Уваскрэснем з Хрыстом! Гутарка з сястрой змёртвыхпаўстанкай Магдаленай Дзявульскай

Гутарка з сястрой змёртвыхпаўстанкай Магдаленай Дзявульскай.

— Сястра Магдалена, калі я думала, з кім можна пагутарыць для нашага часопіса пра змёртвыхпаўстанне Езуса Хрыста, адказ адразу ўсплыў на паверхню. З кім яшчэ гаварыць, калі не з сястрой змёртвыхпаўстанкай? І маё першае пытанне: чаму Вы сталі менавіта змёртвыхпаўстанкай?

— А я нарадзілася ёю (смяецца). Так, так, я нарадзілася ў парафіі Змёртвыхпаўстання Панскага ў Польшчы, там жа была ахрышчана, прыступіла да Першай святой Камуніі, прыняла сакрамэнт бежмавання. Таму ад самага нараджэння уваскрослы Езус фармаваў мяне для таго, каб я стала сястрой змёртвыхпаўстанкай. Думаю, гэта лагічна, што я ўступіла менавіта ў гэтую манаскую супольнасць. Штосьці мне падказвала, што ў ёй я буду шчаслівая.

—А што для Вас азначае само Змёртвыхпаўстанне Хрыста? Як Вы яго разумееце і перажываеце?

— Змёртвыхпаўстанне — гэта радасць і шчасце. Інакш і быць не можа, бо Хрыстус паўстаў з мёртвых, перамог смерць і шатана. Калі чалавек усведамляе гэта ў поўні, ці ж можа ён не радавацца? Уваскрослы Хрыстус пасылае мяне, як і Магдалену з Евангелля (яна, дарэчы, мая апякунка), каб я таксама несла людзям вестку пра Яго змёртвыхпаўстанне, пра Яго перамогу над злом і грахом, пра Ягоную жывую прысутнасць у свеце. Кожная змёртвыхпаўстанка пакліканая быць радаснай сведкаю змёртвыхпаўстання, а гэта значыць гаварыць пра Божую Любоў і паказваць людзям, дзе можна гэтую Любоў сустрэць, — у Касцёле, у Божым слове, святых сакрамэнтах, у іншым чалавеку.

Змёртвыхпаўстанне — гэта перамога і надзея. Як Хрыстус змёртвыхпаўстаў, так і мы ўваскрэснем. І тады будзем вызваленыя ад усяго, што нас прыгнятае, баліць нам, а часам і адбірае ахвоту жыць.

Змёртвыхпаўстанне Хрыста — гэта дасканалае выкананне Божай волі ва ўсім жыцці, у садзе Аліўным, на Галгоце. Змёртвыхпаўстанне Хрыста дапамагае чалавеку на ягоным шляху да збаўлення, дае яму надзею.

— «Праз крыж і смерць — да змёртвыхпаўстання і хвалы» — такі дэвіз вашай манаскай супольнасці. Як на практыцы ажыццяўляецца гэты дэвіз?

— Гэты дэвіз напісаны на крыжы, які мы, сёстры змёртвыхпаўстанкі, атрымліваем у дзень складання вечных шлюбаў і носім потым штодня на манаскім габіце. У гэтых словах — змест пасхальнай таямніцы, якой мы мусім жыць. Плёнам змёртвыхпаўстання Хрыста з’яўляецца тое, што я магу кожны дзень ажыццяўляць сваё духоўнае змёртвыхпаўстанне.

— Што гэта азначае?

— Я імкнуся так прымаць розныя цяжкасці ў сваім жыцці, каб не губляць ахвоты да жыцця, радасці, а наадварот, штодня ажыўляць у сабе гэтую радасць і жаданне жыць для іншых. У гэтым — сутнасць духоўнага змёртвыхпаўстання, якое можа ў нас умацавацца дзякуючы той сіле, што бярэ свой пачатак з пустой Грабніцы Збаўцы. Заснавальніца нашай супольнасці, благаслаўлёная Цэліна Бажэнцкая, казала: «Як жа гэта прыгожа — быць у гэтым жыцці ў змёртвыхпаўстанні!». Мы не проста чакаем таго ўваскрасення, якое здзейсніцца напрыканцы часоў, а ўжо цяпер, на зямлі, у нашым штодзённым жыцці можам здзяйсняць у сабе духоўнае ўваскрасенне.

Жыць таямніцай уваскрасення — азначае не дазваляць, каб праблемы, якія мы перажываем, адабралі ў нас радасць жыцця і надзею. Гэта не проста. Але як жа гэта напаўняе шчасцем душу, калі ўдаецца разам з Хрыстом перамагаць свае слабасці і грахі!

— Што найбольш успамінаецца Вам са святкавання Вялікадня ў Вашай сям’і?

— Гэтаму святу для мяне заўсёды папярэднічала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў Вялікую пятніцу. Гэта была асаблівая малітва, без якой немагчыма было ўявіць святкаванне Вялікадня. Усёй сям’ёй мы заўсёды ўдзельнічалі ў рэзурэкцыі, святочнай працэсіі. З ранняга маленства я ўдзельнічала ў святой Імшы, хоць і цэлебравалася яна а 6-й раніцы. Не забыць тую радасць, што напаўняла тады сэрца, — Хрыстус паўстаў з мёртвых!

— Вы ўжо працяглы час служыце на Беларусі, у Наваполацку. Ці моцна адрозніваецца тое, як перажываюць гэтую ўрачыстасць у нас, ад святкавання на Вашай радзіме, у Польшчы?

— Я служу ў Наваполацку ўжо каля дваццаці гадоў. Думаю, няма вялікай розніцы. Літургія такая ж, людзі прыязныя. Можа, толькі бракуе людскога натоўпу ў касцёле...

— Служыць Хрысту ў манастве — ці вельмі гэта складана?

— Чалавечае жыццё ўвогуле няпростае. Часта людзі кажуць пра тое, што яны не разумеюць, як можна жыць без мужа, без дзяцей… Але я абрала Езуса! Ён заўсёды верны, Ён ніколі не здраджвае, Ён з любові да мяне аддаў сваё жыццё! Я не нарадзіла дзіцяці, але я маю тысячы духоўных дзяцей, якім я дапамагаю жыць верай, любоўю, надзеяй… Не, я ні з кім не памянялася б сваім пакліканнем.

— Што прыносіць Вам найбольшую радасць у пакліканні і служэнні?

— Я шчаслівая, калі мне ўдаецца дапамагчы камусьці сустрэць Жывога Бога.

— А што найбольш засмучае?

— Калі людзі не жадаюць адкрыць сваіх сэрцаў для Любові, калі яны трактуюць сваё хрысціянства фармальна: па­хрысцяць дзяцей, давядуць іх да Першай святой Камуніі і на тым заканчваецца іх хрысціян­ства. Вельмі шкада мне такіх людзей, часта малюся за іх, каб Бог знайшоў дарогу да іх сэрцаў.

— Хто можа належаць да Апостальства змёртвыхпаў­стання? І якія абавязкі апосталак?

— Ад пачатку заснавання нашай манаскай супольнасці існуе таксама і супольнасць свецкіх жанчын, моцна злучаных з намі. Іх называюць апосталкамі змёртвыхпаўстання. Яны жывуць звычайным свецкім жыццём, маюць свае сем’і, працуюць, але ў духоўным жыцці асаблівым чынам чэрпаюць сілы з нашай пасхальнай духоўнасці. Пры нашай манаскай супольнасці ў Наваполацку ёсць дзевяць апосталак: пяць — з нашага горада і чатыры — з бліжэйшых ваколіцаў. Раз на месяц мы сустракаемся ў нашым кляштары і перажываем дзень малітвы. Яны — нашы надзейныя памочніцы. Мэта іх духоўнага жыцця падобная да нашай: аддаваць Богу хвалу жыццём і працай, паўсюль сведчыць, што Хрыстус — наша надзея і радасць. Апосталкай змёртвыхпаўстання можа стаць кожная жанчына, якая прагне распазнаваць і выконваць Божую волю ў штодзённым жыцці і прагне жыць духам нашай супольнасці.

— Нядаўна я перачытвала кнігу Эміліяна Тардзіфа «Езус жыве!», і запалі мне ў душу такія яго словы: «Ніхто не здолее стаць сапраўдным сведкам Евангелля, калі сам не перажыў досведу новага ладу жыцця, які прыносіць Езус Хрыстус». Скажыце, ці перажылі Вы асабіста досвед уздзеяння Жывога Бога на Вашае жыццё?

— Я вельмі выразна адчула дзеянне Жывога Бога, калі мне было 19 гадоў і я пачула ў сваім сэрцы Ягоны голас: «Ідзі за Мной». Я, як і большасць маіх равесніцаў, марыла, што буду мець добрую хрысціянскую сям’ю. І тут раптам пачула ў сэрцы, што Божая воля іншая. Тое, што я пакінула свецкае жыццё і ўступіла ў манаскую супольнасць, — выключна заслуга Жывога Бога, які далікатна, але рашуча сказаў: «Калі ты хочаш быць шчаслівай, выканай Маю волю».

Пазней я ўдзельнічала ў розных евангельскіх курсах і там спазнала моц Святога Духа, які перамяніў мяне ўнутрана і працягвае фармаваць ды перамяняць маё жыццё. Часта маю досвед Жывога Бога тады, калі слухаю сведчанні іншых людзей пра тое, як Бог дзейнічае ў іх жыцці. У нашай парафіі ў Наваполацку кожную нядзелю сустракаецца група людзей, якія разам чытаюць Божае слова, дзеляцца тым, як Бог дзейнічае ў іх жыцці. Ахвотна, з радасцю ўдзельнічаю ў гэтых сустрэчах, а Бог праз іх сведчанне ўмацоўвае і маю веру.

— Дзякую, сястра Магдалена, за гутарку!


Гутарыла Ірына Жарнасек
Фота з архіва сясцёр

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней