, перад якім Ён узяўся адплаціць за грахі чалавецтва, і да людзей, якіх Ён выбавіў, сам стаўшыся чалавекам.
Найсвяцейшае Сэрца Збаўцы пачало біцца любоўю боскаю і чалавечаю любоўю, калі Марыя выказала згоду на Яго нараджэнне, і такім чынам Беззаганнае Сэрца Марыі стала жывою святыняю, у якой бесперастанна ўшаноўваецца Божае Сэрца. Яна адна цалкам спасцігла таямніцу любові гэтага Сэрца і дасканала была з’яднаная з Ім ва ўсіх Яго дзеях, думках, прагненнях, пачуццях і пакутах, і Яна стала распараджальніцаю заслугаў і скарбаў Сэрца свайго Сына.
Падчас Апошняй вячэры святы Ян Евангеліст, спачыўшы на грудзях Езуса (гл. Ян 13, 23), пазнаў таямніцу любові і пакутаў Яго Сэрца. Прабываючы пад крыжам, ён стаў сведкам таго, як дзідаю было прабіта Сэрца Збаўцы, «і адразу выцекла кроў і вада» (Ян 19, 34) — струмяні любові і ласкі. Духам любові Сэрца Езуса прасягнутыя напісаныя Янам пасланні і Евангелле. Пазней святы апостал Тамаш, уклаўшы руку ў бок праслаўленага цела Уваскрослага Хрыста, усклікнуў: «Пан мой і Бог мой!» (Ян 20, 28), і атрымаў сапраўдную веру.
Караваджа «Нявер'е Тамаша»
Такім чынам, культ Божай любові, увасоблены ў сімвале прабітага Сэрца Хрыста знаходзіцца ў самых вытоках гісторыі Касцёла. На працягу ўсіх гэтых стагоддзяў былі людзі, якія, ідучы слядамі Божай Маці і Апосталаў, ушаноўвалі чалавечую натуру Хрыста, асабліва Яго раны і Яго прабітае Сэрца. У першыя стагоддзі хрысціянства і ў Сярэднявечча многія святыя мелі аб’яўленні Сэрца Пана Езуса, аднак гэтыя аб’яўленні былі індывідуальнымі або скіраванымі да пэўных манаскіх супльнасцяў, а не да ўсяго чалавецтва. Гэта адбылося толькі ў XVII стагоддзі, калі Сэрца Езуса, Бога і Чалавека было аб’яўленае ўсім нам як сімвал любові і міласэрнасці.
Сэрца Езуса ўшаноўвалася ў розных манаскіх супольнасцях, напрыклад у цыстэрцыянаў, бэнэдыктынаў, францішканаў, дамініканаў, картузіянаў. Асаблівае набажэнства да Сэрца Езуса практыкавалі св. Бэрнард з Клерво, св. Пётр Даміані, св. Анзэльм, св. Франішак з Асізі, св. Людгарда, св. Гертруда, св. Антоній з Падуі, св. Банавентура, св. Кацярына Сіенская, бл. Генрых Суза і іншыя. Святы Пётр Даміані (1007–1072) называў рану ў боку Езуса «фантанам вечнага жыцця», а святы Анзэльм (1033–1109) гаварыў, што ў Яго адкрытым боку нам аб’явілася любоў Яго Сэрца. Святы Антоній з Падуі (1190–1231) ў сваіх казаннях часта звяртаў увагу на Сэрца Езуса: «Ён аддаў табе сваё Сэрца на крыжы і там дазволіў, каб Яно было прабітае». Святы Бонавэнтура (1217–1274) казаў:
«У бязмернай сваёй любові Ён адкрыў свой бок,
аб аддаць нам Сэрца… Ён пажадаў паказаць нам
любоў свайго Сэрца праз рану ў боку»
У ХІІІ ст. жыла вялікая шанавальніца Сэрца Езуса, бэнэдыктынка св. Гертруда (1255–1302). Праз аб’яўленні яна атрымала заданне паказаць людзям бязмерную славу і скарбы Найсвяцейшага Сэрца і значэнне Яго ўшанавання для асвячэння душаў. Пад уплывам яе пасланняў яно стала шырока распаўсюджвацца.
Сэрца Езуса аб’яўлялася св. Гертрудзе як:
- скарбніца, поўная багаццяў;
- ліра, чые струны кранае Святы Дух, і гэтая музыка дае асалоду Найсвяцейшай Тройцы;
- крыніца, воды якой нясуць палёгку чыстцовым душам, даюць ласку ўмацавання душам, якія змагаюцца на зямлі, і патокамі шчасця выліваюцца на душы, якія атрымалі жытло ў Новым Ерузалеме;
- залатое кадзіла, з якога ўзносіцца столькі духмянага водару, колькі ў свеце людзей, за якіх Збаўца памёр на крыжы;
- алтара, на якім вернікі складаюць свае ахвяры, збаўленыя ўзносяць хвалу, анёлы праслаўляюць Бога, а сам адвечны Святар прыносіць сябе ў Ахвяру;
- лямпа, якая вісіць паміж небам і зямлёю;
- келіх, з якога п’юць святыя;— прытулак, салодкае і благаслаўлёнае прыстанішча, якое адкрываецца душам, што пераходзяць у вечнасць.
У наступныя стагоддзі, дзякуючы іншым святым культ Найсвяцейшага Сэрца Езуса ўкараніўся і ўмацаваўся ў Традыцыі Касцёла. Благаслаўлёны Генрых Суза (1295–1366) ўклаў такія словы ў вусны Пана Езуса:
«Паглядзіце на ўсе сэрцы і падумайце,
ці было хоць адно з іх гэтак жа поўнае любові,
як Маё?»
Святы Бэрнардын Сіенскі (1383–1446) гаварыў аб «поўным любові цярпенні Езусавага Сэрца, якое трывала на працягу ўсяго жыцця, а свой крыж Ён вынес з улоння Маці і заўжды насіў у сваім Сэрцы». Святы Пётр Канізій (1521–1597) усклікаў: «Ты адкрыў мне сваё Сэрца і даў піць з гэтай крыніцы, запрасіў мяне чэрпаць ваду збаўлення з Тваёй крыніцы, Пане».
Нарэшце ў XVII стагоддзі святы Жан Эд (1601–1680) стаў аўтарам першага літургічнага афіцыя ўшанавання Найсвяцейшага Сэрца Езуса, а святы Францішак Сальскі (1567–1622), нібы прадчуваючы ласкі, якімі Бог жадае адарыць заснаваную ім у 1610 г. супольнасць сясцёр візітак, выбраў гербам Сэрца Езуса.
Карадо Джаквінто «Святая Маргарыта Марыя Алякок чувае над Найсвяцейшым Сэрцам Езуса»
Усе гэтыя містычныя аб’яўленні і ласкі, атрыманыя святымі на працягу ўсёй гісторыі Касцёла, сталі падрыхтоўкаю да вялікіх аб’яўленняў Сэрца Езуса, атрыманых святой Маргарытай Марыяй Алякок (1647–1690). Праз яе пасрэдніцтва Пан Езус упершыню аб’явіў усяму свету сваё Сэрца і заклікаў да Яго публічнага ўшанавання праз устанаўленне свята Найсвяцейшага Сэрца. Праз гэтыя аб’яўленні Збаўца пажадаў паўсюдна распаўсюдзіць у Касцёле культ свайго Сэрца і паабяцаў шматлікія ласкі тым, хто будзе Яго ўшаноўваць.
Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле кнігі Эвы Хантэр
«Гісторыя культу Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса»,
выданне: Apostolicum, Зомбкі, 2008 г.