Бог абраў зямным бацькам для свайго Сына, які стаў чалавекам, мужчыну па імені Юзаф. Менавіта Юзаф абіраецца для клопату і адказнасці за цялеснае і матэрыяльнае дабро Езуса, за Яго выхаванне і адукацыю.
Юзаф паходзіў з дому Давіда. У пэўны час, хутчэй за ўсё, па спецыфіцы свайго рамяства, ён пакідае родны горад Бэтлеем і пасяляецца ў Назарэце, маленькім гарадку на поўдні Галілеі, дзе займаецца рамяством, якое акрэсліваецца ў Новым Запавеце грэцкім словам tekton (часцей гэтае найменне мае на ўвазе прафесію будаўніка). Корань гэтага слова захаваўся да нашага часу ў слове «архітэктар». Паўночнаеўрапейскае ўяўленне пра тое, што святы Юзаф быў цесляром і працаваў з драўнінай, хутчэй за ўсё, звязанае з лясным багаццем Паўночнай Еўропы. У Палестыне ж ужо ў старажытнасці было мала лясоў, адпаведна і мала драўніны. Цар Давід і яго сын Саламон увозілі для будаўніцтва храма ў Ерузалеме лес з Лібана (1 Крл 5, 15). Тым не менш Новы Запавет не канкрэтызуе занятак святога: прынята лічыць, што рамяство Юзафа было звязанае з цяслярствам.
Юзаф ахарактарызаваны евангелістамі Мацвеем і Лукой як чалавек справядлівы, грэц. dikaios (Мц 1, 19; Лк 1, 27). Справядлівасць у Новым Запавеце пераважна азначае адпаведнасць стандарту паводзінаў, паслухмянасць волі Бога. Варта падкрэсліць, што Юзаф жыў у шчырых адносінах з Богам і быў паслухмяны Яго волі. Ён — старанны вучань у дысцыпліне Божага права, настаўнікам у якой з’яўляецца сам Бог.
Пасля заручынаў з Марыяй Юзаф даведваецца, што Яна знаходзіцца ў благаслаўлёным стане, таму, не жадаючы ганьбы, ён вырашае пакінуць Яе без публічнага агучвання. Аднак гэтаму яго плану перашкаджае Бог, пасылаючы яму ў сне свайго анёла. Божы пасланец пасвячае Юзафа ў таямніцу Богаўцелаўлення, загадвае не баяцца ўзяць у свой дом Марыю, якая зачала ад Святога Духа і з якой народзіцца доўгачаканы Месія. Юзаф слухае анёла і бярэ Марыю за жонку (гл. Мц 1, 18–21. 24), становячыся зямным бацькам Езуса Хрыста.
Каб зразумець, як быў выхаваны Езус у доме святога Юзафа, мы павінны ўявіць жыццё пабожнай сям’і сярэдняга дастатку са сціплага галілейскага горада.
У той час у гэтым горадзе пражывала не больш за пяцьсот чалавек. Усе яны ведалі адзін аднаго і сваякоў, што пераканаўча пацвярджаецца аповедам пра наведванне Езусам Назарэта ўжо ў сталым узросце: «Прыйшоўшы на сваю бацькаўшчыну, вучыў іх у сінагозе іхняй, так што яны здзіўляліся і казалі: Адкуль у Яго гэтая мудрасць і моц? Ці ж гэта не сын цесляра? Ці не Ягоную Маці завуць Марыя, а братоў Ягоных — Якуб і Юзаф, Сымон і Юда? І сёстры Яго ці не ўсе сярод нас? Адкуль жа ў Яго ўсё гэта?» (Мц 13, 54–56).
У гэтым аповедзе Езус названы сынам цесляра. У паралельным аповедзе Марка Езус таксама названы цесляром (гл. Мк 6, 3). Аб перакладзе гэтага слова мы згадалі вышэй, яно ўказвае на рамяство Юзафа, якім, трэба меркаваць, Езус таксама авалодаў. Цалкам магчыма, што сям’я Юзафа была ў маленькім горадзе адзінаю з гэтым заняткам: большасць жыхароў займалася сельскаю працаю, і вельмі верагодна, што Юзаф вырабляў для насельнікаў драўляныя прылады.
Прыклады з сельскай гаспадаркі, якія часта сустракаюцца ў прыпавесцях Езуса, сведчаць пра тое, што Ён быў добра знаёмы з працай сваіх супляменнікаў: Езус апавядае і пра сейбітаў, і пра жняцоў, і пра вінаградараў. З некаторымі рамёствамі Езус мог пазнаёміцца ўжо ў раннім дзяцінстве, назіраючы за тым, як працуюць Яго суайчыннікі. Настаўнікам у фізічнай працы, асабліва ў сваім рамястве, быў, перш за ўсё, для Яго святы Юзаф.
