Кангрэгацыя Сясцёр Кананічак Духа Святога

Часам нечаканыя сустрэчы прыводзяць да глыбокіх разважанняў і адкрыццяў. Для мяне паездка на канферэнцыю ў Кракаў стала такім адкрыццём. Вядома, паездка ў Кракаў — гэта заўсёды падзея, але на гэты раз здзіўленне выклікалі не сам горад і мэта паездкі. З дапамогаю сяброў наша невялікая група спынілася ў кляштары Кангрэгацыі Сясцёр Кананічак Духа Святога. Мы трапілі ў дзіўны свет сясцёр духачак (так у Польшчы называюць гэтых сясцёр). Сама атмасфера кляштара ўжо з’яўляецца чымсьці своеасаблівым, а для нас, свецкіх людзей, якія ўвесь час некуды спяшаюцца, увесь час стомленыя і заклапочаныя, яна стала лекам ад штодзённай мітусні. Сёстры прынялі нас вельмі шчыра і гасцінна, з сапраўднаю хрысціянскаю любоўю. Для некаторых з нас, хто не быў знаёмы з каталіцтвам, сёстры сталі яшчэ і сведкамі жывой веры. Я сама з задавальненнем паглыбілася на некалькі дзён у малітоўны супакой і цішыню, якая сапраўды лечыць і ўмацоўвае.

Нечакана трапіць у кляштар сясцёр духачак напярэдадні Дня хворых было вельмі актуальным. Кангрэгацыя Сясцёр Кананічак Духа Святога ўзнікла ў Францыі ў канцы XII стагоддзя. Сёстры абралі сабе за правіла дапамагаць усім, хто мае ў гэтым патрэбу, асабліва хворым, таму манашкі давалі дадатковыя абяцанні: яны апекаваліся пакутуючымі і беднымі, асабліва цяжарнымі жанчынамі і дзецьмі. Цікава, што ўжо тады пры іх шпіталях былі адведзеныя месцы для кінутых дзяцей, дзе іх выходжвалі, выхоўвалі і вучылі. Атрымліваецца, што  «вокны  жыцця», якія пачалі адкрывацца па ўсім свеце з мэтаю прадухілення забойства нежаданых або кінутых дзяцей, не сучаснае гуманнае вынаходніцтва, а толькі працяг справаў міласэрнасці манаскай традыцыі. У 1204 годзе Святы Айцец Інацэнт III запрасіў кангрэгацыю заняцца рымскім гарадскім шпіталем, які стаў прыкладам добрых адносінаў да хворых. Праз некаторы час гэта кангрэгацыя адкрыла па ўсім свеце сотні прытулкаў і шпіталяў, у якіх заўсёды знаходзілі дапамогу, апеку і падтрымку ўсе, хто меў у іх патрэбу, незалежна ад веравызнання і сацыяльнага статусу. Цікава, што ў многіх кутках свету гэта былі першыя шпіталі, і дзіўна, што простая гісторыя кляштара глыбока раскрывае сутнасць і гісторыю Касцёла,  гісторыю міласэрнага стаўлення да чалавека праз канкрэтныя справы і ўчынкі міласэрнасці на працягу многіх стагоддзяў.

Сорамна прызнацца, але я ніколі не задумвалася над тым, што манаскія супольнасці спрадвеку адкрывалі шпіталі і кіравалі імі. Гэта  яны першымі будавалі сістэму аховы здароўя і сацыяльнай дапамогі. Маё сэрца напаўняецца гонарам за наш Касцёл, у якім гэтыя формы дапамогі і любові да бліжняга працягваюцца ў штодзённай працы сясцёр. Сёння манашкі Кангрэгацыі Сясцёр Кананічак Духа Святога, як і шмат гадоў назад, спяшаюцца да хворых, працуюць урачамі і медсёстрамі ў шпіталях, дамах састарэлых і дамах дзіцяці, выхавальніцамі і настаўніцамі ў школах, у дамах самотных маці, несучы не толькі фізічную палёгку падчас пакутаў, а перш наперш — спачуванне і духоўнае суцяшэнне, вельмі неабходнае хворым і абяздоленым людзям.

Ведаю, што манаскіх супольнасцяў, якія займаюцца хворымі, цяпер шмат, і ў нас, у Беларусі, яны таксама ёсць, таму хочацца, каб іх заўважылі менавіта напярэдадні Дня хворых. А яшчэ хочацца падзякаваць законным сёстрам за іх ахвярную працу, якую мы часта не заўважаем ці нават ігнаруем, за іх маўклівае сведчанне любові Хрыста да ўсіх пакутуючых, за іх пакліканне. Хацелася б, каб такіх пакліканняў было яшчэ больш, каб усім, хто пакутуе, была своечасова працягнута рука міласэрнай дапамогі.


Ірэна Шмак, Мінск.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней