«Чаму менавіта пасля другой запаведзі вельмі выразна гучыць Божае папярэджанне супраць яе парушэння?»
На пытанне адказвае ксёндз Андрэй Рылка — рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.
«Там святое імя Божае, дзе да Яго звяртаюцца згодна з Яго веліччу. Там святое імя Пана, дзе Яго заклікаюць з пашанай і бояззю, каб Яго не зняславіць».
Фундаментам жыцця кожнага хрысціяніна найперш з’яўляюцца яго адносіны з Богам. У святле гэтых адносінаў разглядаюцца ўсе іншыя віды зносінаў, каштоўнасцяў, светаўспрымання. Але для таго, каб гэтыя адносіны не былі чымсьці размытым, каб не трапіць у пастку самападману і суб’ектыўнасці ў інтэрпрэтацыі таго, што добра, а што дрэнна, Бог даў людзям выразны Закон: дзесяць запаведзяў (гл. Зых 34, 28). Святое Пісанне ажно ў дзвюх кнігах паўтарае гэтыя наказы і перасцярогі Любячага і Справядлівага Бога: у кнізе Зыходу (20, 2–17), а таксама ў Кнізе Другазаконня (5, 6–21), а пасля ў Новым Запавеце Езус і Апосталы пацвярджаюць важнасць і неабходнасць захавання гэтых запаведзяў (гл. Мц 5, 21.27; Мк 10, 19; Рым 13, 9).
Часам вернікі з цяжкасцю разумеюць другую Божую запаведзь. Ва ўзгаданых вышэй кнігах яна запісана ў наступным выглядзе:
- «Не будзеш заклікаць імя Пана, Бога твайго, дзеля марных рэчаў, бо Пан не пакіне непакараным таго, хто заклікае Яго імя дзеля марнасцяў» (Зых 20, 7).
- «Не будзеш ужываць імя Пана, Бога Твайго, дзеля марных рэчаў, бо не дазволіць Пан, каб застаўся непакараным той, хто ўжывае Яго імя дзеля марнасцяў» (Дрг 5, 11).
Гэтую Божую запаведзь можна падзяліць на дзве часткі. У першай частцы Бог заклікае не ўжываць Яго святое імя марна (дарэмна). У другой частцы гаворыць пра пакаранне тых, хто не будзе належна ўшаноўваць Яго імя.
У адрозненне ад іншых запаведзяў, менавіта пры другой вельмі моцна гучыць Божае папярэджанне аб кары для парушальнікаў гэтага закону. Чаму менавіта пры гэтай запаведзі гучыць такая моцная перасцярога?
У пошуках адказу на гэтае пытанне варта перадусім звярнуцца да «Катэхізіса Каталіцкага Касцёла» (ККК), які тлумачыць, што для захавання гэтай запаведзі належыць шанаваць імя Божае, усхваляць і праслаўляць яго (гл. ККК, 2143). Адносна другой часткі запаведзі катэхізіс звяртае ўвагу на грахі, якія вынікаюць з яе парушэння: вераломства, блюзнерства, праклёны, фальшывая прысяга, парушэнне прысягі (шлюбу), ілжэсведчанне, зняважлівае выкарыстанне ўсяго Божага і святога (гл. ККК, 2146–48).
Вераломства — гэта цяжкі грэх, пры якім асоба, ужываючы святое імя Бога, прысягае або нешта абяцае, заведама намерваючыся здзейсніць нейкае зло (гл. ККК, 2152). Блюзнерства — гэта цяжкі грэх знявагі, ачарнення, прыніжэння, кпінаў з Бога і ўсяго, што з Ім звязана (святыя асобы або рэчы). Гэты грэх можа праяўляцца ў думках, словах, учынках і прыносіць смяротную шкоду ў першую чаргу душы беднага грэшніка (гл. Як 2, 7; ККК, 2148; Кодэкс Кананічнага Права, кан. 1369). Праклёны — пажаданне зла нейкай асобе, спалучанае з заклікам святых імёнаў або рэчаў, — з’яўляюцца цяжкім грахом знявагі імя Бога і ўсяго Божага (гл. ККК, 2149). Фальшывая прысяга ці шлюбаванне, пры якіх заклікаецца аўтарытэт Бога, Касцёла або выкарыстоўваюцца святыя рэчы (напр., фальшывая прысяга на Бібліі або перад крыжам) — усё гэта вераломнае, і вартае кары выкарыстанне святасці і аўтарытэту Пана ў нікчэмных і зламысных намерах грэшніка. Святое Пісанне і вучэнне Касцёла асабліва перасцерагае перад такога роду ўчынкамі (гл. Дрг 6, 13; Мц 5, 33–34.37; Як 5, 12; 2 Кар 1, 23; Гал 1, 20; ККК, 2150–2153).
Выразная перасцярога Бога і Касцёла перад грахом дарэмнага і зламыснага ўжывання імя Божага і Яго заклікання звязана са спецыфікаю нашага псіхалагічнага ўспрымання аўтарытэту. Не трэба тлумачыць, што здарыцца з павагаю нейкай асобы да аўтарытэту, калі ў яе прысутнасці будуць гучаць словы або выконвацца дзеянні, скіраваныя на высмейванне гэтага аўтарытэту, фарміраванне яго вобраза як нягоднага, слабога, неразумнага, нецікавага, фальшывага або шкоднага. У выніку ў свядомасці чалавека можа сфарміравацца зусім далёкі ад рэальнасці вобраз кагосьці дагэтуль вельмі паважанага. Больш за тое, гэты вобраз можа быць настолькі скажоным, што пачне выклікаць абсалютна неадэкватную, адваротную рэакцыю. Напрыклад, хтосьці можа цалкам заблакавацца на адносіны з Богам і будзе баяцца верыць, калі ўвесь час нехта іншы будзе «карміць» яго фальшываю інфармацыяй пра тое, што верыць у Бога — гэта значыць быць рабом, якому нічога нельга, які не можа радавацца, цешыцца жыццём, а можа толькі пакутаваць, пасціцца і ненавідзець свет. На жаль, гісторыя ведае шмат прыкладаў таго, як некаторыя бацькі імкнуліся навязаць сваім дзецям уласны здэфармаваны вобраз Бога, у выніку чаго дзеці станавіліся заядлымі атэістамі, ворагамі ўсяго, што нагадвала ім пра канфесію іх бацькоў. І, наадварот, здаровы, адэкватны вобраз Бога, веры, Касцёла, які бацькі перадаюць сваім дзецям, заахвочвае іх да такога ж адэкватнага, мудрага, радаснага і шчаслівага жыцця.
Другая Божая запаведзь завастрае нашу адказнасць за пазнанне, выкарыстанне і сведчанне пра імя Бога (гл. Пс 29, 2; 113, 1–2; ККК, 2143). Гэта значыць, што мы будзем асуджаныя за тое, што і як гаварылі пра Таго, Каго нам дадзена было пазнаць. Бо малейшае скажэнне інфармацыі пра Бога, а тым больш імкненне выкарыстаць Яго аўтарытэт у сваіх мэтах, можа стаць прычынаю заблакаванасці слухаючай нас асобы на адносіны з Богам. З-за няўдалага жарту, анекдота, страшання імем Божым або для выкарыстання рэлігіі як маральнага і псіхалагічнага шантажу можна назаўсёды знеахвоціць чалавека да веры, да Касцёла, здэфармаваўшы ў яго свядомасці вобраз таго, што павінна ім успрымацца як чыстае і святое.

У сучасным свеце, дзе мы проста патанаем у бязмежнай колькасці супярэчлівай інфармацыі, вельмі важна вучыцца бараніць сваю свядомасць ад тых, хто навязвае нам фальшывы вобраз Бога, Касцёла, веры, малітвы, хрысціянскай маралі (гл. ККК, 2148–2149). Не ўмеючы адрозніваць праўду ад фальшу, мы не зможам дапамагчы ў гэтым нашым блізкім. Таму і Святое Пісанне, і мудрасць Касцёла заклікаюць нас пазнаваць сапраўднае імя Бога: чэрпаць інфармацыю пра Яго і пра веру з праўдзівых і правераных крыніцаў інфармацыі. Ніякія самыя цікавыя і відовішчныя рэлігійныя навінкі і вобразы не змогуць замяніць нам рэальнага спаткання з Богам на асабістай малітве і падчас супольнай Эўхарыстыі. Пан дазваляе нам пазнаць Яго імя (гл. Ян 17, 26). Неабходна шукаць Яго Аблічча. Але гэты пошук не можа быць пастаянным эксперыментаваннем з вераю. Зямное жыццё занадта кароткае, і наша псіхіка занадта ранімая, каб заспакойваць духоўныя патрэбы неправеранаю інфармацыяй пра Бога і рэлігійнымі эксперыментамі. Існуе вялікая колькасць правераных шматвяковым вопытам Касцёла спосабаў пазнавання праўды пра Бога і магчымасцяў будаваць такія адносіны з Ім, якія прынясуць багаты плён як у зямным жыцці, так і ў вечным. Трэба толькі захацець рабіць усё тое, што Ён нам загадвае і раіць, а Касцёл тлумачыць (гл. Мц 10, 32; Цім 6, 12; ККК, 2145).
Тады можа высветліцца, што мы вельмі мала ведалі пра багацце і прыгажосць жыцця з Богам, і мы з захапленнем пачнем сузіраць і ўспрымаць Яго Касцёл з перспектывы, пра якую раней не здагадваліся і якой нам так не хапала.
Варта часцей прасіць Пана на малітве аб тым, каб даў нам ласку кожны дзень нанава адкрываць Яго імя, Яго Святое Аблічча (гл. Зых 3, 13–14; Ян 17, 26), каб Бог даў ласку шукаць у Ім і ў навакольным свеце не ілюзіі, за якімі нам хацелася б бегчы, але прыгожую праўду пра Бога, пра чалавека, пра збаўленне (гл. 1 Кар 2, 1–5). Бо толькі Праўда вызваляе (пар. Ян 8, 31), і ёсць толькі адно сапраўднае Аблічча Бога, які жадае быць пазнаным (гл. Ян 1, 9; Зых 3, 14–15). Тады мы пачнем лепш разумець, наколькі важна кожнаму хрысціяніну ўсё сваё жыццё, ад маленства да глыбокай старасці, наведваць катэхезы, увесь час ачышчаць і дасканаліць сваё ўяўленне пра Бога і веру. Тады і сустрэча з Ім, і адкрыццё Яго імя дазволяць кожнаму з нас адкрыць прыгожую і поўную надзеі праўду і пра сваё імя, пра тое глыбіннае «я», якое мы ў сабе носім (гл. 1 Сам 3, 4–10; Іс 43.1; Ян 10, 3; Дз 9, 4). Яго ведае толькі Бог (гл. Ап 2, 17). Толькі ў рэальным спатканні з Ім мы становімся здольнымі пазнаць сваё сапраўднае і прыгожае імя, дадзенае нам задоўга да нашага нараджэння (гл. Ап 14, 1; Эф 1,4). А тыя, хто пазнаў прыгожую праўду пра Бога і чалавека, перастаюць баяцца і ўжо не ўяўляюць сабе іншага жыцця як толькі ва ўсёпераможнай любові Пана.
Кс. Андрэй Рылка