Слуханне Божага слова

Слухай, Ізраэль! Гэты заклік найчасцей паўтараецца ў Старым Запавеце. Так Пан прамаўляў да свайго народа. Падумай, колькі разоў Пан звяртаўся гэтымі словамі да цябе. Падумай, чаму ты Яго не слухаеш… 

Мы молімся не для таго, каб Бог споўніў нашыя планы, а для таго, каб мы самі маглі выконваць Божыя намеры. Таму нам трэба іх спазнаць. Божая воля і Божыя намеры выяўляюцца ў аб’яўленым Слове — у Бібліі, у настаўніцтве Касцёла, у знаках часу, ва ўсім, што адбываецца ў нашым жыцці… Сканцэнтруем нашу ўвагу на слуханні Слова.


Уменне слухаць

Слухаць Божае слова азначае ведаць, як падрыхтаваць для яго глебу. Згадаем прыпавесць Пана Езуса пра сейбіта: «У той дзень Езус выйшаў з дому і сеў каля мора. І сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе. Ён шмат гаварыў ім у прыпавесцях, кажучы: «Вось выйшаў сейбіт сеяць. І калі сеяў, некаторыя зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі іх. Другія ж упалі на камяністае месца, дзе было мала зямлі, і адразу прараслі, бо зямля была неглыбокая. Аднак, калі ўзышло сонца, яны завялі і таму, што не мелі каранёў, засохлі. А іншыя ўпалі сярод церняў, і выраслі церні, і заглушылі іх. Яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзясят, а іншае ў трыццаць. Хто мае вушы, няхай слухае».

Месца, на якое падае зерне, уплывае на яго далейшае ўзрастанне. Таму не распачынай малітвы ад чытання Пісання — спачатку «падрыхтуй глебу». Святая Тэрэза ад Езуса (Авільская) казала, што той, хто моліцца, павінен адшукаць сябе для сябе. Мы звычайна вельмі рассеяныя, таму спачатку трэба нанова вярнуць сабе зрок, слых, цела, уяўленне… Слуханне Слова — гэта распазнанне таго, што яно даносіцца менавіта на той хвалі, якую мы можам злавіць толькі з дапамогаю Духа Святога. 

Апосталы не толькі ведалі Евангелле, але адыгралі ў ім канкрэтныя ролі. І нічога не зразумелі… пакуль на іх не быў спасланы Дух Святы. 

Перад тым як распачнеш чытаць Святое Пісанне, прасі Духа Святога аб святле. Біблія — гэта не проста адна са шматлікіх кніг, таму падчас малітвы не старайся ставіцца да яе крытычна або па-навуковаму. Прасі аб святле: прыйдзі, Духу Святы, сыдзі на мяне! Да кан­крэтных людзей Бог прамаўляў у канкрэтных сітуацыях. Сёння Ён прамаўляе і да цябе ў тваёй канкрэтнай сітуацыі. Па­спрабуй у Божым слове адшукаць Божую волю адносна сябе. Чым лепш ты будзеш ведаць Святое Пісанне, тым больш дасканалай будзе твая малітва і тым болей ты зможаш дапамагчы ў малітве іншым.

Чытанне Слова

Кожны, хто чытае Святое Пісанне, як індывідуальна, так і ў групе, павінен усведамляць, што ён сам з’яўляецца свайго роду «сейбітам». Кожнае зярнятка трэба пакласці ў глебу адпаведным чынам і ў адпаведнай колькасці. Таму, калі чытаем Біблію, трэба клапаціцца пра тое, каб рабіць гэта павольна, чытаць кароткімі фрагментамі і падбіраць адпаведны тон голасу, у залежнасці ад тэксту.

Прыманне Слова

Зерне Слова падобнае да дзіцяці, якое патрабуе розных формаў клопату, каб яно магло пусціць карані ў жыццё і ўзрастаць.

Прапаную просты спосаб для дасягнення гэтай мэты:

  • пасля слухання Слова паўтары ў духу выбраныя фрагменты;
  • паспрабуй у сэрцы ўявіць тыя адчуванні, якія спадарожнічалі, напрыклад, Хрысту, у момант абвяшчэння Слова;
  • дазволь, каб слова Божае пранікла ў кожны, нават самы ўкрыты куточак твайго жыцця, і асабліва ў найбольш «неўрадлівыя» мясціны;
  • адкажы на Слова, якое Бог скіраваў да цябе, ствары сяброўскі дыялог,  адказваючы на Яго Слова, як гэта зрабіла самаранка;
  • калі гэта магчыма, перайдзі да малітвы сузірання, у якой дастаткова таго, што ты проста глядзіш на Яго і адчуваеш на сабе Ягоны позірк, і трывай, любячы Умілаванага.

З малітваю — а. Юрый Кулай OCD

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней