Сэнс і выратавальнае значэнне Уваскрасення

«А калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера ваша марная» (1 Кар 15, 14). Уваскрасенне перадусім з’яўляецца пацвярджэннем усяго таго, што рабіў і чаму вучыў сам Хрыстус. Усе праўды, нават самыя не даступныя чалавечаму розуму, знаходзяць сваё апраўданне, калі, уваскросшы, Хрыстус даў абяцаны канчатковы доказ сваім Боскім аўтарытэтам.

Уваскрасенне Хрыстова — гэта выкананне абяцанняў Старога Запавету і абяцанняў самога Езуса падчас Яго зямнога жыцця. Выраз «згодна з Пісаннем» паказвае, што Уваскрасенне Хрыста выконвае гэтыя прадказанні.

Уваскрасенне пацвярджае праўду аб Боскасці Езуса: «Калі ўзвысіце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, што Я ёсць» (Ян 8, 28). Уваскрасенне Укрыжаванага паказала, што Ён сапраўды быў «Я ёсць», Сынам Божым і самім Богам. Св. Павел мог сказаць габрэям: «Абвяшчаем вам Добрую Навіну пра абяцанне, дадзенае айцам нашым, што Бог выканаў яго для нас <…>, калі ўваскрасіў Езуса, як і напісана ў другім псальме: “Ты Сын Мой, Я Цябе сёння нарадзіў”» (Дз 13, 32–33). Уваскрасенне Хрыстова цесна звязана з таямніцаю Уцелаўлення Сына Божага. Яно з’яўляецца яго выкананнем паводле спрадвечнай задумы Айца.

Пасхальная таямніца мае двайны аспект: сваёю смерцю Хрыстус збаўляе нас ад граху, сваім Уваскрасеннем адкрывае шлях у новае жыццё. Яно з’яўляецца перадусім апраўданнем, якое вяртае нам Божую ласку, «каб, як Хрыстус уваскрос з мёртвых дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці» (Рым 6, 4). Яно заключаецца ў перамозе над смерцю граху і новым удзеле ў ласцы. Яно выконвае ўсынаўленне, бо людзі становяцца братамі Хрыста, як сам Езус называў вучняў пасля Уваскрасення: «Ідзіце, паведаміце братам Маім» (Мц 28,10; Ян 20, 17). Яны становяцца братамі не па прыродзе, але праз дар ласкі, бо гэта ўсынаўленне дае рэальны ўдзел у жыцці адзінага Сына, які цалкам аб’явіўся ў сваім Уваскрасенні.

Нарэшце, Уваскрасенне Хрыста — і сам Хрыстус уваскрослы — з’яўляецца асноваю і крыніцаю нашага будучага ўваскрашэння: «Хрыстус уваскрос з памерлых. Першынец сярод тых, якія памерлі. <…> Бо, як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены» (1 Кар 15, 20–22). У чаканні выканання гэтага Уваскрослы Хрыстус жыве ў сэрцах вернікаў. У ім хрысціяне «пакаштавалі магутнасць будучага веку» (Габр 6, 5), і жыццё іх уведзенае Хрыстом ва ўлонне Божага жыцця, каб яны «ўжо не дзеля сябе жылі, а дзеля Памерлага за іх і Уваскрослага» (2 Кар 5, 15).


З Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, 651–655

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней