
У нядзелю, 26 сакавіка, мы ўваходзім у палову Вялікага посту. Гэта ўжо чацвёртая нядзеля, якая называецца «Dominica laetare», што ў перакладзе з лацінскай мовы азначае «нядзеля радасці». У гэты час літургічнае адзенне святара з фіялетавага змяняецца на ружовае.
Ці няма супярэчнасці паміж радасцю і тым, што хрысціяне ўсіх канфесій ў гэты перыяд абмяжоўваюць сябе і адмаўляюцца ад прыемнасцяў? Зусім не! Бо гэтыя знешнія абмежаванні неабходныя для таго, каб адкрыць нашу душу на духоўныя Божыя дары: любоў, мудрасць, спакой і радасць.
У Евангеллі ёсць урывак, дзе Езус кажа, што, калі нехта посціць, ён не павінен паказваць гэтага людзям і хваліцца гэтым перад іншымі. Ці гэта не ганарлівасць паказваць іншым, які я пабожны, а ты не!? Езус заахвочвае тых, хто посціць, да таго, каб іх пост (калі гэта магчыма) бачыў толькі Нябесны Айцец, каб яны намашчалі сабе галовы, памылі твары і не хадзілі засмучанымі (Mц 5, 32). Смутак, як сказаў адзін з біскупаў, калі ён і ёсць у жыцці хрысціяніна (бо жыццё бывае цяжкім), можа быць, але не павінен закранаць глыбіняў душы. У глыбіні сэрца веруючай асобы, з’яднанай з Богам, жыве радасць, якая з'яўляецца плодам Святога Духа.
Нядзеля «laetare» — гэта нядзеля радасці таксама таму, што мы ўжо прайшлі палову дарогі, якая вядзе нас да Пасхі Пана, а значыць да радасці новага жыцця, якое мы атрымліваем у Хрысце.
У рымскай традыцыі гэта «нядзеля ружаў», таму што ў гэты дзень людзі дарылі адзін аднаму ружы, якія пачыналі цвісці, а Папа Рымскі асвячаў залатую ружу, якую ахвяроўваў асобе, якая мела асаблівыя заслугі перад Касцёлам. Адсюль у літургіі ружовы колер адзення.
У Святым Пісанні мы можам знайсці шмат заахвочванняў да таго, каб трываць у радасці. Напрыклад, «Больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць!» (Дз 20, 35). «Заўсёды радуйцеся» (1Тэс 5, 16), — шмат разоў паўтарае святы апостал Павел. У палове Вялікага посту можна спытаць сябе: наколькі я блізкі да гэтай радасці, якая ідзе ад навяртання, і ці прагну я свайго навяртання? Бо ў гэтым сутнасць Вялікага посту! Калі няма ў нашых сэрцах прагнення навяртання, тады ўжо сёння варта пачынаць прасіць аб гэтым прагненні, каб за ім пачаліся ўчынкі.
Святы Пётр з Алькантары, францішканскі містык, сказаў, што сэрца чалавека мае тры вымярэнні. У ім ёсць сэрца дзіцяці, сэрца маці і сэрца суддзі. Ён тлумачыць гэта такім чынам: перад Богам наша сэрца павінна быць сэрцам дзіцяці (сэрцам, якое ведае Бога, верыць Яму, давярае Яму, праслаўляе і любіць усім сэрцам, усім розумам, усёю душою і ўсімі сіламі). У адносінах да бліжніх наша сэрца павінна быць сэрцам маці. А сэрца маці чулае, яно ўсё прабачае, яно пільнае да патрэбаў сваіх дзяцей. Маці з’яўляецца ўзорам шчырага і адданага служэння. Бог жадае, каб у сэрцы кожнага з нас сфарміравалася такая ўражлівасць. І нарэшце, сэрца павінна быць сэрцам суддзі. Але — ўвага! Гэты суддзя не судзіць іншых, а толькі самога сябе!
Духоўнае жыццё чалавека можа развівацца толькі тады, калі чалавек упэўнены, што яго любіць Бог, і адначасова ён адкрывае, дзякуючы дзеянню Святога Духа, што ён нішто, што ён нікчэмнік.
Святы Францішак Сальскі дае цікавы прыклад пра валоў: валы няўклюдныя і смярдзючыя. Ім на хрыбет кладуць куфры з рознымі каштоўнымі скарбамі. Нягледзячы на тое, што валы нясуць на сабе каштоўныя прадметы, яны застаюцца няўклюднымі і смярдзючымі. Таксама і з кожным чалавекам, якога Бог надзяліў талентамі і здольнасцямі. За гэтыя атрыманыя дары і здольнасці мы павінны праслаўляць Бога і нястомна Яму дзякаваць, а бачачы ў сабе саміх тое, што ў нас грэшнае і слабое, што зневажае Бога і бліжніх, мы павінны пасаромецца гэтага і навяртацца да жыцця паводле Евангелля.
Трэба памятаць, што ў нас няма прычынаў хваліцца. «Што ж маеш ты, чаго б не атрымаў? А калі атрымаў, то чаму хвалішся, нібыта не атрымаў?» (1 Кар 4, 7). «Бо гэта Бог ёсць тым, хто чыніць у вас жаданне і дзеянне паводле [свайго] ўпадабання» (Флп 2,13). Менавіта за ўсе дары і здольнасці, якімі мы надзеленыя, трэба хваліць Бога на ўзор Маці Божай, якая поўная ласкі кліча: «Велічае душа мая Пана і ўзрадаваўся дух мой у Богу маім Збаўцу». (Лк 1, 47).
Трэба абавязкова імкнуцца адкрываць, дзякуючы ласцы Божай, што сам чалавек нечым падобны да вала, «няўклюдны і смярдзючы». Я прашу правільна мяне зразумець! Гэта параўнанне мае духоўны сэнс. Я «няўклюдны» таму, што мне цяжка любіць, прабачаць, служыць, адмаўляцца ад сябе дзеля іншых, цяжка радавацца шчасцю іншых. І, напэўна, «смярдзючы», бо ганарлівы, няўдзячны, абыякавы і маю шмат іншых недахопаў. Нельга забывацца і пра ляноту, гнеў, нястрыманасць у ежы і напоях, нячыстасці, зайздрасці і хцівасці.
У кожнага з нас можна знайсці розныя слабасці, якія з’яўляюцца наступствамі першароднага граху, ад якіх ніхто з нас не пазбаўлены. Не трэба баяцца быць суддзёй для сябе, бо пазнанне сябе — гэта адзін з галоўных дароў, якія Бог удзяляе сваім сябрам. Прымаючы праўду пра сябе, мы займаем належнае месца перад Богам і бліжнімі.
Калі гэтыя вымярэнні твайго і майго сэрца ўсё больш вяртаюцца да сваёй першаснай формы, то гэта сапраўды нагода для радасці, у якой удзельнічаюць таксама анёлы Божыя. Няхай у гэтай другой палове Вялікага посту Святы Дух умацуе нашы сэрцы так, каб яны біліся яшчэ большым даверам да Бога, любоўю да бліжніх і скрухаю за нашыя грахі.
Айцец Раман Шульц ОР —
пробашч каталіцкай парафіі св. Казіміра і св. Ядвігі ў Магілёве.