Нябесная апякунка з Вільні. Малітоўная паэзія ў гонар абраза Маці Божай Вастрабрамскай

Абраз Найсвяцейшай Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні з даўняга часу натхняў паэтаў на малітоўныя песні і гімны. Яго праслаўлялі, перад ім кленчылі ў надзеі на збаўленне ў цярпеннях, звярталіся з просьбамі аб заступніцтве, апецы і дапамозе ў розных патрэбах. З абразом звязваліся шматлікія цуды, вера ў якія шырылася і перадавалася з пакалення ў пакаленне, клічучы да яго пілігрымаў з розных куткоў краіны і свету.


Так, невядомы аўтар другой паловы ХVІІІ ст. звяртаўся да Маці Божай шчырым сэрцам верніка з падзякаю за атрыманыя раней ласкі («Nieraz tu Twojej doznałem opieki, // Pociechy w smutku i wsparcia w potrzebie») і просьбаю аб духоўнай падтрымцы на жыццёвым шляху:

Boga Rodzico, Tyś świadkem mej doli,
W boleści serca ze łzami Cię proszę
Daj mi cierpliwość ulec Boskiej woli,
Smutek bez ulgi niech go mężnie znoszę [2, с. 46].

(Багародзіца, Ты сведка маёй долі,
У балеснасці сэрца са слязьмі Цябе ўпрашаю:
Дай мне цярплівасць згаджацца з Божай воляй,
Каб смутак без палёгкі я мужна зносіў.
(Тут і далей падрадковы пераклад мой. – І.Б.))

Вельмі прачулы верш-малітву «Перад абразом Найсв.[яцейшай] Панны Вастрабрамскай (Малітва за Стэфана К.)» напісаў у 1844 г. у Тыфлісе вядомы паэт з Беларусі Тадэвуш Лада-Заблоцкі, высланы за вальнадумства царскімі ўладамі на Каўказ. Паэт з далёкай чужыны, выкарыстоўваючы шматлікія вобразныя сродкі, звяртаецца да нябеснай Апякункі Літвы і моліцца «w odległych skałach Kaukazu» не за сябе — «тулягу сярод азіяцкай пашы», а за бліжняга — за маладога земляка-сірату, даручаючы яго апецы Маці Божай Вастрабрамскай:

Ja Ci poruczam w krainie dalekiej
Młodą sierotę, której źle na świecie;
Osłoń ją skrzydłem opieki, Matko!
Wszak Litwy to dziecię.

Daj jej pogodę na życia powodzi,
Oby ją śniącą nigdy wir nie zdradził,
Naznacz sternika jej łodzi,
By ją do portu prowadził
[2, с. 50]2.

(Даручаю Табе ў далёкай краіне
Маладую сірату, якой горка на свеце;
Ахіні яе крыламі апекі, Маці!
Бо гэта дзіця Літвы.

Дай ёй спакою на жыццёвым шляху,
Каб яе ў сне ніколі ў вір не зацягнула,
Прызнач стырнавога яе чоўна,
Каб у порт яе накіроўваў.)

Маці Божая Вастрабрамская шануецца і ўслаўляецца не толькі як нябесная заступніца кожнага чалавека, які ў шчырай веры звяртаецца да Яе з асабістымі просьбамі, але і як Апякунка горада Вільні і ўсёй старажытнай Літвы, якою тады называлася вялізная частка беларускіх земляў. Асаблівасцю шанавання гэтага абраза ёсць таксама і тое, што на працягу цэлых стагоддзяў «культ Маці Божай Вастрабрамскай абапіраўся на дзве плыні: рэлігійную і патрыятычную» [1, с. 73].

Яшчэ болей узмацнілася такое спалучэнне ў ХІХ ст. з панаваннем Расійскай імперыі на землях Беларусі, Літвы і Польшчы пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай:

«Гады няволі пад расійскім захопам яшчэ больш узмацнілі рэлігійна-патрыятычныя пачуцці нашых продкаў. Пагружаныя ў смутак і няпэўнасць заўтрашняга дня, яны шукалі дапамогі і суцяшэння ў Маці Божай, а Вострая Брама зрабілася месцам рэлігійных маніфестацый і палітычных дэманстрацый. Маці Міласэрнасці была заступніцаю ў вызваленчых бітвах і надзеяй на аднаўленне страчанай незалежнасці» [1, с.75].

У прыгожым вянку вершаў-малітваў, прысвечаных Найсвяцейшай Маці Божай Вастрабрамскай, асабліваю пярлінкай зіхаціць твор знакамітай пісьменніцы сярэдзіны ХІХ стагоддзя Габрыэлі Пузыні (1815 – 1869). Габрыэля была наймалодшай з трох дачок графа Адама Гюнтэра і Аляксандры з Тызенгаўзаў; гадавалася яна ў Вільні і ў палацавым маёнтку Дабраўляны, набытым бацькам ва ўласнасць у 1820 г. (і цяпер вёска Дабраўляны ёсць у Смаргонскім раёне, але ад былога велічнага палаца захаваліся толькі падмуркі, прыдарожная каплічка і мураваны масток праз роў). Габрыэля Пузыня стала вядомай паэтэсай, празаікам, драматургам і мемуарысткай. Літаратурныя і жыццёвыя стасункі звязвалі яе з такімі выбітнымі асобамі, як Ігнат Ходзька, Ян Чачот, Тамаш Зан, Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч ды іншыя дзеячы культуры.

Значную гісторыка-літаратурную каштоўнасць маюць успаміны Габрыэлі Пузыні «W Wilnie i dworach litewskich» («У Вільні і літоўскіх дварах», выдадзеныя ў 1928 г.). Яе паэзія і проза таксама не страцілі сваёй каштоўнасці, а, наадварот, прывабліваюць высокай духоўнасцю, увасабленнем хрысціянскіх і патрыятычных ідэалаў, чаруюць эстэтычнай дасканаласцю формы. Мы знаёмілі ўжо чытачоў «Нашай веры» з узорамі «малой» прозы графіні Габрыэлі (гл.: «Наша вера», № 3, 2011). А пачынала яна свой літаратурны шлях з вершаў, якія пісала яшчэ з дзяцінства.

Першы зборнік яе вершаў быў цалкам прысвечаны рэлігійнай тэматыцы і красамоўна называўся «W imie Boże!» («У iмя Божае!», 1843). Ён набыў сярод чытачоў вядомасць своеасаблівай «кантычкі» для хатняга чытання і быў вельмі папулярным у шляхецкіх маёнтках, асабліва ў жаночым асяроддзі. Наступны зборнік вершаў «Dalej w świat!» («Далей у свет!», 1845) быў прысвечаны ўжо цалкам свецкім асобам і падзеям, праз апісанні якіх выразна праступаў глыбокі хрысціянскі светапогляд аўтаркі, выяўляліся яе рэлігійныя пачуцці. У канцы 1850-х гг. Габрыэля Пузыня рыхтуе да выдання найпаўнейшы на той час зборнік сваіх ранейшых і новых вершаў «W imie Boże – Dalej w świat!» («У iмя Божае – Далей у свет!»), які быў апублікаваны ў 1859 годзе.

Менавіта ў гэтым выданні быў змешчаны сярод яе новых твораў верш «Песня аб Найсвяцейшай Панне Марыі Вастрабрамскай». У гэтым вершы якраз адлюстравалася тая асаблівасць культу Маці Божай Вастрабрамскай, пра якую мы згадалі вышэй, — спалучэнне рэлігійнай і патрыятычнай плыняў.

Захаваўся падрыхтаваны да выдання ў выглядзе досыць аб’ёмнага агульнага сшытка рукапіс гэтага зборніка — суцэльны ўласнаручны аўтограф Габрыэлі. На тытуле маецца адзнака цэнзара з дазволам друкаваць зборнік, аднак у самім рукапісе некаторыя вершы і радкі былі выкрасленыя цэнзарам, а таму іх не было ў друкаваным выданні. Цэнзурай былі закрэсленыя вершы «Да Тамаша Зана», «Старыя ліпы», «Развітанне з Кракавам» (прычым верш «Старыя ліпы» раней друкаваўся).

У вершы ж, прысвечаным Маці Божай Вастрабрамскай, быў выкраслены апошні радок заключнай страфы (замест яго ў друкаваным тэксце з’явілася шматкроп’е), які падаўся царскаму цэнзару небяспечным сваёй патрыятычнай скіраванасцю і спадзяваннем на цуд вызвалення Краю з-пад расійскай няволі. Прывядзем гэтую страфу ў арыгінале (паводле згаданага аўтографа), дзе аўтарка звяртаецца да Маці Міласэрнасці з апошняй просьбай і надзеяй:

Strzeż grodu Wilna! u jego proga
Nie rzucaj sierot wsród srogiej burzy, –
Już raz przed Tobą pierzchnęła trwoga,
Może raz jeszcze cud się powtórzy!!!

Заўважна, што заключная страфа мела алегарычны сэнс: звяртаючыся з просьбай абараняць горад, аўтарка параўноўвала ягоных жыхароў з сіротамі, якіх ратуе толькі апека Маці Божай сярод «суровай буры», што ёсць алегорыяй панавання чужой захопніцкай улады – улады Расійскай імперыі. Аўтарка таксама згадвала ўчынены некалі Маці Божай цуд, у выніку якога горад быў абаронены ад ворага, а ў заключным радку гучала просьба аб паўтарэнні цуду. Менавіта гэты радок і быў выкраслены як небяспечны, як заклік да змагання з новымі захопнікамі Краю.

Мяне, як перакладчыка і даследчыка творчасці Габрыэлі Пузыні, зацікавіла, да якіх падзей гісторыі Вільні адсылае перадапошні радок верша «Już raz przed Tobą pierzchnęła trwoga»? Пошук у энцыклапедычных выданнях не даў адказу на гэтае пытанне, але яго, здаецца, дае верш, прысвечаны таксама Маці Божай Вастрабрамскай, «Obrona wielka miasta Giedymina», напісаны невядомым аўтарам у 1756 годзе.

Аўтар называе Найсвяцейшую Панну Вастрабрамскую «Магутнай абаронай горада Гедыміна», «Каралевай Польскай і Літоўскай Княгіняй», згадвае пра шматлікія цуды, якімі ўслаўлены абраз, і, сярод іншага, гаворыць пра ўдалую абарону Вільні падчас нападу шведаў.

Факт абарончага цуду, апісаны ў вершы, звязаны, па ўсёй верагоднасці, з падзеямі Паўночнай вайны, што адбывалася на землях былой Рэчы Паспалітай у першыя дзесяцігоддзі ХVІІІ ст. Вось адпаведны фрагмент гэтага верша, які, відавочна, быў добра знаны на Віленшчыне:

Doznało Wilno Twej Panno obrony,
Kiedy lew szwiedzki brał je w swoje szpony.
Boś cudotwornie miasto ucieszyła,
Gdyś wrota z bramy na Szwedów wzruszyła [2, c. 38].

(Спазнала Вільня Тваю, Панна, абарону,
Калі шведскі леў браў яе ў свае кіпцюры.
Бо Ты цудоўным чынам суцешыла горад,
Апусціўшы вароты брамы на шведаў.)

У наступнай страфе невядомы аўтар апавядае, што ўся моц ашчэранага шведскага «ільва» некуды знікла («…lwa potęga w momencie pierzchnęła») перад цудатворнаю абаронаю горада. Цікава, што Габрыэля Пузыня ў сваім вершы таксама ўжывае дзеяслоў «pierzchnęła», згадваючы ранейшую слаўную падзею, апісаную ў папярэднім ананімным тэксце. Таму наўрад ці можна лічыць сувязь паміж абодвума вершамі выпадковай — хутчэй, Габрыэля Пузыня свядома скарыстала ў сваім творы прыём алюзіі, каб дапоўніць малітоўна-рэлігійны змест верша патрыятычнай інтэнцыяй.

