О, Пане, Божа наш,
якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі
(пар. Пс 8, 2).
Паводле традыцыі, якая бярэ пачатак ад св. Аўгустына, у Рыма-каталіцкім Касцёле прынята лічыць другой Божай запаведдзю словы «Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна» (пар. Зых 20, 7; Дрг 5, 11). Другая Божая запаведзь наказвае нам з належнай пашанай адносіцца да Божага імені. Таксама як і першая, яна звязана з рэлігійнай цнотай і канкрэтна рэгламентуе нашу мову і адносіны да ўсяго Боскага і святога.
Веліч Божага імені
Сярод усіх словаў Божага Аб’яўлення ёсць адно асаблівае — Божае імя. Бог аб’яўляе, давярае сваё імя тым, хто ў Яго верыць, адкрываючы такім чынам сябе ў таямніцы сваёй Асобы. Дар імені сведчыць пра давер і блізкасць. Божае імя святое, таму чалавек павінен ставіцца да яго як да святыні і не можа ім злоўжываць. Як кажа прарок Захарыя, Божае імя чалавек пакліканы зберагаць у памяці, у цішыні пакланення, поўнага любові (пар. Зах 2, 17). Божае імя, як павучае псальміст, нельга вымаўляць інакш, як толькі з благаслаўленнем, хвалою і праслаўленнем (пар. Пс 29 (28), 2; 96 (95), 2; 113 (112), 1–2)1.
Святы Аўгустын кажа: «Божае імя вялікае там, дзе яго вымаўляюць з пашанай, годнай Яго найвышэйшай велічы. Імя Бога святое там, дзе яго вымаўляюць з пакланеннем і бояззю абразіць Яго»2. «Ці хрысціянскімі з’яўляюцца пачуцці боязі і святасці? — задае рытарычнае пытанне кардынал Джон Генры Ньюман. — Ніхто разумна не можа ў гэтым сумнявацца. <…> Наколькі мы верым у прысутнасць [Усёмагутнага Бога], мы павінны іх мець. Не адчуваць гэтага — значыць не ўсведамляць Яго прысутнасці і не верыць у яе»3. Такім чынам, пашана да Божага імені — гэта пакланенне перад таямніцай самога Бога і перад усёй святой рэчаіснасцю, якая стаіць за Ягоным імем. Адчуванне святога — гэта асаблівая рэлігійная цнота. Таму кожны вернік пакліканы сведчыць пра імя Пана Бога, мужна вызнаючы сваю веру4.
Не ўжывай дарэмна: грэх клятвапарушэння
Другая запаведзь літаральна забараняе ўжываць імя Пана Бога дарэмна, гэта значыць злоўжываць ім, без пашаны і без патрэбы вымаўляць імя Бога, Езуса Хрыста, Найсвяцейшай Панны Марыі і ўсіх святых.
Акрамя таго, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла тлумачыць, што дадзеныя ў Божае імя абяцанні становяцца не проста справаю гонару, а падмацоўваюцца вернасцю, праўдзівасцю і аўтарытэтам Бога. Таму дзеля справядлівасці іх належыць выконваць. Не выканаць такое абяцанне (напрыклад, шлюб сужэнскай прысягі) — гэта значыць дарэмна ўжыць Божае імя і ў пэўнай ступені зрабіць з Бога падманшчыка (пар. 1 Ян 1, 10), што абражае Таго, Хто з’яўляецца самой праўдаю (пар. Ян 14, 6).
Другая запаведзь забараняе фальшыва прысягаць, а таму звязана таксама з восьмай запаведдзю: «Не сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго». Паклясціся або прысягнуць імем Божым — значыць заклікаць Бога ў сведкі, заручыцца Божай праўдзівасцю дзеля пацвярджэння ўласнай праўдзівасці: «Пана, Бога твайго бойся <…> і Яго імем прысягай» (пар. Дрг 6, 13). Праўдзівая і законная прысяга пралівае святло на суадносіны паміж чалавечым словам і Божай праўдай, а ілжывая клятва заклікае Бога ў сведкі хлусні. Той, хто пад прысягаю дае абяцанне, якога не збіраецца стрымаць, або, пакляўшыся ў чымсьці, потым гэтага не выканае, з’яўляецца клятвапарушальнікам. Клятвапарушэнне — цяжкая непавага да Бога — Пана кожнага слова.
Ці можна прысягаць Божым імем?
Езус прадставіў другую запаведзь у Казанні на гары: «Вы чулі, што сказана было продкам: „Не прысягай фальшыва, а выконвай перад Богам прысягі свае“. А Я кажу вам: не прысягайце наогул <…>. Няхай будзе слова вашае „так-так“, „не-не“. А што звыш гэтага, тое ад злога» (Мц 5, 33–34. 37). Збаўца вучыць, што кожная прысяга датычыцца Бога, і прысутнасць Бога і Яго праўды трэба шанаваць у кожным слове.
Услед за апосталам Паўлам (гл. 2 Кар 1, 23; Гал 1, 20) Традыцыя Касцёла вучыць, што згаданыя словы Езуса не забараняюць прысягі, калі яна даецца з важнай і справядлівай прычыны (напр., перад судом). «Прысяга, або вымаўленне імені Бога як сведкі праўды, можа быць дадзена толькі для таго, каб сведчыць аб праўдзе, разважліва і па справядлівасці»5. Аднак нельга прысягаць, калі гэта можа быць успрынята як падтрымка ўладаў, якія несправядліва дамагаюцца свайго, а таксама калі прысягі патрабуюць з мэтай, якая супярэчыць чалавечай годнасці або шкодзіць супольнасці Касцёла6.
Грахі блюзнерства, праклёну, магіі
Другой запаведзі супярэчыць і грэх блюзнерства. Катэхізіс акрэслівае блюзнерства як вымаўленне «пра сябе» або ўголас словаў нянавісці, папроку, выкліку або праклёну ў адносінах да Бога; як непавагу да Яго ў словах і ў злоўжыванні Ягоным імем. Святы апостал Якуб асуджае тых, хто ганьбіць «добрае імя [Езуса], якім вы названы» (пар. Як 2, 7).
Грэх блюзнерства — гэта таксама выказванні супраць Хрыстовага Касцёла, супраць святых і святыняў: абразоў, крыжоў, іншых святых рэчаў. Блюзнерства здзяйсняецца і тады, калі Божым імем прыкрываюцца для апраўдання злачынстваў, насілля, захопніцтва, пагарды да іншых людзей і іх забойства7. Гэта выразна падкрэсліў папа Францішак: «Веруючы чалавек ведае, што адно з найбольшых блюзнерстваў — заклікаць Бога для прыкрыцця ўласных грахоў і злачынстваў; заклікаць Яго для апраўдання забойстваў, знішчэння, захопу ў няволю, эксплуатацыі ва ўсіх яе формах, уціску і пераследу людзей і цэлых народаў. Веруючы чалавек ведае, што Бог — Святы, і што ніхто не можа разлічваць на апраўданне Яго імем, каб рабіць зло»8.
Злоўжыванне Божым імем у злачынных мэтах вядзе да адкідання рэлігіі, да скажэння сутнасці веры. Зразумела, што блюзнерства пярэчыць належнаму ўшанаванню Бога і Яго святога імені. Яно само па сабе з’яўляецца цяжкім грахом9.
Праклёны, у якіх чалавек згадвае Божае імя без намеру блюзнерства, напрыклад, жадаючы зла іншаму чалавеку або зневажаючы яго, з’яўляюцца таксама непавагай да Бога. Другая запаведзь, акрамя таго, забараняе ўжываць імя Бога ў магічных практыках, а самі такія практыкі супярэчаць яшчэ і першай запаведзі10.
Хрысціянскае імя
Асаблівую ўвагу катэхізіс звяртае таксама на хрысціянскае імя, паколькі сакрамэнт хросту ўдзяляецца «ў імя Айца і Сына, і Святога Духа» (пар. Мц 28, 19), імя Бога, Адзінага ў Тройцы, асвячае ў гэтым сакрамэнце чалавека, і ён, стаўшы хрысціянінам, атрымлівае сваё імя ў Касцёле. Пажадана, каб імя, якое даецца пры хросце, было імем святога: вучня Хрыста, які сваім жыццём даў сведчанне і прыклад вернасці свайму Пану. Апека святога прапануе ўзор любові і забяспечвае заступніцтва, а таму «бацькі, хросныя і святар павінны паклапаціцца пра тое, каб не даць імені, чужога хрысціянскаму духу»11.
Хрысціянін распачынае свой дзень, свае малітвы і свае справы са знаку крыжа, які суправаджаецца вымаўленнем Божага імені: «У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн». Гэта — першая і асноўная малітва, якую нельга прамаўляць і рабіць нядбала або механічна. Яна дапамагае нам прысвяціць сябе, свой час і свае справы на Божую хвалу, дзейнічаць у Святым Духу як Божаму дзіцяці і ўмацоўвае нас падчас спакусаў і ў цяжкасцях.
Кожнага чалавека Бог ведае і называе па імені (пар. Іс 43, 1; Ян 10, 3), таму імя кожнага чалавека таксама святое і патрабуе адносіцца да яго з павагай да таго, хто яго носіць. Атрыманае пры хросце імя вечнае. У Божым Валадарстве таямніца і ўнікальнасць кожнай асобы, адзначанай імем Божым, заззяе ў поўным бляску: «Пераможцу дам <…> белы каменьчык, а на каменьчыку будзе напісана новае імя, якога не ведае ніхто, акрамя таго, хто яго атрымлівае» (пар. Ап 2, 17). Імя кожнага адкупленага ў вечнасці назаўсёды спалучана з імем Бога: «І ўбачыў я: вось Ягнё стаіць на гары Сіён, а з Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх імя Яго і імя Айца Ягонага напісана на чолах» (пар. Ап 14, 1)12.
Дыякан Мікола Гракаў
1 Пар. ККК, 2142–2143.
2 Пар.: Св. Аўгустын. De sermone Domini in monte, 2, 45, 19: PL 34, 1278.
3 Пар.: Дж. Г. Ньюман. Parochial and plain sermons, 5, 2.
4 Пар. ККК, 2144–2145; 2149.
5 Пар.: Codex Iuris Canonici, кан. 1199, § 1.
6 Пар. ККК, 2146–2147; 2150–2155.
7 Пар. ККК, 2148.
8 Пар. Францішак, папа. Прамова да ўдзельнікаў канферэнцыі Tackling Violence committed in the Name of Religion. Ватыкан, 2 лютага 2018 г.
9 Пар.: Codex Iuris Canonici, кан. 1369.
10 Пар.: ККК, 2148–2149; 2117.
11 Пар.: Codex Iuris Canonici, кан. 855.
12 Пар.: ККК, 2156–2159.