Ці за кожнага грэшніка трэба маліцца?

Касцёл нас заклікае маліцца за грэшнікаў. Але ў Першым пасланні св. Яна напісана: «Калі хто ўбачыць, што брат яго чыніць грэх, які не вядзе да смерці, няхай моліцца, і Бог дасць жыццё таму, хто чыніць грэх, які не вядзе да смерці. Але ёсць грэх, які вядзе да смерці, таму не кажу, каб ты маліўся за такога» (1 Ян 5,16).


Узгаданы тэкст святога апостала Яна з’яўляецца добрым прыкладам таго, наколькі важна асцярожна падыходзіць да інтэрпрэтацыі, а тым больш да перакладу Святога Пісання ці падбору адпаведных сучасных моўных выразаў, каб не сказіць біблійны тэкст і дакладна пераказаць да­дзеную Богам праўду веры.

Першае, што заўважаюць біблійныя каментатары ў дадзеным тэксце св. Яна, гэта асоба, на якую звяртае ўвагу аўтар. Апостал кажа не пра ўсіх лю­дзей, але пра «брата» (1 Ян 5, 15). Так звычайна называлі тых, хто належаў да супольнасці па веры (гл. 1 Ян 2,1; 2,9; 3,19; 4,21). Аўтар закранае праблему заступніцкай малітвы за сабрата, які дапусціўся граху. Заступніцкая малітва — гэта не вынаходніцтва хрысціянства: яна была вядомая яшчэ ў старазапаветныя часы. Ёю карысталіся вялікія асобы біблійнай старажытнасці, выбраныя Богам лідары, прарокі і мучанікі: Абрагам, Майсей, Самуэль, Ерамія і інш. (гл. Быц 18,23-33; 20,7; Зых 32,9-14; 34,8; 1 Сам 7,8; 12, 23; Ер 14, 11; 15, 1; 37,3; 42,2; 2 Мак 7, 37; 15,13–14). Паводле рэлігіі Новага Запавету, кожны вернік мае місію ад Хрыста быць заступнікам у малітве і клапаціцца аб збаўленні не толькі сабратоў па веры, але і кожнага чалавека (гл. Гбр 7, 25; 1 Ян 2,1; 1 Цім 2,1). Больш за тое, у Пісанні Пан Бог не толькі дазваляе гэта, а нават заахвочвае нас да заступніцкай малітвы (гл. Эзс 22,30; Дз 12,5; Клс 1,9; Рым 15, 30). 

Адрознены ва ўзгаданым Янавым тэксце падзел грахоў на тыя, што вядуць да смерці, і тыя, што не вядуць да смерці, вядомы таксама з часоў Старога Запавету (гл. Іс 22,14). Дзякуючы адкупленчай Ахвяры Хрыста ў Новым Запавеце змяніўся падыход да чалавечай грэшнасці і спосабу выйсця са стану граху. У Старым Запавеце была апісаная катэгорыя грахоў, за якія пагражала фізічнае пакаранне смерцю (гл. Ліч 18,22). У Новым Запавеце адкрываецца іншая перспектыва: не пакаранне, але збаўленне, бо пакаранні ўсіх людзей узяў на сябе Езус, заплаціўшы за кожнага чалавека сваёю Крыжоваю Ахвяраю (гл. 1 Цім 2, 4; 4, 10; Флп 2,8). Таму ў хрысціянстве жыццё і смерць разглядаюцца пераважна з духоўнай і вечнаснай перспектывы (гл. Ян 8, 15). У сувязі з гэтым можна гаварыць пра грахі смяротныя як тыя, што цалкам разрываюць сувязь паміж чалавекам і Богам, з-за чаго чалавеку пагражае пекла — вечнасць без Бога, без Яго любові, прабачэння і шчасця. Але існуе такая катэгорыя грахоў, якія не разрываюць цалкам сувязі чалавека з Богам, а толькі парушаюць яе, дэфармуюць. Гэта таксама небяспечная сітуацыя, але не настолькі, як у першым выпадку, бо яе лягчэй выправіць, яна патрабуе меншага высілку.

І тут вельмі важная заступніцкая малітва: яна дапамагае асобе, якая дапусцілася лёгкага граху, не закрывацца цалкам на Божую ласку, але, наадварот, адкрыцца на Божае дзеянне, пакаяцца і адкінуць тую неўпарадкава­насць, якая перашкаджае жыць паўнатою камуніі (ўзаемнасці) з Богам (гл. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1440–1442).

Узгаданы біблійны тэкст св. Яна пра грахоўнасць чалавека стаў адным з імпульсаў для развіцця ў пазнейшай каталіцкай тэалогіі вучэння пра цяжкія і лёгкія грахі (гл. св. Тамаш Аквінскі, «De malo»). Аднак нельга перакладаць гэты тэкст у прамым сэнсе на гэтае вучэнне Касцёла, бо прыняты ў каталіцкай дактрыне падзел грахоў з’яўляецца вынікам больш шырокага аналізу біблійнага вучэння пра грахоўнасць, мараль, Божую ласку, прыроду чалавека і ролю збаўчай Ахвяры Хрыста. Таму не трэба праводзіць паралель паміж вучэннем пра цяжкія і лёгкія грахі і ўзгаданым тэкстам апостала Яна (на гэта звярталі ўвагу св. Грыгорый з Нісы і св. Аўгустын (гл. св. Аўгустын, «Гаміліі да Першага паслання св. Яна»)).

Некаторыя даследчыкі Бібліі і тэолагі заўважаюць, што аналізаваны намі тэкст (1 Ян 5,16) можа выклікаць памылковае атаясамленне паміж «грахом, якія вядзе да смерці», з узгаданым у Евангеллі «грахом супраць Духа Святога» (гл. Мк 3, 29; Мц 12, 31–37), а таксама з «грахом, які не адпусціцца» (гл. Гбр 10, 26–31). Тут трэба заўважыць, што ў інтэрпрэтацыі біблійнага тэксту нельга ісці на спрашчэнні або падцягваць тлумачэнне сэнсу святога тэксту пад нейкую інтэлектуальную багаслоўскую схему. У кожным з узгаданых выпадкаў ёсць свой кантэкст і пэўныя тэалагічныя акцэнты, каб паказаць розныя аспекты чалавечай грахоўнасці, дзеяння Бога і магчымае выйсце з духоўна і маральна небяспечнай сітуацыі (гл. 1 Кар 5,5; 1 Цім 1, 20).

Неабходна вялікая далікатнасць і тэалагічная граматнасць,
каб вызначыць, ці сапраўды нейкі канкрэтны
ўчынак чалавека можна назваць грахом супраць Духа Святога
або вызначыць, ці сапраўды гэта зло,
якое вядзе да вечнай смерці.
Пры гэтым наша недакладнасць у маральнай ацэнцы
можа нарабіць зла больш, чым сам учынены грэх
(гл. Ян Павел ІІ, «Reconcitiatio et Penitentia», 1984).

У біблійных каментатараў сустракаецца таксама меркаванне, што ў гэтым тэксце св. Яна гаворка можа ісці пра грэх апастазіі — вераадступніцтва, калі чалавек цалкам адкідвае веру і хрысціянскую супольнасць (Касцёл). Адрываючыся ад Касцёла, такая асоба адсякае сябе ад жыватворчай крыніцы Хрыста, Яго сакрамэнтаў. У такім выпадку чалавек асуджае сябе на вечную смерць, вечную адрынутасць. Гэтая інтэрпрэтацыя сугучная з іншымі выказваннямі св. Яна (гл. Ян 16,9; 1 Ян 2, 22-23; 3, 4–10, 5,12), але тут адразу неабходна заўважыць, што існуе розніца паміж тым, што хтосьці сябе адрывае ад Бога і тым, хто моліцца за адрынутага. Калі гаварыць пра малітву за адступніка, то яна з’яўляецца нашым пакліканнем, вынікаючым з запаведзі любові да бліжняга (клопат пра збаўленне кожнага чалавека без выключэнняў).    

Заўважым, што св. Ян у сваім тэксце не вядзе гаворкі пра магчымасць або немагчымасць навяртання грэшніка. Аўтар звяртае ўвагу на стан грахоўнасці, які можа пагражаць чалавеку вечнаю смерцю. Пры гэтым трэба памятаць выразнае біблійнае вучэнне пра тое, што няма абсалютна непрабачальных грахоў (гл. Эф 1,4; Лк 1,37; Ян 3,16), а значыць прабачэнне заўсёды чакае таго, хто каецца і жадае прыняць Хрыстовае збаўленне.  

Ідучы за думкаю св. Яна, адзначым, што існуюць грахі, выкліканыя маральнаю слабасцю чалавека. Нягледзячы на слабую волю і падатлівасць на грахоўныя дзеянні, чалавек можа ўсведамляць сваю слабасць і шчыра прасіць Бога аб умацаванні духу, каб мець у сабе трывалую веру і любоў. Гэта сітуацыя здэфармаваных, але не разарваных адносінаў з Богам. Зусім інакш выглядае сітуацыя асобы, якая не толькі дапускаецца грахоўных чынаў, але і свядома адкідвае веру, адкідвае магчымасць будавання адносінаў з Богам, не прызнае ўласнай грахоўнасці, не жадае нічога выпраўляць у сваім жыцці. Гэта стан грахоўнай слепаты, пыхі і поўнай замкнёнасці на веру, любоў, Бога і бліжняга (гл. Ян 4, 21; 1 Ян 1, 8–10; 4, 17–18). Наколькі ж розняцца першая і другая сітуацыя!

Заўважым, што аўтар не забараняе маліцца за зацвярдзелых грэшнікаў. У іншых месцах Святое Пісанне заклікае нас клапаціцца пра тое, каб прывесці грэшніка да навяртання (гл. 1 Цім 2,1; Як 5, 19–20). Але Бог (у да­дзе­ным выпадку вуснамі св. Яна) заўсёды пакідае нам свабоду распазнання сітуацыі.

Ён раскрывае перад намі праўду пра тое,
што ў сферы чалавечай грэшнасці не ўсё адназначна.
Існуюць розныя станы і сітуацыі,
якія патрабуюць розных падыходаў.

Ці не таму св. Ян у сваім тэксце аддзяляе паняцце грэшнасці ад грэшніка, каб звярнуць нашу ўвагу на нешта вельмі важнае. Часам варта маліцца аб вызваленні чалавека ад нейкай слабасці, а часам неабходна маліцца не аб вызваленні з нейкага граху, але ўвогуле — аб навяртанні самой асобы. Тут ужо не столькі важныя яе грахі, колькі тое, што яна цалкам адвярнулася ад Бога.

У такім выпадку неабходна ў першую чаргу ратаваць чалавека як заблукалае Божае дзіця.

Існуе таксама няправільнае і вельмі небяспечнае меркаванне, што ёсць выпадкі, калі лепей не маліцца за грэшніка, напрыклад, калі ён апанаваны злым духам. Апраўданнем нежадання маліцца будуць аргументы тыпу, што як толькі пачынаем маліцца, злы пачынае яшчэ больш мучыць сваю ахвяру, таму наша малітва прыносіць ёй яшчэ большы боль. Маўляў, не будзем маліцца, каб ёй менш балела. Або апраўдваюць нежаданне маліцца за апантанага тым, што злы дух можа атакаваць і тых, хто моліцца за ахвяру. Атрымліваецца, што мы не молімся, каб не правакаваць атакі ў свой бок. Але праўда такая, што адсутнасць малітвы — гэта адсутнасць кантакту з Богам і безабароннасць перад злым. Не той, хто моліцца, безабаронны перад атакаю злога, але той, хто не моліцца і не злучаны з Богам. Таму ўзгаданая пазіцыя вельмі нездаровая, нехрысціянская і вельмі шкодная. Варта толькі заўважыць, што пры кантакце з апантаным нельга ісці на прамы кантакт са злым (загадваць, звяртацца да яго і да т.п.). Неабходна выкарыстоўваць толькі такія малітвы, якія звернутыя менавіта да Бога. Кантактаваць можна толькі з Богам, а падрыхтаваным для гэтага святарам, экзарцыстам, трэба пакінуць іншыя малітвы (экзарцызмы і да т.п.).

Сіла нашай заступніцкай, як і кожнай іншай малітвы, зале­жыць ад нашых цесных адносінаў з Богам (гл. св. Тамаш Аквінскі, «De malo», q. 3 a.15 ad 3). Таму варта самім будаваць цесныя адносіны з Панам і маліцца аб такіх адносінах для кожнага чалавека — кожнага Божага дзіцяці. Тады ўсе мы будзем адкрытыя на Хрыстовы дар збаўлення, які заўсёды большы за нашую слабасць (гл. 1 Ян 3,20).


Ксёндз Андрэй Рылка
рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша
Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі
і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага
каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней