Біблійны курс «Эмаус»: перажыць «вясну» Касцёла разам з Апосталамі

З 3 па 5 лютага ў Оршы адбыўся біблійны курс «Эмаус». Зімняя сесія курса была прысвечана кнізе Бібліі Дзеі Апосталаў, у той час як асенняя — Евангеллю паводле Яна. Біблійны курс «Эмаус» праводзілі доктар тэалогіі Уладзіслаў Валаховіч, а таксама айцец Аляксандр Жарнасек MIC.

Паколькі курс мае больш пазнавальны характар, чым рэкалекцыйны, то асноўная ўвага надавалася лекцыям. Удзельнікі курса па-новаму пачулі Божае слова, асэнсавалі культурна-гістарычны кантэкст першых гадоў хрысціянства, геаграфію місійнай дзейнасці Апосталаў, лінгвістычныя асаблівасці тэксту кнігі Дзеі Апосталаў. Атрыманыя веды дазволілі глыбей зразумець падзеі тых часоў, і адначасова дапамаглі іншымі вачыма паглядзець на сённяшнюю рэчаіснасць.

Не менш важным элементам праграмы курса было духоўнае прачытанне Бібліі «Lectio Divina», падчас якога ўдзельнікі супольна чыталі ўрывак з Дзеяў Апосталаў, а пасля дзяліліся, якім чынам Божае слова дакранулася да іх душаў, чым здзівіла, якія новыя адценні сэнсу адкрыла.

Нягледзячы на тое, што ў Оршы сабраліся людзі рознага ўзросту і сфераў дзейнасці, усе хацелі, каб Бог праз сваё слова прамаўляў да кожнага, таму сведчанні былі глыбокімі. Дух Святы праз Святое Пісанне паказваў удзельнікам курса праўду пра іх, некаторым даваў адказы на глыбінныя пытанні.

Асэнсаваць атрыманыя веды дапамагала святая Імша, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, індывідуальнае чытанне і разважанне над Божым словам.

Спадар Уладзіслаў Валаховіч — надзвычай таленавіты выкладчык. На лекцыях ён ствараў лёгкую і нефармальную атмасферу, для лепшага ўспрымання інфармацыі выкладчык часам выкарыстоўваў жартаўлівую манеру, наглядны матэрыял, праводзіў аналогіі біблейскіх падзеяў з сённяшнім днём.


Адзін з галоўных герояў кнігі Дзеі Апосталаў, апостал Павел, нікога не пакінуў раўнадушным, ён уразіў сваім імпэтам, стараннем, нястомнасцю ў абвяшчэнні Божага Валадарства. Як жа ён удала карыстаўся рознымі сродкамі, каб дасягнуць галоўнай мэты — абвяшчаць Евангелле! Напрыклад, ён як рымскі грамадзянін наогул не павінен быў падвяргацца цялеснаму пакаранню, замест гэтага Паўла часта збівалі за прапаведванне, а толькі потым ён казаў, што рымскі грамадзянін, тым самым заставаўся ў выйгрышы, а ўлады прасілі ў яго прабачэнне. Здзіўляла таксама паслухмянасць у маладым Хрыстовым Касцёле. У 21-й главе, калі св. Павел прыйшоў у Ерусалім пасля прапаведвання Евангелля язычнікам, галава Ерусалімскага Касцёла, апостал Якуб сказаў яму ачысціцца і прынесці ахвяру ў святыні па юдэйскім законе. Задвалася б, гэта схіленне да крывадушнасці, але апостал Павел слухаецца.

Удзел у курсе «Эмаус» прынёс грунтоўны плён, пераканаў, што нам, хрысціянам, вельмі важна слухаць Божае слова, быць адкрытымі на дзеянне Духа Святога, нам жыццёва неабходна развівацца ў духоўным жыцці і больш актыўна дзейнічаць у сваіх парафіях, пашыраць любоў паміж братамі і сёстрамі ў Хрысце.

Наступны біблійны курс адбудзецца 19–21 мая (пятніца-нядзеля) у Оршы, у касцёле св. Язэпа, і будзе прысвечаны тэме «Патрыярхі ў Старым Запавеце». Сачыце за навінамі пра курс «Эмаус», а таксама пра іншыя не менш цікавыя курсы ў Оршы:


Вольга Качалка
Фота: а. Аляксандр Жарнасек MIC

{gallery}2017-02-1{/gallery}

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней