Якое велічнае імя Тваё, Пане!

Чым кіруецца сучасны чалавек, даючы свайму дзіцяці тое альбо іншае імя? Некаторым важна, каб імя прыгожа гучала. Іншыя даюць яго свайму дзіцяці ў гонар кагосьці з продкаў альбо ўлюбёнага актора, спевака, паэта, гістарычнага дзеяча і г.д. Часам у імені шукаюць таямнічую «энергетыку» на мяжы з эзатэрыкай і чакаюць дзеяння асаблівай сілы, якая павінна праявіцца. Чымсьці гэта падобна да песенькі мультперсанажа капітана Врунгеля: «Як вы яхту назавеце, так яна і паплыве». Ну а некаторыя не шукаюць у імені сэнсу. Так ці інакш, логіка сучаснага чалавека ў гэтым пытанні моцна адрозніваецца ад логікі людзей біблійных часоў, асабліва часоў Старога Запавету.


Спрабуючы акунуцца ў няпростую багаслоўскую тэму Божага імя, адразу зазначу, што не маю на мэце аналізаваць габрэйскія альбо грэцкія імёны Бога і іх пераклады на славянскія мовы, а хачу толькі ў агульных рысах засяродзіцца на важнасці нашай тэмы. Дастатковым прыкладам для нас няхай будзе той факт, што імя Бога Іегова, якое ўжываюць вызнаўцы вядомай нам секты, з’яўляецца памылковай транскрыпцыяй Божага імя з габрэйскай мовы на рускую. Імя Божае насамрэч — Яхвэ.

Філасофія імені ў старажытнасці

Адзін з даследчыкаў Бібліі трапна заўважыў, што імя ў старажытнасці сведчыла пра канкрэтнае месца яго носьбіта ў свеце і ў жыцці. Гэта была не проста сімволіка, а прызначэнне, заданне. Менавіта таму Бог, ствараючы свет, пачынае да­ваць імёны ўсяму: «І назваў Бог святло днём, а цемру назваў ноччу» (Быц 1, 5). Даванне імёнаў выглядае як завяршэнне этапу стварэння. Імёны паказваюць, калі можна так сказаць, пакліканне таго, каго і што Бог стварае. У працэс стварэння свету ўключаны і першы чалавек. Ён таксама, згодна з даручэннем Бога, дае імёны: «І прывёў іх да Адама, каб убачыць, як ён назаве іх. І як Адам назваў кожную жывую істоту, такім і было яе імя. І назваў Адам імёнамі сваімі ўсякую жывёлу, птушак нябесных і ўсякіх звяроў палявых» (Быц 2, 19–20).

З цягам часу імёны пачалі даваць не толькі розным істотам і людзям, але таксама падзеям і здарэнням. Такім чынам, кожнае імя нагадвае пра рэальныя факты. Але імя не мела сімвалічнага значэння — яно паказвала толькі месца ў гэтым свеце. Напрыклад, адно з ранніх імёнаў (назваў) геаграфічных — Бабілён — перакладаецца як змяшанне: «Таму дадзена яму імя: Бабілён, бо там змяшаў Пан мову ўсёй зямлі» (Быц 11, 9). Здавалася б, простая назва і нічым асабліва не адрозніваецца ад іншых, але, калі раскрываеш значэнне слова, становіцца крыху не па сабе, бо пачынаеш разумець, што там адбылося. Шчыра кажучы, мне было б не надта ўтульна жыць у горадзе, які назвалі Бабілёнам. Між тым, праз біблійныя імёны перад намі адкрываецца нябачны духоўны свет і імёны перастаюць быць проста сімволікай.

Імёны, якія паказвалі месца чалавека або нейкай жывой ці не жывой рэчы ў свеце, маглі быць таксама прароцтвамі, бо паказвалі на тое, што некалі адбудзецца. Гаворка ідзе не пра жаданні, а пра тое, што пакуль утоена ад чалавека, але адбудзецца па Божым Провідзе. Так Абрам атрымлівае новае імя – Абрагам, што азначае «айцец мноства», хоць на момант яго сустрэчы з Богам яшчэ нішто не паказвала на мноства нашчадкаў гэтага чалавека. Падобным чынам імя прарока Ісаі перакладаецца як «няхай уратуе Бог», што прадказвала дзеянне Бога праз гэтага прарока. Часам хтосьці меў некалькі імёнаў, што сведчыла пра вялікія Божыя планы адносна гэтага чалавека: напрыклад, Саламон меў таксама імя Іедзідзія, што азначае «ўзлюблены Богам».

Такім чынам, імя чалавека або назва месца паказвала
на Божы план адносна гэтага чалавека або месца.

І калі Бог даваў новае імя, то гэта азначала, што змены адбываюцца на ўзроўні прыроды, на ўзроўні таго, што чалавеку не падуладна. Гэта азначала, што Бог робіць штосьці новае. Чалавек не мае ўлады над імем, бо не мае ўлады над сваім жыццём, не можа яго запланаваць дакладна. Такую ўладу мае толькі Бог. Менавіта таму некаторыя даследчыкі Бібліі мяркуюць, што за грахом перапісу народа, які ўчыніў Давід, крыецца не колькасны пералік, а запіс імёнаў, што магло паказваць на жаданне цара панаваць над людзьмі, кіраваць імі, вырашаць іх лёсы. У Кнізе Кронікаў (1 Кр 21, 1) звяртаецца ўвага на тое, што сатана спакусіў Давіда на гэты пералік.

Імёны Бога

Цікава, што жыхары Бабілёна верылі, што іх галоўны бог мае 50 імёнаў, а хананейцы ўтойвалі імёны сваіх багоў, называючы іх супольным імем Бааль (мой гаспадзін). Яны верылі, што кожны з гэтых «бааляў» апякуецца той ці іншай тэрыторыяй. Разумеючы сэнс надавання імёнаў у Бібліі, нам будзе больш зразумелым тое, што наш Бог мае некалькі імёнаў. Ведаць гэтыя імёны мог толькі той, каму Бог адкрываў, кім Ён ёсць.

На першых старонках Бібліі напісана, што Бог Створца альбо Бог Айцец, але Ён не мае імя. Біблія называе Яго Богам Абрагама, пасля — Богам Ісаака, Богам Якуба, Богам Ізраэля. У іншых месцах Яго называлі «Той, які на гары» (г.зн. Усёмагутны), «Страх Ісаака», «Моцны Якуба». Калі патрыярх Якуб або таксама бацька Самсона пытаюцца ў Бога пра Яго імя, Ён адказвае, што яно «таемнае», і не называе свайго імені. Бог адкрые людзям праўду пра сябе паступова, а таму імя Божае захоўваецца ў таямніцы.

Той, Які Ёсць

Асаблівай увагі, вядома, заслугоўвае сустрэча Майсея з Богам, калі на пытанне Майсея пра імя Бог называе сябе: «Тады сказаў Бог Майсею: Я ЁСЦЬ, ЯКІ ЁСЦЬ. І сказаў: Так скажаш сынам Ізраэля: ЯКІ ЁСЦЬ паслаў мяне да вас. І гаварыў далей Бог Майсею: Так скажаш сынам Ізраэля: Пан, Бог айцоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба паслаў мяне да вас. Гэта імя Маё навекі» (Зых 3, 14–15). Некаторыя даследчыкі Бібліі звяртаюць увагу на тое, што гэты адказ Бога нагадвае адказ Якубу альбо бацьку Самсона, але сам Бог дадае і паказвае, што размова ідзе менавіта пра Яго імя. Бог выразна звяртае ўвагу на тое, што Бог іх патрыярхаў мае імя «Той, Які Ёсць», і гэтае імя нязменнае.

У чым асаблівая важнасць аб’яўлення Божага імя Майсею? Бог не проста назваў сябе, Бог паказаў сваю галоўную рысу — Ён Ёсць з народам, Ён будзе з Майсеем ва ўсіх выпрабаваннях, Ён пойдзе з народам праз пустыню, Ён будзе ўвесь час з ім. Гэта азначае, што Яму трэба давяраць. Называючы сваё імя, Бог паказаў, кім Ён ёсць. Можна смела казаць, што аб’яўленае Майсею Божае імя гаворыць таксама і нам сёння пра Яго. Наш Бог — гэта Бог, які заўсёды прысутны ў нашым жыцці.

Крыху адыходзячы ад багаслоўскіх разважанняў, хачу распавесці адну гісторыю. Адзін з маіх былых падапечных вязняў з калоніі некалі пачуў ад вернікаў: «Бог заўсёды быў у тваёй гісторыі». На гэта ён пачаў бунтавацца і задаў Богу пытанне: «Дык а дзе Ты быў, калі я забіў чалавека?» Можа, гэта здасца дзіўным, але праз нейкі час Бог даў яму зразумець, што гэта менавіта Ён даў яму ў той час мужнасць не ўцячы з месца забойства, а дачакацца міліцыі і панесці адказнасць перад законам.

Многія з нас у цяжкія хвіліны таксама задаюць пытанне:
«Бог, Ты дзе?» Імя Божае паказвае нам Яго прыроду.
Ён нікуды не знікае, не пакідае, Ён ёсць.

Ён быў таксама з Езусам, калі Яго спакушаў сатана, бо напісана, што Дух павёў Езуса ў пустыню. Безумоўна, быў з Ім на крыжы. Бог ёсць з кожным з нас у кожную хвіліну, нават калі мы Яго не бачым (невыпадкова ж Натанаэль здзіўляецца, што Езус мог яго бачыць пад дрэвам, калі Яго там не было). Добра гэта разу­меў патрыярх Юзаф, які верыў, што Бог быў нават у той гісторыі, калі браты прадалі яго ў рабства ў Егіпет.

Нам важна памятаць, што ў Бога няма ні пачатку, ні канца. Ён па-за часам. Ён Ёсць. Гэта азначае, што Ён пануе над гісторыяй, над мінулым і можа яго выпра­віць, пануе над нашым «сёння» і ў Яго руцэ будучыня. Ён бачыць наперад.

Ужыванне Божага імя

Паколькі для старажытнага Ізраэля імёны мелі не проста сімвалічнае значэнне, то ўжыванне Божага імя, адкрытае Майсею, успрымалася як культавае. Бог забараняе Майсею злоўжываць Яго імем: «Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна, бо Пан не пакіне без пакарання таго, хто ўжывае імя Ягонае дарэмна» (Зых 20, 7). Таксама Бог забараняе ўжываць імёны ідалаў: «Усё, што Я сказаў вам, споўніце, і імёны чужых багоў не прызывайце, і няхай не чуюцца яны ў вуснах тваіх» (гл. Зых 23, 13).

Магчыма, многім гэта здасца дзіўным, але я звяртаю вашую ўвагу, шаноўныя чытачы, на тое, што Бог забараняе ўжываць імёны ідалаў. Яны ўжываюцца ў Бібліі, але размова ідзе пра тое, што нельга да гэтага ставіцца бяздумна. Дарэчы, у нашай культуры вельмі распаўсю­джана ўжыванне імёнаў багоў старажытнай Грэцыі, Рыма, а таксама бостваў са старажытных і сучасных язычніцкіх культураў. Многія персанажы японскіх мультфільмаў маюць імёны язычніцкіх багоў і, думаю, што гэта мае свой уплыў на духоўную сферу.

Для габрэяў імя Бога пачало азначаць Яго самога. Блюзне­рыць супраць Божага імені азначае блюзнерыць супраць самога Бога. У Кнізе Левіт ёсць момант, калі Бог загадвае каменаваць мужчыну, які праклінаў Божае імя (гл. Лев 24, 11–16). Пасля вяртання з Бабілёнскага палону толькі першасвятар меў права вымаўляць імя Бога ў патаемнай малітве ў Ерузалемскай святыні ў месцы «Святое святых». Імя Бога першасвятар мог вымавіць услых толькі раз на год. Для таго, каб не ўжываць імя Бога, габрэі замянілі ў Бібліі Яго імя на сінонім «Аданай», што ў грэцкім тэксце Бібліі перакладзена як «Кіріёс», а ў стараславянскім — «Госпад» (ад «гаспадзін»). Цікавы той факт, што папа Бэнэдыкт XVI у свой час даў распараджэнне, каб у літургіі і спевах перасталі ўжываць імя Бога, замяніўшы Яго габрэйскім адпаведнікам «Аданай» (Госпад). Зразумела, што гэтае распараджэнне выклікала ў Касцёле вялікія дыспуты.

Акрамя аб’яўленага імені Божага Майсею, у Бібліі сустракаюцца таксама іншыя імёны Бога: гэта згаданае імя «Аданай», а таксама імя «Саваоф», што значыць «воінстваў, магуццяў». Часам сустракаецца спалучэнне «Аданай Саваоф», што перакладаецца як «Бог Магуццяў», «Бог Моцны». Таксама часта сустракаецца імя «Элахім», што азначае «Бог». Паколькі гэтым словам называлі таксама паганскіх багоў, то да яго дадавалі прыметнікі, якія паказвалі, што наш Бог асаблівы: напрыклад, «Бог Усёмагутны» (гл. Быц 17, 1), «Бог Усявышні» (гл. Быц 14, 18), «Бог Вечны» (гл. Быц 21, 33).

Сіла імя Езус

Езус шмат разоў абяцаў, што, прызываючы Яго імя ў веры і ў малітве, вучні будуць сведкамі многіх цудаў, такіх як аздараўленне, выгнанне дэманаў і нават уваскрашэнне памерлых. Такім чынам, споўнілася само значэнне Імя Езус — «Збаўца». Езус таксама казаў, што звяртацца да Айца Нябеснага ў малітве трэба ў сіле імя Езус: «Калі чаго ў імя Маё папросіце ў Айца, дасць вам» (Ян 16, 23). Апосталы ўсведамлялі, што цуды, якія адбываліся праз іх рукі і словы, насамрэч адбываліся сілаю імя Езус: «Чаго так глядзіце на нас, быццам мы ўласнай сілаю або пабожнасцю зрабілі так, што ён ходзіць? <...> Праз веру ў імя Ягонае таго, каго бачыце і ведаеце [гэтага чалавека], імя гэтае ўмацавала» (Дз 3, 12. 16).

Можа здавацца дзіўным, што ў Старым Запавеце ёсць амаль забарона ўжываць Божае імя (ва ўсялякім разе так гэты наказ зразумелі габрэі), а ў Новым Запавеце Езус, наадварот, заклікае ўзносіць усе малітвы да Айца Нябеснага праз Яго імя. У багаслоўскім плане гэта можна патлумачыць наступным чынам: Бога ніхто ніколі не бачыў — так можна сказаць пра аб’яўленне Бога Айца. Майсей перажываў сустрэчу з Богам Айцом, але ў пэўны момант Бог сказаў яму, каб адвярнуўся, бо нельга было глядзець на Бога (гл. Зых 33, 18–23). Калі Езус прыйшоў у гэты свет, то на Бога ўжо было можна глядзець: Ён стаў «Богам з намі» (такое значэнне імя «Эммануэль»). Таксама і імя Божае павінна было стаць вядомым чалавеку. Заўважце, што Езус не запрашае нас ужываць імя Бога, якое было аб’яўлена Майсею, але прапануе нам імя, якое Ён атрымаў пры ўцелаўленні.

Другая запаведзь не забараняе нам ужываць Божае імя, але сцвярджае, што яно святое, што нельга яго ўжываць бяздумна, але толькі ў малітве, з пакланеннем Богу, у веры.

Асабіста я раю вернікам, каб у хвіліны выпрабаванняў
і спакусаў памяталі пра тое, што трэба ў веры заклікаць імя Езуса.
Гэта могуць быць вельмі простыя малітвы:
«У імя Езуса Хрыста я выракаюся духа страху»,
«У імя Езуса Хрыста прашу Цябе, Айцец Нябесны…»,
«У імя Езуса Хрыста забараняю духу хваробы нішчыць мяне» і г.д.

Ва ўсходняй традыцыі шырока распаўсюджана малітва пакаяння: «Госпадзе, Езу Хрыстэ, памілуй мяне, грэшнага». Паколькі само імя «Езус» маюць іншыя людзі (Езус Навін, Езус Юст і г.д.), то важна заўсёды дадаваць «Хрыстус», бо не само па сабе імя мае сілу, а Той, Хто яго носіць.

Даючы нам магчымасць ужываць Божае імя, Божы Сын адкрыў перад вернікамі доступ да Божай сілы і святасці, але ўжываць гэтае імя трэба ў веры.


Айцец Аляксандр Жарнасек МІС

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней