Калі цверазець, то з Богам

«Светач» — цэнтр дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў, заснаваны пры каталіцкай парафіі Езуса Хрыста Валадара Сусвету ў Бягомлі. Паўтара гады таму сужэнцы Уладзімір і Таццяна Шчэпіны прыехалі сюды, каб дапамагаць людзям выбрацца з бяды, пра якую самі ведаюць не па чутках.


Уладзімір не п’е ўжо дванаццаць гадоў, Таццяна — восем. Яны даўно адчувалі жаданне дзяліцца сваімі ведамі і вопытам вызвалення ад залежнасці з іншымі. «І тут на даляглядзе з’явіўся айцец Тадэвуш. Пан Бог, напэўна ж, паклапаціўся пра гэта», — кажа Уладзімір. Айцец Тадэвуш Кавальскі OFM Cap, пробашч бягомльскай парафіі, для якога дапамога залежным займае асаблівае месца ў яго служэнні, прапанаваў памяшканне і сваю душпастырскую апеку. Да таго часу ў Таццяны і Уладзіміра быў ужо не толькі асабісты вопыт выйсця з залежнасці, але і прафесійныя навыкі псіхатэрапіі і гештальт-тэрапіі. Так заззяў першы прамень «Светача».

«Моц удасканальваецца ў слабасці…» (2 Кар 12, 9)

Кабінет Уладзіміра, кіраўніка цэнтра і кансультанта, — адначасова яго пакой і месца для кансультацый. Карэспандэнта з часопіса «Ave Maria» ён чакаў з раніцы — сустрэў у хатніх тапачках, ветліва прапанаваў гарбаты. Вобраз начальніка быў разбураны, а з кожным сказаным словам давер да Уладзіміра ўзрастаў.
Уладзімір: Усе думаюць, што алкаголік — гэта той, хто ўсё згубіў і ляжыць смярдзючы каля сметніцы, але такіх меншасць. У кожнага чалавека сваё дно алкагольнай залежнасці, і ў маім жыцці яно з’явілася тады, калі яшчэ былі жонка, дзеці, машына, праца, але мяне ў гэтым жыцці ўжо не было. Я нават спрабаваў сысці з жыцця, але не атрымалася. Тады я завыў: «Божа, дапамажы!» І неўзабаве дапамога прыйшла.

Я прайшоў праз Афганістан, таму кожны год ездзіў у афганскі цэнтр у Віцебску папраўляць здароўе. І вось пасля чарговага запою, калі я туды прыехаў, да мяне падышоў сабрат афганец і прапанаваў пайсці ў групу ананімных алкаголікаў. Я тады думаў, што гэта людзі, у якіх ёсць чым пахмяліцца, і яны цішком гэтым займаюцца. Я прыйшоў у тую групу — усе цвярозыя, прыгожыя, акуратна апранутыя. «Якія ж тут алкаголікі, — думаў я, — вы на мяне паглядзіце. Што вы, такія чысценькія, пра алкаголь можаце ведаць?» Здаецца, гэта было маё першае прызнанне сваёй залежнасці. Нарколагі мне казалі: «Ты ж афганец, вазьмі сябе ў рукі!», псіхолагі раілі: «Зрабі так і так», але ніхто не цікавіўся тым, што ў мяне на душы. У групе пачалі казаць пра Бога — я думаў, секта нейкая. А людзі проста пра сябе расказвалі, як яны прызналі сваё бяссілле перад алкаголем. Мне здавалася, што яны кажуць пра мяне. Памятаю, на той сустрэчы я нечакана для сябе прагаварыў усё тое, у чым самому сабе было боязна прызнацца. Калі я скончыў, усе мне запляскалі, пачалі мяне падбадзёрваць, хваліць. Тады я зразумеў, што толькі сярод тых, хто мяне разумее, хто прайшоў праз тое ж, што і я, мне ўдасца выздаравець.

Я праходзіў рэабілітацыю ў «Доме надзеі на Гары» ў Санкт-Пецярбургу, там я пазнаёміўся з Таццянаю, і мы распісаліся. Пасля прайшлі стажыроўкі ва ўсіх рэабілітацыйных цэнтрах для залежных у Беларусі, працавалі з алкаголікамі і наркаманамі ў Жыровічах і Наваполацку і пераканаліся на ўласным вопыце, наколькі важна, каб рэабілітацыя ажыццяўлялася адразу ў чатырох апектах: біялагічным, псіхалагічным, сацыяльным і духоўным. Біялагічны — гэта калі ў чалавека выздараўлівае цела. Мы прымаем у цэнтр людзей, якія не п’юць мінімум пяць дзён, каб з чалавекам можна было адэкватна размаўляць. З ім пачынае працаваць кансультант, і чалавек «прапрацоўвае» сваё жыццё, каб выйсці з ілюзорнага свету і ўбачыць рэчаіснасць, у якой жыве, і свае паводзіны, — гэта псіхалагічны аспект. Залежны чалавек звычайна выключаны з соцыума, у яго тупіковае бачанне — толькі б пахмяліцца ці ўкалоць чарговую дозу. Мы спрабуем вярнуць чалавека ў грамадства — гэта аспект сацыяльны. І, канешне ж, духоўны аспект. Мы тут не кажам пра рэлігійнасць, а пра духоўнасць, у першую чаргу хрысціянскую.

Першым крокам да выздараўлення я назваў бы жаданне з боку залежнага змяніць сваё жыццё. Прыязджае да нас рэабілітант, а я яму адразу тлумачу: «Мы цябе не вылечым». Мы можам толькі падказаць, скіраваць. Калі чалавек сам разумее, што яму патрэбна дапамога, ён працуе над сабою, а тады і вынік адпаведны. Нашая задача — толькі даць чалавеку шаблон, інструмент, якім ён, вяртаючыся ў грамадства, можа карыстацца і не проста заставацца цвярозым, але цвяроза жыць.

Напрыканцы курса рэабілітацыі кожны, крыху засвоіўшы шаблон, рыхтуе выпускную працу, дзе прапісвае межы сваёй бяспекі і што ён будзе рабіць дзеля выздараўлення. Часта прыязджаюць сваякі рэабілітанта і пытаюць: «Якую вы даеце нам гарантыю, што ён не будзе піць?» Я кажу: «Стопрацэнтную. Але — калі ён будзе жыць паводле таго, што сам жа запіша».

Першае, што мы робім, калі чалавек да нас прыязджае, ідзём у каплічку, і там ён чамусьці становіцца зусім іншым. Да таго ж, яго атачаюць такія ж людзі, як ён сам. Чалавек скараецца. Потым ён пачынае працаваць па праграме і разумее, што без Бога не дасць сабе рады. У нас ёсць абавязковая ранішняя малітва. Чалавек можа не маліцца, але прысутнічаць абавязаны. Пасля ён становіцца на калені і атрымлівае палёгку. Шмат рэабілітантаў было ахрышчана ў цэнтры. Дзякуючы Богу — такому, як кожны Яго разумее, — чалавек знаходзіць сэнс жыцця.

У цэнтры працуе мультыдысцыплінарная брыгада. Кожны яе ўдзельнік — залежны, які выздаравеў не менш чым год таму і мае або атрымлівае адукацыю псіхолага. Цяпер у нас у цэнтры тры кансультанты і два валанцёры. Мы працуем па праграме 12-ці крокаў. І першы крок — гэта ўсвядоміць сваё бяссілле перад алкаголем і тое, што ты страціў кантроль над уласным жыццём. Маё бяссілле таксама ў тым, што я ніколі не навучуся піць.

«Ім даводзіцца адмаўляцца ад таго, што было першым прадметам іх любові…»

Айцец Тадэвуш штодзённа прыязджае да сваіх падапечных у Бягомль з Докшыцаў. Часу хапае, каб паразмаўляць з кожным рэабілітантам, абмеркаваць пытанні і праблемы, якія чалавека хвалююць.
Айцец Тадэвуш: У шасці кроках з дванаццаці ўзгадваецца пра вышэйшую Сілу — гаворка ідзе пра Бога. І задача духоўніка — набліжаць чалавека да разумення магутнасці Бога, з якога, як з крыніцы, выплываюць аздараўленне і дапамога.

У цэнтры ўсё адбываецца паводле раскладу: у 7:00 — пад’ём, у 8:00 — малітва, потым снеданне і працатэрапія. У 14:00 у нас абед, потым заняткі, вячэра і ў 21:00 — вынікі дня. Кожны дзень вызначаецца тэма для разважанняў. Напрыклад, адносіны з іншым чалавекам. І рэабілітант павінен назіраць за сваімі паводзінамі, словамі, думкамі — глядзець, як ён сапраўды будуе стасункі з іншымі. Ён пачынае заўважаць свае памылкі і недахопы. Напрыканцы дня гэта абмяркоўваецца ў групе.

Рэабілітантам неабходна дзяліцца сваімі перажываннямі, таму кожны вядзе дзённік сваіх пачуццяў. Мужчынам асабліва цяжка. Некаторыя кажуць: «Я дванаццаць гадоў ручку не трымаў» (смяецца), а яшчэ і пра пачуцці трэба пісаць, якія раней чалавек заглушаў і заліваў алкаголем. Таму намаганні, якія кожны з іх прыкладвае, працуючы над сабою, нялёгкая праца — ім даводзіцца адмаўляцца ад таго, што было першым прадметам іх любові.

Асноўная праца вядзецца ў сферы эмоцый, у псіхіцы, каб чалавек мог выявіць механізмы, якія могуць зноў уцягнуць яго ў залежнасць. Сапраўды, часта духоўнасць застаецца на ўзроўні веры ў вышэйшую Сілу, але важна, што чалавек адкрываецца на добрую Сілу і бачыць у Ёй дапамогу і аздараўленне.
Некаторыя думаюць, што 12 крокаў — гэта толькі для алкаголікаў, але на самай справе праграма можа дапамагчы ў рахунку сумлення кожнаму чалавеку. Чаму я іду да споведзі з тымі самымі грахамі? Таму што страціў кантроль над сабою. У цэнтры залежныя маюць сяброў, якія могуць ацаніць паводзіны іншага і сказаць: «Мне здаецца, ты памыляешся. У цябе няправільны падыход да вырашэння гэтай праблемы». Алкаголікі ў гэтым сэнсе часам больш адэкватныя, чым мы: яны не саромеюцца казаць пра многія рэчы, якія мы замоўчваем.

«Кароль прагне тваёй прыгажосці…» (Пс 45, 11)  

У пакоі цэнтра, дзе праходзяць групавыя заняткі, яшчэ стаіць елка, а на ёй вісяць вязаныя шыдэлкам бялюткія сняжынкі. «Гэта наша Саша рабіла», — тлумачыць рэабілітантка Юлія. Сама яна сядзіць за сталом каля акна і вышывае бісерам абраз Маці Божай Вастрабрамскай — такая ў яе працатэрапія.
Юля: Я піла каля дзесяці гадоў. У мяне была вельмі прэстыжная праца, якую я страціла з-за алкаголю. Першы раз я прыехала ў цэнтр летам і прабыла тут два месяцы. Потым я адчула нейкі дыскамфорт: мне здавалася, што я павінна вярнуцца дадому, штосьці грызла мяне знутры. Я сарвалася і павінна была выехаць. Маёю памылкаю было тое, што я сама па сабе «варылася» ў сваіх сумневах, што не прагаворвала гэта ўслых. Я праляжала пад кропельніцаю ў наркалогіі. Мне было вельмі цяжка адважыцца і вярнуцца сюды — сорам, віна, мукі сумлення. Але я зразумела, што калі не пераламаю сябе, то гэта канец. Цяпер я знаходжуся тут ужо трэці месяц і вырашыла, што застануся ў цэнтры да таго моманту, пакуль не адчую, што магу вярнуцца.
Я і цяпер сябе пераадольваю: трэба падлогу мыць — мыю, трэба ўнітазы — мыю. Прывыкаеш да дысцыпліны: уставаць і класціся спаць у адпаведны час, браць на сябе адказнасць. Я кожную раніцу прачынаюся і кажу: «Толькі сёння я не буду піць», а вечарам, кладучыся спаць, кажу: «Дзякуй Табе, Пане, што сёння я была цвярозая». Галоўнае ў гэтай справе — не свавольнічаць. Я давяраю Богу, малюся, даручаю Яму сваё жыццё і разумею, што з Божаю дапамогаю ў мяне ўсё мяняецца.

Наогул праграма 12-ці крокаў будуецца на духоўных прынцыпах: непрадузятасці, сумленнасці, адкрытасці, даверу… Калі я і далей буду іх прытрымлівацца, маё жыццё будзе мяняцца, — гэтыя духоўныя прынцыпы вучаць жыць па-новаму, бо я хачу мець і працу, і сям’ю, хачу будаваць добрыя  адносіны з іншымі — гэта ж натуральна. Але ўсё гэта будзе толькі пры ўмове, што я буду цвярозая.

Бываюць такія моманты, што хочацца выць ад безвыходнасці і цяжару. Тады я іду ў капліцу і малюся: «Пане, дапамажы мне перажыць гэтыя цяжкія хвіліны». Так, людзі могуць выслухаць, могуць нешта параіць. Але менавіта давер да Бога, разуменне, што Ён мяне любіць, дае мне сілы для выздараўлення.

За паўтара года існавання «Светача» тут прайшлі рэабілітацыю 25 чалавек. У цэнтры гатовыя дапамагчы нават тым, хто ўжо страціў усялякую надзею на выздараўленне — сваё ці кагосьці з блізкіх. Пражыванне ў цэнтры ажыццяўляецца за кошт дабравольнага ахвяравання сям’і залежнага, а калі гэта немагчыма, за кошт спонсараў ці грашовых ахвяраванняў сяброў цэнтра. Божае святло асвятляе кожнага чалавека. І нават калі мы жывём у цемры, трэба памятаць, што Езус — Святло, якое цемра не ў сілах агарнуць.

 


Дар’я Ахламёнак

Цэнтр дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў «Светач»

211730 Рэспубліка Беларусь, Віцебская вобласць, г. Бягомль, вул. Кірава, д. 6

МТС: +375 (33) 345 52 78
МТС: +375 (29) 532 68 66
Velcom: +375 (44) 734 64 09

E-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Сайт: http://svetotch.by

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней