
«Маю гонар з Божай ласкаю абяцаць усім жыццём служыць Богу, Касцёлу, Бацькаўшчыне і хрысціянскай Еўропе, дапамагаць бліжняму ў кожнай патрэбе і прытрымлівацца скаўцкага права».
Словы скаўцкай клятвы.
Прывітанне, паважаны чытач! Сёння мы пагаворым пра прынцыпы і права скаўтаў — аснову скаўцкага жыцця. Кожны скаўт, складаючы прысягу, абяцае быць верным гэтаму праву. На сустрэчы Федэральнай рады ў 2009 годзе Жак Мужно сказаў наступныя словы: «Прытрымлівацца права — гэта наша свабоднае рашэнне. Мы павінны тлумачыць яго нашым маладым людзям, таму што яны ўвесь час сутыкаюцца з пустымі і фальшывымі заклікамі на сваім жыццёвым шляху. Кожны раз, калі вы глыбей пазнаяце права і дапамагаеце малодшым або дарослым членам Руху лепш выконваць яго, вы спаўняеце неад’емную частку сваёй місіі. Таму давайце рабіць гэта рашуча, са смеласцю, цярплівасцю, з гумарам і, вядома ж, з міласэрнасцю». Права дапамагае ісці скаўту, скаўтцы, правадніцы, вандроўніку шляхам няспыннага развіцця — фізічнага і духоўнага. Яно з’яўляецца фундаментам, на якім адбываецца фармацыя скаўта. Скаўцкае права гаворыць не толькі пра тое, што скаўт павінен быць добрым хрысціянінам і добрым чалавекам. Галоўны абавязак скаўта — штодзённы добры ўчынак. Кажучы адзін аднаму «Напагатове», скаўты падкрэсліваюць сваю адкрытасць на служэнне.
Што ўяўляе з сябе скаўцкае права?
1. Скаўт дбае пра свой гонар, каб заслужыць давер.
Гонар — гэта сведчанне дасканаласці, гэта найлепшы прыклад паводзінаў чалавека. Гэта не праяўленне пагарды ці пыхі, але ўнутраная цнота. Гонар дапамагае нам рабіць усё з любоўю і не чакаць узнагароды. Ён запісаны ў нашых сэрцах. Скаўцкі дух заклікае нас быць вернымі яму. Гэта пытанне годнасці.
2. Скаўт верны сваёй краіне, сваім бацькам, сваім кіраўнікам і сваім падначаленым.
Вернасць можна параўнаць з цнотаю справядлівасці. Быць справядлівым азначае аддаваць кожнаму належнае. Важна ўспрымаць кожнага чалавека як непаўторную асобу. Трэба справядліва аддаваць належнае кожнай непаўторнай асобе. Гэта праяўленне павагі і бескарыслівай любові. Вернасць пачынаецца з выхавання паслухмянасці і пашаны. Быць верным падначаленым няпроста. Але і быць шэфам не азначае мець асаблівыя прывілеі!
3. Скаўт служыць свайму бліжняму і дапамагае яму ў дарозе да Бога.
Гэты пункт нагадвае нам пра цноту дабрадзейнасці. Скаўт працуе над сабою, каб быць гатовым служыць іншым. Найлепшым вобразам служэння ёсць Езус Хрыстус. Асноўны абавязак скаўта складаецца з таго, што яго штодзённы добры ўчынак не павінен быць заўважаным. Дабрадзейнасць — гэта асабістае ўнутранае рашэнне, вольнае ад усялякага прымусу. Маладыя людзі самі вучацца бескарысліва служыць іншым. Гэты пункт таксама гаворыць пра тое, што мы пакліканы збаўляць. Праз нашыя адносіны мы павінны даваць сведчанне нашай веры іншым.
4. Скаўт — сябар усім і брат кожнаму іншаму скаўту.
У гэтым пункце гаворка ідзе пра цноту любові. Мы — браты і сёстры ў Хрысце. Найлепшым чынам гэтую любоў можна выказаць праз радасць, любоў і дабрадзейнасць. Тут ёсць два бакі: адносіны да іншых скаўтаў і адносіны да ўсіх людзей. Паняцце братэрства стасуецца, перш за ўсё, з тымі скаўтамі, якія прынеслі сваю клятву. Калі гэта не так, дык адкуль узяцца братэрству? Па-за нашай сям’ёю мы здольныя добразычліва ставіцца да іншых людзей, менавіта да гэтага заклікае нас Хрыстус.
5. Скаўт — ветлівы і высакародны.
Гэты пункт супадае з дзвюма цудоўнымі цнотамі — веліч і высакароднасць. Скаўт абяцае прытрымлівацца скаўцкага права з дапамогаю анёлаў, святых і Хрыста, рабіць простыя рэчы з веліччу. Мы мусім ставіцца да нашага бліжняга з належнай ветлівасцю. Выкананне гэтага пункту азначае добра ставіцца адзін да аднаго. Гэты пункт вучыць нас быць як мага больш добрымі з тымі, хто падаецца нам не такім прывабным.
6. Скаўт бачыць у прыродзе Божае стварэнне: ён шануе расліны і жывёлаў.
У гэтым пункце нашае сэрца і нашыя вусны становяцца поўнымі захаплення. Гэта адпаведныя адносіны да Божага стварэння. Жыццё на ўлонні прыроды адкрывае скаўтаў на разважанне і ўзіранне. Трэба бачыць Бога паўсюль. Усё можа быць прадметам захаплення і пашаны.
7. Скаўт паслухмяны і кожнае заданне выконвае да канца.
Пытанне пакоры з’яўляецца даволі далікатным для многіх маладых (і не вельмі маладых) людзей. Прымаць штосьці і выконваць без дадатковых заўвагаў — вельмі цяжка! Пакора — гэта свабодная дзея, якую мы ажыццяўляем сваёй воляй. Мы становімся дарослымі толькі тады, калі робім учынкі з унутранай пакораю. Такім чынам мы будуем нашу асабістасць. Калі мы падпарадкоўваемся, мы застаемся свабоднымі. Каб выконваць усё да канца, трэба мець цярплівасць, настойлівасць, непахіснасць і сталасць.
8. Скаўт валодае сабой: ён усміхаецца і спявае падчас цяжкасцяў.
Утаймаванне, або моц часта ўспрымаюць як штосьці негатыўнае. У гэтым пункце яны азначаюць валоданне сабою. Гэта здольнасць чалавека быць стрыманым і ўраўнаважаным, што вельмі важна для дзеянняў кіраўніка адзінкі. Моц здабываецца ў паўтарэнні практыкаванняў. Яна прыходзіць не праз мроі, а праз сістэматычную працу над сабой. Такім чынам чалавек атрымлівае моц не толькі фізічную, але і моц разумна кіраваць сваім жыццём.
9. Скаўт — ашчадны і ўважліва абыходзіцца з дабром іншага.
Думаць пра іншых, быць уважлівым да іх рэчаў, да таго, што яны маюць, і да таго, кім яны ёсць. Нашай самай каштоўнай рэччу з’яўляецца час. Гэты час дадзены нам для таго, каб мы выконвалі свае абавязкі. Мы не можам марнаваць час, бо ён дадзены нам для спаўнення свайго паклікання. Марнаваць час — гэта несумленны ўчынак. Каб правільна спланаваць свой час, трэба добра ведаць сябе, а гэта прыходзіць праз досвед, бо няма гатовай праграмы для кожнай асобы, так можна знайсці толькі агульныя ідэі.
10. Скаўт чысты ў сваіх думках, словах і ўчынках.
Чысціня датычыць як цела, так і душы. Гэта амаль што немагчыма для людзей. Немагчыма захоўваць чысціню без ласкі Божай. Тыя, хто спрабаваў утрымаць яе ўласнымі сіламі, зразумеў, што гэта не трывае доўга. Нават калі мы стала трываем у малітве, спакусы ўсё роўна прыходзяць, але малітва дае нам сілы атрымаць неабходныя ласкі.
Пераклад з ангельскай мовы Таццяны Граковіч
Паводле: Жак Мужно,
«Сустрэча Федэральнай рады», 2009.
P.S.
Скаўцкае права выконваецца скаўтамі не толькі тады, калі яны разам, калі апранаюць сваю форму або прымаюць удзел у служэнні. Скаўт аднойчы — скаўт заўсёды. Права напаўняе кожны крок скаўта, кожны яго ўчынак. Скаўцкае права — гэта агеньчык святла, які дапамагае знайсці жыццёвы шлях, што вядзе да Бога!
Аня, правадніца з-пад Мінска