
Як паказвае жыццё, вельмі шмат у рэалізацыі пакліканняў залежыць ад таго, як рэагуюць на іх нашы бліжнія. Ці прымаюць іх? Ці дапамагаюць распазнаць наша пакліканне? Ці падтрымліваюць нас у рашэнні рэалізоўваць яго? Зрэшты, увогуле ці ўсур’ёз яны ставяцца да паклікання і неабходнасці яго ажыццяўляць?
А мы? Як мы самі ўспрымаем тое, што кагосьці з нашых бліжніх Бог кліча да канкрэтнага служэння, выканання пэўнай місіі? Як мы рэагуем на тое, што сын альбо дачка прымаюць рашэнне пайсці ў семінарыю альбо ўступіць у манаскі ордэн? Альбо калі яны паведамяць раптам, што хочуць стварыць сям’ю і тым самым выканаць сваё сужэнскае пакліканне?..
Якая маці альбо бацька не хочуць, каб іх дзеці напоўніцу рэалізавалі сябе ў жыцці? Дачка сабралася замуж? Сын хоча ажаніцца? Чаму ж не? Вось толькі ці прыстойны той чалавек, якога яны выбралі? Ці будзе ён добрым не толькі для сына альбо дачкі, але і для таты з мамай? А то раптам… Вось жа гэтае «раптам»!.. Баімся мы яго. І так нам хочацца аберагчы нашых дзетак ад памылак, што ў гэтым клопаце неяк неўпрыкмет можам і не заўважыць, што дзеткі гэтыя нашы ўжо і самі выраслі. Што ў іх ужо сфармаваліся свае погляды, свае адносіны да жыцця, свае крытэрыі, сімпатыі. Яны самі робяць выбар у жыцці, і гэты выбар, як гэта ні складана нам прызнаць, можа не супадаць з нашым.
Найчасцей дзеці супраціўляюцца нашым парадам, а калі раптам саступяць, то ці не пашкадуюць потым і яны, і мы самі? Не адна маці, якая настояла на сваім і тым самым паўплывала на рашэнне дачкі альбо сына, пазней гатовая кусаць сябе за локці, бо ўжо нічога не выправіш. І тады застаецца толькі ўспамінаць, шкадаваць ды ўздыхаць: «Каб жа ведаў, дзе паслізнешся – саломкі б падаслаў».
Як жа нам важна чуйна ставіцца да жадання сэрцаў нашых бліжніх! Як важна своечасова змірыцца з тым, што тое, што падабаецца і робіць шчаслівымі нас, не абавязкова можа падабацца і рабіць шчаслівымі іх!
Хіба што найбольш непаразуменняў узнікае тады, калі нашы сын альбо дачка, брат альбо сястра, сусед альбо сябар паведамяць пра сваё жаданне рэалізаваць сябе на службе Богу – у святарстве альбо манастве. Звычайна гэта бывае як гром з яснага неба. Хадзілі дзеці ў касцёл, практыкавалі веру, і людзі пагаворвалі пра тое, што і яны захочуць рэалізаваць сябе на Божай службе, і самі пра тое ж нібыта здагадваліся. І ўсё ж калі надыдзе такі момант, калі сын альбо дачка скажуць пра сваё рашэнне, найчасцей усё роўна гэта стане неспадзяваным. І як хутка мы тады забываем пра свае малітвы за пакліканні! Мала хто з нас не моліцца за святарскія і манаскія пакліканні для Касцёла, ды толькі калі раптам здарыцца так, што хтосьці не з суседзяў ці знаёмых, але з нашай сям’і, з нашых родных і блізкіх, з сяброў вырашыць паспрабаваць сябе на шляху Божага служэння, чамусьці тады адразу ж узнікаюць пытанні, сумненні, асцярогі. Чаму менавіта ён? Чаму яна? Хіба яны здольныя да гэтага? І столькі тады знаходзіцца аргументаў супраць!..
Дзяўчына сабралася стаць манашкаю? Яна ж такая прыгожая, такая здольная! Хіба ж бы замуж не выйшла? Нібыта для служэння Богу патрэбныя толькі непрыгожыя і неталенавітыя. Хлопец задумаўся пра духоўную семінарыю? Але чаму менавіта ён? Ён жа гэтак добра вучыўся ў школе! Спартсмен! На гітары вунь як грае! А як прыгожа спявае! Куды яму – у святары!
І чамусьці не памятаем мы тады, што і ў святарстве вельмі патрэбны добрыя, шчырыя сэрцы, таленты, людзі, якія любяць іншых і гатовыя служыць дзеля іх дабра.
А ўявім цяпер, што хтосьці з нашых блізкіх усё ж пайшоў на службу Богу. Ці гатовыя мы да таго, каб быць заўсёды для іх падтрымкаю? Не той, якая імкнецца і надалей усё кантраляваць, за ўсім сачыць, бясконца даваць «неабходныя парады», але стрыманай, годнай, не надта прыкметнай, а заўсёды ўважлівай і чуйнай? Найперш, вядома, малітоўнай, бо менавіта малітва як не што іншае тады ім патрэбная. Малітва, а не нашыя ўздыхі, шкадаванні, нашае маракаванне: «А ці добра яны зрабілі? Ці не памыліліся?».
Хто з нас застрахаваны ад памылак, няўдачаў, непамыслотаў? Але для людзей веры гэтыя праблемы ўсё ж мусяць вырашацца не ў бясконцых абмеркаваннях-стагнаннях, а на малітве. Ад самага пачатку, калі толькі пачуем, што хтосьці з дарагіх нам людзей адважваецца на кардынальны крок у сваім жыцці, мы маем абавязак маліцца аб тым, каб чалавек добра распазнаў сваё пакліканне, каб потым годна ішоў па шляху яго рэалізацыі, каб вытрываў у цяжкасцях, якія, безумоўна ж, з’явяцца.
Але хіба толькі родныя і блізкія мусяць маліцца за пакліканых да службы Божай? Хіба гэта не пачэсны абавязак кожнага верніка? А цяпер прыгадайма, колькі мы молімся за тых святароў, чыё святарскае служэнне нас засмучае? Можа варта нам замест нараканняў ды абмеркаванняў, якія часта мала адрозніваюцца ад банальнага асуджэння, пачаць самім не шкадаваць уласных высілкаў для таго, каб браць адказнасць за наш Касцёл? І пачаць гэта рабіць – з малітвы.
Ну а калі хтосьці з нашых бліжніх паверыў у сваё пакліканне, адгукнуўся на яго, вырушыў у шлях і… не змог па ім ісці?.. Збочыў, сышоў з абранага шляху. Што тады? Ці маем мы права перакрэсліваць для сябе гэтага чалавека, які не апраўдаў і нашых, і сваіх, і чыіхсьці яшчэ надзеяў?
Ні ў якім разе! А калі ўсё ж пачнем пагарджаць ім, адварочвацца, то ці не варта нам тады найперш задумацца над тым, чаго ў нашых паводзінах больш: шкадавання, што чалавек не рэалізоўвае сябе, альбо эгаістычнага шкадавання саміх нас? Бо вось жа нам з-за таго, што маем нейкае дачыненне да яго, так няёмка, так сорамна, так непамысна перад іншымі людзьмі! І як жа часта тады забываецца простая хрысціянская і жыццёвая мудрасць: менш дбай пра тое, што думаюць пра цябе людзі, а больш клапаціся пра тое, каб падабацца Богу. А Ён наказвае нам: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім. Любі бліжняга твайго, як самога сябе». Усё так проста!
І адначасова так складана! І так прыгожа, што хочацца нарэшце не толькі памятаць гэтыя дзве запаведзі любові, але і штодня жыць паводле іх.
Ірына Жарнасек