Чытайце грунтоўнае інтэрв’ю галоўнага рэдактара часопіса «Ave Maria» Крыстыны Лялько з айцом дамініканінам Раманам Шульцам ОР, заснавальнікам Ружанцовага кангрэсу, які ўжо шэсць гадоў праходзіць у Магілёве.
— Айцец Раман, Вы ініцыятар і арганізатар Ружанцовых кангрэсаў, якія, пачынаючы з 2017 года, штовосень праходзяць у Магілёве. Як узнікла гэта ідэя?
— Усе мы вельмі добра ведаем, што ажыццяўленне Божых справаў немагчыма без асаблівага Божага натхнення і благаслаўлення. Я перакананы, што Ружанцовы кангрэс меў свой пачатак задоўга да 2017 года. Пэўная нітачка, якая цягнецца яшчэ з мінулага, паступова прывяла мяне да гэтай ідэі. Дазвольце распавесці пра сваю жыццёвую прыгоду з Ружанцам.
Маё знаёмства з гэтаю малітваю распачалося яшчэ ў бацькоўскім доме. Мама і тата (абое францішкане-тэрцыярыі) належалі да «Місійнага Ружанца», і кожную нядзелю ўвечары (а 20-й гадзіне) мы ўсёй сям’ёй збіраліся ў адным пакоі перад фігуркаю Маці Божай Фацімскай пры запаленай свечцы і маліліся пяць таямніцаў Ружанца. Мы стараліся ўнесці разнастайнасць у гэтыя сустрэчы праз цікавыя разважанні і чытанне Божага слова, пры гэтым спявалі пілігрымкавыя, радасныя песні пад акампанемент гітары. Калі ў гэты час у нашым доме знаходзіліся сябры, іх таксама запрашалі да супольнай малітвы. Мы маліліся дзясятку Ружанца і ў буднія дні падчас вечаровай сямейнай малітвы а 21-й гадзіне, калі духоўна ядналіся з санктуарыем Маці Божай на Яснай Гары ў Чэнстахове, спяваючы «Апэль Яснагорскі».
Немагчыма пераацаніць ролі пешых пілігрымак з Познані ў Чэнстахову напрыканцы 1970-х гадоў, калі мы, нават стомленыя, змучаныя спякотным сонцам ці дажджом, вучыліся быць вернымі ружанцовай малітве. Між іншым, у пілігрымку мяне як гітарыста запрасіла сяброўка Марыся, бо яна адказвала за спевы. Я пайшоў у пілігрымку спачатку дзеля Марысі, але з цягам часу Пан Бог ачысціў маю інтэнцыю.
Важную ролю ў маім жыцці яшчэ падчас вучобы, да ўступлення ў ордэн дамініканаў, адыграла кніга св. Людвіка Марыі Грыньёна дэ Манфора «Трактат пра сапраўднае ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі». Гэтая кніга дапамагла мне вызначыцца на сваім духоўным шляху. «Трактат…» мне падарыў адзін свецкі чалавек: калі я вывучаў педагогіку ў Слупску і шукаў свой жыццёвы шлях, у даверлівай размове з гэтым вернікам я сказаў, што хацеў бы наследаваць Пана Езуса так, як святы Максімільян Марыя Кольбэ. У Слупску гэты свецкі чалавек кіраваў пры адным з касцёлаў мужчынскаю малітоўнаю супольнасцю, якая ў першыя суботы месяца збіралася ўвечары і малілася ўвесь Ружанец. Я быў здзіўлены іх руплівасцю і тым, што гэта ўвогуле магчыма. Адно выказванне святога Людвіка з «Трактата…» асабліва моцна запала мне ў душу: «Маліцеся, калі маеце час, увесь Ружанец штодзённа — і ў гадзіну сваёй смерці вы будзеце благаслаўляць той дзень і тую хвіліну, калі мне паверылі» («Трактат…», 254). І хоць мне не заўсёды ўдавалася маліцца ўвесь Ружанец, гэтыя словы пабуджэння да ружанцовай малітвы і да вернасці ёй сталі для мяне ўказальнікам і асабістым шляхам да Пана Бога праз Марыю.
Падчас майго навучання ў Музычнай Акадэміі ў Познані (а гэта быў прыкладна 1984 год, мне было каля 25 гадоў) я наведваў студэнцкае душпастырства, якім кіраваў айцец дамініканін Томаш Паўлоўскі ОР. Пасля ранішняй святой Імшы а 7-й гадзіне, на якую ў буднія дні прыходзіла шмат студэнтаў, дамінікане запрашалі нас на сняданак. Падчас аднаго з такіх сняданкаў а. Томаш прапанаваў мне ўдзел у сустрэчах малой фармацыйнай групы, якою сам збіраўся кіраваць. Я згадзіўся. Пасля паўгода такіх сустрэчаў, на якія прыходзіла больш за дзесяць чалавек, душпастыр прапанаваў, каб мы з ліку студэнтаў, якія ў вельмі вялікай колькасці прыходзілі на нядзельную святую Імшу для навучэнцаў, а таксама з удзельнікаў элітарнай групы, якая ўдзельнічала ў сустрэчах на працягу тыдня ў студэнцкім душпастырстве, стварылі групу, якая магла б выконваць нейкія заданні па-за Касцёлам. Гэта быў няпросты выклік — страх, адвага і вера перамяшаліся ўва мне. Памятаю, як студэнт-філосаф Марэк арганізаваў групу са студэнтаў-медыкаў, якая збіралася для чытання філасофскіх тэкстаў. Студэнт-фізік і яго калега сабралі групу моладзі, якая сістэматычна наведвала дом інвалідаў і арганізоўвала для іх выезды, сустрэчы, прывозіла іх на святыя Імшы. Дзяўчаты хадзілі ў дзіцячы дом, каб апекавацца дзеткамі і дапамагаць ім рабіць урокі. Я сам маліўся аб распазнанні, думка пра гэтую складаную місію не давала мне спакою. Урэшце я вырашыў, што паспрабую стварыць са студэнтаў ружанцовую групу. І рызыкнуў. Пачаў запрашаць у гэтую групу сяброў, сябровак, знаёмых, і на маё вялікае здзіўленне бадай ніхто не адмовіўся. Я хутка сабраў 15 чалавек — гэта здавалася мне нейкім цудам. Пазней я арганізаваў для ружанцовай групы сустрэчы раз на месяц і, рыхтуючыся да іх, рыхтаваў разважанні да ружанцовых таямніцаў — часта гэта былі тэксты а. Яцака Салія ОР на адпаведную тэму і фрагменты з пасланняў св. Паўла. Мы шмат разоў сустракаліся ў доме паралізаванай пані Басі, часам запрашалі на сустрэчы айца Юзафа Пацеху ОР, які цэлебраваў для нас святую Імшу. Гэта быў мой першы сур’ёзны душпастырскі досвед, заданне свецкага чалавека ў Касцёле, якое я выконваў з бояззю і ўсведамленнем, што гэтая справа пераўзыходзіць мае магчымасці. У той жа час заданне стварыць групу, гэты імпульс ад душпастыра быў для мяне своеасаблівым дарам рады, які вызваліў ува мне і ва ўсіх нас нечаканыя магчымасці дзякуючы кіраўніцтву душпастыра. Айцец Томаш, які заўсёды ўважліва чытаў Евангелле, сабраў нас так, як Пан Езус збіраў сваіх вучняў, паклапаціўся пра нашу фармацыю, а потым паслаў абвяшчаць Добрую Навіну. Айцец Яцак Варанецкі ОР напісаў у парадах да настаяцеляў, што даручэнне, якое каму-небудзь даецца, павінна прадугледжваць, што ў чалавека ёсць сілы для яго выканання. Напэўна, заахвочваючы нас да стварэння групаў, айцец Паўлоўскі маліўся за нас і дзякуючы гэтаму пачало адбывацца штосьці новае ў студэнцкім душпастырстве — мы атрымалі з неба сілы для выканання важнай місіі.
Перажываючы крызіс паклікання падчас вучобы ў дамініканаў, я знаходзіў апору таксама ў ружанцовай малітве. Падчас рэкалекцый я стараўся разважаць над усімі таямніцамі Ружанца, спадзеючыся, што змагу больш адкрыцца на дзеянне Святога Духа.
Памятаю, калі я ўжо быў святаром і законнікам, у нашым дамініканскім касцёле ў Вроцлаве я апекаваўся групаю людзей, якія жылі духоўнасцю Меджугор’я. Падчас сустрэчаў кожны месяц мы маліліся ўвесь Ружанец перад святою Імшою і пасля яе.
Працуючы пробашчам у Карбелёве, маленькай гуральскай вёсцы ў Сілезскіх Бескідах, я прапанаваў сем’ям, у якіх дзеці рыхтуюцца да Першай святой Камуніі, перэгрынацыю невялікай фігуркі Маці Божай Фацімскай. Удзел у ёй патрабаваў таго, каб дзіця разам з бацькамі прыходзіла ў сераду на святую Імшу, да якой была прымеркавана навэнна да Маці Божай Нястомнай Дапамогі, а на заканчэнне святой Імшы я ўручаў дзіцяці фігурку Маці Божай разам з дзіцячаю кнігаю і з кнігаю для бацькоў. Чытанне прынамсі фрагменту з кнігі было «хатнім заданнем» для ўдзельнікаў перэгрынацыі на тыдзень прабывання фігуркі ў доме. Увечары дзіця (не дарослыя!) павінна было праводзіць у сваёй сям’і дзясятку Ружанца, каб праз тыдзень у сераду правесці гэтую малітву ў касцёле з усёй парафіяй. Пасля гэтай перэгрынацыі я быў упэўнены, што ўсе дзеці ўмеюць свабодна маліцца на ружанцы, які быў падораны ім ў межах падрыхтоўкі да святой Камуніі.
Хачу згадаць яшчэ пра адзін важны момант. Для таго, каб бліжэй пазнаёміцца з сям’ёй, я дамаўляўся на адзін вечар памаліцца разам з усімі членамі сям’і і пры гэтым паразмаўляць пра іх сітуацыю і праблемы, а таксама паспяваць пад гітару, якую прыносіў з сабою. Вядома ж, я не забываўся спытаць, што іх узрушыла ў прачытаным фрагменце кнігі. Гэта быў прыгожы душпастырскі досвед, натхнёны ружанцоваю малітваю. Парафіяне ўдзельнічалі ў перэгрынацыі фігуры Маці Божай з радасцю і чакалі мяне ў сваіх дамах.
У Карбелёве 13 чысла кожнага месяца адбываліся фацімскія набажэнствы, для якіх дамінікане самі рыхтавалі разважанні, а ў першыя суботы месяца дзеці праводзілі Ружанец з дадаткамі.
Памятаю таксама, як у Карбелёве я хадзіў у горы разам са сваім сабратам айцом Станіславам Пшэперскім ОР. Падчас гэтай прагулкі, якая доўжылася цэлы дзень, мы вырашылі памаліцца ўвесь Ружанец, ды яшчэ з дадаткамі. Гэта было ўжо пасля таго, як Ян Павел ІІ у 2002 г. абнародаваў «Ліст пра Ружанец» і дадаў пяць таямніцаў святла. Шпацыр атрымаўся незвычайным — імправізуючы дадаткі пасля слова «Езус», мы папераменна памаліліся дваццаць таямніцаў Ружанца.
Хачу асабліва падкрэсліць, што вялікім адкрыццём для мяне былі менавіта дадаткі ў Ружанцы, дзякуючы якім я ўсвядоміў, што Ружанец — гэта перш за ўсё біблійная малітва, і я зразумеў яе дух: у малітве «Вітай, Марыя…» пасля слова «Езус» устаўляюцца цытаты са Святога Пісання, што дапамагаюць разважаць над Божым словам, прытуліўшыся да Сэрца Маці Божай — Той, якая была найлепшаю вучаніцаю Пана Езуса і жыла Божым словам як ніхто іншы.
Адкрыццём для мяне ў Карбелёве была таксама Пампейская навэнна: вернік, які вырашыў маліцца яе, павінен штодня прамаўляць увесь Ружанец, як да гэтага заклікаў таксама святы Людвік. У мяне ёсць парада для людзей, якія марнуюць шмат часу: лекам ад гэтай заганы можа стаць рашэнне маліцца Пампейскую навэнну з любові да бліжніх або ў складаных інтэнцыях. Гэтая інтуіцыя паходзіць ад самога Духа Святога.
Заканчваючы свае ўспаміны пра Ружанец, хачу яшчэ распавесці пра пілігрымку, якую я здзейсніў з дамініканскімі тэрцыярыямі Беларусі ў санктуарый святога апостала Якуба ў Сант’яга-дэ-Кампастэла ў Іспаніі. Там пілігрымаванне адрозніваецца ад пешых пілігрымак, у якіх мы звычайна ўдзельнічаем, таму што большую частку дня там вернік ідзе ў адзіноце. Памятаю, аднойчы ў такі дзень я памаліўся каля дзясяці частак Ружанца. Праўду кажучы, святы айцец Піо маліўся ад 30 да 40 частак Ружанца на працягу дня, аднак для мяне нават тыя пяць гадзінаў малітвы на ружанцы былі рэалізацыяй словаў Езуса: «Нястомна маліцеся».
