Заўсёды цікава, як жыве Касцёл у іншых краінах, якія цяжкасці перажывае і якія яго добрыя ініцыятывы мы можам прымяніць у сябе. Я паразмаўляла з ксяндзом Яўгеніем Шымановічам, які некалькі гадоў назад працаваў праграмістам у Мінску, а потым паехаў вучыцца на святара ў Аўстрыю. Пасля сакрамэнту пасвячэння кс. Яўгеній служыць у парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім.
— Ксёндз Яўгеній, чаму Вы вырашылі паехаць вучыцца менавіта ў Аўстрыю?
— Я шукаў універсітэт, каб ён даваў добрую багаслоўскую адукацыю. Мае знаёмыя з Заходняй Еўропы параілі мне Вышэйшую філасофска-тэалагічную Школу Бэнэдыкта XVI у Хайлігенкройцы, якая належыць кляштару цыстэрцыянаў. Гэта ўніверсітэт з так званым кансерватыўным падыходам у багаслоўі. Я ведаў, што ў Еўропе ўнутры Касцёла ёсць ліберальныя тэндэнцыі, таму для мяне гэта было важна. Я хацеў паехаць вучыцца далей за Польшчу, каб выйсці за межы польскай багаслоўскай традыцыі. Я скончыў сапраўды добры ўніверсітэт, хаця, можа, варта было б паехаць вучыцца ў ЗША.
— Якія ўражанні былі ў параўнанні з Беларуссю? Што цікавага ўбачылі ў душпастырстве ў Аўстрыі?
— Там шмат пазітыўных момантаў, звязаных з актыўнасцю і арганізаванасцю свецкіх у Касцёле. Але з цягам часу мае ўражанні мяняліся, і сёння я магу сказаць, што ў Касцёле ў Аўстрыі ёсць шмат і негатыўнага, і пазітыўнага. Пачну з таго, што мяне вельмі негатыўна здзівіла, уразіла. Па-першае, так званы лібералізм у Касцёле. Лібералізм менавіта ў адносінах да веры, маралі, да сакрамэнтаў, а не да формаў малітвы. Найбольш яскрава ён бачны ў парафіяльным жыцці: у большасці парафій людзі прыступаюць да святой Камуніі без споведзі, быццам споведзь наогул не патрэбная. Там увогуле душпастыры не звязваюць гэтыя два сакрамэнты. Мяне вельмі здзівіў таксама погляд на грэх. Мне давялося весці ў школе заняткі па рэлігіі. Хацеў дзеткам растлумачыць, што значыць «Марыя, без граху першароднага зачатая», а мне сказалі, што яны пра грэх не гавораць, бо гэта не вельмі д алікатная тэалогія. Здзівілі адносіны да грахоў у сексуальнай сферы… Калі на споведзі хлопец скажа, што спіць з дзяўчынай або пра грэх мастурбацыі, то яму святар адкажа: «Будзь да сябе больш міласэрны. Не такі ўжо гэта і грэх, ты па-іншаму проста паглядзі». Такім чынам, ты можаш лёгка знайсці святара «пад свае грахі», гэта не праблема.
— Атрымліваецца зусім адвольная інтэрпрэтацыя вучэння Касцёла?
— Наогул там вельмі моцна заўважна, што адна справа — праўды веры, а другая — розныя інтэрпрэтацыі багаслоўя ўніверсітэтамі, выкладчыкамі, рознымі людзьмі, якія маюць сваё меркаванне наконт веры. Там вельмі моцны індывідуалізм, рэлятывізм: «мая вера», «маё бачанне», «маё меркаванне».
Важна яшчэ разумець, хто ў парафіях «задае тон». У нас гэта пробашчы, святары, а ў Еўропе гэта і свецкія багасловы, і катэхеты, дарэчы, неабавязкова веруючыя… Святары як наёмныя работнікі, якія мала што вырашаюць пры парафіі. Канешне, так не ўсюды, але гэта масавая з’ява, на жаль. Ды і сярод вялікай часткі святароў таксама пануюць «ліберальныя погляды». Гэта кансерватарам часам трэба напружвацца, каб інтэрпрэтаваць дакументы папы Францішка ў прававерным полі, а лібералы ў Касцёле, наадварот, не разумеюць, як жа Папа дагэтуль не дазваляе аднаполых шлюбаў. І ў выніку жыццё парафіянаў, часта грахоўнае, не падвяргаецца асуджэнню.
Такія адносіны да веры, да сакрамэнтаў вядуць да змяншэння разумення святасці. Успамінаю два такія эпізоды. Першы, калі я прысутнічаў на першай Камуніі ў адной з парафій і ў мяне было адчуванне, што я пабываў на свяце вясёлкі: усе песні пра вясёлку і толькі трошкі пра Езуса. Калі дзіця падыходзіла да святара, ён яму даваў «святы хлеб», не казаў, што гэта Цела Хрыста. Я не ўпэўнены, што яны разумелі розніцу паміж асвячаным хлебам ці вадою… Не ведаю, ці так у кожнай парафіі, але ёсць тэндэнцыя ўсё максімальна спрасціць, а спрашчаючы, ніхто ўжо не разумее сутнасці. Альбо, напрыклад, другі выпадак. У майго прыяцеля тата трапіў у рэанімацыю, дык яму свецкая жанчына ў шпіталь прынесла Найсвяцейшы Сакрамэнт: дастала з задняй кішэні джынсаў і дала. Пры парафіях свецкія вельмі актыўныя, але замест катэхезаў або групаў чытання Бібліі можна ўбачыць шмат рэкламы ёгі, пілатэсу, егіпецкіх танцаў і г.д.
— Раскажыце, калі ласка, пра тое, што спадабалася ў Касцёле ў Аўстрыі.
— Добрыя ініцыятывы былі звязаныя заўсёды з кансерватыўнымі ў дачыненні да навучання Касцёла асяродкамі. Гэта могуць быць абсалютна розныя каталіцкія асяродкі: пачынаючы з прыхільнікаў трыдэнцкай Імшы, заканчваючы харызматычнымі рухамі. Усе яны розныя па форме, больш або менш строгія адносна літургіі, спосабу прапаведавання, але абсалютна кансерватыўныя, прававерныя адносна трактоўкі сакрамэнтаў, маралі і хрысціянскага жыцця. Такія ж у гэтым плане «кансерватары» і пратэстанцкія харызматычныя рухі, якія ў асноўным выступаюць і за дашлюбную чысціню, і супраць гомасексуалізму і г.д., у адрозненне ад ліберальных тэндэнцый, пра якія я ўжо сказаў.
І вось калі гэтая прававернасць ёсць, то ў такіх асяродках ёсць вялікія плады. Напрыклад, падчас вучобы я жыў пры вялікім кляштары цыстэрцыянаў, дзе іх каля ста чалавек. Цыстэрцыяне прытрымліваюцца грыгарыянскай літургіі, што прыцягвае шмат самых розных людзей. У цыстэрцыянаў таксама вельмі актыўная праца з моладдзю: ужо 30 гадоў штомесяц праходзяць моладзевыя сустрэчы, на якія з’язджаюцца 300–400 чалавек. Яны збіраюцца на літургіі, спяваюць грыгарыянскі харал, звычайныя песні ў харызматычным стылі. Ёсць пропаведзь, споведзь, размовы, сумесная малітва. У традыцыяналісцкіх асяродках даволі шмат пакліканняў, актыўная душпастырская праца, асабліва праз скаўцкі рух.
Мяне ўразілі вялікія рухі свецкіх супольнасцяў у Касцёле. Напрыклад, супольнасць Ларэта. Калісьці некалькі мужчынаў з Аўстрыі з’ездзілі ў Меджугор’е і ім там вельмі спадабалася. Яны сталі збірацца раз на тыдзень і маліцца на ружанцы. Гэтак сфармавалася малітоўная група, а потым — сетка групаў. У выніку цяпер гэта вялікая супольнасць з малітоўнымі групамі па ўсёй нямецкамоўнай Еўропе, якая жыве супольнай малітваю на ружанцы, іншымі формамі малітвы, рознай дзейнасцю. Гэтая супольнасць вельмі актыўна займаецца моладдзю, арганізоўвае шмат сустрэчаў. У сваіх рэгіёнах кожная з групаў арганізоўвае маштабнае мерапрыемства для моладзі на вялікія святы: Хрыста Валадара, Спасланне Духа Святога і г.д. У выніку на працягу года ў іх каля 15-ці такіх мерапрыемстваў у розных месцах, на якія збіраецца ад 1000 да 12 тыс. маладых людзей. У арганізацыі дапамагаюць мясцовыя ўлады, людзі ахвотна ахвяруюць на добрыя справы, таксама дапамагаюць хрысціяне з Амерыкі. На працягу 4-х дзён там цэлебруецца штодзённая святая Імша, вельмі шмат лекцый, малітваў праслаўлення, варштатаў. З імі таксама супрацоўнічаюць пратэстанцкія харызматычныя цэрквы, якія дапамагаюць у арганізацыі, і часта хтосьці з вядомых пратэстантаў запрашаецца як спікер на такія івэнты. Зразумела, там усё на вельмі высокім узроўні: музыка, сцэна, святло, арганізацыя, таму моладзі, нават няверуючым людзям, хочацца ў такіх сустрэчах удзельнічаць. Унутры супольнасці арганізуюцца лідарскія курсы, евангелізацыйныя і місіянерскія школы, вялікі акцэнт робіцца на развіццё медыйнай сферы.
Я прывёў прыклад толькі адной з супольнасцяў, але ёсць шмат падобных супольнасцяў, напрыклад, старэйшая супольнасць Эмануэль, якая больш чым на 90% складаецца са свецкіх. Ведаю, што ў Амерыцы ў гэтым плане яшчэ больш маштабна: там свецкія актыўна займаюцца апалагетыкай, змагаюцца з рознымі ліберальнымі тэндэнцыямі.
— З якім настроем і ідэямі Вы прыступілі да працы ў Беларусі пасля вучобы ў Еўропе?
— Я лічу, што парафія павінна стаць добрай сямейнай супольнасцю. Людзі павінны яднацца ў служэннях пры парафіях. Так склалася, што ў нас «клерыкальны» касцёл: у большасці парафій асноўная праца і служэнне ляжыць на святарах, сёстрах, катэхетах. Самае важнае, каб святар у парафіі не быў абыякавым, хацеў нейкага прагрэсу, зменаў, руху, а людзям побач, хто таксама хоча нешта рабіць, трэба падтрымаць святара, бо інакш нічога не выйдзе. Трэба шукаць агульнае і памятаць, што ў любой арганізацыі патрэбны лідар. Можна працаваць у розных кірунках, але ў адным ключы. І калі будзе пэўная каманда людзей побач з пробашчам — гэта ўжо вялікая справа.
Нам трэба звязваць тэорыю з жыццём: тое, што мы ведаем з катэхезаў, з казанняў, мы павінны прымяняць. Калі ў нашым жыцці ёсць толькі нядзельная Імша, то гэта амаль нічога. У парафіях трэба ствараць такія ўмовы, каб чалавек мог перажываць Божую прысутнасць. Яе можна перажываць і праз набажэнствы, напрыклад, адарацыю, праз духоўную музыку. У Касцёле павінна праяўляцца наша вера. Напрыклад, мы можам дзяліцца пладамі малітвы, даваць сведчанні…
Вера праяўляецца і праз адносіны. У нас Касцёл занадта «ананімны»: чалавек прыйшоў і пайшоў. У Касцёле павінны быць свае асяродкі, дзе ёсць камунікацыя: супольнасці, малітоўныя групы, унутры якіх людзі пачынаюць адзін пра аднаго клапаціцца, падтрымліваць, маліцца адзін за аднаго. Людзі сустракаюцца, чытаюць Божае слова і пачынаюць заўважаць Божае дзеянне ў сваім жыцці. Так Касцёл духоўна расце.
І трэцяе, вельмі важнае: Касцёл можа жыць толькі тады, калі ён місіяніруе. Але хто ў нас нейкім чынам місіяніруе? Толькі катэхеты, сёстры, святары. Якія ёсць інструменты для місій? Амаль ніякіх. А павінна быць нейкая магчымасць для місій. Місіяніраваць павінен кожны чалавек у парафіі. Маленькія супольнасці пры парафіі, у якіх задзейнічана большасць парафіянаў, якія маюць за мэту далей расці, могуць быць выдатным інструментам для місій. Напрыклад, ты ўдзельнік малітоўнай групы, але ў цябе яшчэ ёсць прыяцелі з працы, родныя, і ты можаш прыводзіць іх у сваю групу, суправаджаць чалавека на гэтай дарозе. Нават калі адзін чалавек у год прывядзе кагосьці ў Касцёл, гэта ўжо прагрэс. Агульнай справай для ўсіх малых супольнасцяў парафіі можа быць падрыхтоўка дзяцей да Камуніі, моладзі — да бежмавання, арганізацыя супольнага адпачынку, агульны клопат пра дзяцей і г.д. Вось гэта ўжо жыццё Касцёла і яго рух, развіццё. Але пакуль мы проста «ананімна» ходзім у свае парафіі, нічога мяняцца не будзе. Вось з такім настроем я працую ў глыбоцкай парафіі. З Божай дапамогай, спадзяюся, будуць добрыя плады.
— Ксёндз Яўгеній, дзякуй вялікі за размову!
Гутарыла Вольга Адамовіч