Ордэн баніфратраў яшчэ называюць шпітальным, бо яго асноўны харызмат — праца ў шпіталях, дапамога хворым, церпячым. Заснавальнікам ордэну быў святы Ян Божы з Гранады. Калісьці на Беларусі гэты ордэн таксама быў вельмі распаўсюджаны. Мінск, Гродна, Наваградак, Ракаў, Высокае — вось няпоўны пералік месцаў, дзе працавалі шпітальныя браты. Але пасля ўваходу нашай краіны ў склад Расійскай імперыі ордэн быў цалкам скасаваны. Па сённяшні дзень супольнасці баніфратраў у нас няма. Затое ёсць пакліканні ў гэты ордэн. Іх няшмат, але яны ёсць. Адзін з гэтых нямногіх — Антон Юран, які цяпер носіць імя брат Эммануэль. Сёння ён наш суразмоўца.




— Брат Эммануэль, пачнём размову з Вашага паклікання. Раскажыце крыху пра сябе і пра тое, як Вы выйшлі на гэтую сцяжынку, што прывяла Вас да баніфратраў.

— Я нарадзіўся і жыў у Мінску. У нашай сям’і вера не практыкавалася. У 18 гадоў я паступіў у медыцынскі ўніверсітэт. Менавіта ў гэты час пачаў задумвацца над сэнсам жыцця, сэнсам цярпенняў. Я моцна захварэў і ляжаў  у 5-й бальніцы Мінска. Да нас прыходзілі вернікі, у асноўным з пратэстанцкіх цэркваў. Агітавалі. Але мяне ўжо тады прывабліваў Касцёл. Мне падабалася тут мастацтва, архітэктура, музыка. Вырашыў пайсці на ўрокі катэхізацыі ў Чырвоны касцёл. Трапіў да Марыі Лясніцкай, якая запаліла мяне сваёю жывою вераю. Я пачаў чытаць духоўную літаратуру, пайшоў у пілігрымку ў Будслаў. На сваю першую споведзь трапіў да біскупа Кірыла Клімовіча, які працаваў тады ў Мінску. Гэта таксама было для мяне вялікай ласкай. Усё больш і больш я ўцягваўся ў касцёльнае жыццё, але, шчыра кажучы, не адчуваў еднасці з людзьмі, якія прыходзяць, як і я, на святую Імшу раз на тыдзень. Душа патрабавала нечага большага. Пачуў пра Легіён Марыі, прыйшоў паглядзець і застаўся.

На III — IV курсах медуніверсітэта пачаў чытаць пра ордэны езуітаў, капуцынаў, дамініканаў. У гэты ж перыяд мне трапілася ў рукі кніжка «Нищий из Гранады» пра жыццё св. Яна Божага, якая мяне вельмі ўзрушыла. Потым у каталіцкай энцыклапедыі прачытаў пра Ордэн баніфратраў і зразумеў, што гэта маё. Менавіта тут можна ідэальна злучыць пакліканне з прафесіяй, якую я люблю. Я скантактаваўся з ордэнам у Варшаве, а потым паехаў да іх на рэкалекцыі. Бацькі мае былі катэгарычна супраць, але я паабяцаў ім, што пакуль не скончу медуніверсітэт, нічога ў жыцці мяняць не буду. Пасля заканчэння ўніверсітэта я нейкі час працаваў участковым тэрапеўтам у 8-й паліклініцы Мінска. 17 студзеня 2008 года паехаў у кляштар баніфратраў у польскі горад Лодзь, а 19 сакавіка 2011 года склаў першыя законныя шлюбы.

Падчас складання
першых манаскіх шлюбаў.

— На гэтым няпростым шляху паклікання, напэўна, каля Вас былі духоўныя асобы, якія дапамагалі, накіроўвалі, вялі?

— Безумоўна. Неяк на моладзевых рэкалекцыях, якія праходзілі ў доме сясцёр уршулянак у Навінках, я сустрэўся з айцом капуцынам Арыюшам Малыскам, які ў хуткім часе стаў маім духоўным настаўнікам. Убачыўшы маю ўпэўненасць і цвёрдасць адносна Ордэну баніфратраў, ён стаў дапамагаць у здзяйсненні маёй мары. Аднойчы вельмі цвёрда сказаў: «Усё, няма чаго цягнуць. Едзь!» І я паехаў.

— Ну і як яно — жыццё ў кляштары? Раскажыце крыху пра расклад дня, ці  хутка адаптаваліся?

— Напачатку было вельмі цяжка, няпроста адразу перайсці на  схематызаваны лад жыцця. Ёсць графік, і ты павінен упісвацца ў яго. Звычайна а 6-й рана — сумесная малітва і разважанні ў капліцы, потым — святая Імша, сняданне. Затым усе разыходзімся выконваць свае абавязкі, хто ў шпіталь, хто ў аптэку, хто на вучобу і гэтак далей. Ёсць малітва ў сярэдзіне дня і вечарам. Вось так вакол малітвы і круціцца нашае жыццё. Вопыт працы ў Легіёне Марыі вельмі дапамагаў, жыццё было ўжо больш сістэматызаваным, была практыка рэгулярнай споведзі, рэгулярнай малітвы і карысны вопыт быцця ў супольнасці.

— Вашыя абавязкі ў ордэне звязаны з прафесіяй урача?

— У мяне пакуль няма дазволу працаваць урачом. Мой дыплом у Польшчы неабходна пацвердзіць. Вучуся завочна і часова працую ў Доме састарэлых і інвалідаў. Мае абавязкі: пакарміць нямоглых, апрануць іх, пераслаць пасцель, памяняць памперсы і гэтак далей.

— Брат Эммануэль, Вы гарадскі сучасны малады чалавек — і вось такое служэнне... Міжволі ўспамінаецца святая Маці Тэрэза з Калькуты. Ваш і яе ордэн, напэўна,  нечым падобныя?

— Думаю, што нашу працу нельга параўноўваць з працай, якую рабіла святая Маці Тэрэза. Яна сутыкалася з крайняй беднасцю і крайнім цярпеннем. У нас жа людзі больш дагледжаныя, ніхто з іх не цярпеў галечу, голад. Так, бываюць пролежні, непрыемны пах, іншыя праблемы... Мяне гэта не палохае, я люблю працаваць з людзьмі. Мне прапаноўвалі служэнне ў аддзяленні герыартрычнай рэабілітацыі, а таксама ў аптэцы і нават на кухні, але мне падабаецца тут.

— Ці збіраецеся стаць святаром?

— Не! Наш ордэн вельмі адметны, 90% братоў не прымаюць святарскія пасвячэнні. А таксама, апроч трох звычайных шлюбаў — чыстасць, убоства і паслухмянасць — у нашай супольнасці складаецца шлюб шпітальнасці (служэнне хворым).

— Колькі вас усяго ў Польшчы?

— У Польшчы 13 дамоў Ордэну баніфратраў, у якіх жывуць каля 80-ці  братоў. У кляштары звычайна ад 8-мі да 13-ці братоў. Маем місійныя пляцоўкі ў Драгобычу (Украіна) і ў Назарэце. Ва ўласнасці ордэну — чатыры шпіталі, дамы састарэлых, дамы апекі для псіхічна хворых людзей, аптэкі, сталоўкі для бяздомных. Вядома, без свецкіх людзей, без супрацоўніцтва з дзяржавай мы не змаглі б існаваць і развівацца.

— Дарога паклікання не бывае лёгкаю і простаю, бо гэта своеасаблівы шлях да святасці. Аднак гэта і шчаслівая дарога, праўда?

Брат Эммануэль з бацькам,
сваякамі і знаёмымі

Сапраўды, пакліканне — гэта не дакумент на ўсё жыццё. Гэта такі дар, які трэба берагчы, працаваць над ім да самай смерці. Ніхто за мяне гэтага не будзе рабіць. У хвіліны вялікіх цяжкасцяў, непаразумення з братамі і з самім сабою раптам з’явіцца думка: калі Касцёл складаецца з такіх недасканалых людзей, як я, і, калі столькі вякоў яго ніхто не знішчыў, хаця жадаючых было шмат, то сапраўды Бог чувае над усім. Разумею, што вельмі важна быць сведкам Хрыста, а не наадварот. Бачыць сваю слабасць і недасканаласць. Умець будаваць адносіны з Богам і быць шчаслівым з Богам. Я, напрыклад, шчаслівы, што займаюся канкрэтнай працай з канкрэтнымі людзьмі, а таксама ад таго, што магу прычыніцца да выканання евангельскіх парадаў: накарміць галоднага, адзець нагога, наведаць хворага.

 — Дзякую за размову, брат Эммануэль. Поспехаў Вам на няпростай дарозе паклікання. Вельмі б хацелася, каб беларускія браты баніфратры разам з Вамі хутчэй вярнуліся на радзіму.


Размаўляла Галіна Калевіч.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней