Дзень 20 верасня стаў для католікаў вёскі Бараўляны, што пад Мінскам, сапраўдным святам і адначасова днём вялікай надзеі на тое, што будучыня гэтага краю — у моцных Божых руках. Раніцаю гэтага восеньскага дня ў бараўлянскай парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў распачалося ўрачыстае адкрыццё салезіянскага манаскага дома з араторыем імя св. Дамініка Савіа.
Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які нагадаў удзельнікам урачыстасці, што натхняльнікам стварэння араторыяў быў св. Ян Боска — заснавальнік Таварыства св. Францішка Сальскага. Нягледзячы на тое, што назва араторыя паходзіць ад лацінскага слова «orare» («маліцца»), салезіянскі араторый як асяродак рэлігійнага выхавання і навучання моладзі павінен быць не проста домам малітвы, але месцам, дзе моладзь будзе адчуваць сябе адной сям’ёй, выхоўвацца ў атмасферы цяпла і любові, мець магчымасць паглыбляць свае веды, удасканальвацца духоўна і фізічна, развіваць свае мастацкія здольнасці.
У гаміліі арцыпастыр слушна падкрэсліў: «Абавязкам Касцёла ёсць адпаведная выклікам і знакам часу фармацыя маладога пакалення паводле маральных прынцыпаў. Моладзь павінна быць выхавана так, каб яна ведала, што Евангелле нам дадзена не для таго, каб мы яго змянялі, але каб яно нас змяняла. Толькі тады яна будзе здольнай захаваць веру, умацоўваць яе, бараніць і на яе прынцыпах будаваць сваё жыццё. Толькі тады яна стане новым зачынам. Толькі тады яна будзе здольная змяніць свет да лепшага».
Падчас святой Імшы салезіянскія аніматары з усёй Беларусі аднавілі свае абяцанні Богу служыць дзецям і моладзі, ахвяруючы ім свой час і ўменні, а таксама даючы прыклад жыцця з Езусам у духу ксяндза Яна Боска. Два кандыдаты склалі абяцанні аніматара ўпершыню.
Пасля Эўхарыстыі і благаслаўлення манаскага дома з араторыем была паказана тэатральная праграма, якую падрыхтавалі выхаванцы з усіх салезіянскіх араторыяў у Беларусі, адбыўся розыгрыш латарэі і канцэрт музычнага гурту «Небасхіл» з парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску.
Акрамя таго, падчас урачыстасцяў вернікам быў прэзентаваны зборнік салезіянскіх набажэнстваў і малітваў «Воля Божая — асвячэнне вашае», які нядаўна выйшаў у выдавецтве «Prо Christo». Гаворачы словамі адной з малітваў, змешчаных у гэтай кнізе, хочацца пажадаць, каб заступніцтва св. Дамініка Савіа, імя якога носіць новы араторый, абудзіла ў сэрцах яго выхаванцаў шчырае прагненне стаць святымі, з радасцю даваць добры прыклад іншым, жывучы паводле Божых запаведзяў.
Ганна Шаўчэнка
Фота А. Шчыглінскай
{gallery}235-01{/gallery}