Імя Тваё на вуснах маіх...

На самым пачатку кожнага года, 3 студзеня, у Касцёле ёсць успамін Найсвяцейшага Імя Езуса. Вядома, гэта не выпадкова, бо ў самім імені нашага Збаўцы заключана вялікая моц. Ёсць шмат сведчанняў вернікаў, у якіх яны сцвярджаюць, што адно толькі вымаўленне імя Езуса прыносіла ім палёгку і паратунак у цяжкіх сітуацыях. Вядома, што ў Касцёле ёсць Літанія да Найсвяцейшага Імені Езуса. Многія вернікі ў сваіх прыватных малітвах практыкуюць Езусаву малітву, заснаваную на шматлікім паўтарэнні імені Езус. Гэтая малітва шырока практыкуецца і ў Праваслаўнай Царкве, сярод манахаў Усходу; яе часта называюць малітваю сэрца. 

Ужо першыя манахі на Усходзе мелі звычай шматкроць паўтараць імя Езус. Пазней з’явілася пашыраная форма гэтай малітвы: «Пане Езу Хрыстэ, Сыне Божы, змілуйся нада мною» альбо «Пане Езу Хрыстэ, Сыне Божы, змілуйся нада мною, грэшным(ай)». Існуе іншая форма гэтай малітвы, звязаная з Паннай Марыяй: «Пане Езу Хрыстэ, Сыне Божы, малітвамі Тваёй Прачыстай Маці і ўсіх святых, змілуйся нада мною, грэшным(ай)».

Гэтую малітву неабходна было паўтараць доўга, каб яна станавілася малітваю сэрца. Канчаткова практыка Езусавай малітвы сфармавалася ў VІ ст. у кляштары святой Кацярыны на Сінаі, і пазней — на гары Афон у Грэцыі.

Важным элементам практыкі Езусавай малітвы з’яўляецца паўтарэнне адной з формулаў, аднак яно не можа быць бяздумным, механічным — яно павінна быць медытацыйным, удумлівым і вельмі павольным. У працэсе працяглай практыкі Езусава малітва пераходзіць у сузіранне.

У Езусавай малітве ёсць свае ступені. Яна паглыбляецца і пашыраецца па меры таго, як мы раскрываем для сябе ў імені Езуса новы змест. Яна павінна пачынацца як адарацыя і адчуванне прысутнасці нашага Збаўцы. Заклік імя Езуса з’яўляецца таямніцаю збаўлення ў тым разуменні, што яно прыносіць верніку вызваленне. Вымаўляючы гэтае імя, мы ўжо цяпер атрымліваем тое, у чым маем патрэбу. Атрымліваем у Езусе, які з’яўляецца не толькі Тым, Хто дае, але і сам з’яўляецца Дарам, не толькі Тым, Хто ачышчае, але і самой Чысцінёю; не толькі Тым, Хто корміць галодных, наталяе нашу смагу, але і самім Спажыткам, наталеннем смагі. Ён — сутнасць усялякага дабра. Ягонае імя вяртае спакой тым, каму пагражае спакуса, бо замест таго, каб уступаць у спрэчку са спакусаю, ці не лепш узірацца ў Езуса, ісці да Яго? Таму чалавеку, якому пагражае спакуса, трэба спакойна засяродзіцца і паўтараць імя Езуса без трывогі і страху, каб напоўніць сваё сэрца гэтым імем і паставіць тым самым заслону супраць злога. Калі ж чалавек саграшыў, імя Езуса паслужыць яго хуткаму пакаянню.

Імя Езуса — значна большае, чым толькі таямніца збаўлення альбо дапамога ў патрэбах. Вымаўляючы яго, мы дазваляем Езусу заняць месца на «троне» нашага сэрца, мы нібы апранаемся ў Хрыста.

Тым, каго зацікавіла Езусава малітва, варта звярнуць увагу на такія важныя рэчы:

1) разуменне сэнсу формулы;
2) сістэматычнасць;
3) малітва на адзіноце;
4) унутраная суцішанасць, спакой;
5) запрашэнне Духа Святога;
6) разумная працягласць — у залежнасці ад сітуацыі, але найлепш да таго часу, пакуль малітва не выкліча стому.

Прыктыкаваць гэтую малітву можна ў любой сітуацыі: у касцёле, на вуліцы, у дарозе. На Афоне візантыйскія манахі выпрацавалі сваю тэхніку медытацыі для гэтай малітвы з элементамі сучаснай медытацыі глыбіні:

1) знайсці спакойнае месца для медытацыі;
2) прыняць зручную паставу цела, заплюшчыць вочы і скіраваць усю сваю свядомасць у сябе, на сваё сэрца;
3) дыхаць паволі, размерана;
4) пераадолець рассеянасць думак і ўяўлення;
5) перавесці ўвагу з галавы на сэрца, молячыся ўсім сэрцам і ўсім розумам; з’яднаць рытм дыхання з рытмам сэрца;
6) паўтараць формулу малітвы ў рытме ўдыху і выдыху. Напрыклад: «Пане Езу Хрыстэ (удых), змілуйся нада мною» (выдых).

Імя Езус (Іешуа) на габрэйскай мове азначае «Ягвэ збаўляе». Такім чынам, той, хто вымаўляе імя Езуса, уваходзіць у сферу Яго збаўленчага дзеяння, у сферу Яго сілы і моцы. Сама па сабе засяроджанасць на імені Езуса гарантуе чалавеку Яго прысутнасць (Мц 18,20).

Заклікаючы імя Езуса, апосталы лячылі хворых (Дз 3,6; 9,34), праганялі зло (Мк 9,38; 16,17; Мц 7,22); тварылі цуды (Мц 7,22; Дз 4,30). Малітва ў імя Езуса заўсёды будзе выслуханая (Ян 16,23–24).


Падрыхтавала Ірына Жарнасек.
Паводле сайта baznica.info

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней