«Будзь незаўважным. Будзь святлом каля ног бліжняга твайго. Ідзі без страху ў глыбіню чалавечых сэрцаў. Я буду з табою».
Кацярына Колышкіна дэ Гук Дохэрці
Ацаліцеся каля ясляў
У тым, што Хрыстус, Сын Божы, нарадзіўся ў пячоры, заключаны вялікі парадокс. Парадокс і ў тым, што сам Бог ляжаў у калысцы і ва ўсіх сваіх патрэбах залежаў ад чалавека. Гэта таямніца для ўсіх нас — магутная крыніца ацалення.
Большасць з нас мае жудаснае ўяўленне пра саміх сябе. Калі ёсць яслі, у якіх мы бачым Любоў Бога ў абліччы маленькага бездапаможнага Немаўляці, якога можна ўзяць нават на рукі, то як мы можам думаць, што Бог не любіць нас у нашай мізэрнасці і залежнасцях? Калі мы становімся на калені перад яслямі, ці не знікае той ілжывы, страшны, ідыёцкі, д’ябальскі вобраз, які мы стварылі ў сваёй безнадзейнасці? Вось тады ў нас нараджаецца наша сапраўдная індывідуальнасць. Гэта першы фактар ацалення.
Хрыстус быў не толькі маленькі, але яшчэ і бедны. Ён пажадаў нарадзіцца не проста ў калысцы, але ў стайні. Усё сваё жыццё, пачынаючы з уцелаўлення, Ён моцна жадаў быць бедным. Гэта дае нам вялікую надзею, бо мы ўсе бедныя! Гэта другі фактар ацалення.
Як вы і я, Хрыстус залежаў ад сваёй Маці. У гэтым жа праяўляецца Яго беднасць і любоў да нас. Ва ўсім, апроч граху, Ён быў такі, як і мы. Веліч Яго любові працягвае ахінаць нас, пакуль мы не падпарадкуемся ёй канчаткова. У гэтым трэці фактар ацалення.
Святы Ян Евангеліст пісаў, што пакуль мы не навучымся любіць свайго бліжняга, якога здольныя бачыць, мы не зможам любіць нябачнага Бога. Для нас гэта яшчэ адзін знак. Ян не толькі сказаў нам не турбавацца пра свае грахі, ён даў нам зразумець, што калі мы будзем любіць адзін аднаго, то ўбачым Бога.
Мудрацы ў сваім пошуку ішлі за зоркаю і адкрылі нешта зусім новае, раней невядомае чалавецтву. Вось гэтае пачуццё пошуку — неад’емная частка Адвэнту, Божы дар для нас. Калі мы будзем шукаць, то таксама знойдзем у яслях Немаўля Хрыста. Калі мы станем дзецьмі, то зможам пасядзець каля ясляў і пагуляць з Богам. Тады мы зноў убачым сябе такімі, якімі стварыў нас Бог, і зло не кране нас. Калі ў нас будзе вера, любоў і надзея, якія прынесла Немаўля ў яслях, мы не будзем паддавацца ні хлусні, ні злу.
Дык давайце ж у гэтае Божае Нараджэнне памолімся аб умацаванні нашай веры, любові і надзеі!
Вігілія
Самае асаблівае чаканне — гэта чаканне нараджэння новага жыцця. У гэтым ёсць нейкая таямніца і святасць, быццам ты ў касцёле. Гэта і цяжкае, і разам з тым прыемнае чаканне.
Я была медыцынскаю сястрою і прыняла сорак восем дзетак, прычым дваццаць два з іх нарадзіліся без прысутнасці ўрача. Кожны раз цуд нараджэння, трапяткое пачуццё ад таго, што ты трымаеш нованароджанага, у думках змушала мяне ўкленчыць і пераносіла ў Бэтлеем.
Няма нічога больш цудоўнага, чым нованароджанае дзіця. Але калі гэтае дзіця — Бог, тады Яно цудоўнейшае двойчы! Ці ёсць на свеце чалавек, які не адгукнецца на плач дзіцяці? А вы калі-небудзь задумваліся пра першы крык Немаўляці Езуса? Гэта ж было першае пасланне любові да нас!
Адвэнт амаль закончыўся. Мы чакаем прыйсця Бога. Ён ідзе! Ён ідзе! Працягніце рукі і прыміце Немаўля. Божае Нараджэнне гэтым разам асаблівае. Я кладу Немаўля вам на рукі і прашу клапаціцца пра Яго так, як гэта было б вашае ўласнае дзіця. Звярніцеся да Божай Маці, і Яна вас навучыць, як трэба даглядаць Яго.
Лепятанне Немаўляці
Цішыня! Ці чуеце Вы лепятанне Немаўляці? Ці вытрывае хто перад спевам-лепятаннем Немаўляці або перад Яго ўсмешкаю? Дык паслухайце!
Гэта Яго лепятанне! Ён ляжыць у яслях, шчаслівы ад таго, што стаў Чалавекам. Падумайце пра незвычайную прыроду гэтай падзеі: Бог увайшоў ва ўлонне Жанчыны і знаходзіўся ў ім, як любое дзіця, дзевяць месяцаў. А потым Ён нарадзіўся. Гэта, мае шаноўныя сябры, мае любыя, і ёсць уцелаўленне. Бог быў шчаслівы ўцелавіцца ў чалавека, таму што Ён любіць нас. І Яго мілае дзіцячае лепятанне — гэта спеў любові, усмешка любові.
Дык давайце ўстанем і пойдзем у Бэтлеем! Давайце з’яднаемся каля Яго калыскі! На першы погляд, мы ўсе падзеленыя прастораю і часам, але калі мы любім, то ні адно, ні другое не мае значэння. Мы будзем усе разам сузіраць Яго ўсмешку.
Давайце ж заўсёды яе памятаць, пакуль не сустрэнемся з Немаўлём тварам у твар! Яго лепятанне і ўсмешка змякчаць нашу дэпрэсію, хваляванне і напружанасць. Яны навучаць нас усміхацца і спяваць, дзе б мы ні былі і што б мы ні рабілі, бо мы будзем ведаць: жыццё — гэта вечная пілігрымка ў Бэтлеем.
Пераклад з рускай мовы
Іны Ламакі
Паводле: writings.catherinedoherty.org