У той час, калі некаторыя свецкія СМІ наперабой абвяшчаюць даты канца свету і тлумяць людзям галовы гэтымі «прадказаннямі», мы, хрысціяне, павінны скіраваць свае разважанні на духоўную сутнасць моманту непасрэднай сустрэчы з Панам і Апошняга Суду. Прапануем вам, шаноўныя чытачы, пераклад апублікаванага ў часопісе «W drodze» інтэрв’ю а. Рамана Бялецкага ОР з польскім святаром, дагматыкам і аўтарам шматлікіх тэалагічных працаў Гжэгажам Стшэльчыкам.
— Калі настане канец свету?
— Невядома. Езус як чалавек таксама гэтага не ведаў.
— Гэта мы як святары так гаворым.
— Не, так кажа Езус у Евангеллі: «Пра дзень той або гадзіну ні анёлы ў небе, ні Сын, ніхто не ведае, а толькі Айцец» (Мк 13, 32). Гэта адзіны момант, калі Езус прама сцвярджае, што чагосьці не ведае. <…>
— Было б лепш, калі б мы ведалі дату канца свету. Усе б навярнуліся да Бога.
— Я думаю, справа ў свабодзе. Калі б мы ведалі дату сваёй смерці, то гэта істотна паўплывала б на наша жыццё.
— Напэўна, гэта добра?
— Не ведаю, ці жадае Пан Бог даваць такі моцны матывацыйны стымул. Хутчэй, для Яго важна, каб чалавек любіў, не змушаны непазбежнасцю блізкага суду.
— У такім выпадку навошта гэтае эмацыйнае паўтарэнне: «Чувайце!»? З аднаго боку — свабода, аднак з другога — запалохванне, што калі мы не чуваем, то гэта дрэнна. <…> Калі б гэта не было важна, мы не звярталі б на гэта ўвагі.
— Згодны, аднак хто пісаў Евангелле? Людзі, сярод якіх не стала Жаніха і якія памяталі, наколькі з Ім было добра. Прагненне, каб Ён вярнуўся, у іх вельмі жывое. У параўнанні з першымі хрысціянскімі супольнасцямі нашыя ўяўленні пра канец свету і яго наступствы часам зусім іншыя. Цэлыя стагоддзі ў Касцёле страшылі судом і пакараннем. Гэта быў метад маральнага выхавання, бо інакш мала што дапамагала. Не дзіўна, што сёння на слова «суд» ніхто не рэагуе радасна.
<…> Праблема ў тым, што наступствам выхавання ў страху стала скажэнне вобразу Бога. Сёння мы па-іншаму ўспрымаем праўды веры, але Бог па-ранейшаму ўяўляецца нам як паліцэйскі, што падсцерагае нас з радарам у кустах. На маю думку, гэта адна з прычынаў крызісу хрысціянства, які мы цяпер перажываем. <…>
У старажытнасці суд азначаў спрэчку, у якой трэба было аддзяліць праўду ад фальшу. Гэтак жа, як у прыпавесці пра пшаніцу і каласоўнік (пар. Мц 13, 24–30). Адно і другое расце ў нашай душы адначасова. На судзе Бог канчаткова аддзеліць іх і вырве з нас пустазелле. Гэта можа быць балюча, бо мы ж ведаем, як цяжка перамагчы зло ў сабе ўжо тут, на зямлі. <…>
— Аднак мне не дае спакою тое, што мы пакідаем без увагі вучэнне прарокаў. Іх прадказанні вельмі красамоўныя. Малахія кажа пра дзень, палаючы, як печ (Мал 3, 19), Сафонія — пра знішчэнне ўсяго з паверхні зямлі (Саф 1, 2).
— Схільнасць да перабольшвання — гэта рыса мовы прароцтва.
— Гэта не перабольшванне, гэта апісанне дня Божага гневу.
— Мы мусім прыняць пад увагу эвалюцыю вобраза Бога, пачаўшы ад найстарэйшых пластоў Старога Запавету да моманту напісання Евангелля. Гэты перыяд ахоплівае каля 1200 гадоў, падчас якіх адбываецца істотная эвалюцыя ў мысленні.
Найперш чалавек быў упэўнены, што Бог помсціць сынам за грахі бацькоў да дванаццатага пакалення і знішчае праціўнікаў выбранага народа. Такое перакананне меў Ізраэль: Бог у пэўны момант не вытрымаў і, улічваючы тое, што суседнія народы мучаць Ізраэль, расправіўся з імі.
— Мы таксама часам так думаем: «Цяпер то няма справядлівасці ў свеце, але калісьці ўсе рахункі выраўняюцца».
— І Пан Бог знішчыць тых, іншых, дрэнных і бязбожных. Мы ўвесь час іншых адсылаем у пекла.
— Але ў свеце сапраўды шмат несправядлівасці.
— Згодны. І мы маем чалавечую патрэбу яе ліквідаваць, а Бога робім гарантам гэтай нашай справядлівасці.
— А гэта не так?
— Не. У прыпавесці пра работнікаў вінаградніку кожны атрымлівае па адным дынары незалежна ад таго, калі ён прыйшоў працаваць.
— У такім выпадку няпраўдаю з’яўляецца тое, чаму мы вучыліся на катэхезе: Бог — справядлівы Суддзя, які за дабро ўзнагароджвае, а за зло карае?
— Толькі дзеці ў Польшчы гэтаму вучыліся [і ў Беларусі. – Заўв. рэд.]. Гэта ўвайшло ў нашую катэхезу, здаецца, на падставе аднаго віленскага катэхізіса першай паловы ХІХ стагоддзя і з часам пачало перапісвацца ў польскіх тэкстах.
— Але ж гэта адна з шасці праўдаў веры.
— Невядомая па-за Польшчаю.
— Гэта цікава.
— Зазірнем у «Кампендый Катэзіхіса Каталіцкага Касцёла», у якім ёсць так званы «Малы Катэхізіс». У яго ўваходзяць асноўныя малітвы, акты веры, надзеі, любові і гэтак далей. Знайдзіце ў ім, калі ласка, шэсць праўдаў веры.
— Ну, добра, разумею — няма.
— І ніколі не было.
— Дык адкуль гэта ў нас узялося?
— Выпадкова.
— Нічога сабе выпадак, які паўплываў на цэлыя пакаленні!
— Невядомы нам аўтар стварыў кампендый, своеасаблівы катэхізіс для прыватнага карыстання, каб хутка і эфектыўна выкараняць памылкі асветніцтва, а ўслед за ім усе гэта капіявалі.
— Вы хочаце сказаць, што шэсць праўдаў веры непраўдзівыя?
— Дзе змешчаныя праўды веры? У якім тэксце?
— У «Credo».
— Канец, кропка. Ці гаворыцца там пра справядлівую Божую кару? Не. Там ідзе гаворка пра адпушчэнне грахоў і пра тое, што Бог прыйдзе судзіць жывых і памерлых. Няма ні слова, што Ён прыйдзе справядліва караць за зло і ўзнагароджваць за дабро.
— У такім выпадку застанемся пры вучэнні катэхізіса. У ім напісана, што будуць два суды (арт. 1020 і наст.). Адкуль мы ведаем, што два, і чаму не тры?
— Да гэтага пераканання мы дайшлі дзякуючы веры ў еднасць святых. З догмату пра поўнае шчасце збаўленых пасля смерці вынікае, што частка людзей ужо дасягнула канчатковага стану поўнага з’яднання з Богам, нягледзячы на тое, што яшчэ не адбыўся Апошні Суд. <…>
— На якой падставе?
— Мяркую, што сам факт сустрэчы з Хрыстом будзе судом. Менавіта ў гэты момант чалавек вырашыць, ці хоча з Ім быць, ці не.
— Не ўяўляю сабе таго, хто не захоча быць з Хрыстом, а значыць не захоча быць з любоўю, міласэрнасцю, далікатнасцю, чуласцю…
— Нават тады, калі Ён будзе мець аблічча агіднага жабрака?
— Гэта не адзіны вобраз, які прыходзіць у галаву.
— Не адзіны, але калі мы чытаем апісанне суду (гл. Мц 25, 31 і наст.), то там падаецца менавіта такі крытэрый: быў галодны, быў чужацемцам, быў у вязніцы. Напэўна, калі б мы ўбачылі Яго ў бляску і хвале, то кожны адчуў бы ў гэтым карысць і без вагання сказаў бы, што хоча з Ім быць. <…>
— А што з судом нумар два? Чаго ён будзе датычыць?
— Падчас яго стануць яўнымі ўсе наступствы нашых дзеянняў. Не заўсёды яны вядомыя ў момант нашай смерці. Як нашае дабро, так і нашае зло цягнецца за намі яшчэ доўга — у нашых дзецях, вучнях, калегах ці знаёмых. Апошні Суд будзе адным вялікім выкрыццём. Я буду ведаць, хто мяне пакрыўдзіў і каго я пакрыўдзіў, буду ведаць, хто мне зрабіў дабро і каму я зрабіў дабро. І ўсё гэта ў перспектыве Божай міласэрнасці. <…>
— А навошта выкрываць наступствы?
— Каб усё для ўсіх стала яўным. Каб можна было перажыць міласэрнасць таксама ў сустрэчы з тымі, каго мы пакрыўдзілі, і з тымі, каму прабачылі крыўды. <…>
— Ці чакаеце Вы канца свету?
— Так, бо я глыбока перакананы, што мой уласны суд над самім самою не зусім праўдзівы. Спадзяюся, што я буду асуджаны, гэта значыць, што Бог вычысціць ува мне ўсе тыя глупствы, якія я пра сябе думаю, паздымае напластаванні інтэрпрэтацый, абарончых панцыраў і невядома чаго яшчэ. Гэта будзе балюча, але я, напэўна, сапраўды нічога так не чакаю, як таго, каб яны былі знятыя.
Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка
Паводле: «W drodze», № 1, 2017