У Евангеллі ад Мацвея мы знаходзім словы Езуса, якія гавораць пра Яго дасведчанасць у будаўнічых справах: «Таму кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, будзе падобны да чалавека разумнага, які пабудаваў свой дом на скале. Пайшоў дождж, разліліся рэкі, падзьмулі вятры і ўдарылі ў дом той, а ён не ўпаў, бо пастаўлены быў на скале» (Мц 7, 24–25). Таксама і ў іншых месцах Евангелляў паводле Мацвея і Лукі мы чытаем: «Паслухайце іншую прыпавесць. Быў адзін гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў у ім давіла, пабудаваў вежу ды, аддаўшы яго вінаградарам, паехаў» (Мц 21, 33).
«Бо хто з вас, калі захоча пабудаваць вежу, спачатку не сядзе і не падлічыць выдаткаў, ці мае на завяршэнне будовы. Калі ж закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, хто ўбачыць, пачнуць смяяцца з яго, кажучы: „Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць“» (Лк 14, 28–30).
Езус быў добра знаёмы з законамі камерцыі, з сістэмай дамоўных адносінаў паміж прадаўцамі і пакупнікамі, пазыкоўцамі і даўжнікамі.
У сваіх прыпавесцях Ён неаднаразова выкарыстоўвае вобразы з гэтай сферы, напрыклад, у прыпавесці пра двух даўжнікоў (гл. Мц 18, 23–35), аб талантах (гл. Мц 25, 14–30; Лк 19, 12–27) і ў многіх іншых.
Несумненна, святы Юзаф быў для Езуса настаўнікам у інтэлектуальнай сферы. Яго старэйшы сучаснік, александрыйскі філосаф-юдэй Філон, апавядае, з якіх навукаў складаўся ў яго часы цыкл агульнай адукацыі: «Граматыка, навучаючы таму, пра што распавядаюць паэты і празаікі, дасць розум і багацце ведаў і навучыць з пагардай ставіцца да ўсяго, да чаго спакушаюць нас пустыя намеры... Музыка прывядзе бязладнае да ладу. Геаметрыя прышчэпіць любоў да правільнасці гладкасцю звязанай тэорыі. Рыторыка робіць чалавека па-сапраўднаму разумным... Дыялектыка — сястра і двайнік рыторыкі вылечыць найвялікшую хваробу душы — аблуду» (гл. Opera. Vol. 3. P. 75).
Апісаны тут цыкл навукаў складаў сярэднюю адукацыю ў элінскай школе часоў Езуса, аднак не меў нічога агульнага з адукацыяй, якую Езус мог атрымаць у родным горадзе. Тут не выкладаліся ні граматыка, ні музыка, ні геаметрыя, ні рыторыка, ні дыялектыка. З таго, што мы ведаем пра Галілею часоў Езуса, мы нават не можам з упэўненасцю сцвярджаць, што ў горадзе, дзе Ён выхоўваўся, была школа. Адпаведна, мы можам не сумнявацца ў тым, што першымі настаўнікамі Езуса былі Юзаф і Марыя. Евангеліст Лука паведамляе: «І Ён пaйшoў з iмi, і прыйшoў у Нaзaрэт, i быў паслухмяны iм. А Мaці Ягo захавала ўсе гэтыя слoвы ў сэрцы свaiм. Езус жа ўзрастаў у мудрaсцi, у гaдах i ў лaсцы ў Бoгa i ў людзей» (Лк 2, 51–52).
У чым заключалася навучанне ў галілейскай сям’і часоў Езуса? Перш за ўсё, у вывучэнні Торы — Пяцікніжжа Майсеевага. Тора была не проста зборнікам аповедаў пра гісторыю ізраэльскага народа — у ёй змяшчаліся законы, па якіх жыў габрэйскі народ, маральныя прадпісанні, што лічыліся непарушнымі і абавязковымі для выканання.
Любое дзіця, якое выхоўвалася ў габрэйскай сям’і, павінна было ведаць Тору.
Моваю хатняга ўжытку ў Палестыне часоў Езуса была арамейская, але евангеліст Лука пацвярджае, што Езус ведаў і чытаў на габрэйскай: «Калі прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, увайшоў паводле свайго звычаю ў шабат у сінагогу і падняўся, каб чытаць. Яму падалі кнігу прарока Ісаі. Разгарнуўшы кнігу, Ён трапіў на месца, дзе было напісана: „Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім, паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным і сляпым вяртаць зрок, каб выпусціць спакутаваных на свабоду, каб абвясціць год ласкі Пана“. Згарнуўшы кнігу, Ён аддаў яе слугу і сеў. А вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. І Ён пачаў гаварыць ім: „Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі“. Усе сведчылі Яму і здзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных, і казалі: „Ці ж не сын Юзафа гэта?“» (Лк 4, 16–22).
Не выключана, што, акрамя адукацыі ў доме святога Юзафа, Езус навучаўся ў пачатковай школе (калі яна была ў Назарэце), потым — пры мясцовай сінагозе. Нам вядома, што Езус выдатна ведаў Стары Запавет, і мы не сумняваемся ў тым, што з біблейскімі кнігамі Ён пазнаёміўся яшчэ ў дзяцінстве. Няма звестак пра тое, каб Ён вучыўся ў якога-не будзь вядомага рабіна або ў школе філасофіі, або пры Ерузалемскім храме. Юдэі, якія слухалі Яго ў храме, здзіўляліся: «Як жа Ён ведае Пісанні, не вучыўшыся?» (Ян 7, 15). Удакладненне «не вучыўшыся» ўказвае на адсутнасць у Яго фармальнай адукацыі, якой валодалі кніжнікі і фарысеі.
Адсутнасць фармальнай адукацыі не выключае эпізадычных кантактаў Езуса з настаўнікамі. Адзін такі эпізод знаходзіцца ў Евангеллі ад Лукі: «Бaцькi Езуса хaдзiлі штогод у Ерузaлем нa свята Пaсхi. I кaлі Яму былo двaнaццaць гaдoў, яны ўзышлі ў Ерузaлем пaвoдле звычaю святa. Калі па заканчэнні дзён свята вярталіся, зaстaўся Хлопец Езус у Ерузaлеме, i не заўважылі гэтага Ягoныя бaцькi. Думaючы, штo Ён ідзе з пілігрымамі, прайшлі дзень дaрoгi і тады пачалі шукaць Ягo мiж свaякaмi i знaёмымi. Не знaйшoўшы, вярнуліся ў Ерузaлем, шукaючы Ягo. Пaсля трoх дзён знaйшлі Ягo ў святынi. Ён сядзеў сярoд настаўнікаў, слухaючы iх i пытaючыся ў iх. А ўсе, хто слухaў Ягo, дзівіліся рoзуму i aдкaзaм Ягo. Убaчыўшы Яго, яны здзiвiліся, i скaзaлa Яму Мaці Ягoнaя: „Дзіця, чаму Ты зрaбiў нaм тaк? Вoсь бацька Твoй i я балюча перажывалі, шукaючы Цябе“. Ён скaзaў iм: „Чaгo ж вы шукaлі Мяне? Цi вы не ведaлі, штo Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу Мaйму?“ Aле яны не зрaзумелі таго, што Ён скaзaў iм» (Лк 2, 41–50).
Кранальны эпізод, расказаны Лукой, адзіны ў Евангеллях, які тычыцца маленства Езуса.
Дасягнуўшы сталасці і распачаўшы публічнае служэнне, Езус будзе шмат гаварыць аб сваім Айцы Нябесным. Ужо ў дванаццаць гадоў Ён ведае пра тое, што Яго Айцом з’яўляецца Бог. Нам цяжка меркаваць, як Марыя магла патлумачыць дванаццацігадоваму хлопчыку, што Юзаф не з’яўляецца Яго бацькам. Тым не менш можна меркаваць, што такі аповед мог сыходзіць ад Юзафа. Словы дванаццацігадовага Езуса, скіраваныя да Яго бацькоў і не зразуметыя імі, але захаваныя ў сэрцы Яго Маці, сведчаць пра тое, што ўжо ў раннім узросце Ён ведаў аб сваім Бога-Сыноўстве, а асноўную адукацыю атрымаў у доме святога Юзафа.
Галава Святой Сям’і разам з Найсвяцейшай Паннай Марыяй і Збаўцам з’яўляецца найбольш дасканалым узорам сямейнага жыцця і ўсіх бацькоўскіх цнотаў. Выконваючы Божую волю ў сваім жыцці, Юзаф, як старанны вучань Бога і паслядоўнік Яго навукі, становіцца настаўнікам для Бога, а яго дом у Назарэце — школаю ўцелаўлёнага Хрыста.
Кс. др. Сяргей Сурыновіч, Друя