Да таго часу, пакуль чалавек быў паслухмяны Богу, ён не павінен быў ні паміраць, ні пакутаваць. Пасля першароднага граху чалавечая прырода была аддадзеная цярпенням і пакутам, і таму ніхто не можа іх пазбегнуць.
Хваробы і пакуты заўсёды былі і ёсць тымі сур’ёзнымі праблемамі, якія выпрабоўваюць чалавека. У хваробе чалавек усведамляе сваё бяссілле, свае межы і сваю смяротнасць. Любая хвароба можа змусіць нас стаць перад абліччам смерці (гл. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 376, 405, 385, 1500).
Доўгае цярпенне можа пахіснуць веру і нават стаць прычынаю граху. Самы дасканалы чалавек, Найсвяцейшая Панна Марыя, Багародзіца, праз удзел у пакутах свайго Сына і ночы Яго смерці перажыла сваю пакутлівую «ноч веры», аднак засталася пасля яе пераможцаю (гл. ККК, 164, 272, 1420, 165).
Людзей, якія спазналі цярпенне, Бог запрашае да ўдзелу ў сваім Провідзе як дабравольных памочнікаў. Да іх ліку найперш адносіцца Божая Маці, найбольш цесна злучаная са збаўчымі пакутамі Сына, Апосталы і вучні Хрыста, якіх Ён запрасіў да ўдзелу ў сваім Пасланні і ў сваіх пакутах, пакінуўшы людзям прыклад, «каб ішлі следам за Ім» (1 П 2, 21), несучы свой крыж. Калі ісці за Ім, можна інакш успрымаць і свае хваробы, і хворых людзей. Езус не толькі ўводзіць людзей у сваё ўбогае, прысвечанае служэнню жыццё, але таксама дае ім магчымасць удзельнічаць ва ўласным пасланні суперажывання і аздараўлення (гл. ККК, 307, 618, 787, 1506).
Усе пакуты маюць сэнс, таму што дапаўняюць недахоп у целе чалавека пакутаў Хрыста за Ягонае цела, якім ёсць Касцёл (гл. Клс 1, 24) (гл. ККК, 1508).
Усе пакліканыя да евангелізацыі павінны, як апостал Павел, старацца шукаць Хрыста і знайсці сябе ў Ім шляхам пазнання моцы Ягонага ўваскрасення і ўдзелу ў цярпеннях Ягоных (гл. Флп 3, 8–10; ККК, 428). Усе ахрышчаныя павінны ўсведамляць, што хоць і вызваляюцца праз хрост ад першароднага граху і ўсіх асабістых грахоў, аднак у іх застаюцца зямныя наступствы граху — цярпенні, пакуты, хваробы, смерць (гл. ККК, 1264).
Пакуты, якія перажываюцца ў еднасці з Хрыстом, могуць стаць для верніка часткаю пакутаў за ўчыненыя грахі, бо надзейнаю дарогаю пакуты з’яўляецца штодзённае прыманне свайго крыжа і следаванне за Езусам. Хрыстус надаў цярпенню новы сэнс: яно можа прыпадобніць нас да Яго і яднаць нас з Ягонаю збаўчаю мукаю (гл. ККК, 1435, 1460, 1505).
У Эўхарыстыі ахвяра Хрыста становіцца таксама ахвяраю членаў Ягонага Цела. Жыццё вернікаў, іх праслаўленне, іх пакуты, малітвы і праца злучаюцца з жыццём, праслаўленнем, пакутамі, малітвамі і працаю Хрыста і з Яго апошняю ахвяраю і набываюць праз гэта новую вартасць. З пачуцця салідарнасці мы таксама молімся за ўсіх, хто знаходзіцца ў патрэбе і ў цярпеннях (гл. ККК, 1368, 2829).
Хвароба можа спарадзіць неспакой, замыканне ў сабе, часам нават роспач і бунт супраць Бога, але таксама можа стаць дарогаю да большай дасканаласці, дапамагчы лепш распазнаваць у сваім жыцці неістотнае, каб заўважаць сапраўды важнае. Вельмі часта хвароба дапамагае ў пошуках Бога і навяртанні (гл. ККК, 1501).
Прарок Ісая лічыў, што пакуты могуць таксама быць адкупленнем у адносінах да грахоў іншых людзей (гл. Іс 53, 11; гл. ККК, 1502).
Праз ласку сакрамэнту намашчэння хворых чалавек атрымлівае сілы і дар глыбейшага яднання з мукаю Хрыста. Пэўным чынам ён становіцца кансэкраваным, каб мець духоўныя плёны шляхам упадабнення да смерці Збаўцы. Цярпенне — наступства першароднага граху — атрымлівае новы сэнс: чалавек становіцца ўдзельнікам Езусавай справы збаўлення (гл. ККК, 1521).
Цела чалавека, які пакутуе, заслугоўвае пашаны. «Праз святое намашчэнне хворых і малітву святароў увесь Касцёл даручае хворых церпячаму і праслаўленаму Пану, каб Ён даў палёгку і збавіў іх, больш за тое, заахвочвае іх праз дабравольнае яднанне з мукаю і смерцю Хрыста служыць дабру народа Божага» (гл. ККК, 1004, 1499).
Цэлебруючы сакрамэнт намашчэння хворых, Касцёл у еднасці святых заступаецца перад Богам у інтэнцыі хворага. Са свайго боку хворы праз ласку гэтага сакрамэнту спрычыняецца да асвячэння Касцёла і дабра ўсіх людзей, дзеля якіх Касцёл пакутуе і ахвяруе сябе праз Хрыста Богу Айцу (гл. ККК, 1522).
Сужэнцаў, якія пакутуюць ад бясплоднасці, Касцёл заахвочвае да лучнасці з крыжам Пана, крыніцаю ўсякай духоўнай плоднасці (гл. ККК, 2374, 2379).
У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла таксама гаворыцца пра палёгку або змяншэнне пакутаў: «Нават калі чалавек невылечна хворы, ён не можа быць законным чынам пазбаўлены належнага дагляду. Выкарыстанне абязбольвальных сродкаў, каб палегчыць пакуты чалавеку, які памірае, нават за кошт скарачэння жыцця, з маральнага пункту гледжання можа быць сумяшчальным з чалавечаю годнасцю, калі пры гэтым смерць не выступае ні як мэта, ні як сродак, але чалавек толькі прадбачыць яе і прымае як непазбежнасць. Догляд хворага з’яўляецца асабліва каштоўнаю формаю бескарыслівай міласэрнасці. Гэтую яе якасць трэба ўсяляк ухваляць» (гл. ККК, 2279).
Асобна заўважым, што цяжкі псіхічны разлад, страх або невыносная трывога перад самагубствам могуць зменшыць віну за грэх самазабойства (гл. ККК, 2282).
«Спачуванне Хрыста ўсім церпячым настолькі вялікае, што Ён атаясамлівае сябе з імі: „быў хворы, і вы адведалі Мяне“ (Мц 25, 36). Яго асаблівая любоў да чалавека ў слабасцях не стамляецца на працягу стагоддзяў абуджаць асаблівую ўвагу хрысціянаў да церпячых душою і целам. Гэтая ўвага знаходзіцца ля вытокаў нястомных намаганняў, каб аблегчыць іх пакуты (гл. ККК, 1503).
Кс. Станіслаў Паўліна fDP