Убачыць сябе ў святле Праўды

Размовы пры гарбаце

Не ведаю, ці здараецца ў вас так: сядзеш з сябрамі піць гарбатку, каб проста пабавіць разам час, забыцца аб працы і цяжары штодзённых абавязкаў, і раптам размова выруліць на нечаканыя тэмы, важныя, надзённыя, глабальныя. У мяне — здараецца. І бывае, становіцца страшна шкада, што ў гэтых сяброўскіх пасядзелках удзельнічаюць дзве-тры асобы. Тады і ўзнікла такая ідэя: узяць з сабою дыктафон і паглядзець, што з гэтага атрымаецца... Такім чынам, запрашаю на нашыя сяброўскія пасядзелкі. Наліце сабе духмянай гарбаткі — і далучайцеся да размовы. Гэтым разам мы п’ем гарбату з Анастасіяй Кавалеўскай. Наста — супрацоўніца Дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы» — працуе з падлеткамі і моладдзю, чытае лекцыі на тэмы, звязаныя з абаронаю жыцця і сямейных каштоўнасцяў, у сярэдніх і вышэйшых навучальных установах у розных гарадах Беларусі. Спачатку хацела стаць медыкам, але цяпер заканчвае навучанне ў Віцебскім тэхналагічным універсітэце і адначасова вучыцца на курсах дарадчыкаў сямейнага жыцця. Належыць да ІІІ дамініканскага ордэну.

— Ведаеш, што я думаю? Цікава паразмаўляць пра такую праблему: уменне называць рэчы сваімі імёнамі. Мяне асабіста дзівіць, як ва ўсіх сферах жыцця адбываецца падмена паняткаў. Каб зрабіць выбар, ты ж павінен разумець, паміж чым і чым ты выбіраеш. Мы не разумеем, таму і не выбіраем. А калі б рэчы называліся сваімі імёнамі, выбар стаў бы прасцейшы. Падмяняецца нашае ўспрыманне рэчаў, бо падмяняюцца іх імёны. Шэкспіраўскія словы пра тое, што ружа пад любым імем будзе пахнуць гэтак жа соладка, можна цяпер аспрэчыць. Прыклад: узгадай старое кіно — галоўны рамантычны герой у клубах тытунёвага дыму і таямнічая гераіня з цыгарэтаю ў тонкіх пальцах… Тады на гэтых вобразах зараблялі тытунёвыя кампаніі. Цяпер ідэалы галоўных герояў змяніліся: у модзе здаровы лад жыцця, што мяне не можа не радаваць, і на пачках з цыгарэтамі пішуць папярэджанні, але… Невядома, пад якой абгорткай схаваюць праўду пра рак лёгкіх, калі курэнне ізноў увойдзе ў моду… Я ўжо не кажу пра больш сур’ёзныя і відавочныя падманы, такія, як аборт, калі дзіця неяк аддалена называюць плодам. На адным з інтэрнэт-форумаў у дыскусіі на гэтую тэму я сутыкнулася з такім стаўленнем да праблемы: калі я прапанавала «казаць, як ёсць, — ва ўлонні забіваюць дзіця, а не абстрактны плод, рыбку, мышку або жабку», мяне абвінавацілі ў маральным застоі, раздзіманні праблемы і перабольшванні…

— Напэўна, камусьці вельмі выгодна і карысна так рабіць. За дзве тысячы гадоў хрысціянскай цывілізацыі людзі сталі вельмі «інтэлектуальнымі», такія складаныя азначэнні і формулы нас атачаюць. І калі нейкая паталагічная сітуацыя, як з абортамі, становіцца нормаю, можна проста назваць яе па-іншаму. Я не ўяўляю, напрыклад, як бы доктар прыходзіў дамоў напрыканцы працоўнай змены і за вячэраю казаў: «Сёння я забіў пяцёра дзяцей»... Таму лепш гэтае слова замяніць на нейтральнае, так спакайней. А дзеля чаго казаць «мы жывем у распусце»? Можна ж сказаць прыгожа: «мы жывем разам, у нас грамадзянскі шлюб, каханне, нам не патрэбныя пустыя фармальнасці». Чалавеку прасцей зрабіць нейкі ўчынак, які б ён сам асудзіў і асудзіў бы сябе за яго, і іншыя людзі яго б асудзілі, калі сутнасць гэтага ўчынку схаваная за прыгожымі, а яшчэ лепш — незразумелымі словамі. Так атрымліваецца ўжо не зусім страшна. Што датычыць праўды, не ведаю, наколькі я сама здольная называць рэчы сваімі імёнамі...

— Мне здаецца, трэба пачынаць з таго, што хаця б сабе самому не хлусіць.

— Наколькі чалавек да гэтага гатовы — так проста і не скажаш… Насамрэч у глыбіні сэрца ты заўжды нейкім шостым пачуццём разумееш, дзе праўда. Дух Святы заўжды дае падказку. Але каб ўзгадніць працу сэрца, галавы і сваіх жаданняў, патрэбны няспынны духоўны рост. Гэта праца над сабою на ўсё жыццё, яна ніколі не заканчваецца. Тым больш, калі чалавек сутыкнуўся з нейкаю сур’ёзнаю праблемаю: вырас у няпоўнай сям’і, з бацькамі не было блізкіх адносінаў, нехта з іх выпіваў — трэба разумець, што з-за гэтага ўзніклі раны і траўмы, абмежаванні і прабелы ў развіцці і ўспрыманні рэчаіснасці. І такая праўда пра сябе — слабога і недасканалага — гэта вельмі балюча.

— Так, страшна...

— Вядома, хацелася б, каб я па ўсіх параметрах цягнула на 100 балаў, а тут, прабачце, толькі 30 — непрыемна... Яшчэ мне здаецца, немагчыма чалавеку самому ацаніць сябе правільна. Для гэтага трэба мець блізкія адносіны з іншым чалавекам, каб твой сябра мог сказаць пра цябе праўду, далікатна, не крыўдзячы. Дзякуючы такому сяброўскаму погляду збоку яе лягчэй убачыць і прыняць. Гэта першы крок: паглядзець на сябе ў праўдзе і зразумець, што праблемы ёсць. Другі крок — пачаць над імі працаваць і не баяцца гэтай пастаяннай працы: нешта з пакорай прыняць, а з нечым няспынна змагацца.

— Як з хваробаю... Калі, напрыклад, чалавек занадта эмацыйны па натуры, пакутуе ад такога духоўнага «цукровага дыябету», ён мусіць усё жыццё прымаць лекі — пастаянна трымаць сябе ў межах…

— Дзеля чаго я буду траціць столькі высілкаў, каб некаму нешта ўвесь час даказваць? Ці маё жыццё ад гэтага зменіцца? Праўда і ёсць праўда. Калі я ведаю праўду пра свае трыццаць балаў і прымаю яе, мне самой становіцца лягчэй: ну трыццаць, і дзякуй Богу...

— Так, і буду маліцца, каб Бог даў мне сорак... Ведаеш, як яшчэ бывае? Мы настолькі баімся прыняць праўду пра сябе, што заўжды некага з сябе ўдаем: у сям’і я — адзін, на працы — другі, у касцёле — трэці, з сябрамі — чацвёрты, а з некасцёльнымі сябрамі — пяты… Чапляю на сябе адну масачку за другой, а дзе я сам? Каторы з гэтых?

— Учора на душпастырскай сустрэчы святар нам сказаў: «Ведаеце, чаму людзі губляюць розум? Калі тое, што ты думаеш, кажаш і робіш, ніяк не стасуецца і цягне цябе ў супрацьлеглыя бакі — доўга такога стану не вытрываць!» І я сама вырашыла імкнуцца, хоць і не заўжды атрымліваецца, заставацца паўсюль сабою. Хоць і ёсць рызыка атрымаць на арэхі...

— Не баяцца сябе — страшна...

— Ведаеш, яшчэ пра падмену паняткаў… Чалавеку трэба вучыцца не прымаць усё, што яму прапануюць, на веру, а рабіць хаця б самы просты аналіз. З’яўляецца нешта новае ды яшчэ з прыгожаю назваю — разбярыся, што яна насамрэч значыць. Напрыклад, возьмем слова «кантрацэпцыя». Канцэпцыя — значыць «сэнс», тады кантрацэпцыя — «супраць сэнсу». Назва — чыстая праўда. Тады і выбраць лягчэй: сэнс або яго адсутнасць. Я заўжды кажу сваім студэнтам: «Не падманвайце сябе, калі робіце выбар. Калі мы нават для сябе — адзіных і любімых, не можам выбраць дабро, што ўжо казаць пра глабальнае дабро і супакой ва ўсім свеце?» Я ж сябе не на сметніку знайшла, маё цела і душа — не бак, куды ўсё можна кідаць, не думаючы. Таму элементарна: з усім новым трэба найперш разабрацца…

— …у чым тут сэнс.

— Напрыклад, паглядзі, з дапамогаю якіх «падводных цячэнняў» у нас імкнуцца стварыць вобраз гомасексуалізму як нормы жыцця.

— Пазіцыянуючы гэта як рух за «свабоду» і «адкрытасць»…

— Калі я ведаю, што я разумны чалавек, мне не трэба збіраць кампанію такіх жа разумных людзей, як я, і рабіць маніфестацыі, ходзячы па Віцебску і Мінску з транспарантамі, і крычаць, каб даказаць усім, што мы разумныя. Калі ў чалавека ўнутры ўсё ў парадку і на душы спакой, ён не будзе гэтым займацца.

— Яго тады не цікавіць, хто што думае…

— Не… Проста, калі табе спакойна, калі ты жывеш прыгожа, то няма патрэбы крычаць пра гэта на ўвесь свет і рваць на сабе валасы і кашулю. Звычайна агрэсіўныя пратэсты і правакацыі ўчыняюць людзі, якія яшчэ самі з сабою не разабраліся. Паспрабуй уявіць, якая будучыня чакае ўсе модныя цяпер рухі? Што з імі будзе праз 30–40 гадоў? Я асабіста сумняваюся, што любая феміністка або гомасексуаліст праз 50 гадоў скажуць: «Мы такія шчаслівыя!» Яны не здолеюць са шчырасцю сцвердзіць: «Я пражыў такое прыгожае жыццё як мужчына» або «Я цудоўна рэалізавалася як жанчына».

— Яны цяпер пра гэта не думаюць...

— Звычайна людзі далучаюцца да такіх правакацыйных рухаў, калі ўнутры столькі праблемаў, што трываць гэты боль проста немагчыма. Прасцей кінуцца некуды з галавою, паспрабаваць збегчы ад сябе, чым прызнаць, што гэтыя праблемы існуюць, і пачаць іх вырашаць. Але раней ці пазней усё адно трэба на сябе аб’ектыўна паглядзець.

— Святы Павел сказаў: «Бо цяпер мы бачым праз люстэрка, цьмяна, а тады — тварам у твар. Цяпер я ведаю часткова, тады ж спазнаю так, як і я спазнаны»...

— Варта падумаць, якімі мы хочам ўбачыць сябе ў святле Праўды...

Размаўлялі Юлія Шэдзько
і Анастасія Кавалеўская.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней