
Мы набліжаемся да святкавання Велікодных урачыстасцяў. У чацвер у Касцёле распачынаецца так званы Пасхальны Трыдуум. Што гэта за традыцыя і ў чым асаблівасць урачыстых набажэнстваў Вялікага чацвярга, Вялікай Пятніцы і Вялікай суботы, чытайце ў гэтым артыкуле.
Што такое Пасхальны Трыдуум, які пачынаецца ў Вялікі чацвер?
Апошні тыдзень Вялікага посту, Вялікі тыдзень, пачынаецца Пальмоваю нядзеляю і завяршаецца Вялікаю суботаю. Тыдзень называецца Вялікім, бо нагадвае пра дні, калі Езус пакутаваў і памёр дзеля нашага збаўлення.
Велікодны або Пасхальны Трыдуум — гэта трохдзённыя набажэнствы на ўспамін пакутаў, смерці і ўваскрасення Хрыста, якія распачынаюцца ўвечары ў Вялікі чацвер і завяршаюцца ў Велікодную нядзелю. Трыдуум — гэта ўрачыстае адзначэнне падзеяў, з якіх складаецца сутнасць нашай веры. Іх кульмінацыяй з’яўляецца Пасхальная вігілія, якая распачынаецца ўначы ў Вялікую суботу, калі мы святкуем уваскрасенне Хрыста з мёртвых. На працягу ўсіх гэтых дзён мы ўзгадваем падзеі, з якіх складаецца хрысціянская вера.
# Імша Хрызма
У Вялікі чацвер Касцёл адзначае ўстанаўленне Езусам сакрамэнтаў Эўхарыстыі і святарства. Раніцаю Вялікага чацвярга (або раней, на Вялікім тыдні) святары ўсёй дыяцэзіі збіраюцца разам з біскупам на ўрачыстую святую Імшу, каб аднавіць свае святарскія прысягі. Падчас гэтай Імшы асвячаюцца тры віды алею, патрэбныя для ўдзялення сакрамэнтаў.
Асвечаныя алеі
Біскуп асвячае тры пасудзіны з чыстым аліўкавым алеем. Гэтыя алеі выкарыстоўваюцца на працягу года для ўдзялення сакрамэнтаў. Іх атрымлівае кожная парафія і захоўвае ў спецыяльна прызначаным месцы ў касцёле.
— Алей катэхумэнаў выкарыстоўваецца для намашчэння тых, хто рыхтуецца да хросту. Мы молімся, каб моц Хрыста абараніла іх ад зла.
— Алей хворых выкарыстоўваецца пры ўдзяленні сакрамэнту намашчэння хворых. Мы молімся аб духоўнай моцы для хворага чалавека, неабходнай для таго, каб ён мог перажываць хваробу ў еднасці з Хрыстом, і аб аздараўленні.
— Алей хрызма мае ў сваім складзе бальзам — пахучае смалістае рэчыва, якое здабываецца з раслінаў. Біскуп дзьме на яго, і гэта сімвалізуе тое, як Езус дае Духа Святога Касцёлу. Хрызма ўжываецца пры ўдзяленні сакрамэнтаў хросту, канфірмацыі і пасвячэння ў духоўны сан.
# Эўхарыстыя
Увечары ў Вялікі чацвер мы адзначаем урачыстасць трох вялікіх дароў, дадзеных Езусам Касцёлу: Эўхарыстыі, святарства і любові Божай, якая перамагае смерць. У знак гэтай урачыстасці колер літургічнага адзення ў гэты дзень белы.
Мы ўзгадваем, як Езус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі падчас Апошняй Вячэры са сваімі вучнямі, як апісваюць гэта евангелісты Мацвей, Марк і Лука. Дзівіць, што святы Ян нічога не гаворыць у сваім Евангеллі пра той важны момант, калі Езус перамяніў хлеб і віно ў свае Цела і Кроў. Але ён піша пра іншыя дзеянні Езуса ў тую ноч. Калі Езус абмыў ногі апосталам, Ён выканаў працу простага слугі (гл. Ян 13, 2–17). Пасля, назваўшы іх сваімі сябрамі, Езус загадаў ім чыніць гэтаксама, паказваючы, што Эўхарыстыя напрамую звязанаю з любоўю і служэннем свайму бліжняму. Таму падчас літургіі Вялікага чацвярга, пасля гаміліі, святар здымае літургічныя шаты і абмывае ногі дванаццаці вернікам. Любоў Езуса становіцца выразна бачнаю і натхняе нас дзейнічаць па Яго прыкладзе (гл. Ян 13, 15). Ці жадалі б вы, каб Езус абмыў вашыя ногі? Гэта можа здацца нязвыклым, гэта можа быць складана прыняць. І тут вы не адны. Святы Пётр таксама супраціўляўся прыняццю любові Хрыста, якая праяўлялася такім чынам (гл. Ян 13, 6–10).
# Малітва Езуса
Напрыканцы літургіі келіх з гостыямі ставіцца на алтар і акаджваецца. Табэрнакулюм застаецца адкрытым і пустым, святар ідзе ў працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамэнтам да часовага алтара, дзе той застанецца да Вялікадня. Гэты алтар, упрыгожаны свечкамі і кветкамі, сімвалізуе Аліўны сад, дзе Езус у агоніі чакаў арышту. Ён прасіў Апосталаў чуваць і маліцца разам з Ім, і гэтак жа Ён запрашае і нас: «Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе, бо дух ахвочы, але цела слабое» (Мц 26, 41).
Ці трэба ісці ў касцёл у Вялікую пятніцу?
А трэцяй гадзіне пасля полудня ў першую Вялікую пятніцу Езус усклікнуў: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой» (Лк 23, 44–46). Пасля гэтых словаў Ён сканаў, каб даць нам жыццё. З таго часу трэцяя гадзіна пасля полудня называецца «гадзінаю міласэрнасці», гадзінаю найвышэйшай меры любові. У гэтым веліч Вялікай пятніцы.
# Урачыстая літургія
У Вялікую пятніцу мы ўзгадваем істотныя падзеі, якія вызначаюць нашую веру ў Хрыста: калі б Ён не пакутаваў і не памёр за нас, Яго ўваскрасенне ў Велікодную нядзелю не было б магчымае. Для нашых адносінаў з Езусам вельмі важна, каб у гэты дзень, самы цяжкі дзень у Яго жыцці, мы знайшлі час, каб пайсці ў касцёл. Калі вы мусіце працаваць або вучыцца ў Вялікую пятніцу, тады падчас абедзеннага перапынку можна памаліцца стацыямі Крыжовага шляху. І яшчэ важней наведаць урачыстую літургію Вялікай пятніцы.
Калі не ўдумвацца, літургія Вялікай пятніцы можа здавацца занадта доўгаю і нуднаю, але калі мы ўсвядомім усю любоў Езуса, якая пралілася на нас з крыжа, набажэнства набудзе для нас асаблівую прыгажосць і кранальнасць. Зайшоўшы ў касцёл у Вялікую пятніцу, можна заўважыць, што пасудзіны для асвячонай вады пустыя, а ўсе фігуры загорнутыя покрывамі. Не гараць свечы, маўчаць арганы. Алтар пусты і не пакрыты абрусам, няма ніякіх упрыгожванняў. Адкрыты пусты табэрнакулюм пацвярджае ў жалобе: Езус памёр.
# Літургія Мукі Пана і малітва вернікаў
Літургія Вялікай пятніцы пачынаецца так: святар цэлебрант і асістэнты ўваходзяць у цішыні, апранутыя ў чырвоныя шаты, і распасціраюцца на падлозе тварам уніз перад алтаром. Усе іншыя ўкленчваюць. Пасля першага (Іс 52, 13–53, 12) і другога (Гбр 4, 14–16; 5, 7–9) чытанняў гучыць апісанне мукі Пана з Евангелля паводле святога Яна (Ян 18, 1–19, 42). Калі чытаюцца словы аб смерці Езуса, усе становяцца на калені. Пасля прамаўляецца ўрачыстая малітва вернікаў за Касцёл, за тых, хто рыхтуецца да хросту, за еднасць хрысціянаў, за габрэяў, за тых, хто не верыць у Бога, за тых, хто кіруе дзяржавамі, за церпячых.
# Адарацыя Крыжа і Камунія
Пасля пачынаецца адарацыя Крыжа. Урачыста ўносіцца вялікі крыж паміж дзвюх палаючых свечак. Святар здымае покрыва з крыжа, адкрываючы яго людзям як знак звышчалавечай ахвяры, якую Езус здзейсніў дзеля нас. Тройчы спяваецца малітва: «Вось дрэва Крыжа, на якім памёр Збаўца свету», і ўсе людзі адказваюць: «Пойдзем з паклонам». На некаторы час усе прысутныя кленчаць у маўклівай адарацыі. Пасля ў знак сваёй любові да Езуса мы падыходзім, каб пацалаваць крыж. Гэта дапамагае ўсвядоміць, што Езус просіць кожнага ўзяць на сябе крыж і пайсці за Ім (Мк 8, 34). Ахвяра Езуса на крыжы і ахвяра святой Імшы — адно і тое ж, таму нават у гэты дзень успаміну Ягонай смерці мы можам атрымаць Эўхарыстыю, змешчаную на часовым алтары ў Вялікі чацвер. Пасля малітвы на заканчэнне святар у цішыні сыходзіць. Крыж застаецца ў пустым цёмным касцёле, асветленым толькі дзвюма свечкамі ў знак таго, што святло Божае пераможа нават найцямнейшае зло.
Што адбываецца падчас вігіліі Пасхі?
Пасля Вялікай пятніцы надыходзіць Вялікая субота. Гэты дзень часта занядбоўваецца, але ён служыць не толькі для таго, каб завяршыць падрыхтоўку да Пасхі і закупіць ўсё патрэбнае. У першую чаргу гэты дзень прызначаны для таго, каб пабыць з Езусам, які сапраўды памёр. Праз сваю смерць Ён перамог смерць і д'ябла, які «мае ўладу над смерцю» (ККК 635). Езус «зышоў у глыбіні смерці» не толькі дзеля хрысціянаў, але і дзеля ўсіх тых, хто жыў да Хрыста (гл. Ян 5, 25). Езус вызваліў на усе часы і ва ўсіх кутках зямлі ўсіх людзей, якія прагнуць паяднання з Богам (ККК 634). У Вялікую суботу мы можам засяродзіцца ў роздуме над Мукаю і смерцю Хрыста. У гэты дзень не цэлебруецца Эўхарыстыя і алтар застаецца пустым да ўрачыстай цэлебрацыі вігіліі Пасхі. Мы працягваем пасціцца да самай вігіліі. Прыблізна да 1955 г. Пасхальная вігілія цэлебравалася раніцаю ў Вялікую суботу, а пост завяршаўся апоўдні, калі пачыналі біць касцёльныя званы. Цяпер мы, як і першыя хрысціяне, цэлебруем вігілію Пасхі пасля заходу сонца.
Хрысціяне спрадвек мелі традыцыю збірацца разам у ноч, калі Езус уваскрос з памерлых. Яны маліліся, спявалі і чыталі Святое Пісанне. Эўхарыстыя цэлебравалася на світанку, бо Езус уваскрос перад самым узыходам сонца. Было яшчэ цёмна, калі жанчыны прыйшлі да Ягонай магілы і пачулі: «Не бойцеся! Ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Яго тут няма, Ён уваскрос, як сказаў» (Мц 28, 5–6). Пасхальная вігілія — найважнейшае свята літургічнага календара. Толькі дзякуючы Уваскрасенню ўсё, што Езус казаў і рабіў, набывае сэнс. Праз сваё ўваскрасенне Ён абяцае і нам вечнае жыццё!
# Літургія святла
Мы распачынаем Пасхальную вігілію, сабраўшыся разам у начной цемры. Перад касцёлам або ўнутры распальваецца вогнішча і благаслаўляецца агонь. Гэтым агнём распальваецца пасхальная свечка, якая сімвалізуе Хрыста, нашае святло. Дыякан або святар праносіць яе праз цёмны касцёл, тройчы спяваючы: «Святло Хрыстова», а ўсе адказваюць: «Дзякуем Богу». Пасля гэтага маленькія свечкі людзей, якія сабраліся ў касцёле, запальваюцца ад адзінага агню пасхальнай свечкі і ў адзін момант цёмны касцёл увесь напаўняецца святлом.
Благаслаўленне пасхала
Пасхал з’яўляецца сімвалам Хрыста. Гэта становіцца зразумела, калі святар крэсліць на вялікай цвёрдай свечцы крыж, піша першую літару (А, альфа) і апошнюю літару (?, амега) грэцкага альфабэту, і год, гаворачы: «Хрыстус учора і сёння, Пачатак і Канец, Альфа і Амега. Яму належыць час і вечнасць, Яму хвала і валадарства праз усе вякі вечныя. Амэн». Святар бярэ пяць зерняў ладану ва ўспамін пра пяць ранаў Езуса на крыжы. Яны сімвалізуюць ахвяру Ягонага жыцця, якое Ён цалкам аддаў Богу (гл. Твіт 1, 26). Гэтыя зярняты змяшчаюцца на пасхале, а святар гаворыць: «Праз свае святыя раны слаўныя няхай сцеражэ нас Хрыстус Пан. Амэн». Запаліўшы пасхал, ён гаворыць: «Святло Хрыста, які ў хвале ўваскрос, няхай разгоніць цемру нашых сэрцаў і думак».
# Літургія слова
Падчас Пасхальнай вігіліі чытаюцца сем урыўкаў са Старога Запавету, у якіх раскрываецца Божы план збаўлення чалавецтва, што здзяйсняўся на працягу стагоддзяў. Кожнае чытанне суправаджаецца псальмам і малітваю. Яны распавядаюць пра гісторыю стварэння (гл. Быц 1, 1–2, 2), ахвяру Абрагама (гл. Быц 22, 1–18), уцёкі з няволі Егіпта (гл. Зых 14, 15–15, 1). таксама чатаюцца ўрыўкі з прароцкіх кнігаў пра Новы Ерузалем (гл. Іс 54, 5–14), збаўленне народаў (гл. Іс 55, 1–11), крыніцу мудрасці (гл. Быц Бар 3, 9–15. 32–4, 4), новае сэрца і новы дух, якія Бог жадае даць нам (Эзх 36, 16–17а. 18–28).
Пасля спяваецца гімн «Хвала на вышынях». Гэтак жа, як і «Аллелюя», ён не спяваўся з пачатку посту. Запальваюцца ўсе лямпы і свечы на алтары, пачынаюць біць касцёльныя званы. Гэта найбольшая ўрачыстасць года, бо ў гэтую ноч Хрыстус сапраўды ўваскрос з памерлых! Пасля мы слухаем словы святога Паўла пра тое, што Хрыстус, аднойчы ўстаўшы з мёртвых, ужо не памрэ (гл. Рым 6, 3–11). Перад чытаннем Евангелля гучыць урачысты спеў: «Аллелюя! Хрыстус уваскрос!».
# Літургія хросту і Эўхарыстыя
Пасха — пачатак існавання хрысціянства. Калі кандыдаты на атрыманне хросту становяцца са святаром перад баптыстэрыем, мы просім, каб Бог благаславіў хрысцільную ваду. Молячыся літанію да ўсіх святых, мы просім святых аднаго за другім маліцца за катэхумэнаў і за ўсіх нас. У малітве, якою святар благаслаўляе ваду, мы чуем словы гісторыі нашага збаўлення. Пасля таго, як катэхумэны (кандыдаты на атрыманне хросту) адракліся ад зла і сатаны і вызналі Езуса сваім Збаўцам, яны атрымліваюць хрост і канфірмацыю. Пасля ўсе вернікі аднаўляюць абяцанні веры, зробленыя падчас хросту. У знак новага жыцця, якое пачынаецца з хросту, людзей акрапляюць хрысцільнаю вадою. Уночы Бог вярнуў Езуса да жыцця, і Ён абяцае, што мы таксама ўваскрэснем. Можна сказаць, што праз хрост мы паміраем і ўваскрасаем разам з Хрыстом, пачынаючы разам з Ім новае жыццё. Вігілія Пасхі завяршаецца радаснай і ўрачыстай цэлебрацыяй Эўхарыстыі.
Чытай больш:
Апошняя Вячэра: ККК 610–611; КККК 120; YOUCAT 99.
Пасхальная ахвяра: ККК 613–617; КККК 122; YOUCAT 101.
Узяць на сябе крыж: ККК 618; КККК 123; YOUCAT 102.
Хрыстус адкрывае для нас брамы раю: ККК 634–635; КККК 125.
Хрысцільная вада: ККК 1217.
Пасхальная таямніца: ККК 1085; КККК 222; YOUCAT 171.
Уваскрасенне: ККК 639–647, 656–657; КККК 127–128; YOUCAT 105–106.
Мішэль Рэмеры
Пераклад з англійскай мовы Юліі Шэдзько
© 2015 by Michel Remery and JP2 Stichting, Leiden
Tweeting with God 4.26 When does human life begin
© пераклад на беларускую мову выдавецтва «Про Хрысто» 2016
Без пісьмовага дазволу рэдакцыі перадрук матэрыяла забаронены.