Габрыэля Пузыня
Дзень вясёлы наступае —
Збаўцу чалавек вітае,
вясна ў душах зацвітае!
Аллелюя!
Смутак нішчыцца імкліва,
і глядзіць з-пад снегу ніва,
грэх знікае палахліва.
Аллелюя!
З гэтай велічнай нагоды
з гор плывуць патокам воды,
з вачэй — слёзы асалоды!
Аллелюя!
Езус пекла парваў путы,
грэх адолеў жаль пакуты,
снег у зелень апрануты.
Аллелюя!
Маці, боль Твой адыходзіць:
Хрыстус Сын з труны выходзіць,
спеў анёльскі слых лагодзіць —
Аллелюя!
Покуль шлях зямны наш тчэцца,
хай ён з цернямі спляцецца
і ў вышыні ўпарта мкнецца.
Аллелюя!
Калі ж неба годны станем,
разам з мёртвых усе ўстанем,
зноў спяваць не перастанем —
Аллелюя!
Пераклад з польскай мовы
Ірыны Багдановіч.