
У Святым Пісанні мы знойдзем няшмат згадак пра Сэрца Збаўцы. Аднак культ Божага Сэрца жывы. Сэрца — гэта галоўны сімвал любові. Калі св. апостал Ян сцвярджае, што «Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 8), то ўшанаванне Сэрца Бога — гэта кантэмпляцыя Яго любові, і праяўляецца яно ў наследаванні Хрыста: «…Навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам» (Мц 11, 29).
Калі Сын Божы паміраў на крыжы, адзін з жаўнераў прабіў Яго бок, з якога выцеклі кроў і вада (гл. Ян 19, 34). У літургіі гаворыцца: «…Адтуль узялі пачатак сакрамэнты Касцёла, каб усе людзі, прыцягнутыя да адкрытага Сэрца Збаўцы, з радасцю чэрпалі з крыніцаў збаўлення» (прэфацыя пра Найсвяцейшае Сэрца Езуса). Такім чынам, ушанаванне Езусавага Сэрца — гэта праслаўленне Бога за дар збаўлення, сімваламі якога ў Касцёле з’яўляюцца сакрамэнты. Невыпадкова ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса адзначаецца ў пятніцу пасля даўняй актавы Божага Цела. Яе сувязь з Эўхарыстыяй відавочная: Эўхарыстыя — гэта праслаўленне любові і спажытак на вечнае жыццё.
Публічны культ Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса распачаўся ў XVII ст. і звязаны з аб’яўленнямі, якія бачыла французская манашка (візітантка) Маргарыта Марыя Алякок у кляштары ў Парэ-ле-Маньяле (у Бургундзіі). 16 чэрвеня 1675 года адбылося т.зв. вялікае аб’яўленне. Тады Пан Езус наказаў, каб было ўстаноўлена спецыяльнае свята для ўшанавання Яго Сэрца, і вызначыў пятніцу пасля актавы Божага Цела. З таго часу з’явіліся розныя формы ўшанавання Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Многія з іх пашырыліся на ўвесь свет, некаторыя засталіся толькі ў манаскіх супольнасцях або цалкам зніклі.
У Касцёле чэрвень з’яўляецца часам асаблівага ўшанавання Сэрца Пана Езуса (верагодна, па той прычыне, што найважнейшае аб’яўленне св. Маргарыце адбылося менавіта ў чэрвені). На гэты перыяд часцей за ўсё таксама прыпадае ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса (часам яна прыпадае на май або ліпень). Ян Павел ІІ падчас чэрвеньскага набажэнства ў Эльблёнгу ў 1999 г. сказаў: «Я цешуся, што гэтая пабожная практыка — штодзённа ў чэрвені чытаць або спяваць Літанію да Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса — такая жывая і ўвесь час падтрымліваецца».
Літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса склала сястра візітантка Джаана Магдалена Джолі (з кляштара Дзіжон у Францыі). Спачатку яе чыталі ў Марселі і таму называлі марсельскай. У1899 годзе Апостальская Сталіца дазволіла чытаць гэтую літанію ва ўсім Касцёле, трактуючы яе як не прыватную, а публічную малітву. Літанія складаецца з 33-х заклікаў у памяць пра 33 гады жыцця Хрыста. Іх змест перадае збаўчы план любові Бога да чалавека.
Падчас трэцяга аб’яўлення Пан Езус даручыў св. Маргарыце, каб у першыя пятніцы месяца яна прымала святую Камунію ў духу кампенсацыі за ўсялякую няўдзячнасць, якую людзі праяўляюць да Збаўцы, асабліва за знявагу Найсвяцейшага Сакрамэнту.
З прыняццем святой Камуніі на працягу дзевяці першых пятніцаў месяца Хрыстус звязаў наступнае абяцанне: хто будзе выконваць гэты наказ, той у хвіліну смерці атрымае ласку паяднання з Богам і не памрэ без сакрамэнтаў. Гэта адно з так званых дванаццаці абяцанняў Сэрца Езуса.
Ушанаванне абраза Божага Сэрца — яшчэ адна форма культу. Гэты абраз — адна з самых папулярных выяваў Хрыста. На ім мы бачым Збаўцу, які паказвае на сваё Сэрца, другая рука Езуса ўзнесеная ў жэсце благаслаўлення.
Адданасць Сэрцу Езуса павінна весці да адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Эўхарыстыя — найбольшы знак любові Бога да чалавека. Яе кантэмпляцыя ў знаку эўхарыстычнага Хлеба павінна пабуджаць чалавека да ўдзячнасці, а таксама да шчырага жалю за грахі.
Праяваю глыбокай пашаны да Сэрца Езуса з’яўляюцца таксама розныя брацтвы, якія пашыраюць Яго хвалу і ўзносяць да Бога малітвы ў розных інтэнцыях Касцёла і свету. Існуе некалькі манаскіх супольнасцяў, харызма якіх звязана з наследаванем любові Езусавага Сэрца і развіццём Яго культу. Да такіх супольнасцяў адносяцца, напрыклад, Кангрэгацыя Ксяндзоў Найсвяцейшага Сэрца Езуса (сэрцане), Кангрэгацыя Найсвяцейшых Сэрцаў Езуса і Марыі, а таксама Вячыстай Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту Алтара (белыя сэрцане), Сёстры Уршулянкі Сэрца Езуса Канаючага (шэрыя уршулянкі), Кангрэгацыя Сясцёр Служак Найсвяцейшага Сэрца Езуса (сэрцанкі).
Калі Касцёл адзначаў 100-годдзе прысвячэння чалавецтва Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса, папа Ян Павел ІІ напісаў у спецыяльным пасланні: «Заклікаю ўсіх вернікаў, каб яны і далей старанна клапаціліся пра культ Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, адаптоўваючы яго да нашага часу, каб дзякуючы гэтаму яны маглі няспынна чэрпаць з яго бяздонных багаццяў і ўмелі з радасцю на іх адказваць, любячы Бога і братоў, знаходзячы супакой, ступаючы на шлях паяднання і ўмацоўваючы сваю надзею на тое, што калісьці будуць жыць поўняю Бога разам з усімі святымі». Сапраўдны ўшанавальнік Езусавага Сэрца радасна любіць Бога і братоў. Гэтыя словы Святога Айца з’яўляюцца праграмаю не толькі на чэрвень, але і на ўсё жыццё.
Кс. Славамір Мадаеўскі
Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.
Паводле: liturgia.wiara.pl