Жыццё чалавека на зямлі выглядае вельмі дынамічным: людзі пастаянна перамяшчаюцца з месца на месца. Пісьменніца Вольга Такарчук у сваім рамане «Бегуны» паказала вялікую панараму самых разнастайных чалавечых вандровак і іх экзістэнцыяльную глыбіню. Патрэба ў вандраваннях, здаецца, упісана ў нашу прыроду. Кожны з нас таксама ідзе шляхам зямнога жыцця да вечнасці. Апошняе, хутчэй за ўсё, меў на ўвазе св. Аўгустын (†430), калі акрэсліваў чалавека тэрмінам «homo viator», гэта значыць чалавек, які знаходзіцца ў дарозе.
Сярод мноства відаў вандравання вылучаецца адзін асаблівы: для такога тыпу вандроўкі патрэбны перадусім не толькі час або нейкія матэрыяльныя рэчы, але рэлігійная матывацыя і вера. Гаворка ідзе пра пілігрымку. Пілігрымка ў агульным сэнсе — гэта падарожжа да месца, якое лічыцца святым, з мэтаю выканання ў ім пэўных рэлігійных актаў. Катэхізіс узгадвае пілігрымаванне як адзін з важных элементаў народнай пабожнасці (гл. ККК, 1674). Пілігрымка здзяйсняецца не з мэтаю пабываць у новых месцах, паглядзець на помнікі архітэктуры і творы мастацтва. Папа Бэнэдыкт XVI звяртаў увагу на тое, што для пілігрыма самым галоўным з’яўляецца ўваход у прастору, дзе Бог тым ці іншым чынам пакінуў сляды сваёй прысутнасці. Паводле словаў Святога Айца, пілігрым выходзіць насустрач жывому Богу і адначасова ўваходзіць у гісторыю, якую Бог творыць разам з намі.
Пілігрымаванне да святых месцаў уласцівае многім рэлігіям. Пілігрымы хрысціяне чэрпаюць натхненне для сваіх пабожных практыкаў у Святым Пісанні. У Бібліі змешчана шмат вобразаў дарогі і вандраванняў. Ужо на самым пачатку гісторыі Бог даў людзям наказ рассяляцца па зямлі (гл. Быц 1, 28). Адна з найбольш значных біблейскіх дарог — дарога Абрагама з Харана на зямлю, якую вызначыў Бог (гл. Быц 12, 1 і наст.). Гэта падзея мела месца прыкладна за дваццаць стагоддзяў да Нараджэння Хрыста. З тых часоў і назаўсёды Абрагам стаў прататыпам пілігрыма. Другая найважнейшая дарога — выхад ізраэлітаў з Егіпта на зямлю абяцаную (ХІІІ ст. да Н.Х.). Адметна, што разам з вандруючым народам «хадзіў» сам Бог, а ўвасабленнем Яго прысутнасці быў каўчэг запавету (гл. 2 Вал 7, 5–7). Выбраны народ здзейсніў своеасаблівы пераход ад няволі да свабоды, ад смерці — да жыцця. Менавіта з гэтым падарожжам звязаны тэма і сімволіка Пасхі.
Ужо ў часы Патрыярхаў, гэта значыць Абрагама, Ісаака і Якуба, сфарміравалася некалькі важных культавых цэнтраў, якія прыцягвалі старажытных пілігрымаў: Сіхем (Быц 12, 6 і наст.), Мамрэ каля Хеброна (Быц 13, 18), Вірсавія (Быц 26, 33 і наст.) і Бэтэль (Быц 28, 10–19). Праўдападобна, што пералічаныя святыя месцы былі некалі цэнтрамі старажытнага ханаанскага культу. Характэрныя рысы гэтых месцаў — алтары, каменныя стэлы, дрэвы. Людзі, якія прыходзілі сюды, прызывалі Імя Бога, даючы Яму розныя тытулы (гл. Быц 13, 4; Быц 33, 20), намашчалі каменныя элементы сакральных аб’ектаў алеем (гл. Быц 35, 14), здзяйснялі рытуальныя ачышчэнні (гл. Быц 35, 2 і наст.), складалі ахвяры ў выглядзе дзесяціны (гл. Быц 14, 20; Быц 28, 22). У пазнейшыя часы ўзніклі таксама іншыя святыя месцы — Офра (Суд 6, 24), Сілом (Суд 21, 19), Гілгал (1 Вал 11, 14–15).
У Х ст. да Н.Х. была пабудавана святыня Саламона ў Ерузалеме. З цягам часу яна стала самым важным месцам для пілігрымаў. Ерузалемская святыня, звязаная з вядомымі персанажамі біблейскай гісторыі, перажывала свае заняпады і адраджэнні. Яе гісторыя складаецца з некалькіх этапаў: перыяд Першага Храма — 950–586 гг. да Н.Х; Другі Храм (святыня Зарававэля) — 516 г. да Н.Х. — 20 г. пасля Н.Х; святыня Ірада — 20–70 гг. Кожны мужчына павінен быў тры разы ў год стаць перад Панам у Ерузалеме. Асаблівым чынам пілігрымкавы рух развіўся ў перыяд Другога Храма. Гэта справа разглядалася як выключна важная. Людзі аб’ядноўваліся ў вялікія групы дзеля наведвання святога горада. На ўтрыманне святыні з пілігрымаў збіраўся падатак у палову шэкеля. Пілігрымкі аб’ектыўна спрыялі не толькі развіццю культу, але і падтрыманню дарог у належным стане, гандлю, абмену думкамі і грамадскай кансалідацыі. Некаторыя псальмы, асабліва з 119 па 133, могуць дапамагчы нам зразумець, з якімі пачуццямі тагачасныя пілігрымы крочылі ў Ерузалем. Так, натхнёны аўтар усклікае: «Узрадваўся я, калі мне сказалі: „Пойдзем у дом Пана“» (Пс 121, 2). Дарога да святога месца вучыла людзей давяраць Богу: «Дапамога наша ў імені Пана, які стварыў неба і зямлю» (Пс 123, 8). У выпрабаваннях пілігрымкі загартоўвалася надзея: «Хто ў слязах сеяў, жаць будзе з радасцю» (Пс 125, 5).
У Бібліі выключнае месца займае слова «дарога»: толькі ў Кнізе Псальмаў яно ўзгадваецца больш за восемдзесят разоў. У залежнасці ад кантэксту «дарога» магла азначаць і Божыя прысуды, і дзеянне Бога ў гісторыі, і спосаб паводзінаў чалавека перад Богам, урэшце — чалавечае жыццё ў цэлым. Шмат вобразаў дарогі мы можам знайсці ў Новым Запавеце: гэта, напрыклад, уцёкі Святой Сям’і ў Егіпет, наведванне Паннай Марыяй святой Альжбеты, пілігрымкі ў Ерузалем на святы і многія іншыя моманты.
Дарогамі Палестыны перамяшчаліся Езус і Яго вучні. У рытм жыцця Хрыста былі таксама арганічна ўпісаныя пілігрымкі. У Евангеллі паводле Лукі мы бачым Збаўцу як удзельніка пілігрымкі ўжо ў дванаццацігадовым узросце (гл. Лк 2, 41–52). Катэхізіс падкрэслівае, што Езус глыбока шанаваў Ерузалемскую святыню (гл. ККК, 583). Ён не адкідваў традыцыі пілігрымавання, а прытрымліваўся яе, як і належала пабожнаму ізраэліту. Апостал Ян піша аб трох Пасхах падчас публічнай дзейнасці Езуса (гл. Ян 2, 13; 6, 4 і 11, 55) і аб пяці наведваннях Ерузалема (Ян 2, 13; 5, 1; 7, 10; 10, 2; 12, 22). Пры гэтым Езус выразна даваў зразумець народу, што Яго Асоба больш важная: «Тут нешта большае, чым святыня» (Мц 12, 6). Пасля вядомай сутычкі з гандлярамі і мяняламі ў Ерузалемскім храме ў размове з юдэямі Збаўца канцэнтраваў увагу слухачоў на новай святыні, якой стане Яго праслаўленае Цела: «Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзвяду яе». І сказалі юдэі: «Сорак шэсць гадоў будавалася гэтая святыня, а Ты за тры дні ўзвядзеш яе?» Ён жа казаў пра святыню цела свайго» (Ян 2, 19–21). У юдэйскай эсхаталогіі Месія ўспрымаўся як гаспадар святыні і аднавіцель яе культу, таму не дзіўна, што Езус, будучы сапраўдным Месіяй, дазваляў сабе рабіць такія заявы. Вядома, аднак, што далёка не ўсе тады здолелі распазнаць у Хрысце доўгачаканага Збавіцеля.
У Новым Запавеце адбылося пераасэнсаванне традыцыі пілігрымавання Божага народу. Калі для чалавека эпохі да Нараджэння Хрыста прынцыпова важным было імкненне да канкрэтнага месца ў геаграфічнай прасторы — Ерузалема і яго святыні, то з часоў Новага Запавету акцэнт робіцца ўжо на пілігрымаванне да вечнага Ерузалема ў Небе. Аўтар Паслання да Габрэяў бачыць канцавую мэту чалавечай дарогі ў наступным: «Цяпер жа яны імкнуцца да лепшай, гэта значыць да нябеснай айчыны. Таму Бог не саромеецца, што яны называюць Яго сваім Богам, бо Ён падрыхтаваў ім горад» (Гбр 11, 16). На гэтым новым пілігрымкавым шляху вучняў ва ўсе часы суправаджае Езус, будучы «правадыром збаўлення» (гл. Гбр 2, 10). З гэтай новазапаветнай перспектывы нарадзілася таксама самаўсведамленне Касцёла як пілігрымуючага народу. Дагматычная канстытуцыя «Lumen gentium» Другога Ватыканскага Сабору абагульняе гэтую думку, кажучы: «Касцёл сярод пераследу з боку свету і суцяшэння ад Бога ідзе далей у сваім пілігрымаванні, абвяшчаючы крыж і смерць Пана, пакуль не прыйдзе» (LG, 8).
Такім чынам, ідэі Святога Пісання ляжаць у аснове кожнай нашай пілігрымкі. У хрысціянстве пілігрымкавы рух пачаў моцна развівацца з IV стагоддзя, але Касцёл ніколі не казаў, што хадзіць у пілігрымкі абавязкова. Некаторыя старажытныя аўтары нават перасцерагалі людзей ад пілігрымак, бо яны нярэдка былі звязаны з моцнаю рызыкаю для жыцця і здароўя. Тым не менш людзі наведвалі мясціны, звязаныя з падзеямі біблійнай гісторыі, а таксама з жыццём мучанікаў і святых. Пілігрымка можа стаць для чалавека добрай нагодай для паглыблення сваёй духоўнасці пры ўмове, што ён належным чынам да яе падрыхтуецца і не пераблытае пілігрымку з рэлігійным турызмам.
Ксёндз Юрый Дрозд — магістр гісторыі (2008 г.), магістр тэалогіі (2014 г.), доктар тэалогіі (2020 г.). Нарадзіўся ў 1985 г., скончыў БДПУ імя Максіма Танка (2007 г.). У 2014 г. скончыў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Вікарый парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі.