Другая запаведзь гаворыць: «Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна». Між тым, веручыя людзі згадваюць Божае імя амаль на кожным кроку. Дык якія выпадкі згадвання Божага імя трэба лічыць дарэмнымі?


Імя — адна з найбольшых каштоўнасцяў кожнай асобы. Яго вартасць такая высокая, што пашане да імя, асабліва Божага, прысвечана другая з дзесяці Божых запаведзяў: «Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна» (пар. Зых 20, 7; Дрг 5, 11). Многія людзі разумеюць гэты наказ Пана вельмі павярхоўна, канцэнтруючыся ў асноўным на этычным аспекце. І як жа здзіўляюцца тыя, хто спасцігае вялікую тэалагічную глыбіню гэтай запаведзі і яе практычную жыццёвую мудрасць!

Адкрываючы для сябе сэнс другой Божай запаведзі, спачатку неабходна паразважаць пра значэнне і вартасць імя ўвогуле. Адзначым, што імёны маюць пераважна людзі. Іншыя істоты і рэчы маюць усяго толькі назвы або мянушкі. Ня­гледзячы на гэта, многія людзі любяць прыпісваць асабовыя якасці любімым рэчам ці жывёлам, даючы ім «імёны». Таму вакол нас шмат любімых катоў, сабак, лялек і нават аўтамабіляў з чалавечымі імёнамі. Але як бы мы не называлі свае любімыя рэчы ці жывёлаў, яны ніколі не будуць успрымаць сваё імя так, як асобы, сярод якіх для нас асабліва важны Бог і чалавек.

Кожная асоба ўспрымае сваё імя як нешта вельмі інтымнае, асабістае, толькі сваё. Чалавек выразна атаясамлівае сябе са сваім імем. Яно становіцца ідэнтыфікатарам асобы. На жаль, у наш час бацькі не заўсёды задумваюцца над значэннем імя, якое даюць дзіцяці. Але яшчэ да нядаўніх часоў, даючы імя нованаро­джанаму дзіцяці, бацькі вельмі сур’ёзна задумваліся над яго значэннем і паходжаннем. Імя сапраўды акрэслівае асобу, у тым ліку яе рэлігійную і этна-культурную прыналежнасць. Кожнае імя — гэта нешта недатыкальнае, вартае павагі і годнасці. Касцёл па сённяшні дзень не перастае згадваць біблійнае вучэнне пра тое, што кожнае імя чалавека — святое і што Пан Бог кліча кожнага менавіта па імені (пар. Іс 43, 1; Ян 10, 3; ККК 2158).

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла называе імя «іконай асобы» (пар. ККК, 2158). У біблійным свеце імя мае глыбокі тэалагічны сэнс, бо яно тлумачыць пакліканне чалавека або яго заданне. Напрыклад, у Евангеллі мы чытаем, як арханёл Габрыэль наказаў Дзеве Марыі і святому Юзафу назваць імем «Езус» нованароджанае Дзіця-Месію (на старажытна-габрэйскай мове «Егошуа»), што значыць: «Бог (Яхвэ) збаўляе» (пар. Лк 1, 31–32; Мц 1, 20–21). Больш за тое, на просьбу Майсея Пан Бог сам аб’явіў сваё Імя «Яхвэ», што значыць «Той, Хто Ёсць» (пар. Зых 3, 14).

Калі заходзіць гаворка пра дарэмнае ўжыванне імя Божага, многія разумеюць гэта толькі як узгадванне Пана ў пустых размовах, жартах, па-за духоўнымі справамі. На самай справе ўсё значна сур’ёзней і глыбей. Перадусім, другая Божая запаведзь перасцерагае нас, каб мы не выкарыстоўвалі імя Божае інструментальна. Такая сітуацыя ўзнікае найчасцей у двух выпадках.

Па-першае, некаторыя лю­дзі часам намагаюцца падмацаваць свае словы аўтарытэтам Бога (клянуцца, спасылаюцца на імя або слова Пана). Напрыклад, каб выклікаць у суразмоўцы давер, стварыць уражанне шчырасці, некаторыя клічуць Бога за сведку, каб паказаць, што яны кажуць праўду, або ўсклікаюць, каб Бог пакараў іх ці кагосьці, калі яны кажуць няпраўду, і да т.п. (пар. ККК, 2149).

Па-другое, бываюць такія выпадкі, калі чалавек нібыта моліцца, але не просіць Бога, а загадвае Яму, што і як павінна быць. Тут вера падмяняецца магіяй. Фактычна чалавек у такой малітве ставіць сябе на месца Бога, робіць сябе панам і суддзёю, а Богу пакідае ролю слугі, які слепа павінен выконваць жаданні чалавека. Такая «малітва» і «вера» з’яўляюцца выразным злоўжываннем імем Божым і дарэмным выкарыстаннем святых чыннасцяў. Гэта здзек над Панам. Вядома, адказнасць за такую магічную малітву залежыць ад таго, наколькі свядома вернік патрабаваў ад Бога падпарадкавання сваёй волі.

Інструментальныя адносіны да Бога як да «аўтамата» па здзяйсненні мараў, раба-ахоўніка, прыкрыўкі для апраўдання чаго заўгодна — гэта тое праблемнае поле, на якое звяртае ўвагу другая Божая запаведзь. Такія інструментальныя паво­дзіны з Богам няпроста дыягназаваць, заўважыць. Часта яны схаваныя за знешняй заслонаю шчырасці, пабожнасці або проста існуюць на ўзроўні думак і ўнутранага пераканання. Каб выявіць такія праблемы, неабходна іх распазнаванне ў працэсе духоўнага кіраўніцтва святара, а потым і споведзь.

Інструментальныя (магічныя) адносіны да Бога — гэта пытанне перадусім унутранага вымярэння веры, але яно мае яшчэ і знешняе праяўленне. І тут таксама мы сустракаемся з мудрасцю другой Божай запаведзі, якая заклікае да вялікай асцярожнасці і прадуманасці ў тым, калі і як вымаўляць Божае імя (пар. ККК, 2148), бо недарэчнае, зняважлівае і без патрэбы ўзгадванне Божага імя можа прывесці да разбурэння пачуцця святасці. У выніку ствараецца небяспечная ў наступствах псіхалагічная ілюзія, што Бог — гэта нешта банальнае, над чым можна пасмяяцца, што Яго можна называць як заўгодна, узгадваць у любым кантэксце і г.д. Вынікам такой пазіцыі становіцца памылковая думка чалавека, што яму ўсё дазволена. Вера ў беспакаранасць і ўсёдазволенасць прыводзіць да апусташэння, да духоўнай, маральнай і ўрэшце фізічнай дэградацыі.

Нашыя продкі ў веры добра разумелі важнасць здаровага пачуцця межаў паміж рэальнасцю і фантазіяй, святасцю і грахом, Богам і чалавекам. Нездарма ў старазапаветныя часы імя Пана, аб’яўленае Майсею, дазвалялася вымаўляць толькі першасвятару і толькі раз у год, і толькі падчас адмысловай малітвы, і толькі ў святая святых ерузалемскага храма. Ва ўсіх іншых выпадках Бога належала клікаць не па імені, а называць Яго Панам. Такая пазіцыя тлумачыцца розніцай паміж двума відамі адносінаў. У першым выпадку гэта вельмі асабістыя зносіны, дзе абодва бакі называюць сябе па імені, бо ведаюць адзін аднаго, і ўзровень іх адносінаў дазваляе ім такую блізкасць. У другім выпадку адносіны не настолькі блізкія, каб называцца па імені, бо інакш можа ўзнікнуць фальшывая і небяспечная фамільярнасць. Таму належыць захоўваць адпаведную дыстанцыю.

Такія асцярожныя і поўныя павагі адносіны да Бога пачалі парушацца многімі вернікамі ў канцы ХХ ст. пад уплывам постмадэрнізму, для якога характэрнае адкідванне ўсялякіх аўтарытэтаў. Пад прыкрыццём нібыта блізкіх адносінаў з Богам некаторыя вернікі пачалі парушаць мяжу сакральнасці, перамешваць грэшнае і святое, будаваць адносіны з Богам не як з Панам, але як з чалавекам. У адказ на такую дэсакралізацыю Апостальская Сталіца па просьбе папы Бэнэдыкта XVI у 2008 г. звярнулася з заклікам да вернікаў Касцёла, каб у літургіі, малітвах і спевах імя Божае («Яхвэ») замяняць на слова «Пан» (габр. «Аданай») згодна з біблійнай традыцыяй. Такім чынам старанні Папы былі скіраваныя на захаванне святасці і вялікай пашаны да Божага Імя.

Другая Божая запаведзь заклікае нас не толькі да пашаны імя Пана, але кіруе ўвагу на Таго, Хто стаіць за гэтым імем. Чым больш сур’ёзныя і глыбокія адносіны верніка з Богам, тым больш натуральнай і жаданай становіцца поўная любові пашана да найкаштоўнейшага і найсвяцейшага Імя найдаражэйшай Тройцы Асобаў у сусвеце.


Ксёндз Андрэй Рылка
рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша
Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінсакй дыяцэзіі, магістр тэалогіі
і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага
каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней