«Браты, пачнем жа з сённяшняга дня рабіць дабро, бо ажно дагэтуль мы нічога не зрабілі». На пачатку новага года звернемся да сябе з гэтымі словамі, якія прамовіў да сябе падобны да серафімаў айцец, святы Францішак.
Сапраўды, ажно да сённяшняга дня мы нічога не ўчынілі або ўчынілі зусім мала. Ці ж не праляцелі гады, як усходы і захады сонца, а мы не спыталіся ў сябе, як правялі іх? Ці ж у нашым жыцці не было нічога, што трэба выправіць, дадаць, прыбраць?
Мы жылі бесклапотна, не думаючы, што аднойчы Спрадвечны Суддзя будзе вымушаны паклікаць нас да сябе і прасіць справаздачу за нашыя ўчынкі, за тое, як мы выкарысталі свой час. Мы павінны будзем даць падрабязную справаздачу за кожную хвіліну жыцця, за кожны дотык ласкі Божай, за кожнае святое натхненне, за кожную нагоду рабіць дабро.
Самае малое парушэнне святога Божага закону будзе ўзятае пад увагу. О бедныя мы! Тады ў нас, напужаных і ашаломленых справядлівым Божым судом, не будзе магчымасці ўсклікнуць: «О горы, перавярніцеся! О зямля, адкрыйся і паглыні мяне, бо я дрыжу ў прысутнасці Найвышэйшага!».
І калі пасля Бог абвесціць такі прысуд: «Ідзі, няверны слуга, у вечны агонь!», ён стане для нас канчатковым або, што яшчэ горш, стане пачаткам бясконцых страшных пакутаў і неапісальных мукаў.
Тады мы пажадалі б вярнуць назад хоць адну хвіліну з мінулага, каб нешта выправіць, адпакутаваць, і сталі б шчаслівымі на ўсе вякі ў гэтай жудаснай вязніцы, калі б маглі напрыканцы атрымаць магчымасць вярнуцца на зямлю і лепш выкарыстаць час свайго жыцця.
Аднак жа нашая гадзіна праб’е толькі аднойчы, сэрца спыніцца, і ўсё для нас скончыцца — і час заслугаў, і час грахоў. Усіх нас сустрэне смерць, і мы станем перад Хрыстом Суддзёю. Тады нашыя маленні і просьбы, нашыя слёзы, нашыя поўныя жалю ўздыханні, якія на зямлі яшчэ маглі ўзрушыць Божае сэрца і ўчыніць нас з дапамогаю сакрамэнтаў святымі грэшнікамі, ужо не будуць мець ніякага значэння, час міласэрнасці праміне і настане час справядлівасці.
Толькі адно слова або, хутчэй, два словы будуць сутнасцю нашага адвечнага заўтра: «Ніколі, ніколі! Заўжды, заўжды!..» Ніколі, ніколі ты не зможаш больш цешыцца салодкім сузіраннем Бога; ніколі больш не зможаш сябраваць з Найсвяцейшай Дзевай Марыяй і ўсімі святымі; ніколі больш побач з табою не будзе Анёла Ахоўніка, да няспынных і поўных любові заклікаў якога ты заставаўся глухім і ўпартым; ніколі больш ты не далучышся да дарагіх табе людзей, якіх ты любіў на зямлі і з якімі быў няздольны жыць у святасці; ніколі больш ты не атрымаеш ласкі бачыць зіхаценне славы Езуса, што выходзіць табе насустрач і паказвае ззяючыя раны сваіх святых стопаў і далоняў, і свайго благаслаўлёнага бока, з якога пралілася Божая кроў, каб адкупіць цябе.
Але ты растаптаў усё гэта. Маючы ўсё ў сваіх руках, ты мог скарыстацца дадзенымі табе дарамі на карысць сабе і мноству гэткіх жа грэшнікаў. Цяпер жа ты просіш і моліш аб адной толькі кроплі Божай крыві, але ні сёння, ні ў іншы дзень яна не будзе табе дадзеная.
Ты назаўжды застанешся ў коле асуджаных, уся твая істота будзе бязмерна пакутаваць, страх напоўніць твае вочы, бо ты ўбачыш жудасныя рэчы, і твае вушы, бо ты пачуеш неапісальныя жахлівыя блюзнерствы. А душа твая, якая не зможа бачыць Бога і цешыцца Ім — сваім бясконцым дабром, — у роспачы і болю будзе праклінаць сама сябе і Яго, і так будзе заўжды, заўжды!..
О Божа душы маёй! Які сумны лёс чакае мяне, калі я не пастанаўлю змяніць сваё жыццё, калі не стану як да скарбу ставіцца да часу, які ў сваёй дабрыні Ты даеш мне!
Хто ж можа мець уладу над часам, калі ён не стаіць на месцы? Не адкладайма на заўтра тое, што можна зрабіць сёння. Добрымі намерамі выбрукаваная дарога ў пекла. Хто можа даць нам упэўненасць у тым, што заўтра мы яшчэ будзем жывыя? Паслухаймася голасу свайго сумлення, голасу каралеўскага прарока Ісаі: «Калі сёння вы пачуеце голас Пана, не затыкайце вашых вушэй».
Устаньма ж і пачнем збіраць скарбы, бо мы маем у сваім распараджэнні толькі хвіліну, якая ўцякае. Не варта жыць ад хвіліны да хвіліны.
Дзякуючы ласцы Божай мы сталі на парог новага года. Гэты год, пра які толькі Бог ведае, ці дажывем мы да яго канца, трэба выкарыстаць, каб выправіць мінулае і скласці планы на будучыню. А за добрымі пастановамі няхай ідуць добрыя ўчынкі.
Дык будзем жа чыніць тое, што пасля дасць нам вечнае благаслаўленне. Радуймася найцудоўнейшаму Сэрцу Езуса, станьма натхненнем дзеля дабра нашых братоў, якія, узрушаныя нашымі ўчынкамі, таксама пойдуць шляхам справядлівасці і любові. З поўным перакананнем скажам у праўдзе: «Сёння мая душа пачынае рабіць дабро, бо ажно дагэтуль нічога не ўчыніла». Будзем рабіць так, бо мы жывем у прысутнасці Божай. Часта паўтарайма для саміх сябе: «Бог глядзіць на мяне і будзе судзіць па справах, якія бачыць». Будзем рабіць так, каб Ён не ўбачыў у нас нічога іншага, акрамя суцэльнага дабра.
Засцерагаймася ад свету і спакусаў, якія, нібы крыважэрныя дзікія звяры, будуць пагражаць нашаму вечнаму дабру, і ў слабасці не будзем страчваць веры ў Божую дапамогу. Той Бог, якога мы жадалі бачыць і ўкараніць у памяці, заўжды гатовы прыйсці нам на дапамогу. Ён заўжды верны сваім абяцанням і, бачачы, як мужна мы змагаемся, пашле сваіх анёлаў, каб падтрымаць нас у выпрабаваннях.
Той, хто не змагаецца адважна да самага канца, не атрымае пальмавую галінку перамогі. Таму распачнем жа гэты год нашай святой бітвы. Бог дапаможа нам і ўкарануе вечнаю перамогаю.
Пераклад Юліі Шэдзько.
Паводле: «Głos Ojca Pio»,
№ 37, 2006 г.