«За малітвай праслаўлення стаіць пэўны духоўны досвед людзей, якія ёю моляцца; яны, як правіла, шмат часу прабываюць на асабістай малітве, у слове Божым, у страху Божым, у пакланенні Богу. Гэта ў пэўным сэнсе яднанне Духа Бога і духа чалавека. Не варта легкадумна ставіцца да такіх сур’ёзных рэчаў».
Айцец Аляксандр Жарнасек, марыянін, на працягу 12-ці гадоў праводзіў рэкалекцыі ў Оршы, шматгадовы капелан 12-й калоніі ў Оршы, цяпер працуе ў Росіцы (Віцебская дыяцэзія).
— Айцец Аляксандр, калі я чую, што малітва праслаўлення лёгкая, бо, маўляў, для яе ж і малітоўнікаў не трэба мець і на памяць нічога не трэба ведаць, мне хочацца пярэчыць, бо лічу, што праслаўленне Бога — гэта вельмі адказна. А як Вы лічыце?
— Вы правільна сказалі, што кожная малітва адказная, у тым ліку, калі молімся і па малітоўніку. Калі ж чалавек не адчувае адказнасці, ягоная малітва ператвараецца ў механічнае мармытанне. А зрэшты, калі людзі прыходзяць і на Імшу без належнай падрыхтоўкі, то іх прабыванне на ёй робіцца пасіўным. Чалавек можа заспакойваць сябе, бо вось ён жа нібы памаліўся, а на самай справе павярхоўнае стаўленне да духоўных практыкаў мала прыносіць карысці, бо знешняй форме заўсёды павінен адпавядаць стан духа. А малітва праслаўлення патрабуе яшчэ і дадатковай падрыхтоўкі, бо варта і пра спевы паклапаціцца, і пра адпаведны кірунак малітвы. Калі чалавек усведамляе, што ён знаходзіцца ў Божай прысутнасці, то гэткая малітва запатрабуе ад яго і вялізнай адказнасці. Таму пра тое, што нейкая малітва лёгкая, не можа быць і гаворкі.
— Чалавек, які моліцца гэтай малітвай, павінен добра ведаць Святое Пісанне?
— Кожнаму хрысціяніну пажадана ведаць Святое Пісанне, а на малітве праслаўлення мы часта выкарыстоўваем фрагменты з Бібліі, асабліва псальмы. Дарэчы, значная частка Кнігі псальмаў — праслаўленне.
— Якая роля на малітве праслаўлення адводзіцца спевам? Раней, памятаецца, сярод творчых людзей была амаль што моднай спрэчка пра тое, што´ галоўнае ў песні: словы альбо музыка? Усялякае параўнанне, вядома, кульгае, і ўсё ж: што галоўнае ў малітве праслаўлення?
— Безумоўна, музыка мае важнае значэнне. А што найважнейшае? Усё важна: і словы, і спевы. На малітве праслаўлення, як правіла, выкарыстоўваюцца кароткія спевы, якія шмат разоў паўтараюцца. Гэта дапамагае глыбей удумвацца ў іх сэнс і перажываць. Часам нейкі спеў гучыць вельмі доўга. Музыканты і спевакі, якія ўмеюць карыстацца такой формай малітвы, дапамагаюць такім чынам людзям маліцца сэрцам. Гэта нагадвае літанійную малітву альбо, напрыклад, любімы ўсімі Ружанец. Але, падкрэслю, гэта пры ўмове, калі музыканты ўмеюць гэта рабіць.
— Якім чынам вернік, які трапіць на малітву праслаўлення ўпершыню, можа ў ёй удзельнічаць? Як найлепш яму сябе паводзіць?
— Не так часта гэта здараецца. Знешняя адметнасць малітвы праслаўлення, спантаннасць можа часам выклікаць здзіўленне альбо й непрыняцце ў таго, хто ўпершыню прыйдзе на яе, бо на малітве праслаўлення няма нейкіх строгіх правілаў, калі яе ўдзельнікам, напрыклад, трэба стаяць альбо сядзець, спяваць, прамаўляць нейкія словы. Ты можаш паўтараць за тым, хто вядзе малітву, ягоныя словы, а можаш маліцца сваімі; можаш стаць на калені, калі адчуеш патрэбу пакаяння, альбо, стоячы ў поўны рост, можаш з узнятымі рукамі праслаўляць Бога. Галоўнае тут — стан твайго сэрца і твая шчырасць. Вядома, таму, хто прыйдзе ўпершыню на такую малітву, можа быць трохі нязвыкла. Але не спяшаймася рабіць высновы альбо асуджаць кагосьці, бо вось жа яны асмеліліся рабіць штосьці не так, як ты. Маліся, як умееш, як падказвае табе сэрца. Будзь адкрытым на Божую прысутнасць, Яго наведанне, ласку… Маліся паводле стану твайго духа. Галоўнае — будзь шчырым. У свой час мне гэта дапамагло, калі я толькі пачаў удзельнічаць у сустрэчах руху «Аднова ў Духу Святым».
— Але можна ж таксама прыватна праслаўляць Бога? Калі ты адзін у сваім пакоі?..
— А чаму — не? Я часам люблю гэта рабіць, калі еду ў машыне. Часам малюся ў сваім пакоі. Люблю спяваць тады любімыя спевы, псальмы. А можна і без спеву. Скажам, малітва Ёва: «Пан даў, Пан і забраў; няхай імя Пана будзе благаслаўлёна!» Хіба гэта не малітва праслаўлення? І якая моцная! Альбо гімн Марыі «Магніфікат»… А зрэшты, у малітоўніку ёсць тэкст малітвы праслаўлення, ён пачынаецца словамі: «Хай будзе Бог праслаўлёны…» Але нікому і ніколі не раю ператвараць і гэтую, і іншыя малітвы ў такі своеасаблівы абавязак адгаварыць тэкст і тым самым нібыта выканаць самім жа сабой прыдуманую пастанову. Не забывайма падключаць сэрцы!..
— Часта можна пачуць, што менавіта на малітве праслаўлення адбываецца найбольш аздараўленняў людзей ад самых розных хваробаў. Гэта так?
— Не ведаю, ці найбольш, хоць пра гэта ёсць шмат сведчанняў. Айцец Эмільян Тардзіф, напрыклад, на такіх сведчаннях пабудаваў усю сваю кнігу «Езус жыве». Такія гісторыі не могуць не захапляць. Але, думаю, нам, вернікам, вельмі важна з пакорай прыняць тую праўду, што Бог дзейнічае тады і там, дзе і калі Ён захоча. Аздараўленні могуць адбывацца і ў часе святой Імшы (ёсць такія прыклады), на адарацыі, у выніку самых розных малітваў. А чаму часта аздараўленні адбываюцца менавіта на малітве праслаўлення? Думаю, таму, што для многіх гэтая малітва становіцца малітвай веры, калі чалавек менш засяроджваецца на сабе, а больш адкрыты на Божае дзеянне. Пан Бог па веры робіць многія цуды. Гэтую праўду мы ведаем з Евангелля.
— Слова пазнання, прарочае слова. Часам на малітве праслаўлення некаторыя вернікі атрымліваюць іх ад Пана Бога. Гэта вельмі незвычайныя людзі, амаль святыя?
— Я не звязваў бы гэта выключна з малітвай праслаўлення. Чалавек, які цесна звязаны з Богам, можа атрымаць такое слова ў розны час: на малітве, на Імшы альбо і ў нейкай нават побытавай сітуацыі. А звязваюць іх часта з малітвай праслаўлення, мабыць, таму, што гэтая малітва найбольш папулярная ў каталіцкім руху «Аднова ў Духу Святым». Удзельнікі гэтага руху моцна адкрытыя на Божае дзеянне, многія маюць розныя дары ад Бога. Таму камусьці з іх Пан Бог і можа даць прарочае слова. Але ці абавязкова гэтыя людзі амаль святыя? Не. Бог дае свае дары розным людзям. Адны ўсё жыццё імі карыстаюцца, служаць Касцёлу і людзям, а іншыя могуць і змарнаваць. І прычынаў шмат: ці то сэрца ў чалавека астыне, ці то клопат гэтага свету надта захопіць яго… Мы ж усе грэшныя, усе спатыкаемся, часам падаем. Адны пасля падзення падымуцца і працягваюць свой шлях, а іншыя так і застануцца ляжаць альбо павернуць назад. Згадаю тут прыклад са Старога Запавету, калі да прарока Валаама, які ехаў праклінаць Ізраіль, прагаварыла асліца. Але ж асліца пасля гэтага сама не стала прарокам!
— І ўсе словы пазнання, альбо прароцтва, спраўджваюцца? Але ж здараецца, што яны не пацвердзіліся жыццём? Ці трэба тады сумнявацца ў сумленнасці чалавека, які перадаў табе тыя словы?
— Не ўсё так проста. Гэта вялікая тэма, і адразу тут, мабыць, не ўсё растлумачыш. Для мяне існуе залатое правіла: «Калі, Пане Божа, гэта ад Цябе, то прымаю, калі ж не, то ў імя Езуса Хрыста выракаюся пачутага». Трэба яшчэ разумець, што часам спаўнення нейкага слова ад Бога людзі чакалі і чакаюць гадамі, дзесяцігоддзямі і нават стагоддзямі. І таму не варта кідацца на танныя сенсацыі, але і легкадумна ставіцца да Божых напамінаў таксама не варта. Трэба чуваць, жыць Божым словам, прасіць заўсёды святла Духа Святога — тады будзе менш небяспекі ўблытацца ў нейкія непамысныя гісторыі.
— Ну і асабістае пытанне: Вы самі любіце гэтую малітву? Часта ёю моліцеся?
— Я больш маліўся ёю, калі вучыўся і ўдзельнічаў у харызматычным руху «Аднова ў Духу Святым». Тады, адкрываючы для сябе дзеянне Святога Духа, я палюбіў і гэтую малітву. Пазней жа пачаў адкрываць Яго дзеянне ў розных праявах духоўнага жыцця: пры чытанні Божага слова, разважанні над ім, на асабістай малітве. Інакш кажучы, роля і дзеянне Святога Духа для мяне ўжо не звязаныя з нейкай групай людзей, формай малітвы альбо з асаблівымі практыкамі. Але пры нагодзе я з радасцю праслаўляю Бога і на нашых аршанскіх «Вінаградніках» і, калі надараецца, у нейкіх іншых месцах. Часам малюся прыватна, дзякуючы Богу і праслаўляючы Яго.
— Цяпер часта можна пачуць, як то ў адным, то ў другім месцы запрашаюць на малітву праслаўлення. Я разумею, што яна спантанная, што правілаў ці канонаў для яе няма. І ўсё ж: ці заўсёды гэта малітва праслаўлення? Ці не адбываецца часам падмена паняццяў?
— Ёсць такая праблема. Цяпер, калі з дапамогай інтэрнэту можна глядзець многія малітвы праслаўлення пратэстантаў, некаторыя католікі пачынаюць паспешліва капіраваць іх. Але ці варта гнацца за знешнімі праявамі? Гэткім чынам можна згубіць штосьці вельмі істотнае. У большасці поўнаевангельскіх пратэстанцкіх супольнасцяў няма літургіі, малітва праслаўлення — асноўнае, што іх яднае. У нас жа багаты досвед розных духоўных практыкаў. Дык ці варта яшчэ слепа гнацца за знешнімі праявамі, каб проста кепска наследаваць іх? Развучыць адну, другую, трэцюю песеньку, весела, у тэмпе яе праспяваць, узняўшы ўгору рукі, — гэта амаль нішто. Я разумею, што моладзь прагне чагосьці жывога, яркага… Ну і чаму б не арганізаваць у такім разе проста канцэрт хрысціянскіх спеваў? Няхай людзі слухаюць, прымаюць альбо не прымаюць. Але навошта штосьці такое называць малітвай праслаўлення? За гэтай малітвай стаіць пэўны духоўны досвед людзей, якія ёю моляцца; яны, як правіла, шмат часу прабываюць на асабістай малітве, у слове Божым, у страху Божым, у пакланенні Богу. Гэта ў пэўным сэнсе яднанне Духа Бога і духа чалавека. Не варта легкадумна ставіцца да такіх сур’ёзных рэчаў, хоць, памятаю, давялося мне аднойчы быць на канцэрце хрысціянскай музыкі і спеваў, які цалкам ператварыўся для мяне ў малітву. Ёсць такая група ў Польшчы — «2ТМ 2,3 (Тыматэўш)». Гэта людзі, якія перажылі бурнае навяртанне, за чыімі плячыма ўжо на той час было так шмат! Што гэта быў за канцэрт! Паўтары гадзіны, колькі ён доўжыўся, я проста маліўся!.. У аснове большасці тэкстаў гэтай групы найперш ляжыць слова Божае, прапушчанае імі праз сэрцы, праз жыццё. І ў выніку — выключна моцны водгук слухачоў. Такое не забываецца! Таму на заканчэнне нашай гутаркі паўтару ўжо сказанае: не забывайма падключаць сэрцы!
Гутарыў Адась Чаронка