У вастрабрамскай паэзіі згадваецца яшчэ адзін пераможны эпізод, які меў месца ў часе паўстання Тадэвуша Касцюшкі (1794 г.), калі пад Востраю Брамаю адбылася перамога абаронцаў горада над расійскім войскам. Гэты факт знайшоў сваё паэтычнае ўвасабленне ў ІХ кнізе паэмы «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча, які апавядае, што адна гараджанка бачыла на свае вочы цуд — яна бачыла, як маскоўскі генерал, уваходзячы з казацкім палком, ужо адчыняў браму, але гараджанін па прозвішчы Чарнабацкі забіў яго, а таксама «zniósł cały pułk kozacki». Даследчык і збіральнік вастрабрамскай паэзіі кс. Тадэвуш Крахель згадвае, што ўслед за Міцкевічам гэты ж эпізод апісаў у сваім вершы, прысвечаным абароне Вострай Брамы, Антон Гарэцкі [2, с. 26]. Відавочна, што і да гэтага легендарнага эпізода, які жыў у народнай памяці і звязваўся з цудадзейным абразом, мог таксама адсылаць радок верша Габрыэлі Пузыні. Пераклад верша Габрыэлі Пузыні «Песня аб Найсвяцейшай Панне Марыі Вастрабрамскай» зроблены паводле рукапіснага аўтографа і друкуецца ўпершыню.

Ірына Багдановіч

 

Габрыэля Пузыня

ПЕСНЯ АБ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЕ МАРЫІ ВАСТРАБРАМСКАЙ

Святая Панна Марыя! Ззяеш
У Вострай Браме Ты яснай зоркай,
Карону з промняў іскрыстых маеш
І цешыш люд свой у долі горкай.
Нам лечыш раны душы, прычыны
Ўсіх нашых скрухаў адводзіш дзейна,
Аздоба ўсіх алтароў Айчыны
І тых, хто кліча Цябе, надзея.

Ідзе вандроўнік ці гурт стракаты
І раптам бачыць, застыўшы ў руху,
Нібыта цудам алтар узняты
І люд, што кленчыць прад ім на бруку.

Шчаслівай можна назваць сталіцу,
Што варту мае, — з Нябёс Дзявіцу.
Шчаслівы й той, хто Яе вітае
Малітвай шчырай. Ён ласку мае
І пад Яе абарону мкнецца,
Заўсёды прагне Яе апекі,
І наша вера струменем льецца,
Благаслаўляе святлом навекі!

Прад Ёй – Літвы Апякункай любай –
Люд верны кленчыць, малітвы ўзносіць,
Яна ж ратуе яго ад згубы,
Па веры цуды яму прыносіць.

Маліся, Маці, за нас Ты ў Небе
У нашай цяжкай зямной патрэбе!
Пад абарону Тваю ўцякаем,
Ва ўціску нашым Цябе ўпрашаем —
Не асірочвай нам Вострай Брамы,
І край наш родны, і нас таксама!

Ты каля Сына сядзіш на троне
У Небе вечным, у зор кароне.
Абраз Твой цудны для нас ратунак –
Ён Божай ласкі святы дарунак,
Ён абарона ва ўсіх цярпеннях,
Дае відушчасць сляпому зроку,
Дае ўспамогу, дае натхненне
І асвятляе нам шлях у змроку.

Вартуй нам Вільню! Сірот не кідай
Сярод злой буры, што твар свой шчэрыць.
Дала ж Ты прыклад змагання з крыўдай,
Дык паўтары гэты цуд яшчэ раз!

Пераклад з польскай мовы Ірыны Багдановіч.


Паводле часопіса «Наша вера», № 4 (70), 2014. 

Ірына Багдановічпаэт і літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук. Нарадзілася ў г. Ліда на Гродзеншчыне. Скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржуніверсітэта (1978) і аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук Беларусі (1983). Аўтар кніг вершаў «Чаравікі  маленства» (1985), «Фрэскіª (1989), «Вялікдзень» (1993), «Сармацкі альбом» (2004), «Прыватныя рымляне» (2006), «Душа лістападу» (2012), манаграфіі «Янка Купала і рамантызм» (1989), «Авангард і традыцыя: беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння» (2001), укладальнік зборнікаў «Казімір Сваяк. Выбраныя творы» (2010) і «Вінцук Адважны. Выбраныя творы» (2011), «Аляксандр Надсан. Выбраныя творы» (2014). Перакладае з польскай мовы. Жыве ў Мінску. 

 

Літаратура:

1. Ostra Brama w Wilnie / w opracowaniu Heleny Ostrowskiej. – Wydawnictwo Polskie w Wilnie, 2008. – 88 s.

2. Poezja Ostrobramska: Modlitwa poetycka. Wydanie IV zmienione. / Zebrał i opracował ks. Tadeusz Krahel. – Białystok: Ag-Bart, 2002. – 334 s.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней