
Мы павінны заўсёды памятаць, што абедзве гэтыя збаўчыя падзеі належаць да адной пасхальнай таямніцы. Няма Хрыстовага Крыжа без уваскрасення, няма і Хрыстовага ўваскрасення без Яго Крыжа. Чым паўней мы спазнаем «пакуты разам з Хрыстом, напоўненым болем і цярпеннямі» (гл. «Духоўныя практыкаванні» св. Ігнацыя Лаёлы, 203), тым глыбей можа быць нашае перажыванне весялосці і радасці разам з уваскрослым Езусам.
Ганс Урс фон Бальтазар у сваіх разважаннях пра Пасхальную таямніцу Хрыста падкрэслівае, што не трэба спрошчваць сувязь паміж мукаю і ўваскрасеннем. Мука не становіцца толькі прэлюдыяй, уступам да ўваскрасення, а ўваскрасенне не з’яўляецца толькі шчаслівым заканчэннем «няшчаснай гісторыі» Езуса. Абедзве рэчаіснасці варта разумець аднолькава глыбока і сур’ёзна. Мука Езуса завяршае чалавечы досвед Сына Божага. Смерць Езуса сапраўдная, канчатковая сама па сабе. Езус зведаў смерць гэтак, як зведвае яе кожны смяротны. Існуе бяздонная прорва паміж смерцю і ўваскрасеннем, якую можа пераадолець толькі Бог.
Ад пачатку ўзнікнення Касцёла праўда пра ўваскрасенне Езуса была і ёсць цэнтрам веры. Уваскрасенне было і ёсць сутнасцю Добрай Навіны. У сваёй першай катэхезе св. Пётр нагадвае пра жыццё і смерць Езуса толькі для таго, каб урэшце сказаць, што менавіта «Бог уваскрасіў Яго, вызваліўшы ад мукаў смерці» (Дз 2, 24). «Пакуты Хрыстовыя, — піша Ганс Урс фон Бальтазар, — у вуснах Апостала выглядаюць усяго толькі прадвесцем найважнейшага — сведчання пра ўваскрасенне. А гэтае сведчанне вельмі важнае, таму што ўваскрасенне Праслаўленага не павінна было стаць з’яўленнем „усяму народу“, але звязвалася з даручэннем „сведкам, выбраным раней Богам“, місіі „абвяшчаць народу“ гэтую падзею».
Ад прыняцця ўваскрасення Езуса залежала стаўленне да ўсяго Ягонага жыцця, навучання і смерці. Жыццё Езуса з Яго незвычайнаю навукаю пра любоў Бога да чалавека не мела б большага значэння, калі б Езус не ўваскрос. «А калі Хрыстус не ўваскрос, то вера ваша марная і вы далей у грахах вашых» (1 Кар 15, 17).
Езуса, які не ўваскрос бы з памерлых, а жыў і памёр за праўду, мы маглі б ушаноўваць як вялікага героя старажытнасці. Не змаглі б убачыць у Ім пераможцу граху, смерці і шатана. Мы не змаглі б аддаваць Яму Боскую хвалу і прыняць Яго як Пана нашага жыцця, якога мы павінны не толькі любіць, але таксама наследаваць Яго ва ўсім, у тым ліку ў Яго цярпенні і крыжовых пакутах.
Франчэска Росі дэ Гаспэрыс SJ, прафесар Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме, падчас выкладання расказваў пра такі выпадак. Аднойчы да яго звярнуўся малады чалавек турэцкага паходжання, мусульманін, які вывучаў права ва ўніверсітэце ў Італіі. Паколькі хрысціянства мела вялікі ўплыў на развіццё права ў Еўропе, ён хацеў таксама пазнаць хрысціянскую рэлігію, каб глыбей разумець дух еўрапейскага права. Айцец дэ Гаспэрыс расказваў яму пра жыццё Езуса, пра Яго навучанне і смерць, і сказаў таксама, што мы, хрысціяне, верым, што Ён жыве, бо на трэці дзень пасля смерці Ён уваскрос. Тады гэты студэнт перарваў развагі прафесара і нечакана запытаўся: «Чаму тады вы паказваеце Яго толькі памерлым на крыжы?»
І хаця і пытанні студэнта нехрысціяніна ёсць перабольшанае абагульненне, усё ж яно з’яўляецца трапным вызначэннем пазіцыі многіх хрысціянаў і нясе ў сабе зерне праўды. Нярэдка ў нашай павярхоўнай пабожнасці мука і крыж Езуса аддзеленыя ад уваскрасення. Муку Хрыста мы часта ўспрымаем занадта натуралістычна — найперш засяроджваемся на яе знешнім праяўленні, не ўмеючы дабрацца да яе збаўчай сутнасці. Знешні падыход да мукі і смерці Езуса ў выніку вядзе да павярхоўнасці ў разважаннях пра Яго ўваскрасенне. Часам мы трактуем уваскрасенне не як цэнтр веры, а хутчэй як «радасны дадатак» да балеснай гісторыі. <...>
Ці перажываю я ў жыцці сваёй веры адзінства смерці і ўваскрасення Езуса? Наколькі перажыванне ўваскрасення Езуса з’яўляецца для мяне суцяшэннем, надзеяй у часы цяжкасцяў, змаганняў, смутку і прыгнечанасці? Як перажыванне ўваскрасення Езуса супакойвае мае думкі і пачуцці, звязаныя з маёю смерцю і смерцю маіх блізкіх? Гэтыя пытанні дапамагаюць нам глыбей зразумець, наколькі мы жывём таямніцаю ўваскрасення Езуса ў нашай штодзённасці. <...>
Айцец Юзаф Аўгустын SJ
Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі
Паводле: O. Józef Augustyn SJ “Widzieliśmy Pana.
Rozważania rekolekcyjne oparte
na czwartym tygodniu Ćwiczeń duchownych św. Ignacego Loyoli”, Kraków 2013.