Урэшце адкажу на пытанне пра тое, што ж паўплывала на арганізацыю Ружанцовага кангрэсу. У жніўні 2017 года я на працягу некалькіх дзён праводзіў рэкалекцыі для сясцёр законных, і адну з катэхезаў прысвяціў ружанцовай малітве. Тады я распавядаў на тое, што Ружанец — гэта біблійная малітва, і што існуе метад прамаўлення Ружанца з дадаткамі, у якіх выяўляецца яго глыбокая сутнасць. Я быў здзіўлены тым, што некаторыя з сясцёр упершыню чулі пра гэты метад і, самае важнае, захапіліся гэтым спосабам малітвы, кажучы, што для іх гэта сапраўднае адкрыццё. Менавіта падчас рэкалекцый у мяне з’явілася думка распавесці пра гэты метад нашым вернікам і арганізаваць у Магілёве Ружанцовы кангрэс. На наступны дзень я падзяліўся сваёю ідэяй з сёстрамі на рэкалекцыях і папрасіў іх аб малітве ў гэтай інтэнцыі. Адважным належыць свет! Далей справы пайшлі з маланкаваю хуткасцю. Ідэю арганізаваць кангрэс у магілёўскай катэдры ўхвалілі біскупы і мае браты, дамінікане. Вялікую дапамогу аказалі нам выдавецтва «Про Хрысто» і часопіс «Ave Maria». Мы знайшлі грошы на выданне кнігі з ружанцовымі разважаннямі і дадаткамі ксяндза Марка Дзявецкага, які згадзіўся на яе пераклад і выданне на беларускай мове. З магілёўскімі парафіянамі мы хутка запісалі ў студыі дыск з 20-цю ружанцовымі таямніцамі паводле вышэйзгаданага метаду. Дзякуючы працы некаторых людзей былі падрыхтаваныя гаджаты і фільм пра ружанцовую малітву. Урэшце, вялікаю нечаканасцю стала тое, што ў першым кангрэсе прыняло ўдзел больш за 200 чалавек, якіх удалося нават пачаставаць. Ужо пасля кангрэсу мы ўсвядомілі, што гэта справа Маці Божай, і таму яе нельга не працягваць.
— Якая самая галоўная мэта Ружанцовых кангрэсаў і ці дасягаецца яна, на Вашу думку?
— Я глыбока перакананы, што людзі, якія любяць Ружанец, — гэта духоўная эліта Беларусі. А Святы Айцец Ян Павел ІІ у апостальскім лісце «Rosarium Virginis Mariae» менавіта дамініканам даручаў пашыраць гэтую малітву. Такім чынам, дамінікане выконваюць наказ Папы Рымскага, і кангрэсы ў Магілёве — гэта свайго роду духоўная і інтэлектуальная фармацыя людзей, якія моляцца на ружанцы.
Мы радуемся, што за некалькі гадоў у межах падрыхтоўкі да кангрэсаў выдадзена ўжо больш за дзесяць кніг. Сярод іх ёсць творы такіх аўтараў, як святы Тамаш Аквінскі, святы Людвік Грыньён дэ Манфор, святы Альфонс Лігуоры, прафесар Стэфан Свяжаўскі, айцец Яцак Варанецкі ОР, ксёндз Марэк Дзявецкі, ксёндз Марэк Вуйтовіч SJ, айцец Марэк Урбановіскі ОР. Удзельнікі кангрэсу атрымалі кнігу з медытацыямі святой Уршулі Ледухоўскай (падарунак ад сясцёр уршулянак), а таксама кнігу Фрэнка Дафа.
За гэтыя пяць кангрэсаў (адзін з іх адбыўся on-line па прычыне эпідэміі кавіду) выступленні падрыхтавалі 15 чалавек. Далучыліся і нашыя біскупы: арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Аляксандр Яшэўскі (ганаровы апякун кангрэсу, ён падтрымлівае нас, дае парады і дапамагае нам), біскуп Казімір Велікаселец, біскуп Алег Буткевіч. У гэтых сустрэчах прымаюць удзел многія святары і кансэкраваныя асобы і, зразумела, надзейныя сябры Маці Божай — удзельнікі ружанцовых групаў (і не толькі), якія прыязджаюць у Магілёў на адзін дзень з розных куткоў Беларусі. А як жа не згадаць пра выдавецтва «Про Хрысто», якое прыкладае вельмі шмат намаганняў, каб кнігі можна было своечасова ўручыць удзельнікам кангрэсу! У рамках евангелізацыі ўдзельнікі атрымлівалі таксама кубкі, торбы і кашулі з дэвізамі кангрэсаў, дыскі з запісам ружанцовай малітвы і дадаткаў да яе, фільм на ружанцовую тэматыку і самі ружанцы, якія ўручную зрабілі дзяўчаты з выхаваўчага асяродку, якім апякуюцца сёстры законныя ў Кракаве. Мы таксама паклапаціліся пра асадкі, нататнікі і іншыя гаджаты з надпісамі, якія нагадваюць пра кангрэс. За гэтымі падарункамі стаіць шмат дабрачынцаў і ахвярадаўцаў, таму што ўдзел у кангрэсе бясплатны. Удзельнікі могуць скласці дабравольную ахвяру на мэты кангрэсу падчас святой Імшы. Мы можам разлічваць таксама на працавітых валанцёраў, якія ніколі не адмаўляюць нам у сваёй дапамозе. Варта згадаць і пра малітву шматлікіх людзей, у тым ліку сясцёр дамініканак кантэмпляцыйных у Польшчы, Літве і Ірландыі.
Ружанцовыя кангрэсы ў Магілёве — гэта плён вялікіх намаганняў многіх людзей і Божага Провіду, які спадарожнічае нам на кожным этапе падрыхтоўкі да кангрэсу. Спадзяюся, што ёсць таксама духоўны плён, які вынікае з далікатнага і адначасова канкрэтнага дзеяння Божай ласкі. Апрача духоўнага вымярэння, на кангрэсе мы клапоцімся пра гарачы абед для ўдзельнікаў, напоі, салодкі пачастунак.
Нядаўна адзін з маіх парафіянаў спантанна падзяліўся, што зазірае ў кніжкі, выдадзеныя з нагоды кангрэса, і чэрпае там шмат карыснага. Такія сведчанні вельмі радуюць. Працягваць гэты праект заахвочваюць таксама пытанні вернікаў пра тое, ці можна яшчэ набыць якую-небудзь кнігу з кангрэсу або калі будзе наступны кангрэс.
Маючы вопыт грыгарыянскага спеву з кракаўскага кляштара, дзе больш за сто законнікаў спявалі нешпары і пастаянныя часткі святой Імшы, мы практыкуем падчас кангрэсаў спяванне на Эўхарыстыі без арганаў. Дырыжор катэдральнага хору Янка Шумская праводзіць перад Эўхарыстыяй рэпетыцыі, падчас якіх мы вучымся спяваць простыя часткі святой Імшы на лаціне: «Kirie...», «Sanctus...», «Agnus Dei...». Калі ўсе прысутныя ў нашай магілёўскай катэдры спяваюць гэтыя часткі на святой Імшы «a capella», гэта гучыць цудоўна…
— Кожны кангрэс мае сваю вызначальную тэматыку. Чым найперш кіруецеся пры яе выбары?
— Тэматыка кангрэсу звязана з пэўным працэсам пошуку і сталення. Яна нараджаецца ў размовах з братамі дамініканамі і вынікае з жадання падзяліцца з удзельнікамі кангрэсу чымсьці цудоўным, сапраўднымі скарбамі каталіцкай веры, якія дапамогуць нам больш любіць Бога і бліжніх. Пра гэта сведчаць тэмы папярэдніх кангрэсаў: 2017 г. — «Кішэня без ружанца — як кашалёк без грошай», 2018 г. — «Святы Тамаш Аквінскі — вялікі і блізкі», 2019 г. — «Маліцеся, калі маеце час, увесь Ружанец штодзённа — і ў гадзіну сваёй смерці вы будзеце благаслаўляць той дзень і тую хвліну, калі мне паверылі» (св. Людвік Грыньён дэ Манфор, «Трактат…», 254), 2020 г. — кангрэс праводзіўся on-line і быў прысвечаны спецыфіцы чатырох частак Ружанца і пяці ўмоваў малітвы на ружанцы, 2021 г. — «Плыві на глыбіню» (прысвечаны сям’і, Святому Пісанню, Ружанцу і адарацыі), 2022 г. — «Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання».
Як відаць з пераліку гэтых тэмаў, іх выбар немагчыма звесці да нейкага простага прынцыпу, але кожная з іх можа знайсці сваё адлюстраванне ў адной з 20-ці ружанцовых таямніцаў. Такім чынам, калі тэма канферэнцыі ці пэўная кніга звязаны са зместам ружанцовых таямніцаў, з малітваю на ружанцы або ўвогуле з Марыяй, Маці Езуса, Каралевай Ружанца Святога, тады, маючы доступ да сэнсоўных крыніцаў, мы можам выбраць гэтую тэму. Святы Максімільян Марыя Кольбэ сказаў, што «любоў творчая», таму шукайма і слухайма, што можа паходзіць ад Божага натхнення і чым варта падзяліцца з бліжнімі! І сёння прашу вас, браты і сёстры, аб малітоўнай падтрымцы ў гэтай справе.
— Што Вы маглі б сказаць пра ўдзельнікаў кангрэсу і ці пашыраецца іхняе кола?
— Думаю, на першую частку пытання найлепш адказалі б тыя, хто прымае ўдзел у кангрэсах. Іх сведчанне было б вельмі каштоўнае. Нас як арганізатараў прыемна ўражвае тое, што, нягледзячы на доўгую дарогу да Магілёва, многія людзі жадаюць дзяліць з намі гэты час і прымаць непасрэдны ўдзел у кангрэсе. З-за пандэміі колькасць удзельнікаў крыху знізілася, бо ў мінулыя гады прыязджала больш за 300 чалавек, а ў 2021 годзе мы налічылі каля 170 ўдзельнікаў. Зразумела, гэта ўсё роўна вельмі добра! Я перакананы, што нават калі прыедзе 50 чалавек, варта папрацаваць, каб разам памаліцца, сустрэцца і падзяліцца сведчаннем пра дзеянне Божай ласкі ў нашым жыцці. Сярод удзельнікаў ёсць людзі, якія прыязджаюць штогод — дзякуючы гэтаму мы ўсё больш збліжаемся і радуемся чарговай сустрэчы.
— Як бачыцца Вам, ойча Раман, перспектыва правядзення такіх ружанцовых форумаў? Падзяліцеся, калі ласка, новымі задумамі і планамі.
— Усё ў руках Божых. Думаем, што Каралева Ружанца Святога нам падкажа, што рабіць далей… Калі Бог дазволіць, у наступным годзе мы звернемся да постацяў вялікіх дамініканскіх святых, якія маліліся на ружанцы і пашыралі гэтую малітву. Некаторыя ідэі звязаныя з асобаю слугі Божага Фабіяна Малішэўскага ОР, з постацямі св. Ружы з Лімы, св. Людвіка Грыньёна, благаслаўлёнай Марыі Паўліны Жарыко і г.д. Магчыма, хтосьці з чытачоў гэтага артыкула пажадае выказаць арганізатарам кангрэсу свае прапановы адносна тэмаў або кніг, якія варта выдаць па-беларуску да чарговых кангрэсаў.
На заканчэнне хачу падкрэсліць, што вельмі важна заставацца вернымі ружанцовай малітве, незалежна ад настрою і сітуацыі, у якой мы знаходзімся. Не менш важнае і апостальства ў сферы пашырэння гэтай малітвы. Чаму б не заснаваць новую ружанцовую групу ў парафіі, да якой належаць нашыя блізкія, члены нашых сем’яў або нашыя сябры і калегі? Можна запрасіць у новую групу католікаў, якія не ходзяць у касцёл кожную нядзелю — магчыма, гэта заахвоціць іх рэгулярна ўдзельнічаць у святой Імшы. У новай групе, якую я заснаваў летась, моліцца на ружанцы таксама брат пратэстант. Каб заахвоціць чалавека далучыцца да ружанцовай супольнасці, варта прапанаваць яму ўдзел у малітве спачатку толькі на працягу года. Вялікае значэнне маюць таксама малітоўныя інтэнцыі, і сярод іх — узаемная малітва адзін за аднаго. Няхай Маці Божая Ружанцовая вядзе нас да Езуса праз плённае разважанне над ружанцовымі таямніцамі!
— Дзякуй вялікі, айцец Раман, за гутарку і за Ваша асабістае сведчанне.
Размаўляла Крыстына Лялько.