
Ці сапраўды для нас, сучасных хрысціянаў, праўда пра ўваскрасенне стала цэнтрам нашага жыцця? Ці з’яўляемся мы людзьмі ўваскрасення? Ці абвяшчаем з радасцю іншым гэтую праўду сваім жыццём? Глыбокая евангельская радасць павінна напоўніць усё нашае жыццё.
Любоў не дазваляе сядзець у сховані
У Старым Запавеце ў «Песні песняў Саламона» ёсць словы: «Любоў моцная, як смерць» (Пп 8, 6). І так было да раніцы першага дня пасля шабату, якая апісаная ва ўсіх чатырох Евангеллях. Менавіта тады любоў аказалася большаю за смерць, бо Езус, сапраўдны Бог і чалавек, перамог смерць і выйшаў з магілы. Уваскрасенне — найвялікшая таямніца хрысціянскай веры. «Калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера ваша марная» (1 Кар 15, 14), — пісаў св. Павел у Першым пасланні да Карынцянаў.
У Бібліі няма апісання ўваскрасення, але ёсць сведчанні тых, хто сустрэў Уваскрослага. Адна з іх — Марыя Магдалена, якая з самай раніцы пайшла да магілы, бо яе вяла туды любоў да Таго, Хто змяніў яе жыццё і надаў яму новы сэнс. Менавіта яна стала першаю вястункаю пустой магілы. Любоў не дазваляла ёй сядзець у сховані, таму Марыя Магдалена бегла туды, куды паклалі яе Пана і Настаўніка. Яе руплівасць была ўзнагароджаная сустрэчаю з Уваскрослым. У секвенцыі, што спяваецца ў велікодную раніцу, у вусны Марыі Магдалены ўкладзеныя словы: «Уваскрос, жывы Ён, годзе быць трывозе. Гэтаму анёлы сведкамі там сталі: толькі палатно ды вопраткі ляжалі. Уваскрос ужо Хрыстус, Бог мой і Надзея, месцам жа спаткання будзе Галілея». Менавіта Марыя Магдалена, св. Ян, св. Пётр, св. Тамаш, Клеафас і многія іншыя сталі першымі сведкамі гэтай таямніцы і з радасцю абвяшчалі гэтую праўду.
Ці з’яўляемся мы людзьмі ўваскрасення?
Падчас велікоднай святой Імшы ў першым нядзельным чытанні з Дзеяў Апосталаў мы чуем: «А Бог уваскрасіў Яго на трэці дзень і дазволіў Яму з’явіцца не ўсяму народу, але нам, сведкам, выбраным раней Богам, якія елі і пілі разам з Ім пасля ўваскрасення Ягонага» (Дз 10, 40–41). Уваходзячы ў перажыванне Велікоднага перыяду, які ўвесь з’яўляецца адным вялікім святам, варта паразважаць і задаць сабе некалькі пытанняў: «Ці сапраўды для нас, сучасных хрысціянаў, праўда пра ўваскрасенне стала цэнтрам нашага жыцця? Ці з’яўляемся мы людзьмі ўваскрасення? Ці абвяшчаем з радасцю іншым гэтую праўду сваім жыццём?»
Глыбокая евангельская радасць павінна напоўніць усё нашае жыццё. Да гэтага нас заахвочваюць шматлікія імшальныя тэксты. У малітве над дарамі ў Велікодную нядзелю святар моліцца: «Напоўненыя велікоднаю радасцю, мы складаем Табе ахвяру», а антыфона на Камунію гучыць так: «Хрыстус быў ахвяраваны як нашая Пасха, аллелюя; таму будзем святкаваць з праснакамі шчырасці і праўды. Аллелюя, аллелюя». Нам трэба пераняць радасць і энтузіязм першых сведкаў Уваскрослага, якія ўсё сваё жыццё прысвяцілі абвяшчэнню праўды пра ўваскрасенне. Яны былі поўныя радасці і шчасця, бо сустрэлі свайго Пана.
Хто не сустрэў Езуса, той сумны
Мы таксама можам сустрэць Яго сёння ў Эўхарыстыі, у Божым слове, у сястры і браце, якія жывуць побач з намі. Пра неабходнасць з радасцю абвяшчаць Евангелле нам нагадаў папа Францішак у сваёй апостальскай адгартацыі «Evangelii gaudium». На самым пачатку ён піша: «Радасць Евангелля напаўняе сэрца і ўсё жыццё тых, хто сустракаецца з Езусам, хто дазваляе Яму вызваліць сябе ад граху, смутку, унутранай пусткі і адасобленасці» (EG 1). А ў пункце 6 сказана: «Ёсць хрысціяне, якія быццам бы пастаянна жывуць у Вялікім посце без Пасхі» (EG 6). Святы Айцец мае на ўвазе не якуюсьці штучную блазноту або пазбяганне выпрабаванняў, а сапраўднае шчасце, якое дае нам Езус Уваскрослы, які хоча валадарыць у нашых сэрцах, хоча, каб мы абвяшчалі Яго іншым, як Марыя Магдалена, першая вястунка гэтай цудоўнай навіны. Пажадайма выйсці з «магілаў» нашага жыцця, якія скоўваюць нас, з таго, што знявольвае нас, з залежнасцяў ці абыякавасці, і станьма цалкам свабоднымі людзьмі, радаснымі і захопленымі Хрыстом, які перамог сатану і адолеў смерць.
Адчуем жа сябе любімымі і паверым, што толькі Любоў пераможа. Няхай час велікоднай радасці дапаможа нам усвядоміць і пазнаць, што ўваскрасенне — гэта справа Найсвяцейшай Тройцы. Як гаворыцца ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла, уваскрасенне «здзяйсняецца моцаю Айца, які „ўваскрасіў“ (Дз 2, 24) Хрыста, свайго Сына, і праз гэта дасканалым чынам увёў Яго чалавечую прыроду — разам з Яго целам — у Тройцу. Езус канчаткова „адкрыўся як Сын Божы ў моцы, паводле Духа святасці, праз уваскрасенне з мёртвых“ (Рым 1, 3–4)» (пар. ККК 648). Будзьма ж людзьмі велікоднай радасці!
Сястра М. Цэлестына Маньчык
Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка
Паводле: www.sluzebniczki.pl