Межы навучання Папы: ці беспамылковае і ці бязгрэшнае?

Ці можа быць чалавек заўсёды бязгрэшным? Ці можа быць чалавек заўсёды беспамылковым? Не. Як жа тады разумець каталіцкае вучэнне, дакладней, догмат аб непагрэшнасці Папы Рымскага? Падобныя пытанні не раз чуюць многія католікі або нават самі пачынаюць іх задаваць, шукаючы праўду пра тое, які ж ён — Папа: памылковы ці беспамылковы? Наколькі святы і грэшны?


На пытанні  адказвае ксёндз Андрэй Рылка — рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

«Непогрешимость»

Разуменне догмату каталіцкай веры аб беспамылковасці Папы ў беларускіх рэаліях ускладняецца тым, што інфармацыю на гэтую тэму большасць жыхароў чэрпае з рускамоўных крыніцаў. Праблема ў тым, што ў рускамоўных тэкстах лацінскі тэрмін, які ўжываецца ва ўзгаданым догмаце — infallibilitas (беспамылковасць) — часта перакладаецца як «непогрешимость». Звычайны чытач адразу можа ўспрымаць гэтае слова як «безгрешность», а гэта грубая і небяспечная для далейшых высноваў памылка. У дадзеным вучэнні гаворка ідзе не пра грэх (peccatum), але пра памылковасць (fallibilitas). Таму па-руску правільна казаць (і пісаць) пра догмат аб безошибочности. Адкуль узялася памылка? Са звычайнай сугучнасці словаў непогрешимость і безгрешность, а на справе ўжытае слова зыходзіць з паняцця погрешность (памылковасць). Добра ілюструе значэнне гэтага паняцця яго шырокае выкарыстанне ў матэматыцы і сацыялогіі. Калі гаворыцца аб нейкай «погрешности» ў матэматычных вылічэннях, то маецца на ўвазе не грэх, а памылковасць.

«Вечны пастыр»

Калі мы высветлілі, што каталіцкае вучэнне гаворыць не пра бязгрэшнасць, але пра беспамылковасць Папы, то ўзнікае наступнае пытанне: як разумець гэтую беспамылковасць? Адказ на гэтае пытанне быў дадзены ў 1870 г. падчас Першага Ватыканскага Сабору, калі гэтае вучэнне Касцёла было канкрэтна аформлена, прынята і зацверджана ў выглядзе асобнага догмату веры. Афіцыйны дакумент, прысвечаны гэтай тэме, быў выдадзены як саборная дагматычная канстытуцыя «Аб Хрыстовым Касцёле» пад тытулам «Pastor aeternus» («Вечны пастыр»).

Гэты дакумент Сабору тлумачыць, што беспамылковасць Папы трэба разумець толькі ў строга акрэсленых рамках: як ягонае навучанне ў пытаннях каталіцкай веры і маралі (звычаяў), калі яно абвешчана ex cathedra, г.зн. публічна, афіцыйна і ўрачыста.

Іншымі словамі, Пантыфік афіцыйна акрэслівае і зацвярджае вучэнне, сфарміраванае ў Касцёле па канкрэтным пытанні.

Узгаданы дакумент Сабору тлумачыць, што беспамылковасць Папы з’яўляецца дарам Духа Святога, які дадзены Папу як наступніку апостала Пятра моцаю апостальскай пераемнасці, а не з-за яго асабістых якасцяў (як і кожны хрысцянін, Папа не захаваны ад здзяйснення грахоў і мае патрэбу ў пакаянні і споведзі). Вучэнне аб беспамылковасці Папы адсылае нас да дзвюх важных праўдаў каталіцкай веры: аб дактрынальнай беспамылковасці Касцёла, якога вядзе праз гісторыю Дух Святы, а таксама аб разуменні калегіяльнасці біскупаў і асаблівай ролі Біскупа Рыма як галавы гэтай калегіі (вучэнне аб прымаце апостала Пятра).

Не як прыватная асоба

Вучэнне аб калегіяльнасці біскупаў у захаванні і перадачы сапраўднага і беспамылковага вучэння Хрыстовага Касцёла вельмі добра выказаў Другі Ватыканскі Сабор у 25-м артыкуле дагматычнай канстытуцыі «Lumen Gentium»: «Хоць паасобныя біскупы не маюць прывілею беспамылковасці, аднак яны беспамылкова абвяшчаюць вучэнне Хрыста тады, калі, нават рассеяныя па свеце, захоўваюць сувязь паміж сабою і з наступнікам Пятра, праўдзіва навучаючы справам веры і звычаям… Беспамылковасць у прадстаўленні вучэння аб веры ці звычаях, якой Боскі Адкупіцель захацеў забяспечыць свой Касцёл, мае такі абсяг, як і дэпазіт Божага Аб’яўлення, які павінен свята захоўвацца і верна выкладацца. Гэтую беспамылковасць з прычыны свайго абавязку мае Рымскі Пантыфік, Галава Калегіі Біскупаў, калі як найвышэйшы пастыр і настаўнік усіх Хрыстовых вернікаў ён умацоўвае сваіх братоў у веры (гл. Лк 22, 32), абвяшчае канчатковым актам вучэнне, датычнае веры і звычаяў. Таму яго азначэнні слушна называюць беспамылковымі самі па сабе, а не са згоды Касцёла, бо яны абвяшчаюцца з дапамогай Духа Святога, што было абяцана яму ў асобе св. Пятра, і таму не патрабуюць ніякага зацвярджэння ці апеляцыі да кагосьці іншага. Бо ў такіх выпадках Рымскі Пантыфік абвяшчае рашэнне не як прыватная асоба, але выкладае вучэнне каталіцкай веры і абараняе яе як найвышэйшы настаўнік Паўсюднага Касцёла, якому асаблівым чынам належыць харызма беспамылковасці самога Касцёла».

Роля апостала Пятра

Разуменне асаблівай ролі Рымскага Пантыфіка для ўсяго Касцёла звязана з абяцаннем і заданнем, якое св. Пётр атрымаў непасрэдна ад Езуса: быць бачным галавою Касцёла і калегіі апосталаў, умацоўваць братоў у веры, быць ахоўнікам і распарадчыкам «ключоў да Божага Валадарства» (гл. Мц 16, 13–19). Пётр атрымаў абяцанне, што ўзначалены ім Касцёл будзе непераможны, і што ён сам будзе захаваны ад атакаў злога (гл. Лк 22, 32).

Пра асаблівую ролю апостала Пятра і кожнага яго наступніка на Святым Пасадзе ў Рыме сведчаць не толькі біблійныя крыніцы, але і Традыцыя веры, і гісторыя хрысціянства. Сведчанні вялікіх старажытных айцоў Касцёла, глыбока шанаваных і католікамі, і праваслаўнымі, а таксама шматлікія дакументы аб прынцыповых для хрысціянства пытаннях веры (вялікія тэалагічныя дыскусіі і Саборы) нязменна гавораць пра Рымскага Пантыфіка як пра абавязковую, найвышэйшую і канчаткова вырашальную інстанцыю ў пытаннях веры і звычаяў. Яскравым прыкладам ролі Папы ў вырашэнні ключавых праблемных справаў можа паслужыць дыскусія аб даце святкавання Пасхі, якая разгарэлася ў ІІ ст. На заклік святога Палікарпа біскупы звярнуліся менавіта да Рымскага Пантыфіка аб канчатковым вырашэнні справы. Шматлікія сведчанні з гісторыі хрысціянства гавораць пра выключную ролю Апостальскага Пасаду ў Рыме ў асабліва прынцыповых пытаннях.

Нягледзячы на прыняцце догмату аб беспамылковасці Папы, гэта ніякім чынам не супярэчыць таму, што сам чалавек, які займае гэтую пасаду, у сваім асабістым жыцці, як кожны звычайны хрысціянін, можа паддавацца слабасці, граху, дапускаць памылкі.

Догмат падкрэслівае, што паняцце беспамылковасці адносіцца не да ўсіх выказванняў Папы, а толькі да надзвычайных і афіцыйных. І яшчэ адна важная выснова: беспамылковасць Папы ў яго ўрачыстым навучанні — гэта не нейкае раптоўнае аб’яўленне ці хвіліннае азарэнне Духа Святога, але выкананне яго асаблівай місіі, вынікаючай з выканння паслугі наступніка апостала Пятра.

Сведчаннем таго, наколькі сур’ёзна Пантыфікі разумеюць сваю ролю ў навучанні, з’яўляецца факт, што ад моманту прыняцця догмату аб беспамылковасці папскага вучэння толькі адзін раз адбылося абвяшчэнне нейкай праўды ex cathedra. Дакладна гэта адбылося ў 1951 г., калі афіцыйна быў абвешчаны догмат аб унебаўзяцці Маці Божай. Абвяшчэнне гэтага догмату веры добра ілюструе паняцце беспамылковасці вучэння Папы. Ён не прыдумвае нічога новага, але пацвярджае і ў афіцыйным навучанні больш канкрэтна фармулюе тое, у што Касцёл верыць ад пачатку і абвяшчае, зыходзячы з Божага Аб’яўлення і дактрынальнай Традыцыі. Праўда веры аб унебаўзяцці Марыі заўсёды жыла ў Касцёле, а калі ўзнікла гістарычная неабходнасць акрэсліць яе ў выглядзе дагматычнага вучэння, тады Касцёл у асобе Папы афіцыйна і выразна гэта пацвердзіў.

Прыняцце кожнага догмату веры, у прыватнасці аб беспамылковасці Папы, з’яўляецца адказам Касцёла на гістарычныя выклікі і дарам Божага Провіду. У неспакойныя часы апошніх стагоддзяў, калі вернікам асабліва патрэбныя выразныя арыенціры ў бушуючым моры разнастайных вучэнняў і ідэалогій, прысутнасць асобы, якая можа ад імя Касцёла ясна і выразна акрэсліць праўду і яе накірунак, становіцца надзвычай важным дарам Хрыста для кожнага хрысціяніна, які шукае сярод заблытаных сцяжынаў сучаснасці беспамылковую дарогу да Неба.


Ксёндз Андрэй Рылка

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней